Вы тут

Медыкі заклікаюць не забываць пра меры прафілактыкі COVІD-19


Той колькасці хворых на COVІD-19, якая рэгістравалася ў сакавіку—чэрвені 2020 года, цяпер у нашай краіне не назіраецца. Медыкі назапасілі значны вопыт у дыягностыцы каранавіруснай інфекцыі і лячэнні яе магчымых ускладненняў. Але супакойвацца ўсё ж заўчасна. Усім вядома, што прадухіліць хваробу прасцей і менш затратна, чым лячыць яе наступствы. Тым больш што з восеньскім пахаладаннем чакаецца ўсплёск сезонных вірусных інфекцый, а разам з імі і другой хвалі COVІD-19. Таму самы час згадаць пра меры прафілактыкі.


Фота Xinhua, Globallookpress.

— Апошнім часам як у грамадстве, так і на аб'ектах вытворчасці, гандлю і грамадскага харчавання, бытавога абслугоўвання насельніцтва абсалютна неабгрунтавана знізілася насцярожанасць з нагоды распаўсюджвання вірусных інфекцый, у тым ліку COVІD-19. З боку грамадскасці ўвага да гэтага практычна знікла. Масава сталі ігнаравацца элементарныя патрабаванні да прафілактыкі распаўсюджвання вірусных інфекцый, у тым ліку COVІD-19, — кажа загадчык аддзялення гігіены харчавання Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Юрый Гузік.

Спецыяліст звяртае ўвагу, што з надыходам восені ў працоўныя калектывы масава вяртаюцца пасля адпачынку супрацоўнікі, на вучобу прыязджаюць студэнты, школьнікі вярнуліся з канікул. Усё гэта спрыяе павелічэнню міжасабовых кантактаў. Ігнараванне элементарных правіл прафілактыкі спрыяе значнаму росту колькасці вірусных інфекцый, у тым ліку COVІD-19.

Таму санэпідслужбы заклікаюць вярнуцца да захавання патрабаванняў прафілактыкі каранавіруснай інфекцыі. Для гэтага важна выконваць правілы сацыяльнага дыстанцыравання ў месцах масавага збірання людзей, выкарыстоўваць маскі і аднаразовыя пальчаткі. Не трэба дакранацца нямытымі рукамі да твару, вачэй, слізістых і іншых участкаў цела. Рэкамендуецца часцей мыць рукі з мылам (у тым ліку і пасля дотыку да дзвярных ручак, паверхняў, прадметаў), а пры адсутнасці такой магчымасці — выкарыстоўваць для апрацоўкі рук антысептык з віруліцыдным (супрацьвірусным) эфектам (у тым ліку індывідуальныя санітайзеры). Таксама па магчымасці трэба пазбягаць месцаў масавага збірання людзей.

Акрамя гэтага, Юрый Гузік адзначае, што работнікі прадпрыемстваў і арганізацый, у тым ліку аб'ектаў гандлю, грамадскага харчавання, бытавога абслугоўвання, павінны выконваць патрабаванні заканадаўства ў галіне забеспячэння санітарна-эпідэміялагічнага дабрабыту і мерапрыемствы па прафілактыцы распаўсюджвання вірусных інфекцый. За іх ігнараванне заканадаўства Рэспублікі Беларусь прадугледжвае адміністрацыйную адказнасць.

Аб'екты гандлю, грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання мусяць мець інфармацыйна-адукацыйныя матэрыялы аб прафілактыцы каранавіруснай інфекцыі, і размяшчаць іх у тым ліку пры ўваходзе (на ўваходных дзвярах), ужываць дэзынфіцыруючыя сродкі, якія валодаюць віруліцыдным эфектам, павялічыць частату вільготных прыборак, праводзіць дэзынфекцыю ручак дзвярэй, поручняў, інвентарных кошыкаў і цялежак, тэлефонных апаратаў, гандлёва-касавага абсталявання і іншых паверхняў.

Таксама магазіны, аб'екты грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання павінны мець дазатары з антысептыкам для наведвальнікаў. На падлозе ў зоне вузлоў разлікаў, ліній раздачы павінна быць нанесена разметка для спрашчэння дыстанцыравання. Пры арганізацыі службы дастаўкі прадаўцам-экспедытарам варта працаваць у аднаразовых пальчатках і пры абавязковым выкарыстанні сродкаў індывідуальнай аховы органаў дыхання, а таксама мець магчымасць апрацоўкі рук антысептыкам.

