28 кастрычніка, серада

Вы тут

Анамальнае лета. Чаму пашыраюцца прыродныя катаклiзмы?


Лiчаныя днi засталiся да заканчэння лета. Яно насамрэч атрымалася анамальнае. Лета-2020 устанавiла неверагодныя тэмпературныя рэкорды, што абяцае планеце разбуральны сезон ураганаў, пажары, засуху i паводкi. Адны краiны млеюць ад спёкi, другiя мокнуць i мерзнуць. Як адзначае «Бi-бi-сi», навукоўцы перакананы, што ўсё гэта — чарговае пацвярджэнне змены клiмату, i прадказваюць 2020-му месца ў пяцёрцы самых гарачых гадоў за паўтара стагоддзя назiранняў. Чаму пашыраюцца прыродныя катаклiзмы, што нас чакае ў далейшым?


Лёду менш, ураганаў больш

Такiя рэкорды становяцца дрэннай традыцыяй: 19 з апошнiх 20 гадоў уваходзяць у дваццатку самых гарачых, а апошнiя шэсць гадоў займаюць першыя шэсць радкоў у гэтым рэйтынгу. Праз некалькi месяцаў iх будзе сем з сямi, калi ўсё будзе iсцi так, як iдзе. У гэтым выпадку здагадкi аб тым, што глабальнае пацяпленне паскараецца, атрымаюць новае пацвярджэнне. А значыць, планы прадухiлення клiматычнай катастрофы, узгодненыя амаль усiмi краiнамi свету i замацаваныя ў Парыжскiм пагадненнi, давядзецца пераглядаць. Аднак час для гэтага як нiколi нязручны: пандэмiя каранавiруса апускае свет у цяжкi эканамiчны крызiс, i затратны «зялёны» парадак дня ў многiх краiнах адыходзiць на другi план.

Лiпень 2020-га стаў адным з трох найгарачэйшых з 1880 года: тэмпература паверхнi сушы i акiянаў аказалася вышэйшай за сярэднюю для ХХ стагоддзя на 0,92 °C, не дацягнуўшы ўсяго 0,01 градуса да абсалютнага рэкорду леташняга лiпеня. I тое гэта адбылося выключна дзякуючы крыху халаднейшай, чым звычайна, зiме ў паўднёвым паўшар'i. Дзевяць з дзесяцi рэкордна гарачых лiпеняў прыпалi на апошняе дзесяцiгоддзе. Шэсць — на апошнiя шэсць гадоў.

«Гэта не тыя рэкорды, да якiх варта iмкнуцца, — заўважыла «Бi-бi-сi» Гарэт Рэдманд Кiнг з Сусветнага фонду дзiкай прыроды (WWF). — Трапiчная спякота, можа, часам i прыемная жыхарам краiн накшталт Вялiкабрытанii, але насамрэч яна — яркi напамiн пра клiматычны крызiс на планеце».

Экстрэмальная гарачыня непрыемная па многiх прычынах. Па-першае, яна смяротная. Паводле звестак каралеўскай метэаслужбы Брытанii, апошнiя некалькi гадоў спякота забiвае больш людзей, чым любыя iншыя прыродныя катаклiзмы. Ад павышэння тэмператур высыхае глеба, а льды растаюць. У мiнулым месяцы арктычнае ледзяное покрыва было на чвэрць меншае за сярэднi паказчык апошнiх 40 гадоў i самае нязначнае за ўвесь час назiранняў. Паўночны марскi шлях быў практычна цалкам вольны ад лёду. Як адзначае «Бi-бi-сi», раней у Арктыцы растаў кавалак лёду памерам з Польшчу. А за апошнiя 45 гадоў аб'ём абледзянення паменшыўся на дзве трацiны, i такiмi тэмпамi да сярэдзiны стагоддзя марскога лёду на Поўначы не застанецца зусiм. Як адзначыў генеральны сакратар Сусветнай метэаралагiчнай арганiзацыi (СМА) Петэры Таалас, «тое, што адбываецца ў Арктыцы, не застаецца ў Арктыцы. З-за ўзаемасувязяў палюсы ўплываюць на клiматычныя ўмовы ў нiжэйшых шыротах, дзе жывуць сотнi мiльёнаў людзей».

