Вы тут

​Пачасціліся выпадкі вішынг-нападаў


Як перадае прэс-служба найбуйнейшага банка краіны, у другой палове жніўня пачасціліся выпадкі вішынг-нападаў у дачыненні да кліентаў «Беларусбанка». У гэты час зламыснікі актыўна спрабавалі атрымаць персанальную інфармацыю ўладальнікаў плацежных картак, выдаючы сябе за работнікаў банка і спецыялістаў іншых арганізацый.


Як вядома, ашуканцы выклікаюць абанентаў з нумароў, што пачынаюцца на +370, +371, +372, +376. Як правіла, аферысты прадстаўляюцца супрацоўнікамі «Беларусбанка», напрыклад, са службы бяспекі або фінансавага маніторынгу, радзей тэлефануюць пад выглядам работнікаў ААТ «Банкаўскі працэсінгавы цэнтр» або Асацыяцыі беларускіх банкаў. Пад рознымі падставамі яны спрабуюць атрымаць звесткі аб рэквізітах плацежных картак і рэштках па рахунках, даведацца коды з СМС-паведамленняў ад банка, выманіць пашпартныя даныя. Варта адзначыць, што часта зламыснікі звяртаюцца па імені і па бацьку, часам называюць нумар карты кліента. Усё гэта яшчэ больш усыпляе пільнасць людзей. А дарма.

Аддзел камунікацый банка папярэджвае ўсіх сваіх кліентаў аб тым, што трэція асобы ні ў якім разе не павінны ведаць рэквізіты вашай банкаўскай плацежнай карткі: яе нумар, тэрмін дзеяння, код CVV. Нельга выдаваць коды доступу, сеансавыя ключы і іншую інфармацыю з СМС-паведамленняў, якія дасылаюцца пры здзяйсненні плацяжоў у інтэрнэт-банкінгу, а таксама пры ажыццяўленні некаторых іншых аперацый.

Фінансавыя эксперты звяртаюць увагу на тое, што сапраўдным супрацоўнікам банка няма неабходнасці ўдакладняць у кліентаў якія-небудзь персанальныя даныя — фінансавыя ўстановы маюць іх у поўным аб'ёме з самага пачатку абслугоўвання. Таму, пры найменшым падазрэнні на нядобрасумленнасць таго, хто тэлефануе, спашліцеся на занятасць, перапыніце размову і самі набярыце ў банк, каб пераканацца ў сваёй бяспецы. Важна ведаць: у выпадку рэальнай пагрозы картка блакуецца банкам без усялякага ўдзелу трымальніка.

Акрамя таго, па інфармацыі страхавога партнёра «Беларусбанка» ДБА ЗАСТ «Купала», актывізаваліся ашуканцы, якія, прадстаўляючыся работнікамі страхоўшчыка, спрабуюць выманіць персанальныя даныя жыхароў нашай краіны. Будзьце ўважлівыя і асцярожныя.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».