Вы тут

Пушкіністка Ларыса Чаркашына родам з Ваўкавыска


Літаратуразнаўца, гісторык літаратуры Ларыса Чаркашына — вядучая расійская пушкіністка. Нарадзілася яна ў Беларусі, на Гарадзеншчыне. Часта бывае ў розных мясцінах сінявокага беларускага краю. Добра ведае не толькі Гарадзеншчыну, але і Віцебшчыну, Полацк. Ларыса Андрэеўна з цікавасцю сочыць за жыццём Беларусі. Пра гэта, пра розныя беларускія адрасы — у размове з расійскай пісьменніцай.


Уручэнне «Диплома Гомера» на Крыце. Справа — брат, пісьменнік Мікалай Чаркашын. Іракліён. 2019 год.

— Ларыса Андрэеўна, вашы вытокі, ваш родны край — у Ваўкавыску, у Беларусі. Ці часта бываеце ў тых месцах, дзе нарадзіліся, правялі дзяцінства?

— Ваўкавыск — самы любімы мой горад, мая радзіма — і гэтым усё сказана. Акно ў свет. Разам з датай нараджэння Ваўкавыск надрукаваны не толькі ў маім пашпарце, але і ў сэрцы, як бы высакамоўна тое ні гучала. Калі мяне пытаюцца, дзе я нарадзілася, адказваю: у тым жа горадзе, што і Папялушка. Праўда, прыходзіцца тлумачыць, што цудоўная актрыса Яніна Жаймо, лепшая Папялушка на кінаэкране, родам з майго Ваўкавыска. А пабывала я там сёлета ў лютым. Разам з братам, пісьменнікам-марыністам Мікалаем Чаркашыным, таксама выхадцам з Ваўкавыска. Па гэты час на вуліцы Зенітчыкаў стаіць наш дом, старадаўні мураваны, яму больш за сто гадоў. Стаіць і былы ваенны шпіталь, паблізу ад вуліцы Воля, дзе я і з’явілася на свет. Гэтая памятная паездка наўрад ці адбылася б, калі б нас з братам не запрасілі паўдзельнічаць у XXVІІ Міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы ў Мінску, якая прайшла ў плыні абвешчанай у Беларусі Трохгодкі малой радзімы.

Дзяцінства маё прайшло ў Шчучыне, Слоніме, Смаргоні, Баранавічах. Бацька, Андрэй Андрэевіч Чаркашын, камандаваў палком, і мы часта пераязджалі па месцы яго службы. З Беларуссю ён «пазнаёміўся» ў гады Вялікай Айчыннай, вызваляў яе ад фашыстаў. У лютым 1944 года быў цяжка паранены пад Віцебскам.

…У Смаргоні я пайшла ў першы клас. Пяць гадоў таму разам з братам пабывалі ў Смаргоні, сфатаграфаваліся ля нашай школы. Такая ж самая фатаграфія, зробленая ў тыя далёкія гады, дзе я першакласніца, а брат — трэцякласнік, дзе мы абодва ў школьнай форме, з партфелямі, захоўваецца ў нашым сямейным альбоме.

Раней не ведала, што жыла ў такім гістарычным горадзе, асабліва праслаўленым сваёй стойкасцю ў гады Першай сусветнай. Пад Смаргонню змагаліся вядомыя пісьменнікі: Міхаіл Зошчанка, Канстанцін Паўстоўскі, Валянцін Катаеў. Сястрой міласэрнасці на баявых пазіцыях была Аляксандра — дачка Льва Талстога. Дзіўна, што і мой родны дзед Міхаіл Раманавіч Сакалоў у 1916‑м таксама ваяваў пад Смаргонню…

Перш, калі былі жывыя бацькі майго мужа, я часта бывала ў іх у гасцях у Полацку. Мой свёкар Пётр Купрыянавіч Пацей — выдатны чалавек: у гады Вялікай Айчыннай ён быў камісарам партызанскага атрада, у мірным жыцці — дырэктарам Полацкага педагагічнага вучылішча імя Францыска Скарыны. Меў званне ганаровага грамадзяніна Полацка. Сябраваў з многімі беларускімі пісьменнікамі і паэтамі, у прыватнасці, з народным паэтам Беларусі Рыгорам Барадуліным. У яго была вялікая бібліятэка, любіў чытаць мне вершы па-беларуску.

