Вы тут

Сацыёлаг Святлана Алейнікава: Па сваёй прыродзе Царква стаiць над сутычкамi i акопамi


Падзеi гэтага лета закранулi ўсе сферы жыцця, не пакiнулi яны ўбаку i рэлiгiйную. Цэрквы здзяйсняюць адмысловыя i сумесныя малiтвы, дзеячы розных канфесiй i свяшчэннаслужыцелi выступаюць з заявамi, звяртаюцца да дзяржаўных органаў, наведваюць затрыманых i пацярпелых падчас пратэсных акцый, выступаюць у СМI. Шмат выказванняў i версiй з'явiлася ў медыя з нагоды змены кiраўнiка Беларускай праваслаўнай царквы. У сувязi з гэтым «Звязда» папрасiла начальнiка аддзела сацыялагiчных даследаванняў Беларускага iнстытута стратэгiчных даследаванняў, кандыдата сацыялагiчных навук, дацэнта Святлану Алейнiкаву адказаць на некалькi пытанняў.


— Якiя, на ваш погляд, асаблiвасцi стаўлення грамадства да рэлiгii ў Беларусi?

— Асаблiвасць беларускага грамадства ў тым, што ў нас большасць насельнiцтва (па розных замерах ад 70 да 75 працэнтаў) iдэнтыфiкуе сябе з праваслаўем. Пры гэтым праваслаўных у нас больш, чым тых, хто верыць у Бога, а само праваслаўе паспяхова ўжываецца з элементамi паганства i эзатэрыкi, верай у НЛА, псоту, хiрамантыю, рэiнкарнацыю i да т. п.

Такая мазаiка рэлiгiйных уяўленняў беларусаў звязаная з нашай гiсторыяй, калi рэлiгiя часта станавiлася «разменнай манетай» у барацьбе сумежных дзяржаў за беларускiя землi. Гэта сфармiравала схаваны, няяўны, але глыбiнны характар «народнага» беларускага праваслаўя, якое выступае сёння адной з асноў нашай нацыянальнай iдэнтычнасцi.

Сама ж Царква традыцыйна займае лiдзiруючыя пазiцыi ў рэйтынгах узроўню даверу грамадства. З Царквой у многiх людзей звязваюцца чаканнi з нагоды фармiравання базавых каштоўнасцяў, традыцый, гiстарычнай памяцi грамадства.

— Як на мiжканфесiйныя i мiжрэлiгiйныя адносiны ў нашай краiне паўплывалi падзеi апошнiх тыдняў?

— Мы прывыклi да таго, што цярпiмасць да розных вераванняў i культур з'яўляецца вiзiтнай карткай беларусаў, своеасаблiвым брэндам нашай краiны. Рэлiгiйная тканiна грамадства складвалася стагоддзямi, мiжрэлiгiйныя адносiны ў Рэспублiцы Беларусь характарызуюцца стабiльнасцю, а канфесiйная структура беларускага грамадства за апошнiя пяць-дзесяць гадоў не зведала iстотных змен, што сведчыць пра яе сфармiраванасць i ўстойлiвасць.

Наколькi змянiлася (калi змянiлася) стаўленне грамадства да Царквы i iншых канфесiй, досыць дакладна пакажуць сацыялагiчныя замеры, аднак рызыкну выказаць здагадку, што нават у выпадку прыкметных змен яны будуць насiць часовы характар. Грамадства наэлектрызаванае, адчувае пастаянную «напампоўку» i манiпуляцыйнае ўздзеянне iнфармацыйнага поля, i таму схiльнае да эмацыянальных ацэнак.

Апытаннi грамадскай думкi дазволяць вызначыць рэальнае месца рэлiгii i ступень яе ўплыву на бягучыя палiтычныя працэсы без прыпiсвання ёй жаданых, але не заўсёды адпавядаючых рэчаiснасцi прыкмет i функцый. Гэта дапамагло б зразумець не толькi грамадству, але i самой Царкве яе рэальнае месца ў сучасным соцыуме.

— Чым небяспечна ўмяшанне дзяржавы ва ўнутраныя справы Царквы?

— Пытанне цiкавае. Гледзячы што лiчыць умяшаннем або неўмяшаннем дзяржавы. Напрыклад, тое, што Царква ў Рэспублiцы Беларусь вызвалена ад выплаты падатку на нерухомасць i зямельнага падатку, — гэта ўмяшанне дзяржавы? Рэстаўрацыя дзяржавай помнiкаў архiтэктуры, у тым лiку храмаў, — гэта ўмяшанне дзяржавы?

Поўнае самаўхiленне дзяржавы — гэта амерыканская лiберальная мадэль дзяржаўна-канфесiйных адносiн, калi рынак рэлiгiйных паслуг абсалютна свабодны i нiкому (як многiя думаюць) непадкантрольны. З аднаго боку, быццам прывабна, з другога боку, мы ў сярэдзiне 1990-х пайшлi па гэтым шляху i сутыкнулiся са скачкападобным ростам сектаў, неакультаў, новых рэлiгiйных рухаў, некаторыя з якiх, як мы памятаем, насiлi дэструктыўны характар, а офiсы большасцi з iх знаходзiлiся i знаходзяцца ў ЗША.