За мінулы тыдзень санэпідслужба Мінскай вобласці праверыла 162 аб'екты гандлю і грамадскага харчавання, у тым ліку 118 стацыянарных гандлёвых аб'ектаў, 17 аб'ектаў дробнарознічнага гандлю, 27 аб'ектаў грамадскага харчавання.

— Розныя парушэнні патрабаванняў заканадаўства выяўлены ў 70,4 % выпадкаў, у тым ліку ў 98 гандлёвых аб'ектах і ў 16 аб'ектах грамадскага харчавання, — удакладняе спецыяліст.

Асноўныя парушэнні датычацца невыканання правіл асабістай гігіены, адсутнасці ці невыкарыстання сродкаў індывідуальнай аховы работнікамі, адсутнасці дастатковага запасу дэзынфіцыруючых і антысептычных сродкаў, выкарыстання сродкаў дэзынфекцыі, якія не валодаюць віруліцыднымі ўласцівасцямі, адсутнасці антысептыку для апрацоўкі рук наведвальнікамі, нерэгулярнай прыборкі памяшканняў, адсутнасці разметкі на падлозе, адсутнасці кантролю за станам здароўя работнікаў з правядзеннем тэрмаметрыі да пачатку іх работы. Такія недахопы выяўлены ў 51 гандлёвым аб'екце і пяці аб'ектах грамадскага харчавання. Парушэнні параметраў мікраклімату вытворчых памяшканняў і памяшканняў для наведвальнікаў мелі месца ў трох гандлёвых аб'ектах і адным аб'екце грамадскага харчавання, парушэнні ўмоў захоўвання і рэалізацыі харчовай прадукцыі — ў 26 гандлёвых аб'ектах і сямі аб'ектах грамадскага харчавання.

— Напрыклад, у краме «Нёман» у Барысаве прадаўцы ажыццяўлялі водпуск прадуктаў, не выкарыстоўваючы масак, не знайшлося дастатковай іх колькасці для змены на працягу рабочага дня. Харчовая прадукцыя рэалізоўвалася з парушэннем тэмпературна-вільготнаснага рэжыму, са скончаным тэрмінам прыдатнасці, а таксама без дакументаў, якія пацвярджаюць якасць і бяспеку тавару, без этыкеткі на спажывецкай упакоўцы. Акрамя таго, мяса птушкі і каўбаса ўзважваліся на адных вагах, цэннікі ўстанаўліваліся на неўпакаваную гатовую прадукцыю, на складзе захоўваліся неўпарадкаванае тэхналагічнае абсталяванне, якое не выкарыстоўвалася, кардон, тара, паддоны, — пералічвае Юрый Гузік.

Магазін атрымаў рэкамендацыі аб ліквідацыі парушэнняў, вынесена прадпісанне аб прыпыненні рэалізацыі тавараў і работы складскіх памяшканняў крамы, выдадзена прадпісанне аб канфіскацыі прадукцыі з абарачэння.

І такія прыклады, на жаль, не адзінкавыя. Парушэнні выяўлены ў магазінах аграгарадка Даўгінава Вілейскага раёна, вёсак Вялікая Раеўка Капыльскага і Старлыгі Мядзельскага раёнаў, а таксама ў гандлёвых аб'ектах Лагойска, Дзяржынска, Слуцка.

— Толькі за мінулы тыдзень санэпідслужба Мінскай вобласці, нягледзячы на прафілактычную накіраванасць мерапрыемстваў, выдала суб'ектам гаспадарання 103 прадпісанні і рэкамендацыі аб ліквідацыі парушэнняў, вынесла 35 патрабаванняў аб прыпыненні дзейнасці, аб забароне рэалізацыі тавараў, паслуг, сем прапаноў аб прыцягненні вінаватых асоб да дысцыплінарнай адказнасці. Да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнута 10 вінаватых службовых і юрыдычных асоб на агульную суму 810 рублёў, — кажа спецыяліст.

Алена КРАВЕЦ

Па звестках на 31 жніўня ў Беларусі зарэгістравана 71 843 выпадкі COVІD-19, у тым ліку 156 новых выпадкаў за апошнія суткі. З пачатку распаўсюджвання каранавіруснай інфекцыі паправіліся і выпісаны 70 468 пацыентаў, у якіх яна раней дыягнаставалася. Выканана за гэты час 1 532 119 тэстаў, у тым ліку 5070 за апошнія суткі. Памёр 681 пацыент, у тым ліку пяць — за апошнія суткі.

Загаловак у газеце: Супакойвацца заўчасна

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».