— Вы займаецеся літаратуразнаўчымі даследаваннямі. І, напэўна, далёкія ад беларускай праблематыкі… Але, магчыма, усё ж такі ёсць у вашай творчасці злучныя ніткі, якія так ці інакш нагадваюць пра Беларусь?

У мемарыяльнай кватэры Пушкіна на Арбаце. У цэнтры — Сяргей Яўгенавіч Кліменка, беларускі нашчадак паэта, Ларыса і Андрэй Андрэевіч Чаркашыны. Масква, 1988 год

— Перш за ўсё, гэта Аляксандр Сяргеевіч Пушкін, наш славянскі геній. Некалькі гадоў таму назад у мяне выйшла кніга «Пушкін падарожнічае. Ад Масквы да Эрзерума». І ў ёй ёсць глава, прысвечаная Беларускай пушкініяне.

— Ларыса Андрэеўна, займаючыся гісторыяй рускай літаратуры, вывучэннем жыцця і творчасці Аляксандра Сяргеевіча Пушкіна, вы звяртаеце ўвагу на літаратурнае краязнаўства?

— Так, і мне падабаецца, калі старадаўнія, вобразна кажучы, намоленыя сядзібы зменьваюцца да лепшага. Вось прыклад. У наваколлі знакамітай сядзібы Болдзіна, дзе Аляксандр Сяргеевіч правёў тры сапраўды цудатворныя восені, у вёсачцы Львоўцы захаваўся старадаўні дом, які перайшоў па спадчыне ўдаве Пушкіна Наталлі Мікалаеўне, а потым яе старэйшаму сыну Аляксандру. Столькі гадоў стаяў гэты дом пустым, незаселеным! І параўнальна нядаўна ў ім вырашылі ўладкаваць філіял мемарыяльнай сядзібы і размясціць у ім Музей літаратурных герояў «Повестей Белкина». З’явіўся пакой графа з аповесці «Выстрел»: на стале сапраўдны дуэльны пісталет, над ім — карціна з невялікай адтулінай, быццам прабітая трапным Сільвіа; кабінет памешчыка вёскі Гарухіна з усімі канторскімі прыладамі; спальня Марыі Гаўрылаўны з «Метели» з ужо сабраным вузельчыкам для ўцёкаў з каханым; святліца Лізы Мурамскай з «Барышни-крестьянки». Бо як цікава, ды і пазнавальна пабываць у гасцях у пушкінскіх герояў!

А яшчэ ў планах музейшчыкаў — аднавіць у Малым Болдзіна стары ветраны млын, стварыць стылізаваныя сядзібы Траякурава і Дуброўскага. Калі ідэі пераходзяць у рэальнасць, гэта цудоўна!

— Вы добра ведаеце пушкінскія адрасы ў Беларусі?

— Ведаю, але была далёка не ўсюды. Перш за ўсё — гэта Магілёў. Увечары 7 жніўня 1824 года Пушкін, пакінуўшы Адэсу і пераадолеўшы сотні вёрст па дарогах Маларосіі, дасягнуў гэтага беларускага горада. Там на паштовай станцыі паэта ўжо сустракалі яго гарачыя прыхільнікі — афіцэры гусарскіх палкоў, раскватараваных у Магілёве. Сяброўская гулянка, якая пачалася там жа, у станцыйным доме, працягнулася на кватэры Куцынскага, карнета Лубенскага гусарскага палка. Аляксандр Сяргеевіч, па ўспамінах відавочцаў, чытаў вершы, і яго захоплена слухалі бравыя гусары. Не адна бутэлька шампанскага была распіта ў тую ноч, а пад раніцу ўся вясёлая кампанія праводзіла паэта ў дарогу.

