Вы тут

На тэрыторыi Камунараўскага сельсавета налiчваецца 250 кароў


Камунараўскi сельсавет, што ў Любанскiм раёне на Мiншчыне, мяжуе з Гомельскай вобласцю. Ад райцэнтра ён знаходзiцца на адлегласцi 25 кiламетраў. Тут пражывае 2860 чалавек. На тэрыторыi сельсавета ў асабiстых дапаможных гаспадарках налiчваецца 250 кароў. Не ў кожным раёне не толькi Мiнскай вобласцi, але i краiны ў цэлым, знойдзеш такi прыватны статак пагалоўя. Калi старшыня сельвыканкама Мiкалай Дудзiк расказвае пра гэты факт падчас сустрэч са сваiмi калегамi з iншых рэгiёнаў, яны шчыра здзiўляюцца.


Святлана Носiкава з дачкой Лiзай.

Сапраўды, на пад'ездзе да вёскi Камунары заўважаю статак кароў, што скубуць траву на беразе ракi Арэса. Шмат у якiх дварах чароды гусей, качак, iндыкоў, курэй.

— Людзi ў нашым сельсавеце вельмi працавiтыя, трымаюць вялiкую хатнюю гаспадарку, — кажа Мiкалай Мiкалаевiч. — Акрамя буйной рагатай жывёлы, яшчэ i коз, парсюкоў. У многiх ёсць конi. Малако здаюць дзяржаве. Напрыклад, Святлана Носiкава за сем месяцаў прадала 21 337 лiтраў, Марына Лапцiк — каля 21 000, Вольга Хамлюк — каля 14 000, Раiса Дудзiк — 8186, Ларыса Сулiм — 8109, Тамара Хомец — 7552 лiтра малака.

Цяпер малако па вёсках сельсавета збiраюць iндывiдуальныя прадпрымальнiкi. У iх заключаны дагаворы на пастаўку прадукцыi з Любанскiм сыраробным заводам. Малакавозы абсталяваныя прыборамi для вымярэння тлустасцi. Калi раней нехта з жыхароў мог разбавiць малако вадой, то цяпер усё змянiлася. Кожны разумее: няхай будзе менш малака, але яны выйграюць за кошт тлустасцi. За лiтр здадзенага «белага золата» людзi атрымлiваюць 55 капеек, разлiк iдзе кожныя дзесяць дзён.

Няма праблемы i з тым, каб здаць цялят. Iх закупляюць у грамадзян адкрытыя акцыянерныя таварыствы «Палессе-Агра» i «БВА», што знаходзяцца на тэрыторыi сельсавета. За кiлаграм жывой вагi яны даюць 15 кiлаграмаў зерня i сена.

— Людзi трымаюцца за асабiстую дапаможную гаспадарку, паколькi яна прыносiць дадатковы прыбытак у сямейны бюджэт. Яны думаюць аб далейшым жыццi, будуюць планы на будучыню. Нехта мяркуе набыць сельскагаспадарчы iнвентар, пашырыць сваю гаспадарку, хтосьцi — нешта купiць, пабудаваць. Гэта таксама добрая нагода дапамагчы дзецям стаць на ногi. Акрамя таго, на стале заўсёды натуральныя свойскiя прадукты: малако, тварог, смятана, яйкi, мяса, сала. Разам з тым тыя, хто трымае сваю гаспадарку, паралельна занятыя ў сельгасарганiзацыях, пiтомнiку лясгаса.

Святлана Носiкава з вёскi Нежын была на розных пасадах — загадчыцай фермы, асемянатарам, лабарантам у ААТ «БВА». Толькi сёлета ў сакавiку сышла з работы па стане здароўя. Яе муж працягвае працаваць асемянатарам i ветфельчарам.

Сям'я трымае 14 галоў буйной рагатай жывёлы разам з цялятамi, 16 коз, iндыкоў, качак, парсюкоў, каня. Былi яшчэ i трусы, але нядаўна iх звялi.

— Штодзень надойваем па 130—140 лiтраў малака, здаём прыёмшчыку. Сабе пакiдаем толькi казiнае малако. Ад дзевяцi дойных козачак добрыя надоi. Гэтае малако падыходзiць дзецям, людзям, у якiх алергiя на каровiна малако, якiя не пераносяць лактозу, — кажа Святлана Аркадзеўна.

