Вы тут

Ён будаваў хаты, выгадаваў сад і траіх дзяцей


Добры след пакінуў на зямлі Ларыён Сарока — удзельнік дзвюх войнаў, знатны столяр ды цясляр з вёскі Скакуноўшчыны, што ў Бешанковіцкім раёне Віцебшчыны. Прыклад яго жыцця натхняе на добрыя справы й сына: прадпрымальніка, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі. Бацька, пакінуўшы зямлю, застаецца заступнікам для Валерыя. Паводле яго слоў, нават з таго свету з’явіўся, каб дапамагчы ў цяжкую хвіліну.


Ірына і Ларыён Сарокі. 1946 год

Бацька, імя па бацьку, Айчына… Шанаванне старэйшых, асабліва бацькоў — вельмі важная частка народнай беларускай культуры, нацыянальнага менталітэту. У пару 75‑годдзя Перамогі мы з асаблівай удзячнасцю ўспамінаем бацькоў і дзядоў, маці й бабуль нашых: і як вялікіх працаўнікоў, якія паднялі пасляваенную Беларусь з руін і папялішчаў, і як людзей ратнай славы. Праўда, у мітусні жыцця не заўсёды ўдаецца асэнсаваць іх велізарны жыццёвы досвед. І адчуць шостым пачуццём у самім сабе той бясцэнны ген пераможцаў, перададзены нам у спадчыну. Бо часам здаецца: мы гэта самі ўсяго дасягаем у жыцці. А нават не падазраём, што яны, нашы папярэднікі, нябачныя шасцярэнькі-спружынкі ў механізмах самавыжывання ў нас адладжвалі нетаропка. Нават без слоў і мараляў — проста ўласным прыкладам. З гадамі ловіш сябе на думцы: нешта раблю так жа, як бацька ці маці, словы іх ва ўжытку, і прымаўкі… Вось і Валеры Сарока перакананы: жыццёвая стойкасць і загартаванасць, сялянская цягавітасць і працавітасць бацькі складаюць сутнасць ягонай асобы. А ў жыцці абодвум Сарокам, бацьку й сыну, прыйшлося прайсці такія жорны лёсу, што многім, як той казаў, і не снілася.

Але не будзем забягаць наперад. Спачатку прадставім Валерыя Сароку, з якім гаварылі пра яго майстравітага бацьку й пра той досвед, што сыну перадаўся. Само сабой, закранулі важныя пласты жыцця ў паваеннай глыбінцы й няпросты шлях вясковага хлопца, сына франтавіка, да самога сябе, да разумення сапраўдных, вечных каштоўнасцяў. Сёння ён — прадпрымальнік, заснавальнік прыватнага ўнітарнага прадпрыемства «АУМ. Сорока». Здае ў арэнду пабудаваныя ўласнымі сіламі памяшканні ў трох будынках побач з вядомым мінскім Гандлёвым цэнтрам «Ждановічы». У вёсцы Лапараўшчыне, пры Мінскім моры, дом сабе збудаваў, і там таксама здае памяшканні. Супрацоўнікі ягонай фірмы яшчэ ствараюць і дакументальныя відэафільмы, якія выкладваюцца ў інтэрнэт. Нядаўна, скажам, з’явіўся фільм «Партызанскі дзённік» на сайце Валерыя Сарокі. Але гэта — сёння. А ў савецкім мінулым малады пракурорскі работнік Валеры Сарока трапіў, як кажуць, «пад раздачу»: стаў ахвярай палітычнай кан’юнктуры ў сваёй жа пракурорскай сістэме. Было тое ў складаны перыяд 80‑х, калі раскручвалася знакамітая Віцебская справа ды набірала абароты перабудова. Ён здолеў выстаяць, памятаючы даўні бацькаў наказ: «Помні, сынок, жыць шчасліва — значыць жыць сумленна». Трохі акрыяўшы ад узрушэнняў, напісаў аб тым часе дакументальныя аповесці, за якія ў 1995 годзе быў прыняты ў Саюз пісьменнікаў Беларусі. Адну з рэкамендацый яму даваў народны пісьменнік Іван Шамякін. Цяпер у Валерыя Сарокі ўжо 11 кніг, некаторыя аповесці можна пачытаць на ягоным сайце ў інтэрнэце.

— Валеры Іларыёнавіч, што больш за ўсё памятаецца вам з вясковага дзяцінства?

— Пах драўніны ў нашым вялікім доме. Усю восень, зіму адзін пакой у габлюшках увесь быў ды ў пілавінні. Пахлі сасновыя дошкі, бярозавыя, дубовыя… А другі яскравы ўспамін — гэта нарыхтоўкі для бацькавай працы, якія ляжалі прама пад столлю. Вялікая печ, над ёй да столі драўляныя рэйкі зладжаны. На іх — дошкі, брусы: яны сохлі, калі ў печы паліцца. Потым з іх бацька рабіў аконныя рамы, дзверы — усю сталярку для хат. Гэблі ў бацькі розныя былі, варштат, сякера, пілы, стамескі… Я прачынаўся пад гукі тых інструментаў і засынаў таксама: бацька шмат працаваў. А галоўнае тое, што незвычайным ён быў чалавекам.

