28 кастрычніка, серада

Вы тут

Вялікія вучэнні экстранных служб прайшлі ў Смалявіцкім раёне


У Беларусі заканчваецца падрыхтоўка да чарговага ацяпляльнага сезону. Аварыі на аб’ектах жыццезабеспячэння — лініях электраперадач, кацельных, трубах — у гэты час асабліва вострыя. Улетку непаладкі з той жа кацельнай не такія прыкметныя. Жыхары дамоў з цэнтралізаваным гарачым водазабеспячэннем і так застаюцца на два тыдні без яго праз планавае адключэнне. Не вельмі прыемна, але не крытычна. А вось ва ўмоўных мінус дзесяць сядзець без цяпла — так сабе перспектыва.


Канешне, ідэальную страхоўку ад усіх магчымых здарэнняў вынайсці немагчыма. Затое можна зрабіць іншае — ліквідаваць яго наступствы як мага хутчэй. А каб навучыцца гэта рабіць у высокім тэмпе, патрэбны адмысловыя «прагоны» сітуацыі. Вось таму ў пасёлку Зялёны Бор пад Смалявічамі прайшлі адмысловыя вучэнні па рэагаванні на аварыі і надзвычайныя сітуацыі на аб’ектах жыццезабеспячэння. У іх удзельнічалі як ратаўнікі, так і камунальшчыкі, энергетыкі і прадстаўнікі газавай службы. Каардынаваў іх працу штаб па ліквідацыі надзвычайнай сітуацыі на чале з намеснікам старшыні Смалявіцкага райвыканкама Ігарам Кузняцовым.

Пэўна, такой колькасці спецыялістаў, якія ліквідоўвалі адну аварыю за другой, невялічкі пасёлак не бачыў ніколі. Будзем спадзявацца, што рэальнай нагоды для гэтага ніколі і не настане.

Дзеянне спачатку разгарнулася блізу мясцовай кацельнай. Яна дае цяпло больш чым у 40 дамоў, сярод якіх — амаль тры дзясяткі шматпавярховікаў, школа, дзіячы сад, сельвыканкам, лазня, дом культуры... Агулам яна грэе каля двух тысяч трохсот чалавек. Па задуме вучэнняў, на адну з апор ліній электраперадачы, якая сілкуе кацельную, упала дрэва. Пры гэтым яно зачапіла чалавека, які праходзіў побач. Медыкі аказалі яму неабходную дапамогу. Электрычнасць жа на перыяд рамонту выпрацоўвала дызель-генератарная ўстаноўка.

Гарачая вада і цяпло павінны паступаць незалежна ад любых абставін. І калі што, у ход павінен уступіць рэзерв. Аднак вось незадача — кацёл, які працуе на цвёрдым паліве, выйшаў са строю. Некрытычна — на гэты выпадак ёсць рэзервовы, на газе. Ды вось толькі ў спешцы не да захавання патрэбнага тэхналагічнага працэсу. Як вынік — выбух. Кацельнае абсталяванне пашкоджана так, што не можа працаваць. Ды калі б і магло, то дзе? Бо выбуховай хваляй вынесла вокны і дзверы ў памяшканні. Там былі два супрацоўнікі кацельнай. А людзі па-ранейшаму застаюцца без цяпла.

На месца падзей прыехалі аварыйныя брыгады, якія знайшлі пацярпелых, перадалі іх медыкам і разгарнулі спецыяльную блочна-модульную кацельную. Перасоўны комплекс будзе генерыраваць цяпло, пакуль не будзе адрамантаваны будынак і асноўныя працоўныя катлы. Нарматыўны час яго пуску — да 50 хвілін.

— Адначасова пасёлак без цяпла не застанецца, — запэўніваюць спецыялісты Смалявіцкай ЖКГ. — У нас ёсць магчымасць падтрымліваць ціск у сістэме цеплазабеспячэння пры дапамозе адмысловай помпы.

З двух ствалоў ратаўнікі тушаць будынак, з вокнаў якога валяць клубы дыму. Да тарца кацельнай пад’ехалі аўтавышкі. Унутры пажар ужо патушаны, але полымя паспела падпаліць дах. Калі будынак шчодра паліваюць вадой, то зверху гасяць агонь пенай. Пашкоджанні з вышыні засняла камера беспілотніка.

А тым часам новая бяда — парвала трубу цеплатрасы...

— Падобныя вучэнні праводзяцца ў кожным раёне, — зазначыў начальнік Мінскага абласнога ўпраўлення МНС Сяргей Лапановіч. — У іх аснову закладваюцца максімальна складаныя сцэнары развіцця неспрыяльных падзей. Гэта трэба для таго, каб праверыць на трываласць працу дзяржаўнай сістэмы папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый.

Вось і ў нашым выпадку падчас правядзення земляных работ у месцы парыву цеплатрасы коўш пашкодзіў і газавую трубу. Утварыўся свішч. Таму камунальшчыкі павінны паказаць, як яны аператыўна працуюць у такіх сітуацыях — накласці бандаж на газавую трубу, раскапаць цеплатрасу, адпампаваць адтуль ваду, зварыць трубу.

Таксама спецыялісты рэгулярна замяралі загазаванасць пры дапамозе лазернага дэтэктара.

Ды і пра забеспячэнне спецыялістаў, якія вядуць рамонт, таксама трэба паклапаціцца. Таму для іх быў разгорнуты спецыяльны пункт, дзе можна было пагрэцца і пад’есці.

Вынікі вучэння падвёў намеснік старшыні Мінскага аблвыканкама Аляксандр Кручанаў. 

— Алгарытм правільны, а дзеянні прадстаўнікоў розных ведамстваў і арганізацый вельмі зладжаны, — зазначыў ён. — Так, ёсць рэчы, якія спрагназаваць і папярэдзіць не можа ніхто. Але для таго і патрэбна зладжанасць, каб аператыўна адрэагаваць на праблему і выпрацоўваць новыя падыходы для яе вырашэння.

Валяр’ян ШКЛЕННІК

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Карэспандэнты «Звязды» даведалiся, як працуюць ратавальнiкi-кiнолагi

Карэспандэнты «Звязды» даведалiся, як працуюць ратавальнiкi-кiнолагi

У Беларусi прайшлi спартыўныя спаборнiцтвы па службовым шматбор'i кiнолагаў.

Грамадства

Дарогі Беларусі ацэняць у зорках. ​Сістэма дапамогі кіроўцу, «штучны зрок» і нулявыя выкіды СО2

Дарогі Беларусі ацэняць у зорках. ​Сістэма дапамогі кіроўцу, «штучны зрок» і нулявыя выкіды СО2

Незалежны інстытут аўдытараў дарожнай бяспекі будзе створаны ў Беларусі.

Культура

Прывіды беларускіх муроў. Балі ў разбураным замку

Прывіды беларускіх муроў. Балі ў разбураным замку

Бона Сфорца не была ў Белым Ковелі, але танцуе там у выглядзе прывіду.