У той жа час, згодна з Законам Рэспублiкi Беларусь «Аб свабодзе сумлення i рэлiгiйных арганiзацыях», «дзяржава не ўскладае на рэлiгiйныя арганiзацыi выкананне якiх-небудзь дзяржаўных функцый, не ўмешваецца ў дзейнасць рэлiгiйных арганiзацый, калi яна не супярэчыць заканадаўству Рэспублiкi Беларусь». Царква сама вызначае сваю структуру, парадак набажэнстваў, унутранага кiравання i г. д.

— Цi павiнна i цi можа Царква заставацца ўбаку ад палiтычных працэсаў у грамадстве?

— Тут лепш адказаць словамi самой Царквы, палажэннем яе сацыяльнай канцэпцыi, якое абвяшчае, што «ва ўзаемаадносiнах памiж Царквой i дзяржавай павiнна ўлiчвацца адрозненне iх прырод... Мэтай Царквы з'яўляецца вечнае выратаванне людзей, мэта дзяржавы заключаецца ў iх зямным дабрабыце». Чакаць цi тым больш патрабаваць ад Царквы нейкiх iмгненных заяў, падладжвання пад палiтычную кан'юнктуру — значыць не разумець сутнасцi i прызначэння Царквы. Гэта два арганiзмы з зусiм рознымi задачамi i бачаннем сваёй ролi ў гэтым свеце.

Любая рэлiгiя — гэта ўстойлiвая мадэль узнаўлення такiх базавых катэгорый, як каштоўнасцi, сям'я, стаўленне да працы, блiзкiх i iншых. Праваслаўе i Царква як сацыяльная мадэль найбольш блiзкiя да канцэпцыi сацыяльнай дзяржавы. Убудаванне гэтай мадэлi ў стратэгiчныя кiрункi развiцця нашай дзяржавы будзе спрыяць рэалiзацыi агульных мэт.

— Як вы ацэньваеце нядаўнюю змену кiраўнiцтва Беларускай праваслаўнай царквы?

— У гэтым няма нечага звышнеардынарнага, бо мы ўжо перажылi адну змену Патрыяршага Экзарха, калi ў 2013 годзе мiтрапалiта Фiларэта змянiў мiтрапалiт Павел. Гэта заканамерны працэс для любой арганiзацыi, шлях развiцця, руху наперад. Для вучонага i аналiтыка, магчыма, быў бы цiкавы аналiз магчымых раскладаў, унутраных рухаў i маючых адбыцца кадравых перастановак. Для нерэлiгiйнага чалавека, хутчэй за ўсё, гэта падзея наогул пройдзе незаўважанай, а для вернiка галоўнае — храм, малiтва, магчымасць адчуваць сябе ва ўлоннi Царквы.

— Цi зменiцца, на вашу думку, курс развiцця Беларускай праваслаўнай царквы са зменай яе кiраўнiка?

— Напэўна, пра гэта рана казаць, тым больш што на знешнiм контуры Беларуская праваслаўная царква (Беларускi Экзархат) не з'яўляецца самастойным суб'ектам, уяўляе сабой структурнае падраздзяленне Рускай праваслаўнай царквы, кажучы сучаснай мовай, тэрытарыяльны офiс. А Руская праваслаўная царква перажывае цяпер няпростыя часы, звязаныя з расколам праваслаўнага свету i размежаваннем праваслаўных памесных цэркваў з нагоды ўкраiнскага томасу.

У той жа час новы Патрыяршы Экзарх — кампрамiсная постаць для бурлiвага беларускага соцыуму, i яго слова будзе як нiколi значнае. З тым, што Патрыяршым Экзархам упершыню стаў ураджэнец Беларусi i выпускнiк беларускай духоўнай установы, многiя звязваюць чаканнi новага этапу ў развiццi нацыянальнай духоўнай традыцыi: пытанняў адукацыi, выдавецкай дзейнасцi, мiжнароднай пазнавальнасцi беларускiх святынь.

— Як вы прагназуеце змяненне стаўлення грамадства да рэлiгiйных арганiзацый пасля пераадолення грамадска-палiтычнага крызiсу ў Беларусi?

— Мы зараз знаходзiмся ў парадыгме пераадолення, рана цi позна вернемся да парадыгмы развiцця. Крызiс у перакладзе з грэчаскай — паваротны пункт, пункт пачатку новага шляху. Царква назапасiла велiзарны досвед работы з найбольш уразлiвымi слаямi насельнiцтва, мае найбольш высокi ўзровень даверу ў грамадстве i значны патэнцыял добраахвотнiцтва. Па сваёй прыродзе яна стаiць над сутычкамi i акопамi. Гэта можа стаць адной з асноў «перазагрузкi» адносiн грамадства, Царквы i дзяржавы.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».