— У чым тое выяўлялася?

— Ларыён Сарока нарадзіўся ў 1907 годзе ў вялікай шматдзетнай сям’і, закончыў тры класы царкоўна-прыхадской школы. На той час — вялікая адукацыя ў вёсцы. Шмат ведаў вершаў на памяць, паэмы нават гэтак чытаў. Працуе — і чытае вершы, а я слухаю. Усё на рускай мове: бо царкоўная адукацыя ж па-руску вялася. Пушкіна чытаў, Някрасава, іншую класіку. Распавядаў, што ў школе дзяк настаўнікам быў. У класе стаяў цабарок (драўлянае вядро) з вадой, у ім розгі: каб не рассыхаліся й не ламаліся пры выкарыстанні. Не дай Бог ты не вывучыў урок — адразу атрымліваеш дубца. Дрэнна павёў сябе, пашумеў, брудны прыйшоў на ўрок — атрымай таксама. Гэта, я так сабе ўяўляю, вельмі ацверажальна дзейнічала на вучняў. Прывучала думаць, быць увесь час напагатове, не расслабляцца. Актывавала ўвагу, і ўсе стараліся ўсё вывучыць, і паводзіць сябе прыстойна: цабарок заўсёды ж навідавоку. Тата распавядаў: усе як мышы на ўроках сядзелі!

— А бацька ваш сам-та строгі быў?

— Не, лагодны, мяккі. За ўсё жыццё мяне ні разу не ўдарыў. Ні разу! Маці анучай магла махнуць, палаяцца, а ён — і не лаяўся ніколі. Думаю, таму, што многае сам адчуў, перажыў. Бо такія людзі ў прынцыпе не здольныя на гадасці, подласці. Гэта як адметна фармацыя людзей. У Максіма Горкага, памятаецца, прыкладна так: шмат мяне ў жыцці мялі, таму й мяккі. Чалавек, які прайшоў агонь і ваду, а тым больш медныя трубы — не здольны на нізкія ўчынкі.

— Таму што сам пакутаваў і ведае, што такое боль…

— …І страх. Разумее, што такое свавольства дзіцячае: а гэта ж часам магутныя імпульсы, выплескі, выкіды самой энергіі Жыцця, з якімі юныя душы проста не могуць справіцца. Ён шмат перажыў і таму быў працавітым, добрым, мудрым. Нам цяжка ўявіць сабе, але рос ён у сям’і, у якой было 13 дзяцей! І ўсіх з маленства прывучалі да працы, жыць у калектыве, здавольвацца малым, дапамагаць іншым.

— А рамяству, працы з дрэвам хто яго навучыў?

— Быў ён самавук. Умелец на ўсе рукі пра такіх кажуць. Яшчэ й боты шыў, і валёнкі валяў. У нас авечкі былі, пчолы, агарод 50 сотак — вялікая гаспадарка. У гонар майго дня нараджэння — а тое здарылася ў 1952‑м — бацька пасадзіў сад. Пад 50 розных садовых дрэў, у тры рады да возера Скакуноўскае. Яно там побач. Святым лічылася, пры ім і царква была, а ў возеры Вадохрышчанскія абрады праводзілі. Я ў бацьку бачыў вялікую любоў да прыроды, жывёл і да людзей таксама. А з гадамі пераконваюся, што самае цяжкае ў нашым жыцці — любіць менавіта людзей: у кожнага — свой характар, светапогляд. Дык вось, гэтае ўменне жыць у ладзе з сабою, з людзьмі я ў сям’і ўбіраў, з дзяцінства. І рос у бацькоўскай любові.

— Вёска ў вас вялікая была?

— Параўнальна вялікая: хат 50. Свая крамка, фельчарска-акушэрскі пункт, малочны заводзік — але яго яшчэ ў 50‑я не стала. І царкву потым знеслі. Мне бачыцца, з вышыні гадоў: уся вясковая грамада спакваля выхоўвала чалавека, мы ўбіралі ўвесь мерны лад яе жыцця, асвойвалі яе суровыя законы й правілы. Бацьку ў 30‑я, распавядаў, прапаноўвалі ўзначаліць калгас: пісьменны ж быў. Адмовіўся. Бачыў, што адбываецца, і разумеў: ад кіраўніка шмат патрабуецца, а за недахопы можна трапіць і ў месцы, як кажуць, «не столь отдаленные». І камуністам бацька не быў: чамусьці да іх ставіўся з падазрэннем, хоць нічога дрэннага не казаў. «Людзі розныя бываюць, і трэба разумець ўсіх» — так мяне павучаў. Але як селянін, які звыкся жыць са свайго мазаля, на зямлі працаваць, мець сваю гаспадарку — ён калектыўнае не вельмі-та ўспрымаў. Зрэшты, як і ўсе нармальныя людзі, якія прывыклі жыць сваёй працай, апрацоўваць сваю зямлю.