Пакуль каля полюса наступствы экстрэмальнага пацяплення «ўшчыльняюць» белых мядзведзяў i маржоў, блiжэй да экватара яны ўскладняюць жыццё мараходам i жыхарам прыбярэжных тэрыторый. Сёлета сезон ураганаў пачаўся незвычайна рана, i ўжо да лiпеня па тропiках прайшлося цэлых дзевяць iмянных штармоў — рэкордны паказчык для сярэдзiны лета.

Моцныя вятры каля экватара могуць сведчыць пра зараджэнне феномена Ла-Нiнья — панiжэнне тэмператур у Цiхiм акiяне, што разам з нагрэтай Атлантыкай абяцае ўдарны сезон ураганаў 2-020. Нацыянальнае ўпраўленне акiянiчных i атмасферных даследаванняў ЗША (NOAA) прадказвае 19—25 магутных цыклонаў замест звычайных 12 i чакае, што 7—11 з iх узмоцняцца да ўраганаў, а 3—6 акажуцца ў найвышэйшай ступенi разбуральнымi.

Памiж засухай i паводкай

Калi адна палова Еўропы ў лiпенi знемагала ад спякоты i забараняла палiваць сады са шлангаў, то другая хуталася ў пледы i адпампоўвала ваду з затопленых агародаў. У Фiнляндыi лiло ў два з паловай разы больш за норму i было халадней, чым звычайна, на 1-2 градусы, тады як Партугалiя перажыла самы гарачы лiпень за ўсе 90 гадоў назiранняў, а Францыя — з 1959-га. Пра гэта са спасылкай на звесткi еўрапейскага цэнтра Copernicus Climate Change Service (C3S) паведамiла «Бi-бi-сi».

Менавiта такiмi «ўзгоркамi» i небяспечнае глабальнае пацяпленне, даўно i ў адзiн голас папярэджваюць навукоўцы: рэзкiмi перападамi тэмпературы i вiльготнасцi, прыроднымi катаклiзмамi i ператварэннем умеранага клiмату ў экстрэмальны. Награванне планеты вядзе да збояў ва ўстойлiвай сiстэме астуджэння i цыркуляцыi вады i паветра, выклiкае ўраганы, трапiчныя залевы, засуху i маразы, напаўняючы YouTube i «Твiтэр» хронiкамi апакалiпсiса з серыi «старажылы не ўзгадаюць», заўважыла «Бi-бi-сi».

Адносная вiльготнасць паветра на сушы ў цэлым на планеце скарачаецца апошнiя 40 гадоў, i прычынай таму не памяншэнне ападкаў, а той факт, што паветра над кантынентамi награваецца ўсё хутчэй i рознiца з тэмпературай каля паверхнi акiянаў павялiчваецца, адзначаюць навукоўцы. Адхiленнi ад нормы не толькi пачасцiлiся, але i сталi больш працяглыя. Еўропа пакутуе вось ужо трэцяе засушлiвае лета запар, гэта адбiваецца на ўраджаi i, адпаведна, на эканомiцы.

Двухгадовую засуху Стары Свет перажыў упершыню за чвэрць тысячагоддзя — гэта вынiкае з даследавання, апублiкаванага ў жнiўнi. Пры гэтым эксперты ацэньвалi толькi 2018—2019 гады i не ўлiчвалi засушлiвы 2020-ы. «Iмавернасць паўтарэння такога сцэнарыя павялiчыцца ў найблiжэйшай будучынi, у асноўным з-за пацяплення, выклiканага дзейнасцю чалавека», — мяркуюць аўтары навуковай работы i папярэджваюць, што калi нiчога не рабiць, то ў другой палове стагоддзя шматгадовая засуха будзе «наведваць» Стары Свет у сем разоў часцей, чым цяпер.

У XXI стагоддзi перыяды «абязводжвання» ў Еўропе пачасцiлiся, i ў 2003-м яна перажыла засуху бiблейскага маштабу, якая здараецца раз на некалькi стагоддзяў, пiшуць вучоныя. Ацэнкi эканамiчнага ўрону пасля такiх катаклiзмаў — мiльярды еўра. Асноўныя страты — ад памяншэння ўраджаю i згортвання экспарту прадуктаў харчавання.