А пятай гадзіне раніцы Пушкін пакінуў гасцінны Магілёў. У той жа дзень ён праехаў Оршу і Полацк…

У Беларусі служыў старэйшы сын паэта і яго ўлюбёнец Аляксандр Пушкін. У канцы 1860‑х разрослае сямейства Аляксандра Аляксандравіча перабіраецца ў Наваградак Мінскай губерні, дзе быў тады раскватараваны 13‑ы гусарскі Нарвскі, адзін з праслаўленых і найстарэйшых расійскіх палкоў. І ўжо ў чэрвені 1870‑га Аляксандр Пушкін становіцца яго камандзірам.

У старадаўнім Наваградку «полк цалкам быў узнагароджаны за нязручнасці мінулага жыцця, — меркаваў палкавы гісторык А. М. Ціханоўскі. — Некалі сталічны горад Вялікага Княства Літоўскага задавальняў самым патрабавальным густам; полк зажыў прыпяваючы, а прызначэнне камандзірам палкоўніка Аляксандра Аляксандравіча Пушкіна дапоўніла адзін з найшчасных перыядаў палкавога жыцця».

І ў палкавым летапісе з’явіліся новыя дакладныя і вобразныя радкі: «Сын вядомага паэта, імем якога ганарыцца Расія, палкоўнік Пушкін уяўляў сабой ідэал камандзіра-джэнтльмена, які стаяў на чале старадаўняга палка».

У тым далёкім чэрвені ў сямействе Пушкіных здарылася радасная падзея: на свет з’явіўся Пётр! Але хлопчык — ён стаў восьмым дзіцем і трэцім сынам Аляксандра Аляксандравіча — пражыў зусім нядоўга: у снежні таго ж года на старых могілках з’явіўся камень-валун з выбітымі скупымі радкамі: «Младенецъ Петръ Пушкинъ родился 9 июня 1870 г. скончался 6 ноября 1870 г.»

Магілка ўнука паэта, якому гэтак мала было адмерана зямнога жыцця, ацалела ў дзвюх сусветных войнах, што ў мінулым стагоддзі пракаціліся па Беларусі грознымі валамі, змятаючы на сваім шляху крэпасці, гарады, замкі… А вось куток зямлі на праваслаўнай частцы старых могілак у Навагрудку, дзе аплаквалі немаўля-сына палкоўнік Аляксандр Пушкін і яго жонка, мілая Сонечка, захаваўся некранутым. Нароўні з нябожчыкамі гусарскім ротмістрам, паручнікам, адстаўным саветнікам і калежскім сакратаром…

Як быццам імкнучыся папоўніць страту, следам за Пятром у сям’і Пушкіных з’явіліся на свет дочкі Надзея, Вера і сын Сяргей. Але век іх дабрадушнай матухны скарачаўся: ад прастуды, у красавіку 1875 года ў Вільні, куды пераведзены быў полк, Соф’я Аляксандраўна памерла. Зусім хутка ў музеі-сядзібе «Лапасня-Зачацьеўскае» (падмаскоўны горад Чэхаў) пройдзе выстава, прысвечаная яе памяці. Там жа каля сядзібы, якую называюць «Пушкінскім гняздом», — бо ў ёй выраслі ўнукі паэта — пад шатамі фамільнай царквы яна і пахавана разам з мужам, баявым генералам Аляксандрам Пушкіным.

Але вернемся ў Беларусь. Вельмі значныя пушкінскія адрасы, дакладней, адрасы ніколі не бачаных паэтам яго ўнукаў і праўнукаў: гэта — Бабруйск, Цялушы, і Вавулічы (цяпер вёска Дубоўка). Туды, у сядзібу мужа Вавулічы пераехала ўнучка паэта Наталля Пушкіна адразу ж пасля вяселля са штаб-ротмістрам Паўлам Варанцова-Вельямінавым, адважным афіцэрам, які служыў у палку яе бацькі. А бралі шлюб маладыя ў 1881 годзе ў царкве Зачацця Праведнай Ганны ў Лапасне.