— Мабыць, і ў вас да калектыўнае калгаснае працы такое ж стаўленне…

— Ну, цяпер — іншы ўклад жыцця, калгасы ўжо не тыя. Але вось я аналізую статыстыку: у Беларусі шмат прадпрыемстваў стратных па выніках працы за 2019 год. А стратны — гэта значыць неэфектыўны. Калі няма сапраўднага гаспадара — парадку ж нідзе не будзе, так? Усюды патрэбен пісьменны гаспадар, і справе сваёй, каб эфектыўна ўсё развівалася, трэба душу й розум аддаваць, і сілу сваю, і волю. Для таго, каб прыбытак атрымліваць — а не толькі спажываць заробленае іншымі.

— Вернемся да вашага бацькі. Ён у арміі дзе служыў?

Валеры Сарока (на здымку самы малы) з родзічамі і маці. 1955 г.

— У будаўнічых падраздзяленнях, мабыць. Дарэчы, ён у вёсцы паставіў першую лазню-зруб пры возеры — і ўсе потым па чарзе ў той лазні парыліся. Бясплатна. Добрая была тая лазня! Прычым бацька вытрымліваў самую вялікую пару, ніхто з ім не мог зраўняцца: такі быў дужы ў гэтай справе ды настырны. Усе збягалі — ён парыўся адзін, а я клаўся на падлогу й падліваў.

— Ну, той й вы добра загартаваліся! Кажуць, лазня — гэта здароўе. А ён колькі пражыў?

— Адной лазняй, мабыць, здароўе не ўмацаваць. Малавата пражыў бацька: 73 гады. Можа, таму, што жыццё ў яго цяжкае было. А сіла волі — загартаваная, жалезная. Неяк да зімы возера лёдам пакрывалася, і аднавясковец у кажусе, валёнках выехаў на яго ў лодцы-даўбёнцы: гусей выгнаць на бераг. Лодка перавярнулася, дзеду пад 70 — пачаў тануць. Мужыкі падбеглі, сунуліся ў ваду — холадна! Бацька ж мой, яму гадоў 55 было, даплыў да небаракі, хапануў за валасы, але не ўтрымаў. Бо, распавядаў, у споднім заблытаўся. Так што прыйшлося да берага браць, а дзед патануў. Бацька быў адзіным, хто паспрабаваў яго выратаваць. Хоць сам ніколі не купаўся. Але сіла волі ў яго была жалезная. Першы лёд на возеры ён заўсёды апрабоўваў. А загартоўку такую атрымаў, мабыць, на Фінскай вайне, у 1939‑м яго прызвалі. Калі даведаліся, што столяр-цясляр — паставілі пераправы будаваць. Ледзь стральба (снайперы з вінтовак білі) — адразу ў ледзяную ваду даводзілася падаць, раз па 10 на дзень. І неяк выбірацца з‑пад абстрэлу. Дзякуй Богу, вярнуўся дадому без адзінай драпіны. Ды яшчэ з той вайны прынёс рубанкі добрыя, стамескі фінскія, трафейныя. І нават дамкрат, кілаграм 15 вагой.

— І добры, мабыць, інструмент быў…

— Вядома! Метал той не тупіўся. А бацька й летам жа працаваў: навес рабіў на двары, туды варштат ставіў. Наогул хата наша была як бы калектыўная. Спачатку ў ёй была школа, потым калгасныя агульныя сходы праходзілі, разводы на працу — нарады брыгадзір даваў. А па вечарах збіраліся мужыкі, асабліва зімовымі вечарамі, на вячоркі. Сталоў 5 ставілі, у карты гулялі, у шашкі. Дым каромыслам: самакруткі палілі. Бацька ў суседнім пакоі працаваў, на іншых асабліва не звяртаў увагі. Ён наогул мала гаварыў, больш слухаў. А я сядзеў на печы: там, пад столлю, ад дыму дыхаць не было чым. І слухаў усё, што мужыкі казалі. А расказвалі самае рознае. Мала таго, я хутка навучыўся і ў карты гуляць: а мне гадоў восем было.

— Хуткая сацыялізацыя, як цяпер кажуць, ішла…

— Вельмі хуткая! І калі не было каму гуляць, напарнікаў бракавала — мяне клікалі.

— Бацька вам пра сваю другую вайну нешта расказваў?

