Вы тут

Лукашэнка: Стабільная работа прамысловасці — краевугольны камень эканомікі краіны


Стабільная работа беларускай прамысловасці — краевугольны камень эканомікі краіны. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на нарадзе па развіцці важнейшых арганізацый Міністэрства прамысловасці, перадае прэс-служба кіраўніка дзяржавы.


Галоўнай тэмай нарады стала сітуацыя, якая склалася на буйнейшых прадпрыемствах Мінпрама. «Мы ўдакладнім, чым яны жывуць і, самае галоўнае, якой мы бачым перспектыву на гэтых прадпрыемствах», — растлумачыў Аляксандр Лукашэнка.

Ён нагадаў, што некалькі дзён таму прыняў з дакладам першага віцэ-прэм’ера і міністра фінансаў. На сустрэчы з імі быў прааналізаваны стан спраў у крэдытна-фінансавай сістэме, разгледжаны пытанні напаўняльнасці бюджэту. «Усе вельмі добра разумеюць: чым эфектыўней работа прамысловых прадпрыемстваў, тым больш сродкаў паступіць у бюджэт. А значыць, дзяржава зможа прафінансаваць сацыяльныя праграмы ў большым аб’ёме. Мы, прааналізаваўшы бюджэт, не бачым праблем з фінансаваннем асноўных сацыяльных мерапрыемстваў на гэты год, у тым ліку і па заработнай плаце. У сувязі з гэтым стабільная работа прамысловасці, асабліва нашых буйнейшых прадпрыемстваў, — краевугольны камень эканомікі краіны», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт дадаў, што бягучы год прынёс нямала выпрабаванняў: з-за пандэміі каранавіруса закрыліся многія рынкі, практычна спыніўся паўнацэнны рух капіталу і тавараў, асабліва па тых пазіцыях, якія вырабляюцца ў Беларусі. Цяпер да гэтага дадалася і няпростая палітычная абстаноўка ў дзяржаве, якую, паводле яго слоў, спрабуюць расхістваць як знутры, так і звонку. «Уплыў гэтага націску на ўнутрыэканамічную сітуацыю адчуваецца, — заявіў Аляксандр Лукашэнка. — Яшчэ раз хачу падкрэсліць: ніякай бязвыплатнай дапамогі нам ніхто не акажа. Нам трэба разлічваць на свае сілы і магчымасці».

Ва ўдзельнікаў нарады, перш за ўсё кіраўнікоў прадпрыемстваў, Прэзідэнт пацікавіўся, якая маральна-псіхалагічная абстаноўка ў працоўных калектывах, як ідуць вытворчыя працэсы і як складваецца сітуацыя з экспартам прадукцыі. «Збыт прадукцыі — гэта наша ключавая задача. Адсюль і валюта, і курс рубля і гэтак далей. Нельга сядзець і чакаць, што нехта да нас прыйдзе, выстраіцца ў чаргу перад варотамі завода і купіць гэту прадукцыю. Трэба варушыцца самім. Патрэбны меры падтрымкі экспарту — мы іх аказваем. Можа, яшчэ чым-небудзь трэба дапамагчы?» — спытаў кіраўнік дзяржавы.

Як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, па выніках сямі месяцаў амаль усе галіны прамысловасці дабавілі ў тэмпах росту, зніжаюцца запасы гатовай прадукцыі. Вядома, гэта станоўчыя сігналы, сказаў ён. У той жа час Прэзідэнт пацікавіўся прагнозамі, як прадпрыемствы плануюць завяршыць 2020 год. «Наступны год — гэта пачатак новай пяцігодкі, чаго б нам ні каштавала, трэба напружыцца і на фінішы дабавіць», — падагульніў беларускі лідар.

Паводле слоў міністра прамысловасці Пятра Пархомчыка, беларускія прампрадпрыемствы працуюць у штатным рэжыме, усе канвееры запушчаны, а прадукцыя рэалізоўваецца па заключаных кантрактах. «Сацыяльна-псіхалагічная абстаноўка за апошні тыдзень нармалізавалася і ацэньваецца як здавальняючая. Асобныя выпадкі спынення работы на некаторых участках сёння адсутнічаюць. З калектывамі пастаянна вядзецца растлумачальная работа. Эканамічныя прычыны для магчымых забастовачных мерапрыемстваў адсутнічаюць», — заявіў міністр.