У беларускіх Вавулічах і наканавана было Наталлі Аляксандраўне пражыць доўгія гады. Яна выдатна малявала, у асноўным пейзажы, пісала вершы, але, памятаючы забарону свайго вялікага дзеда нашчадкам займацца вершапісаннем, не друкавала іх. Выдатна ведала творчасць не толькі Пушкіна, але і Тургенева, Дастаеўскага, і нават падтрымлівала з імі сяброўскія сувязі.

Пра яе і дагэтуль зберагаецца добрая памяць, бо Наталля Аляксандраўна дапамагала бедным сялянам хлебам, лекамі. Спрыяла з’яўленню новых школ у навакольных вёсках, ды і сама навучала сялянскіх дзетак. На Каляды ладзіла для іх ёлкі, дарыла падарункі. Дзякуючы яе руплівасці створаны прытулкі для сірот і нямоглых. Старажылы ўспаміналі, што ўнучка паэта любіла беларускія народныя песні, жыва цікавілася легендамі і паданнямі.

Некаторыя з дзяцей пары Варанцова-Вельямінавых, а іх было пяцёра, пазней жылі ў Бабруйску. У нашчадкаў Пушкіна быў свой дом, але ён не захаваўся, на яго месцы — Палац грамадзянскіх абрадаў.

Наталля Аляксандраўна памерла ў снежні 1912 года і пахавана пры Свята-Мікольскай царкве ў Цялушы. Кожны год, на пачатку чэрвеня, ля сціплага абеліска на яе магіле гучаць пушкінскія вершы.

— У расійскага акадэміка Піксанава ёсць тэорыя «культурных гнёздаў». Ці бачацца вам з Масквы такія абласныя ці проста рэгіянальныя «культурныя гнёзды» ў Беларусі? Якія б адрасы вы назвалі перш за ўсё?

З Аляксандрам Аляксандравічам Пушкіным, бельгійскім нашчадкам паэта, на святкаванні юбілею Ліцэя. Царскае Сяло, 2011 год.

— Мне давялося пабываць у сядзібе Агінскіх у Залессі, блізу Смаргоні, — яна незабыўна ўразіла. Дзіўнае яднанне прыроды і музыкі! Паўсюль гучыць паланэз «Развітанне з Радзімай», і ўсё быццам напоўнена гэтай шчымліва-сумнай мелодыяй… Незабыўныя і старадаўнія алеі — сведкі многіх знамянальных падзей, і цудоўныя яблыневыя сады, і буслы, што лунаюць над ржышчам… Я нядаўна выявіла, што Пушкін у сваіх гістарычных нататках тройчы згадвае прозвішча Агінскіх.

І, вядома ж, увесь, быццам прасякнуты гісторыяй старажытны Полацк — цэнтр горада з яго саборамі, унікальнымі музеямі і манастырамі — як адно вялікае «культурнае гняздо», з якога «выпырхнулі» навукоўцы з сусветнымі імёнамі: філосаф-гуманіст, асветнік Францыск Скарына і багаслоў, духоўны пісьменнік Сімяон Полацкі. Горад, асвячоны дзеямі Прападобнай княгіні Еўфрасінні Полацкай...

Старажытны Полацк звязаны з імем прадзеда Пушкіна, які даў яму сваю гарачую афрыканскую кроў, — Абрама Пятровіча Ганібала. Праўда, згадак аб знаходжанні прадзеда паэта ў гэтым беларускім горадзе няма ні ў адной з незлічоных прац, прысвечаных незвычайнаму лёсу «царскага арапа». І ўсё ж бяру на сябе смеласць сцвярджаць, што маленькі арапчонак, які насіў у той час імя Ібрагім, жыў у Полацку разам са сваім высокім заступнікам — царом Пятром І, і ведай пра тое Пушкін, які шанаваў драбнюткія падрабязнасці пра свайго цемнаскурага прадзеда, зрабіў бы прыпынак у гэтым славутым горадзе.