— Так, я сцісла гэта ведаю. Яго, як пачалася вайна, прызвалі ў армію. Апынуўся ў Заходняй Украіне, сувязістам. Распавядаў: цягнем па полі шпулькі з дротам — а там калона немцаў рухаецца па дарозе. І яшчэ адна: матацыклісты, танкі, машыны… Кінулі шпулькі — бегам у вёску. Заскочылі ў склеп, стаіліся. Немцы хадзілі — знайшлі адразу. Сабралі палонных чалавек 50, паставілі пасярод калоны — і адправілі проціходам: ідзіце туды. Нікуды не выйдзеш! Кіламетры праз два лагер быў: на некалькі тысяч чалавек. Там яшчэ ніхто над ваеннапалоннымі ня здзекаваўся. І немцы кармілі, і мясцовыя людзі нешта прыносілі. А з бацькам у лагер трапіў аднавясковец. Перагаварылі: чаго чакаць? Вырашылі ноччу бегчы. Змаглі сысці ў лясок, да балота: кіламетраў 10 адбеглі ад лагера. А як пачало днець, то пачулі брэх сабак, аўтаматныя чэргі: пагоня. Запаўзлі ў балота: толькі насы тырчалі з вады. Немцы па балоце чэргамі — наўкола кулі свісталі. Адна бацьку па губе прайшла, кроў палілася. То закусіў яе, каб менш сыходзіць крывёй. Немцы сышлі. Яны ўцекачоў шукалі, ведалі: слабыя здаюцца, сыходзяць моцныя, калі іх не злавіць — будзе супраціў. Бацька расказваў, што праляжаў у балоце ўвесь дзень. Устаў, паклікаў — няма адказу. Чалавек той з вайны не вярнуўся: ці то яго ў балоце забілі, ці то знайшлі-забралі. Зусім побач з бацькам смерць прайшла..

Валеры Сарока (першы рад, у цэнтры) — спонсар шэрагу выступленняў мінскага Тэатра фальклору «Матуліна хата»

— Выбіраўся далей да сваіх?

— Так, пайшоў да сваіх. Адразу зразумеў, што ў чырвонаармейскай форме далёка не зойдзеш. Папрасіў у людзей, і нехта даў старую вопратку. Ішоў дадому, у суткі па кіламетраў 25–50, дзесьці пад’язджаў. У адной з вёсак далі яму пропуск, што бежанец, а не ваенны: бабка падказала, да каго звярнуцца. Амаль цэлы месяц дабіраўся дадому. Казаў, тры пары ботаў стаптаў. Тады ў сям’і ўжо было трое дзяцей — брат потым у вайну нарадзіўся, а я пасляваенны. Стаў бацька жыць у вёсцы. І нехта ж данёс, што вярнуўся салдат дадому: знайшліся такія. А насупраць жыў сусед, таксама Сарока — стараста. Калі немцы з паліцаямі зайшлі ў вёску, бацька рвануў у хлеў і ў салому на гарышчы закапаўся. Пытаюцца маці: дзе муж? Маці: не ведаю, не бачыла. Яе на вуліцу й да сцяны: расстраляем, кажы. Бацька ляжыць у саломе, чуе гутарку. Падняўся, збіраўся вылазіць, здавацца — жонку шкада. І пачуў голас суседа-старасты: ды не чапайце вы яе, трое дзяцей. Далі кароткую чаргу над галавой — і сышлі. Бацька хоць і ацалеў, але страху нацярпеўся й за сябе, і за сям’ю. Зразумеў: трэба бегчы. Пайшоў у партызаны. А калі наступала Чырвоная Армія і ў 1944‑м вызвалілі вёску — ізноў яго на фронт. Маці ў тым жа годзе атрымала пахаронку: што муж загінуў у Літве. Напісана было, каля якога хутара. Потым бацька распавядаў, што баі былі цяжкія, ад роты, сотні байцоў, чалавек 15 засталося. А камандзірам быў смелы ды рызыкоўны лейтэнант, яўрэй: наперад і наперад. Наступаць трэба! Тактыкі прадуманай не было, усё нахрапам. Ніхто, казаў, не лічыўся з салдатам, колькі іх загіне. Камандзір з пісталетам наперадзе, яны за ім «з лінеечкамі», вінтоўкамі, значыць, беглі. Вось неяк беглі, а іх усіх і акружылі. Каго забілі, хто застаўся — рукі паднялі: чалавек 5–7.

— Гэта, мабыць, летам ці восенню 44‑га было?

— Так, як вызвалілі Беларусь — і на Літву Чырвоная армія пайшла. Другі ўжо палон у яго быў. У дзікія трапіў ўмовы! Там паміралі людзі ад голаду, ад холаду. Не ведаю, дзе канкрэтна: малы быў, калі ён расказваў. Але й там бацька здолеў прыстасавацца, выжыць. Бо ўмеў боты шыць, абутак ці адзенне падрамантаваць. Прынясе немец абутак на папраўку — за працу хлеба дасць. Салдат, радавы — умелі прыстасавацца да ваеннага жыцця як з таго, так і з нашага боку. І каля бацькі яшчэ людзі карміліся. Да таго часу ў немцаў амуніцыя пазношвалася, рэзерваў не было. Так і выжываў — у Літве, і недзе побач Польшча была, казаў. Калі вызвалілі, то адразу ўсіх правяраць сталі: спецправерка. Доўжылася да года. У спецроце ў Літве й жылі. Западозрылі сувязь з немцамі. Паўгода як вайна закончылася, а пра яго няма вестак. Маці збіралася ўжо на магілу ехаць. Бацька потым казаў, што знайшліся сведкі, сказалі: гэта было выжыванне, барацьба за жыццё, і што яны дзякуючы яму выжылі. Адпусцілі яго. А ў той час ужо ў ваенкамаце ўзнагародныя лісты, медалі ляжалі — чакалі героя па месцы жыхарства.