У адносінах да Беларусі пачалася дыпламатычная бойня на самым высокім узроўні

«Мы сёння маем у наяўнасці пэўны этап гібрыднай, скажам адкрыта, вайны супраць Беларусі. А як гэта інакш назваць? Сродкі масавай інфармацыі і інфармацыйная сфера прасякнута гэтай барацьбой, вайной проціборствуючых бакоў. Дыпламатычная бойня супраць нас пачалася і на самым высокім узроўні», — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

Ён адзначыў, што «нясталыя суседзі» Беларусі не толькі адкрыта заяўляюць аб сваёй пазіцыі наконт паўторных выбараў у краіне, але і пачынаюць умешвацца ва ўнутраныя справы краіны, націскаць на дзяржаву. «У наяўнасці дыпламатычная вайна», — яшчэ раз падкрэсліў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы дадаў, што краіна цяпер вымушана траціць вялікія грошы, каб стабілізаваць абстаноўку на заходніх граніцах, куды перакінуты некаторыя ваенныя часці. «Вы бачыце гэтыя заявы аб тым, што калі Беларусь распадзецца, то Гродзенская вобласць адыдзе да Польшчы. Яны аб гэтым ужо адкрыта кажуць, спяць і сняць. Нічога ў іх у гэтым плане не атрымаецца, гэта я ведаю дакладна», — заявіў беларускі лідар.


«Калі хто-небудзь хоча дыялогу, калі ласка»

Прэзідэнт заявіў, што гатовы весці дыялог, у тым ліку пра абнаўленне Канстытуцыі. І весці гэты дыялог ён у першую чаргу мае намер з працоўнымі і студэнцкімі калектывамі. «Калі хто-небудзь хоча дыялогу, калі ласка. Якраз студэнцкія калектывы — гэта тыя калектывы, з якімі я гатовы весці дыялог. Працоўныя калектывы (я ўжо пра гэта казаў). Калі ласка, фармуйце сваіх прадстаўнікоў і будзем весці дыялог, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Усе хочуць новага палітычнага ладу. Ды калі ласка, давайце возьмемся за Канстытуцыю, унасіце прапановы, сфармуем новую Канстытуцыю — гэта галоўны закон у любой краіне. І „скакаць“ трэба ад Канстытуцыі».

«Таму давайце сядаць — прадстаўнікі ўсіх працоўных калектываў, студэнцкіх калектываў (гэта будучая эліта нашай краіны, з імі і трэба весці гэты дыялог). І з працоўнымі калектывамі, якія сёння працуюць, нягледзячы ні на што. І сяляне маюць права на сваё слова, і працоўныя хочуць сваё слова сказаць, і спецыялісты гэтых прадпрыемстваў, і настаўнікі, і ўрачы. А не малойчыкі, якія ходзяць па вуліцах і крычаць, што яны хочуць дыялогу. Ніякага дыялогу яны не хочуць. І з вуліцай ніхто з уладаў за стол перамоваў не сядзе», — сказаў Прэзідэнт.

«Вось маё дакладнае ўяўленне і заява з нагоды дыялогу, з кім гэты дыялог мы можам весці. Калі ёсць разумныя людзі ад апазіцыі, якія бачаць сваю краіну свабоднай і незалежнай, калі ласка, выказвайце сваю пазіцыю, але не на вуліцы. Пад ціскам вуліц ніякага дыялогу ў Беларусі не будзе», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка на нарадзе таксама выказаўся наконт палітычных заклікаў да студэнтаў з боку тых, хто спрабуе расхістаць становішча ў краіне. «Яны і ў палітычных адносінах пачынаюць сёння падбухторваць студэнтаў: першае верасня прыедзеце на заняткі — выходзьце на вуліцы і гэтак далей. Мы зараз да студэнтаў давядзем тую інфармацыю, якую павінны давесці, да кіраўніцтва ВНУ. Яны, у рэшце рэшт, адказваюць за сітуацыю ў сваіх ВНУ, і яны адкажуць, як і кіраўнікі прамысловых прадпрыемстваў», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

«А потым, вы ж павінны разумець, што хлопцам мы далі адтэрміноўку ад войска на час вучобы ў ВНУ. Ну, не прагнуць вучыцца, тады Радзіму трэба абараняць. У нас Айчына ў небяспецы», — падкрэсліў беларускі лідар.