Мы гутарым на ўтульным падворку каля вялiкага цаглянага дома. Вакол парадак, чысцiня, шмат зелянiны i кветак.

— Як паспяваеце з усiм спраўляцца? — пацiкавiлася ў гаспадынi.

— Устаём у пяць гадзiн ранiцы, надзяваем гумавыя боты i круцiмся ўвесь дзень, як вавёрка ў коле: кормiм жывёлу, доiм, выганяем на пашу, затым сустракаем з поля, зноў доiм. А яшчэ трэба i стойлы пачысцiць, i сена нарыхтаваць на зiму.

Каля вялiкага хлява заўважаю будаўнiчыя матэрыялы.

— Збiраемся пабудаваць новае памяшканне для жывёлы, — перахапiла мой погляд Святлана. — Старое стала цеснаватае, бо колькасць пагалоўя з кожным годам павялiчваецца. Вядзём свой адбор маладняку. Найлепшых прадукцыйных цялушак пакiдаем сабе. Астатнiх пастаўляем у калгас. Летась за здадзены маладняк атрымалi тры тоны зерня. Мелем зерне сваiм млынам, муку дадаём у корм хатняй птушцы, свiнням.

— Цяпер практычна кожны жыхар, якi трымае жывёлу, мае свой млын. Можна размалоць i ў калгасе, але за пэўную плату, — удакладняе старшыня сельвыканкама. — Акрамя таго, людзi маюць коней, трактары, сельгасiнвентар, што значна спрашчае работу.

Праўда, ёсць некаторыя праблемы з выпасам жывёлы. Паша, якая iснуе 25 гадоў, не акультураная. Нарыхтоўваюць сена на няўдобiцах, лясных палянах. Калi раней можна было прывязаць кароў на вясковых пустырах, пустуючых участках, то цяпер яны засеяны i ўведзены ў сельгасабарот.

Сёлета кiраўнiцтва «БВА» пайшло насустрач просьбам уласнiкаў выдзелiць i залужыць 35 гектараў зямлi пад пашу. Калгас палiчыў усе магчымыя выдаткi. За кожную карову неабходна было ўнесцi 70 рублёў. Але большасць гаспадароў не пагадзiлася з такiм варыянтам.

— Хочаш добра жыць — працуй, не лянуйся i спадзявайся на свае сiлы, — кажа Святлана Носiкава. — Будзе i скварка, i да скваркi. I дзецям будзе што ў сумку пакласцi.

— А на продаж нешта застаецца, напрыклад, сыр, масла, тварог?

— Па-першае, гэтыя прадукты мы робiм для сваiх патрэб, часцей за ўсё позняй восенню ды зiмой, калi больш вольнага часу. А прадаць яго не можам — да горада далёка, да вялiкiх магiстраляў, каб можна было прапанаваць прадукцыю праезным, — кажа Святлана Носiкава.

Падчас нашай гутаркi на ганак выходзiць дзяўчынка i цiкаўна паглядае на гасцей.

— Гэта мая малодшая дачушка, мая памочнiца, — усмiхаецца мацi.

Лiза перайшла ў чацвёрты клас, добра вучыцца.

— Я дапамагаю маме даiць козачку, даглядаю коцiкаў i сабак, — сарамлiва кажа дзяўчынка.

Не толькi ў гэтай сям'i растуць памочнiкi. Дзiму Хамлюка мы таксама засталi за справай. Хлопчык ачышчаў ад бруду бацькоўскi трактар. «Сёння прыйдзе брат мамы дзядзька Коля, каб памяняць некаторыя дэталi», — кажа школьнiк. — А маме тэрмiнова давялося выехаць у райцэнтр. Яна папярэдзiла, што вы будзеце».

Дзiма сёлета пойдзе ў сёмы клас.

— Бацькi трымаюць 9 дойных кароў i цялят. Мой абавязак — паiць малых, прыганяць з пашы рагуль i кармiць трох парсюкоў па даручэннi бацькi. Колькi ў нас свiней, я не лiчыў, але многа, — дадаў Дзiма.

Прыемна, што ў сем'ях растуць руплiвыя, працавiтыя дзецi, якiя бяруць прыклад з бацькоў. Зносiны з жывым, з прыродай выхоўваюць у iх пачуццё дабрынi, спачування і да людзей.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ, фота аўтара

Загаловак у газеце: «Белае золата» Камунараў

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.