Аднойчы, ужо ў 46‑м, напэўна, патэлефанаваў у вёску: я жывы! Там усе й памлелі. Вярнуўся, пачаў працаваць як звычайна. Гаспадарку дамашнюю ўздымаў: потым у нас былі карова, свінні, авечкі, пчолы… Праўда, гэтым больш мама займалася, і мы ёй дапамагалі, а ён цяслярыў-сталярыў. На той час грошай у калгасе не плацілі: былі працадні, галачкі-палачкі. На іх давалі збожжа, мяса маглі даць. Грошай наяўных наогул не было ў першы час, а жыццё працягвалася, прычым няпростае. Скажам, я нарадзіўся ў 52‑м, а ў 54‑м годзе мама — Ірына Аляксееўна, у дзявоцтве Каваленка, 1913 года нараджэння — цяжка захварэла: менінгіт у яе быў. Завезлі ў Віцебск, аперацыю зрабілі. І месяцаў шэсць яна ляжала ў бальніцы. Калі дадому прывезлі, мне два з паловай было. Мяне, як і ўсю гаспадарку, даглядала без мамы старэйшая сястра Зінаіда. Прычым я паспеў адвыкнуць ад яе! Кажуць: гэта мама твая — а я не разумею, не пазнаю яе. Кажу: цётка нейкая. Ідзі, абдыміся — а я ўцякаю, мяне ловяць — я не магу яе абняць. Толькі ноччу, помніцца, думкі былі: а можа гэта й ёсць мая мама? Раніцай прачынаюся — гляджу на яе, стараюся ўспомніць: мая ты мама ці не мая? Потым расказвала мама: не спала, вочы прыплюшчаныя. Адчувала, што сынок на яе глядзіць. І ціхенька мне: сы-но-ок… Ай, я тут успомніў, пабег: «Ай, мама!» Дайшло нарэшце-та! Успамінаю такія моманты — яны душу кранаюць, сіл надаюць. Не раз дапамагалі мне здабыць душэўную раўнавагу, калі цяжкія часы ў маім жыцці былі.

— Вас бацька вучыў свайму сталярнаму рамяству?

— Спецыяльна — не. Я нечым яму дапамагаў, вядома: штосьці патрымаць, прынесці. Ён быў побач, я бачыў яго працу — і тое мяне выхоўвала. І нейкія навыкі засталіся на ўсё жыццё. Вядома ж, як і любы сельскі жыхар, я з многімі інструментамі, неабходнымі ў гаспадарцы, умею абыходзіцца. Да таго ж бацька зімой сталярку рабіў для хат (вокны, дзверы, філёнгі, аздабленні розныя), а як пачынаўся цёплы сезон — яго забіралі, з сякеркай, хаты ставіць. І, па сутнасці, ён адбудаваў у пасляваенны час усю вёску нашу. І ў іншых навакольных яго хаты-зрубы таксама стаяць па гэты час. Ён адзін працаваў, без брыгады. У памагатых былі тыя, каму хату ставілі. Чарга нават была на майстра.

— Спачатку, ведаю, трэба лес добры нарыхтаваць, і каб вылежаўся — тады зруб рабілі…

— Рабілі ўсё як мае быць. Агаворвалася, нарыхтоўвалася, тэрміны суадносіліся. І, напрыклад, людзі бярвёны, кроквы ад кары зачышчалі, а ён рабіў прафесійную працу. Звычайна бацькі па 2–3 тыдні не было, там працаваў з раніцы да ночы: каб хутчэй зрабіць усё пад ключ, як кажуць. А мы, дзеці з мамай, гаспадаркай займаліся. Хаты ставілі тыя, у каго было за што. Наяўныя грошы хто меў, альбо дзеці з горада, пляменнікі-сваякі дапамагалі. Бацьку за працу плацілі наяўнымі. А ён быў такі дабрак, што шмат і не браў. Колькі дадуць, столькі й добра. Усе ж тады бедныя былі.

— Калгаснае кіраўніцтва не было ў прэтэнзіі, што ён тым займаецца?