Пушкін толькі праездам абмінуў яго. Але назва гэтага старадаўняга горада, заснаванага ў ІX стагоддзі па загадзе князя Рурыка, не аднойчы сустракаецца на старонках пушкінскіх рукапісаў. Горадам Гарыславы, полацкай князёўны Рагнеды, нарачонай так за свой нешчаслівы лёс, называлі Полацк. Летапіс захаваў жорсткую гісторыю сватаўства князя Уладзіміра Краснае Сонейка да ганарлівай прыгажуні Рагнеды і горкае яе замужжа…

Вядома было тое старажытнае паданне і паэту. Але не дадзена было ведаць Аляксандру Пушкіну, што і полацкая князёўна Рагнеда, і вялікі кіеўскі князь Уладзімір, які некалі заваяваў Полацк і сілай узяў у жонкі ўпадабаную яму прыгажуню, і іх далёкая прапраўнучка князёўна віцебская і полацкая Аляксандра Брачыслаўна, якая стала жонкай святога князя Аляксандра Неўскага, злучаныя з ім кроўнымі повязямі сваяцтва.

Іншы сэнс набывае меркаванне паэта пра беларусаў, як «народ, спрадвеку нам родны»!

— Як сёння развіваецца літаратурнае краязнаўства ў Расіі? Ці сочыце вы за працамі расійскіх літаратурных краязнаўцаў?

— Я блізка звязаная з пушкінскімі мемарыяльнымі сядзібамі: падмаскоўнай Лапасняй, цвярскім Бярнове, калужскім Палатняным Заводам. Часта бываю ў тых краях, сачу за ўсімі навінамі ў галіне літаратурнага краязнаўства. Радуе, што апошнім часам выдаецца нямала кніг па краязнаўстве, у тым ліку — і літаратурным.

— Каго б вылучылі з літаратурных краязнаўцаў Расіі?

— Перш за ўсё, Барыса Аркадзьевіча Дзіадорава. Але ён не краязнаўца ў звычайным сэнсе, а народны мастак Расіі, адзін з лепшых кніжных ілюстратараў. Дык вось гэты чалавек (дарэчы, нядаўна яму споўнілася 85 гадоў!) стварыў прыватны музей «Дарога да Пушкіна» ў маленькім Цвярскім пасёлку з незвычайнай назвай Пагарэлае Гарадзішча.

Гісторыя тая ўзыходзіць да XVII стагоддзя, да Смутнага часу. У снежні 1828 года, па шляху з Маліннікаў у Маскву, Пушкін наведаў старадаўняе мястэчка Цвярской губерні Пагарэлае Гарадзішча. Паэт заехаў у горад, які некалі абараняў Гаўрыла Пушкін, з мэтай адшукаць фамільныя дакументы, ацалелыя з тых далёкіх часоў. У 1617 годзе, калі войскі польскага каралевіча Уладзіслава ў вялікай сіле падступілі да крэпасці Дзяржыслаўль (так тады называўся пасад), ваявода Гаўрыла Пушкін загадаў яе спаліць, але не пакідаць ворагу. Грамата, знойдзеная паэтам, была даравана Міхаілам Раманавым у 1621 годзе і вызваляла жыхароў згарэлага горада ад падаткаў.

