Вы тут

Што пакажа «Беларусь 3» да Дня беларускага пісьменства


Штогод у першую нядзелю верасня традыцыйна праходзіць Дзень беларускага пісьменства. Сёлета свята адбудзецца 6 верасня ў Бялынічах Магілёўскай вобласці. Да гэтай падзеі сацыякультурны канал рыхтуецца загадзя — на працягу наступнага тыдня гледачоў чакае тэматычны паказ кіно, а ў дзень форуму запланаваны трансляцыі цырымоній адкрыцця і закрыцця свята, сюжэты з месца падзей у «Навінах культуры» і спецыяльны «Культурны рэпартаж» пра адрэстаўраваны сакральны артэфакт бялыніцкай зямлі.

Ужо з 31 жніўня і да самога свята эфір «Беларусь 3» будзе дапамагаць настроіцца на пэўны святочны лад: у міжпраграмных відэароліках прагучаць вершы Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Максіма Танка, Аркадзя Куляшова і іншых паэтаў у выкананні дзеячаў культуры, а ў праекце «Запіскі на палях» будуць адгорнуты невядомыя старонкі літаратурнай спадчыны беларускіх пісьменнікаў Івана Навуменкі, Івана Шамякіна, Алеся Адамовіча і Янкі Сіпакова. Акрамя таго, на наступным тыдні гледачы сустрэнуцца ў «Суразмоўцах» з першым намеснікам старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Аленай Стэльмах.

А 6 верасня цэнтральнай эфірнай падзеяй стане паказ святочнага канцэрта ўрачыстага адкрыцця Дня беларускага пісьменства і цырымоніі ўручэння Нацыянальнай літаратурнай прэміі ў 18.45. Увечары тэлеканал пакажа гала-канцэрт урачыстага закрыцця Дня беларускага пісьменства ў Бялынічах.

На «Беларусь 3» у гэты дзень таксама ўбачым новы выпуск спецпраекта «Культурны рэпартаж», прысвечаны фрэсцы XVІІІ стагоддзя «Узыходжанне на Галгофу» бялыніцкага кляштара кармелітаў. Працуючы над сюжэтам, каманда тэлеканала на працягу некалькіх месяцаў здымала розныя этапы рэстаўрацыі артэфакта і стварэння экспазіцыі мясцовага мастацкага музея.

Днём гледачы змогуць пранікнуцца адметнай літаратурнай творчасцю Кандрата Крапівы: будзе паказаны фільм «Кандрат Крапіва: чалавек, які смяяўся...» з цыкла «Запіскі на палях», а адразу пасля — спектакль сталічнага Тэатра-студыі кінаакцёра «Хто смяецца апошнім» па аднайменнай сатырычнай п'есе. Чакаюць аўдыторыю таксама паказ народнай камедыі Ігара Дабралюбава «Белыя росы» па сцэнарыі Аляксея Дударава і беларускамоўная версія гістарычнай драмы Юрыя Ялхова «Анастасія Слуцкая».

Алена ДРАПКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».