— Не, бо ўсе ведалі: у яго рукі залатыя. І людзям жа хаты патрэбныя. Калі будоўлю заканчвалі, то замочвалі гэтую справу добра. А бацька хоць і моцны быў, але невялікага росту-вагі, худзенькі адносна, ды яшчэ штодзённая цяжкая праца. Дык, бывала, і стаяць не мог пасля той замочкі. Памятаю, на возе прывозілі, «разгружалі». Маці тых людзей лаянкай часта сустракала: што ж вы робіце? Мне патрэбен мужык жывы-здаровы, а што вы тут мне калеку нейкага прывезлі! А мы дапамагалі яго ўнесці ў хату, на ложак пакласці. Бацька ад такіх замочак адыходзіў — і зноў у дарогу. Дарэчы, ён ніколі цвярозы не паліў, а як вып’е — і запаліць у кампаніі. Заўсёды ў яго пачак цыгарэт быў, частаваў усіх. Такі вось прыязны, кампанейскі быў, і ніколі ў адзіночку не піў.

— А ў хаце вашай гарэлка наогул вадзілася?

— Ну вядома ж! Як без яе ў вёсцы было жыць? І многія, не сакрэт, гналі самагонку. Прычым апаратаў-та было 2–3 на вёску, адзін другому перадавалі, калі трэба. Памятаю, мне гадоў 5 было, зайшоў участковы міліцыянер у хату, з якім бацька сябраваў. Селі за стол, той пытаецца: а ў цябе ёсць самагонка? Усе маўчаць: усё ж участковы, ды яшчэ ў форме. Ён да мяне: скажы, ёсць у вас самагонка? Я гавару: скажу, калі дасі мне пісталет патрымаць. Ён дастае з кабуры пісталет, патроны вымае: на, патрымай. Я патрымаў. Якое задавальненне! Пісталет сапраўдны ў руцэ. Усёй вёсцы раскажу. Я ад радасці й кажу: ёсць самагонка. А дзе? У шафе. У бялізне там прыхавана пару бутэлек было, ён узяў. Кажа бацьку: ну давай, Ларыён, па шкляначцы. Чаго ты баішся? Дык яны па шкляначцы выпілі ды па сваіх справах пайшлі. Прычым што цікава: бацька мяне нават не папракнуў за той мой учынак.

— Мабыць, добра ведаў дзіцячую псіхалогію. Разумеў: гэта не ад ліхога намеру, і праўду ж сказала дзіцё. А кім ён вас хацеў бачыць, у якой прафесіі?

— Такіх размоў у нас не прыпомню. Але я, калі падрос, вучыцца стараўся добра. Разумеў: інакш у вёсцы прыйдзецца застацца, а там — цяжкая праца з раніцы да ночы. Хацелася вывучыцца, атрымаць вышэйшую адукацыю. Я шмат, можна сказаць, запойна чытаў. Прычым яшчэ ў пачатковай школе — вечарамі пры лучыне, газавай лямпе. А газы дэфіцыт быў. Я ж часам да 12 гадзіны ночы пры лучыне сядзеў. Маці гоніць спаць — а мне цікава! Бацькі ж так стамляліся, толькі да ложка дайсці сіл хапала.

— Якія вам прадметы лягчэй даваліся?

Кніга з аўтографам Івана Шамякіна

— Матэматыка ў мяне добра ішла, іншыя так званыя практычныя прадметы. Спачатку вучыўся ў нашай вясковай школе, потым за 9 кіламетраў хадзілі ў Бачэйкава: каб сярэднюю адукацыю атрымаць. Па 18 км у дзень! Мы ўдваіх хадзілі з адным хлопцам. Мароз, холад, снег, дождж, золь — ішлі. А калі й пад’едзем, як машына ішла спадарожная. Мы хутка хадзілі. Прымудраліся за паўтары гадзіны дарогу адолець. І вучыліся абодва нядрэнна, дарэчы. Бо ведалі: каб паступіць — трэба добра вучыцца. А ў мяне было жаданне паступіць на юрыдычны факультэт. Брат мой стрыечны быў міліцыянерам, да нас прыязджаў, шмат чаго распавядаў. І ў мяне паступова з’явілася цяга да гэтай прафесіі: законнасць, правапарадак. Таксама хацеў пайсці ў міліцыю. У дзявятым класе ўжо ведаў: у міліцыю пайду працаваць, або ў пракуратуру. А мой сябар, Аляксандр Канапелька, стаў вайскоўцам-верталётчыкам, служыў у Расіі. Цяпер у Віцебску жыве: кватэру там купіў, мы з ім зносіны маем. Усю школу з ім прайшлі поруч, як кажуць.

— Слухаючы вас, Валеры Іларыёнавіч, разумею, адкуль у вас дар апавядальніка…

— Так, я шмат з людзьмі па жыцці з дзяцінства меў зносінаў. У доме ж быў «клуб па інтарэсах»: гэта паўплывала, мабыць, таксама. Ну а цяпер столькі ўсяго перажыта, убачана, пачута, асэнсавана, што хочацца гэтым з іншымі падзяліцца. Усё на жыццёвай дарозе намі ўбіраецца — а потым просіцца вонкі.