«Знайшоўшы ў гісторыі аднаго з продкаў маіх, які граў важную ролю ў тую няшчасную эпоху, я вывеў яго на сцэну, не думаючы пра далікатнасць прыстойнасці…, але без усякай дваранскай пыхі», — так пісаў паэт пра свайго знакамітага продка ў чарнавых новых накідах задуманай ім прадмовы да «Бориса Годунова». Гаўрыла Рыгоравіч Пушкін стаў адным з герояў трагедыі. Дык вось карэнны масквіч Барыс Дзіадораў вырашыў стварыць у невялікім пасёлку музей і культурны цэнтр, каб далучыць моладзь да вывучэння гісторыі свайго краю. Перавёз з маскоўскага дома рарытэтную мэблю пушкінскай пары, зрабіў экспазіцыю з унікальнымі прадметамі, карцінамі, статуэткамі, сапраўднымі прадметамі даўніны. Арганізоўвае вечарыны і выставы ў музеі, выдае кнігі па літаратурным краязнаўстве. Усё бязвыплатна! Ён зусім не багаты чалавек, летась атрымаў прэмію Прэзідэнта Расіі Уладзіміра Уладзіміравіча Пуціна ў галіне мастацтва. Вырашыў, што атрымаў мільён па Божай Задуме, і перадаў грошы на развіццё і ўладкаванне пушкінскага музея! Чалавек незвычайна цікавы і творчы. Барыс Дзіадораў — адзін з лепшых ілюстратараў казак Андэрсана, і каралева Даніі Маргрэтэ ІІ прысвоіла яму незвычайны тытул: «Амбасадар Андэрсана ў Расіі». Але ён — і пасол Пушкіна ў Цвярскім краі!

— Як вы лічыце, літаратурнае краязнаўства павінна стаць школьным прадметам?

Прэзентацыя кнігі пра Наталлю Ганчарову ў Доме Рускага замежжа ў Маскве, 2012 год

— Па-мойму, калі б тое адбылося, такое пачынанне можна параўнаць з сапраўдным прарывам. Мне вельмі блізкія словы Аляксандра Пушкіна, што гісторыю варта спасцігаць «хатнім чынам». А гэта значыць, што трэба вывучаць радавод сям’і, гісторыю роднага сяла, горада, краю. Тады абстрактнае паняцце «любоў да Бацькаўшчыны» становіцца родным, зразумелым. І гэта пачуццё застаецца з табой на ўсё жыццё.

— 2018–2020 гады ў Беларусі абвешчаныя Трохгодкай малой радзімы. Такая практыка нагадала грамадству, усёй краіне пра тое, што варта прыцягнуць асаблівую ўвагу да развіцця рэгіёнаў. Ці ёсць падобныя практыкі, ініцыятывы ў Расіі?

— На вялікі жаль, Расія не дасягнула такога духоўнага разумення. Хоць мне давялося прачытаць выдатны зварот мітрапаліта Калужскага і Бароўскага Клімента: пабываць на сваёй малой радзіме, падыхаць яе паветрам, набрацца духоўных сіл, а не рвацца ў Тайланд і Турцыю.

Дарэчы, мітрапаліт Клімент даў сваё дабраславенне на аднаўленне храма ў сядзібе Ганчарова Палатняны Завод, разбуранага ў бязбожныя 1930 гады. У той калужскай сядзібе вырасла прыгажуня Наталі Ганчарова, бываў там і Пушкін, раслі дзеці паэта. Заклік адрадзіць святыню доўгі час лічыўся неажыццявімай марай.

Я знаёмая з выдатным чалавекам, народным артыстам Расіі, салістам Вялікага тэатра Уладзімірам Маторыным. Лепшы выканаўца партыі Барыса Гадунова! Вялікі спявак сучаснасці, цар-бас! Яму захоплена апладзіравалі гледачы ўсіх сусветных сталіц. Ён адным з першых адгукнуўся на добрую справу. Акрамя ўсіх званняў і рэгалій, Уладзімір Маторын — старшыня Фонду адраджэння культуры і традыцый малых гарадоў Русі. Усе сродкі ад дабрачыннага канцэрта артыста, што з найвелізарным поспехам прайшлі неяк у Калужскай філармоніі, пайшлі на аднаўленне храма Праабражэння Гасподняга ў калужскім пасёлку Палатняны Завод. І зусім нядаўна званы адроджанага храма, як і сто гадоў таму загучалі ў гістарычнай сядзібе-музеі Ганчарова. А пры храме ўжо адкрыта Нядзельная школа для дзяцей. Вось гэта рэальная дапамога невялікаму пасёлку! І захаванне гістарычнай і духоўнай памяці.