Вось i сёлета ЕС саступiў першынства на сусветным рынку збожжавых. Вядучы еўрапейскi вытворца — Францыя — у гэтым сезоне скароцiць экспарт удвая, i нават добры ўраджай у Польшчы i краiнах Балтыi не дазволiць кампенсаваць такi правал i страту долi рынку. Расiя ж, наадварот, прадчувае другi найбуйнейшы ўраджай у сучаснай гiсторыi i дзякуючы яму верне сабе сусветнае лiдарства. Лакальныя рэкорды ўраджайнасцi чакаюцца ў Канадзе i Аўстралii, прыводзiць Bloomberg ацэнкi амерыканскага аграрнага ведамства.

Рэкорды Далiны Смерцi

Аналагiчная еўрапейскай сiтуацыя склалася гэтым летам i па iншы бок Атлантыкi. Паўднёвы захад ЗША выгарае пад пякучым сонцам, а цэнтральныя штаты залiвае рэкорднымi дажджамi. Самы яскравы прыклад пацяплення i яго наступстваў чарговы раз узялася прадэманстраваць Калiфорнiя. Спачатку яна пабiла ўласны тэмпературны рэкорд — плюс 54,4 градуса (!) у Далiне Смерцi. Потым ва ўсiм штаце ўпершыню за 20 гадоў пачалiся веерныя адключэннi электрычнасцi: кандыцыянеры i халадзiльнiкi перагрузiлi сетку.

Губернатар Гэвiн Ньюс паставiў адназначны дыягназ: «У Калiфорнii гэта датычыцца кожнага, i нiхто не мае нiякiх iлюзiй: усе тут ведаюць, што спякота становiцца ўсё больш гарачая, а засуха — больш засушлiвая. Мы даўно ўсвядомiлi наступствы змены клiмату».

Асобныя месцiчы вiнавацяць улады ў правальным дзяржрэгуляваннi энергасiстэмы самага населенага i багатага штата ЗША. Кiраўнiк калiфарнiйскага аператара рынку электраэнергii Стывен Берберык не згодны. «Прагноз нагрузкi на электрасеткi адлюстроўвае рэалii змены клiмату. Становiцца ўсё гарачэй», — цытуе яго FT. Пацвярджэнне таму — лясныя пажары. Сярэдняя тэмпература ў Калiфорнii павышаецца хутчэй, чым на планеце ў цэлым, а колькасць ападкаў скарачаецца. У вынiку — павелiчэнне плошчы згарэлых лясоў на 40 працэнтаў кожнае дзесяцiгоддзе.

Не толькi летам, але i ўвесь 2020-ы адзначалiся анамалii, якiя ўжо становяцца нормай. У студзенi—лiпенi планета нагрэлася на 1,05 градуса вышэй за сярэднюю лiчбу — гэта другi вынiк пасля 2016-га, i разрыў мiкраскапiчны, усяго 0,04 градуса. I Еўропа, i Азiя пабiлi тэмпературныя рэкорды. Амерыканскiя навукоўцы з NOAA прагназуюць, што гэты год увойдзе ў пяцёрку самых гарачых за ўсю 141-гадовую гiсторыю назiранняў, i дапускаюць прыкладна 75-працэнтны шанц таго, што ён акажацца рэкордным.

Можа здарыцца i па-iншаму, калi згаданая Ла-Нiнья ў Цiхiм акiяне набярэ моц. Аднак лакальнае пахаладанне не зламае агульны трэнд, бо ў гэтым выпадку вецер толькi часова згонiць цяпло з паверхнi акiяна i панiзiць асноўны паказчык метэаралогii — тэмпературу на паверхнi, але не зменiць агульнай колькасцi энергii, якая вызначае клiмат на планеце.

Забылi пра Афрыку

Каб утаймаваць пацяпленне, амаль усе краiны свету дамовiлiся скарацiць выкiды парнiковых газаў у атмасферу ў спробе ўтрымаць павышэнне тэмпературы на планеце ў межах паўтара градусаў у параўнаннi з даiндустрыяльным узроўнем. Эколагi даўно папярэджваюць, што гэтага недастаткова, асаблiва з улiкам выхаду ЗША з дамовы.

У гарачым лiпенi-2020 навукоўцы прывялi новы аргумент. Яны пералiчылi ранейшыя мадэлi i прыйшлi да высновы, што рызыка павышэння тэмпературы пры бягучым узроўнi выкiдаў вышэйшая, чым меркавалася раней. Таму разлiчваць на натуральнае памяншэнне канцэнтрацыi вуглякiслага газу ў атмасферы не выпадае — трэба менш «смуродзiць неба».