— А яшчэ кажуць: тое, што з намі ў вонкавым свеце адбываецца, толькі спрыяе абуджэнню таго, што маем унутры. Бо знутры наша жыццёвая энергія паступае, і калі пасланы талент ад Усявышняга, як кажуць, — тады ён і абуджаецца.

— Што ж, можа й так. Бо адна справа — на лавачцы пагаварыць, і зусім іншае — нешта важнае перажыць, кнігу пра тое напісаць. А хацелася мне глыбей асэнсаваць усё, што са мной адбылося, данесці сваю праўду, быць пачутым — вось і стаў пісаць. Уласна, для таго і ў бізнес пайшоў: каб магчымасць была выдаваць свае дакументальныя кнігі. Бо гэта, як вы ведаеце, патрабуе сродкаў. І яшчэ пра талент, здольнасці скажу. Я ўспамінаю аднаго з родных братоў бацькі, майго дзядзьку. У вёсцы, бывала, збіраліся ў майго дзеда вяскоўцы кніжкі пачытаць. Дык дзядзька на наступны дзень мог усё пераказваць кавалкамі — амаль даслоўна. Такая ўнікальная памяць была ў яго. А мой старэйшы брат Жора, які памёр у 12 галоў, складаў вершы — прама на хаду. Дарэчы, у сям’і яшчэ дзяўчынка была, на год за Зіну старэйшая. Дзеці ў хаце ў вайну адны былі, пажар успыхнуў — і яна згарэла. Так што ўсяго дзяцей у маіх бацькі й маці было пяцёра, выгадавалі — траіх.

— Яшчэ скажыце пра памяць. Вы, напэўна, увесь Крымінальны кодэкс да гэтага часу на памяць ведаеце?

(усміхаецца) Ну ўжо не ўвесь: гады бяруць сваё! Часам не памятаеш і тое, што ўчора было. (Смяецца). Тым больш, столькі ўсяго перажыта. Мяне неяк даішнік у сталіцы спыніў — я кажу: капітан, я законапаслухмяны, сам былы пракурор. Сарока маё прозвішча. Можа, чуў? Чуў, кажа.

— Дык у вас атрымалася адразу на юрфак паступіць?

Валеры Сарока з адной са сваіх кніг. Фота Івана Ждановіча

— Не адразу — пасля арміі. Спачатку не паступіў, прафтэхвучылішча металістаў закончыў у Мінску ў 1970‑м і пайшоў на Завод імя Кірава працаваць. Потым — армія, дакладней, флот. Калі быў у вучэбцы ў Кранштаце, на падводніка рыхтавалі, прыйшлі адбіраць хлопцаў мацнейшых у спартроту. А я боксам займаўся, меў першы разрад — мяне туды ўзялі. Я нядрэнна выступаў на першынстве Паўночнага флота, годзе ў 1972‑м: быў у прызёрах. Але потым у мяне апендыцыт выразалі, ужо з перытанітам, і абвастрэнне было, цяжка выздараўліваў, форму страціў. А такі спартсмен ужо не быў флоту патрэбен, ды й матрос. Карацей, спісалі мяне. І ўжо ў 1973‑м я вучыўся ў Маскве, ва Універсітэце дружбы народаў імя Патрыса Лумумбы, але сышоў адтуль з‑за матэрыяльных цяжкасцяў. Вярнуўся на свой завод, папрацаваў на вытворчасці дзяжурным электрыкам, быў выхавальнікам у інтэрнаце, а праз год і камендантам. І ў 1974‑м паступіў на завочнае аддзяленне юрфака БДУ. З 1977‑га стаў працаваць у пракуратуры Мінскай вобласці, памочнікам пракурора Слуцкай міжраённай пракуратуры. Тады бацьку пад 70 было, і ён захварэў: есці не мог. Я павазіў яго па лекарах, дыягназ: рак страўніка. Месяц-два пратрымаецца пад кропельніцай, кажуць. Што ж рабіць? Добрыя людзі падказалі: трэба ўзяць барановы або ялавічны тлушч — лой у нас яго называлі, ды на патэльні выплавіць. Выпіць чысты спірт медыцынскі, а потым цёплым лоем запіць. Дзень-два бацьку такія лекі падавалі — бацька пачаў есці. Спірт абпальвае клеткі, а лой адразу зацягвае. Бацька яшчэ гады чатыры з той хваробай пражыў. Памёр ён у 1981 годзе.

— А як ён успрымаў той факт, што вы сталі пракурорскім работнікам?

— Непакоіўся за мяне. Мабыць, жыццёвы досвед падказваў яму, што чакаюць мяне сур’ёзныя выпрабаванні. Неяк мне сказаў: «Сынок, ты дарма пайшоў на такую працу. Няўдзячная гэта справа — людзей саджаць. Табе гэта не даруюць. Людзям дрэнна рабіць нельга». Толькі вось як ім не рабіць дрэнна, калі гэтыя людзі здзейснілі злачынствы? Гэтае пытанне яму я не задаваў, але, ведаючы, якая вялікая душа была ў майго бацькі, магу выказаць здагадку, што б ён адказаў.