— У вас самой няма жадання напісаць кнігу «Аляксандр Пушкін і Беларусь»?

— Пакуль толькі мара. Падбіраюся да гэтай кнігі даўно. І, як ні дзіўна, такое жаданне абудзілася ў Францыі. Дваццаць гадоў таму мне пашчасціла пабываць у Парыжы ў нашчадкаў паэта, крэўна звязаных з Беларуссю. Уявіце сабе маё захапленне і здзіўленне, калі з пухлага сямейнага альбома Надзея Бэр, прапраўнучка Пушкіна, дастала старыя пажоўклыя фатаграфіі. А на іх — нашчадкі паэта, шмат хто ў народных беларускіх строях, віды родавай сядзібы Вавулічы, цяпер зніклай. Тады і зарадзілася думка наведаць той край.

Мне самой дзіўна, чаму да гэтага часу так і не пабывала ў Бабруйску і ў Цялушы. Паспрабую гэтым летам прыехаць у запаведныя пушкінскія месцы.

Неяк, у мемарыяльнай пушкінскай кватэры на Арбаце (гэта першы сямейны дом паэта) я сустрэлася з Андрэем Аляксандравічам Калагрывавым, прамым нашчадкам Пушкіна. Наталля Аляксандраўна Варанцова-Вельямінава, унучка паэта, даводзіцца яму прабабуляй. А яго бацька Аляксандр Калагрываў, — заўважу — франтавік, сваё дзяцінства правёў у Бабруйску. І на ўсё жыццё захаваў пра тыя дні светлыя ўспаміны. Мне хацелася б прывесці ўрывак з яго ўспамінаў: «Бабруйск… Маё дзяцінства! Я ўспамінаю яблыневыя сады, сярод якіх хаваюцца драўляныя домікі, разліў Беразіны, руіны старажытнай крэпасці. Пра крэпасць хадзілі легенды… Як толькі ў лесе з’яўляліся першыя пралескі, мая маці брала нас з братам у Кісялевіцкі бор. Мы ішлі па Гогалеўскай вуліцы, міма садоў, якія распускаюцца…»

Дык вось я прапанавала Андрэю Калагрываву, прадстаўніку «бабруйскай галіны» нашчадкаў Пушкіна, напісаць сумесную кнігу. І ён пагадзіўся. Што ж, будзем працаваць!

— Дзякуй, Ларыса Андрэеўна! Чакаем вас у Беларусі!

Гутарыў Кірыл Ладуцька

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Тураўскі крыж упершыню будзе прадстаўлены 26 верасня

Тураўскі крыж упершыню будзе прадстаўлены 26 верасня

На свята Узнясення Крыжа Гасподняга, падчас вячэрняй службы ў Мінскім кафедральным саборы.

Грамадства

Як і чым жыве колішняя «памідорная сталіца» Беларусі?

Як і чым жыве колішняя «памідорная сталіца» Беларусі?

Каб адчуць, чым organіc food адрозніваецца ад звыклых для сучаснага гараджаніна прадуктаў, дастаткова пакаштаваць памідоры ў Савічах і параўнаць іх з таматамі з гіпермаркета.

Грамадства

Генеральны дырэктар РУП «Белпошта» Святлана Юркевіч: Мы будзем развіваць перш за ўсё паштаматы

Генеральны дырэктар РУП «Белпошта» Святлана Юркевіч: Мы будзем развіваць перш за ўсё паштаматы

На працягу многіх дзесяцігоддзяў пошта асацыіравалася з традыцыйным наборам паслуг — лістамі, пасылкамі, газетамі, пенсіямі... Але сучасныя тэхналогіі ўсё больш уваходзяць у наш побыт.