«Я ўяўляю, што пасля гэтага выбухне. Мяне пачнуць папракаць, што я запалохваю студэнтаў у войска адправіць. Ды не! Паўтараю: хто хоча вучыцца, той будзе вучыцца, будзе мець гэтую адтэрміноўку. Хто пойдзе на вуліцу ці вучыцца не захоча, меры прымем па законе», — сказаў ён.

«Да мяне міністр абароны звярнуўся: Аляксандр Рыгоравіч, калі хтосьці са студэнтаў не жадае вучыцца, калі ласка, дазвольце нам іх заклікаць у войска. Я кажу: яшчэ студэнты за парты не селі, таму не трэба абмяркоўваць гэтае пытанне. Але гэта адзін з варыянтаў. Што тут незаконна, што тут несправядліва?», — дадаў Прэзідэнт.


«З вуліцай мы справімся, як бы ім ні хацелася дэстабілізаваць абстаноўку»

«Галоўнае для нас — эканоміка. Калі ў нас будуць нармальна працаваць прадпрыемствы, нам не страшныя ніякія катаклізмы. З вуліцай мы справімся, як бы ім ні хацелася дэстабілізаваць гэтую абстаноўку», — заявіў беларускі лідар.

Ён адзначыў, што ўжо ўсе людзі адчулі, што дзеючаму Прэзідэнту ёсць на каго абаперціся. «Ужо ў мітынгах у падтрымку міру, спакою, дзеючага Прэзідэнта выступіла каля 3 млн чалавек. Гэта ж сіла — 3 млн чалавек, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Наш электарат больш спакойны: ветэраны, пенсіянеры, спецыялісты. Яны ведаюць сваю справу, працуюць. Таму мы і будзем мець тую колькасць людзей — 80%, якія за нас прагаласавалі».

«Таму трэба жыць спакойна, займацца кожны сваёй справай. А што тычыцца мяне, сілавых структур і іншых, мы будзем займацца таксама сваёй справай. Выключна па законе. Таму трэба адкрываць Біблію, я маю на ўвазе закон, і чытаць: гэта — санкцыі такія, вось гэта — санкцыі такія. Мы не крыважэрныя, мы не збіраемся нікога душыць, ганяць па вуліцах, калі нас да гэтага не змушаюць», — адзначыў Прэзідэнт.

Ён падкрэсліў, што ўлады абавязаны абараніць людзей. «Людзі стаміліся, людзі зразумелі, што такое жыць у спакойным горадзе-героі Мінску, а што такое, калі бамбяць вуліцы, калі на лоджыі закідваюць кактэйлі Молатава і іншыя, пакуль петарды. Не дай бог пачнуць кідаць гранаты. Ужо вакол нашай краіны сфармаваліся групоўкі , якія гатовыя сюды прыйсці і распаліць гэты пажар. Мы гэтага дапусціць не можам. Я гэта кажу прама і не збіраюся нікога закалыхваць», — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

«Узяліся за дэпутатаў. Слухайце, а яны ж у чым вінаватыя? Выбары прайшлі, выбралі дэпутатаў, усе пагадзіліся. Не, пачалі бадзягу: адклікаем дэпутатаў... Няхай паспрабуюць. Мы ж цудоўна разумеем: паваліць Прэзідэнта не ўдалося — трэба расхістаць парламент», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

«Думаю, што пераважная большасць нашых дэпутатаў не са слабага дзясятка, і дэпутаты павінны ведаць, што ў іх ёсць Прэзідэнт, які заўсёды зможа іх абараніць. Без усякіх праблем», — падкрэсліў беларускі лідар.

Ён канстатаваў, што на дэпутатаў пачаліся накаты — патрабуюць ад іх грошай, падтрымкі, выходзіць на вуліцу. «Не выйшлі, значыць, мы вас адклічам... Ну паспрабуйце», — адзначыў Прэзідэнт.