— Мабыць, нам усё ж трэба прыслухоўвацца да меркаванняў людзей, якія пабачылі жыццё, а тым больш бацькоў — і нават не ўступаць з імі ў спрэчкі...

— Ну, прыкладна да такой высновы й я з гадамі прыйшоў, аналізуючы ўсё, што са мной здарылася. Але самае цікавае перажыванне, звязанае з бацькам, калі мяне затрымалі ў лістападзе 1986-га, падазраючы ў супрацьпраўных дзеяннях і перавышэнні службовых паўнамоцтваў, пасадзілі ў Мінску ў следчы ізалятар Камітэта дзяржбяспекі. Я быў у глыбокім трансе, у вялікай дэпрэсіі. Толькі ўявіце сабе: з пракурора стаць раптам зэкам. Арыштаваным. А камера-адзіночка там нагадвае труну. Я пралічыў адлегласці паміж сценамі: па 8 і 16 маіх чаравік 42‑га памеру. Гэтакі пенальчык даўжынёй 3-4 метры. Сцены чорныя. І нары пры сценцы, на ноч адкідваюцца. А цішыня такая — ляжыш, як у труне. Ніякай інфармацыі. Сцены таўшчэзныя гукі не прапускаюць, уверсе толькі маленькая прадушына.

— Мне спелеолагі распавядалі: яны па просьбе навукоўцаў праводзілі фізіялагічныя доследы ў пячорах, у замкнёнай прасторы, у цемры, дзе няма знешніх раздражняльнікаў. Гэта называецца: сенсарная дэпрэвацыя. Дык вось, казалі, людзям яе псіхалагічна вельмі цяжка пераносіць, а потым і розныя фізічныя праблемы са здароўем развіваюцца.

— Так, гэта псіхалагічна душыць, душыць увесь час. І да мяне ўжо прыходзілі думкі: трэба пакончыць з сабой. Уяўлялася: як я буду людзям глядзець у вочы, калі мяне асудзяць? Гэта ж такая ганьба! Не вытрымлівала псіхіка — такі быў надлом душэўны, хоць я‑та дужы мужык. Думаў ужо, як гэта зрабіць. На стол стаць, завязаць за краты прасціну? Ляжу і гэта ўсё ў галаве пракручваю. А праз кожныя 3–5 хвілін вочка пстрык-пстрык. Каравульны камеры абыходзіць, зазірае: каб нічога такога, як я надумваю, не здарылася. Пад раніцу менш пстрыкае, дзяжурны стамляецца. Ну, думаю, трэба наважыцца гадзін у пяць раніцы: тады ўжо хвілін праз 10 шчоўкае. Я тое ўжо таксама вылічыў. Ляжу, чакаю світання. Не спіцца. І раптам бацька да мяне прыходзіць. Садзіцца побач, у цёмным касцюме. Кажа: «Што, сынок, табе цяжка?» «Так, бацька, цяжка» — яму адказваю. Вось, кажа, трапіў ты, трапіў… Але ў цябе ўсё будзе добра. Я табе праўду кажу. «Як, тата, добра? Ты здзекуешся!» — «Не, сынок, ты падумай добра. Пасядзі, усё асэнсуй. У цябе ўсё будзе добра. А я пайду» — «Я з табой хачу! Я з табой!» — «Не, ты заставайся тут». Мы яшчэ крыху паспрачаліся — і ён сышоў. Прыходжу ў сябе — не магу зразумець: што за сон такі? Думка працуе выразна. Прыйшоў бацька. Сон трывожны, надрыўны, моцна нацягнутыя нервы, як струны — і раптам такі дыялог з бацькам: «Ты заставайся тут, а я пайду». Тады й падумаў: а раптам бацька прыходзіў спецыяльна, каб мяне выратаваць?

— Ну вы ж ведаеце: бацькі — нашы заступнікі. У славянскім светаўспрыманні лічыцца, што бацькі нашыя, сыходзячы ў іншы свет, становяцца багамі роду — апякуюцца нябачна тымі родзічамі, хто застаецца на зямлі. Вось і вам прыйшла падтрымка, прычым вельмі своечасова…

— Так, памеркаваўшы, я прыйшоў да высновы: трэба змагацца. Бо ворагі, якія задумалі брудную гульню, хацелі ўцягнуць мяне ў яе, якраз і разлічвалі на маю слабасць. А здарылася б самагубства — гэта была б іх перамога. І ў цяжкую хвіліну бацька нават з таго свету прыйшоў да мяне, падтрымаў. Дзякуючы таму я выжыў, здолеў прайсці ўсе выпрабаванні, якія выпалі на маю долю, зноў стаць на ногі, напісаць свае кнігі. І вось сёння з вамі размаўляю. Так што мой бацька-франтавік, сумленны вясковы працаўнік-майстар Ларыён Сарока па-ранейшаму побач са мной.

Гутарыў Іван Ждановіч

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.