Вы тут

Мсціслаў робіць стаўку на альтэрнатыўныя крыніцы энергіі


Хутка ў раёне запрацуе адна са значных па сваёй магутнасці геліяэнергетычная ўстаноўка — 1,6 МВт. Спецыялісты кажуць, што гэтай энергіі пры добрым сонечным надвор'і можа хапіць на асвятленне некалькіх невялікіх населеных пунктаў. Праўда, уся выпрацаваная ўстаноўкай электраэнергія будзе накіроўвацца спачатку ў агульную рэспубліканскую сетку, а адтуль размяркоўвацца па спажыўцах. Тым не менш для раёна рэалізацыя гэтага праекта, у якім няма ні капейкі бюджэтных грошай, вельмі важны крок.


— Гэта па-сапраўднаму значны аб'ект для нашай раённай эканомікі, — кажа намеснік старшыні Мсціслаўскага райвыканкама Вольга Судзілоўская. — Ён дасць дадатковае паступленне падатку на прыбытак у раённы бюджэт. Будзе створана два рабочыя месцы. Да таго ж ва ўсім свеце вядзецца пераход на альтэрнатыўныя крыніцы электраэнергіі, і Мсціслаўскі раён уключыўся ў гэтую работу больш актыўна. Мы падпісалі Пагадненне мэраў па клімаце і энергіі, згодна з якім з'яўляемся ўдзельнікамі міжнароднай праграмы па скарачэнні выкідаў СО2 у атмасферу. Мы развіваем кірунак альтэрнатыўных крыніц энергіі і гэтым пазіцыянуем сябе як экалагічна чысты раён. Геліястанцыі ў нас і раней былі, але не такіх маштабаў.

Новы аб'ект размешчаны на чатырох гектарах зямлі ў вёсцы Асмолавічы Капачоўскага сельсавета. Старшыня сельсавета Аляксандр Пракопаў лічыць, што падобныя праекты толькі на карысць:

— Пакуль там ідзе будаўніцтва, задзейнічаны ў тым ліку і жыхары сельсавета, а занятасць насельніцтва заўсёды станоўчы факт, — кажа ён. — Да таго ж альтэрнатыўная энергетыка — гэта добра, хоць яна наўпрост і не будзе выкарыстоўвацца для патрэб нашых населеных пунктаў, а пойдзе ў агульную энергетычную сістэму.

Дамоў у Асмолавічах засталося мала, можна па пальцах адной рукі пералічыць, МТФ з канца 80-х не функцыянуе. Сонечная станцыя якраз і будуецца на тэрыторыі гэтай МТФ і прылягаючай да яе няўдобіцы. Лесу няма, затое шмат прасторы — тое, што і трэба, каб з карысцю выкарыстоўваць энергію сонца.

Аляксандр Іванавіч лічыць, што альтэрнатыўная энергетыка заўсёды толькі плюс для экалогіі. У Мсціслаўскім раёне наогул няма шкодных вытворчасцяў.

— У пачатку 2000-х ужо былі ахвотныя ў раёне Асмолавіч ставіць ветраўстаноўкі, але потым чамусьці адмовіліся, — кажа ён. — Зараз іншы заказчык знайшоўся.

Першапачаткова планавалася здача аб'екта ў канцы жніўня, але пакуль работы працягваюцца.

— Узніклі складанасці з пракладкай кабелю — ён праходзіць па не вельмі зручнай тэрыторыі, — кажа дырэктар СТАА «ТДФ Экатэх» Міхаіл Шышакоў. — Гэтыя работы аказаліся больш складанымі, чым меркавалася. Спадзяёмся, што да канца верасня справімся.

Фірма аказвае інжынірынгавыя паслугі па арганізацыі, праектаванні і будаўніцтве для ЗАТ «РЕАГ Магілёў». Устаноўка належыць менавіта яму.

— Фотаэлектрычныя станцыі — гэта новыя тэхналогіі, высокая культура атрымання энергіі, — адзначае суразмоўнік. — У Беларусі мы будуем ужо трэцюю станцыю. Перад гэтым падобныя з'явіліся ў Нясвіжскім і Сенненскім раёнах. У параўнанні з Еўропай і іншымі краінамі, дзе такіх станцый шмат, мы яшчэ ў пачатку шляху.

Міхаіл Шышакоў адзначае, што знайсці пляцоўку пад геліяэнергетычную станцыю не так лёгка.

— Мы шукаем, дзе ёсць свабодная зямля, непрыдатная для сельскагаспадарчай дзейнасці, якую можна зрабіць больш прыгожай, а калі закончыцца тэрмін дзеяння станцыі, вярнуць у землекарыстанне, — рэзюмуе ён. — Трэба сказаць, што ў Беларусі знайсці такую зямлю складана.

Дарэчы, акрамя сонечнай станцыі, фірма плануе пабудаваць яшчэ і ветраэнергетычную. Яна будзе на невялікай адлегласці ад геліястанцыі. Але работы па яе ўзвядзенні пачнуцца не раней наступнага года.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Прэв’ю: bitnovosti.com

Загаловак у газеце: Сонечныя кілаваты

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.