Вы тут

Эксперты: Перадумоў для дэвальвацыi няма


Апошнiя падзеi ў Беларусi прывялi да чутак пра магчымую рэзкую дэвальвацыю беларускага рубля. Дэфiцыт валюты ў абменнiках гэтыя настроi толькi падагравае. Аднак эканамiчных перадумоў паўтарэння ў краiне валютнага крызiсу 2011 года сёння няма, i гэтаму ёсць канкрэтныя прычыны, лiчыць эксперт беларускага Цэнтра эканамiчных даследаванняў BEROC Настасся Лузгiна, перадае Forbes.


Некалькi гадоў таму Нацыянальны банк краiны перайшоў да рэжыму свабоднага курсаўтварэння. Курс беларускага рубля вызначаецца на Беларускай валютна-фондавай бiржы па вынiках правядзення бесперапыннага падвойнага аўкцыёну. Кожны дзень на бiржы банкi заключаюць здзелкi па куплi i продажы замежнай валюты. Сярэднеўзважаны курс па вынiках гэтых таргоў з'яўляецца афiцыйным курсам беларускага рубля на наступны дзень. Нацбанк можа выступаць у якасцi прадаўца або пакупнiка замежнай валюты i такiм чынам уплываць на яе кошт. Але такiя ўмяшаннi выкарыстоўваюцца толькi для згладжвання рэзкiх кароткатэрмiновых ваганняў.

Пры гэтым у доўгатэрмiновую курсавую дынамiку рэгулятар не ўмешваецца. Гэта можна бачыць на прыкладзе змены курса беларускага рубля да долара ў сакавiку гэтага года. За месяц беларускi рубель патаннеў з 2,24 да 2,6 беларускага рубля за долар, што было выклiкана ў асноўным рэзкiм падзеннем расiйскага рубля. Нацыянальны банк выходзiў на бiржу ў якасцi прадаўца замежнай валюты. Але як толькi курс расiйскай валюты стабiлiзаваўся — беларускi рубель таксама добра сябе адчуў, адзначае Настасся Лузгiна.

Апошнiя некалькi тыдняў на валютным рынку Беларусi зноў назiраецца паступовае знiжэнне курса беларускага рубля. Адным з фактараў такой дынамiкi з'яўляюцца ўзрослыя iнфляцыйныя i дэвальвацыйныя чаканнi насельнiцтва. Больш дэталёвую карцiну работы валютнага рынку можна будзе сфармiраваць на аснове статыстычных звестак за жнiвень. Аднак ужо зараз вiдавочна, што рост попыту на замежную валюту прыводзiць да знiжэння нацыянальнай валюты да замежных i падагравае чуткi аб рэзкай дэвальвацыi. Ёсць i праблема з недахопам валюты ў абменных пунктах, што таксама ўзмацняе дэвальвацыйныя чаканнi. Але асноўная частка валютных сродкаў банкаў знаходзiцца ў безнаяўнай форме, i толькi невялiкая iх доля захоўваецца ў выглядзе наяўных грошай. Для таго каб задаволiць узрослы попыт на наяўную валюту, фiнансавым установам неабходна яе завезцi. На гэта патрабуецца час. Таму цяпер мы i назiраем дэфiцыт валюты ў абменнiках.

У любым выпадку, зараз эканамiчныя перадумовы, якiя б маглi справакаваць рэзкую дэвальвацыю, як адбылося, напрыклад, у 2011 годзе, адсутнiчаюць. Гэтаму ёсць тры тлумачэннi. У адрозненне ад сiтуацыi амаль дзесяцiгадовай даўнасцi, сёння валютны курс фармiруецца на аснове попыту i прапановы. Такiм чынам не накапляецца разрыў памiж ростам цэн i змяненнем кошту нацыянальнай валюты. Iнфляцыя захоўваецца блiзкай да прагнозных значэнняў. Напачатак жнiўня валютныя рэзервы дасягнулi $8,86 млрд, у той час як на 1 жнiўня 2011-га iх памер быў меншы за $4,2 млрд.

Другое — адной з перадумоў цiску на валютны рынак у 2011 годзе з'яўлялася паскоранае павелiчэнне рэальных даходаў насельнiцтва ў 2010 годзе (14,8 % па вынiках года, па звестках Белстата, паведамляе Forbes) i рост адмоўнага сальда гандлёвага балансу. Сёлета назiраюцца ўмераны рост даходаў насельнiцтва (5,4 % у гадавым выражэннi ў першым паўгоддзi, па звестках Белстата, 6,1 % — па вынiках 2019 года) i скарачэнне спажывання ў II квартале ў параўнаннi з аналагiчным перыядам мiнулага года ў вынiку пагаршэння эпiдэмiялагiчнай сiтуацыi. Яшчэ адна прычына — змяненне ў апошнiя некалькi гадоў структуры дэпазiтаў у бок павелiчэння безадзыўных. Як лiчыць Настасся Лузгiна, усё гэта робiць малаверагоднай магчымасць хуткай дэвальвацыi беларускага рубля ў блiжэйшы час.

Прэв’ю: ex-press.by

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».