«Ніякім белазаўцам гэта не трэба» — Лукашэнка растлумачыў, чым можа абярнуцца спыненне БелАЗа

Падчас нарады кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, як у цэлым складваецца становішча ў прамысловай сферы, якія ёсць на прадпрыемствах пытанні з экспартам прадукцыі і якая маральна-псіхалагічная абстаноўка ў працоўных калектывах. Асобна ён папрасіў міністра прамысловасці далажыць аб сітуацыі на Беларускім аўтамабільным заводзе.

«Што там на БелАЗе? Яны (правакатары. — Заўвага БЕЛТА) ужо так паскудна сябе вядуць. Гэта ўчора мы сачылі: белазаўцы ідуць стомленыя са змены дадому, за прахадную выйшлі, а яны сцяг расцягваюць і ідуць па баках і робяць карцінку ... Я ж ведаю, як гэта робіцца. Ніякім белазаўцам гэта не трэба. Яны ж выдатна разумеюць: спыніцца сёння БелАЗ — і горада не будзе», - звярнуў увагу Прэзідэнт.

«Мы не дапусцім абвалу нацыянальнай валюты і, учапіўшыся рукамі, не стрымліваем курс рубля»

«Цяпер ужо ў адкрытую нашы ўнутраныя нягоднікі заклікаюць дэстабілізаваць фінансавы рынак. Некаторыя людзі ж гэтаму паддаюцца — валюту з банкаў забраць і гэтак далей», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

«Мы не дапусцім абвалу нацыянальнай валюты. Калі народ хоча купіць долар — калі ласка, ён сёння каштуе колькі каштуе. У нас плаваючы курс: попыт вялікі — значыць даражэй будзе гэты долар ці еўра, попыт меншы — значыць будзе танней каштаваць. Мы, учапіўшыся рукамі, не стрымліваем курс рубля», - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Ён таксама заявіў, што ў Беларусі яшчэ не пачалі па-сапраўднаму выкарыстоўваць золатавалютныя рэзервы. «Малайцы ў Нацыянальным банку, ўрадзе. Як адчуваў: тры месяцы таму паставіў задачу ўсе золатавалютныя рэзервы вярнуць у краіну, асабліва залаты запас. У нас да грама золата вернута ў краіну», — падкрэсліў ён.

«Таму няма такой катастрофы. Так, у нейкіх абменніках калісьці можа не хапаць наяўнасці. Але гэта заўсёды бывае, калі падвышаны попыт. Я даручыў Нацыянальнаму банку, каб мы маглі пазбегнуць падобнай сітуацыі. Людзі хочуць забраць свае грошы ці валюту — калі ласка, бярыце. У нас абсалютна дастаткова рэзерваў, каб на прымальным узроўні стрымаць прымальны для нас курс», - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў Прэзідэнта, яму ўжо дакладаюць пра рабаванні людзей, якія мянялі грошы, пра што стала вядома злачынцам. «Я думаю, нашаму насельніцтву трэба сур’ёзна падумаць над гэтым», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка таксама распавёў, што Беларусь правядзе з Расіяй перамовы аб рэфінансаванні $ 1 млрд доўгу. «Мы дамовіліся з Прэзідэнтам Расіі, і сёння наш прэм’ер-міністр правядзе перамовы з Міхаілам Мішусціным (прэм’ер-міністрам Расіі. — Заўвага БЕЛТА) з нагоды рэфінансавання», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Ён удакладніў, што гаворка ідзе аб рэфінансаванні ў бягучым годзе $1 млрд з абавязку перад Расійскай Федэрацыяй. «Гэта значыць, мы ў сябе гэты мільярд долараў, дамовіўшыся з Расіяй, пакінем. І гэта будзе добрае падмацаванне нашай нацыянальнай валюты», — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

Больш за тое, значныя валютныя паступленні чакаюцца ад экспарту. «Цяпер экспарт наш пайшоў нядрэнна, асабліва ў РФ, КНР. А экспарт — гэта паступленне валюты», — сказаў Прэзідэнт.

«Мы перажылі гэтыя выбары, мы перажылі заклікі да забастовак (не ўдалося людзей падняць). Мы перажылі бліцкрыг на вуліцах, калі яны 9-10-га хацелі задушыць краіну. Мы гэта ўсё перажылі. Перажывём і гэта», — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.