У адваротным выпадку спякота будзе толькi нарастаць, прыйшлi да высновы аўтары другой навуковай публiкацыi гэтага анамальнага лета — спецыялiсты брытанскай каралеўскай метэаслужбы, заснаванай бацькам сучаснай метэаралогii Робертам Фiцроем (пад яго кiраўнiцтвам амаль 200 гадоў таму Чарльз Дарвiн хадзiў у экспедыцыю на караблi «Бiгль», у вынiку чаго нарадзiлася тэорыя эвалюцыi вiдаў). Пасля таго як мiнулым летам у Брытанii быў пабiты тэмпературны рэкорд i слупок тэрмометра ў Кембрыджы дапоўз да 38,7 градуса Цэльсiя, яны ўзялiся мадэляваць будучыню i прыйшлi да высновы, што пры захаваннi цяперашнiх выкiдаў у атмасферу 40-градусная спёка ў Брытанii да 2100-га будзе здарацца кожныя тры з паловай гады замест ранейшых 100-300 гадоў.

Iх калегi з Оксфардскага ўнiверсiтэта, са свайго боку, прапанавалi даваць эпiзодам анамальнай спякоты iмёны (як ураганам), бо яны здараюцца ўсё часцей i забiваюць значна больш людзей. А ворага варта ведаць у твар. Да гэтай думкi яны прыйшлi, высветлiўшы, што сапраўдны маштаб бедства невядомы, бо далёка не ўсё ўлiчваецца. Адно з самых гарачых месцаў планеты — Афрыка — фактычна не прадстаўлена ў базах даных экстрэмальных з'яў надвор'я, на аснове якiх даследчыкi робяць высновы аб хуткасцi i наступствах змены клiмату.

За апошнiя 120 гадоў у базе з'явiлiся ўсяго два запiсы пра анамальную спякоту ў Афрыцы на поўдзень ад Сахары, тады як у Еўропе такiх выпадкаў было зафiксавана аж 83 за 40 гадоў (яны забралi 140 тысяч жыццяў). I гэта пры тым, што еўрапейцы лiчаць анамалiяй больш за тры днi спёкi запар, тады як афрыканцы не бачаць нiчога незвычайнага ў тыднёвых эпiзодах, а ў 1992 годзе i зусiм жылi ў такiх экстрэмальных умовах цэлых чатыры месяцы. У мiжнароднай базе даных па бедствах EM-DAT запiсаў пра гэтую падзею няма.

У перыяд з 2020 да 2024 года практычна ва ўсiх рэгiёнах планеты будуць назiрацца новыя рэкорды тэмператур. Нiводны з кантынентаў не абмiнуць змены, кажа французскi вучоны Паскаль Iу. Пры гэтым у самых верхнiх шыротах клiмат стане больш вiльготны, а ў сярэднiх перыяды засухi летам будуць змяняцца ўраганамi зiмой. Напрыклад, у Францыi, згодна з рознымi мадэлямi клiматолагаў, у наступныя дзесяцiгоддзi тэмпература +40 °C стане звычайнай рэччу, а да канца стагоддзя можна чакаць пiкаў ад +45 °C да +50 °C. Некаторыя мадэлi мяркуюць да +55 °C», як расказаў у iнтэрв'ю газеце La Voix du Nord навуковец Рабер Ватар. Гучыць фантастычна, а як усё будзе насамрэч — пакажа час.

Захар БУРАК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Карэспандэнты «Звязды» даведалiся, як працуюць ратавальнiкi-кiнолагi

Карэспандэнты «Звязды» даведалiся, як працуюць ратавальнiкi-кiнолагi

У Беларусi прайшлi спартыўныя спаборнiцтвы па службовым шматбор'i кiнолагаў.

Грамадства

Спрабуем «выглядаць на мiльён» танна

Спрабуем «выглядаць на мiльён» танна

Парады ад Аляксандры Анцэлевіч.

Грамадства

Дарогі Беларусі ацэняць у зорках. ​Сістэма дапамогі кіроўцу, «штучны зрок» і нулявыя выкіды СО2

Дарогі Беларусі ацэняць у зорках. ​Сістэма дапамогі кіроўцу, «штучны зрок» і нулявыя выкіды СО2

Незалежны інстытут аўдытараў дарожнай бяспекі будзе створаны ў Беларусі.