Вы тут

І маўчанне — зброя. 95 гадоў з дня нараджэння Юрыя Смірнова


Сёння спаўняецца 95 гадоў з дня нараджэння Юрыя Смірнова — актыўнага ўдзельніка вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны беражліва захоўваюцца фотапартрэт і камсамольскі білет героя, копія акта, складзенага воінамі-гвардзейцамі аб яго гібелі, грамата аб прысваенні звання Героя Савецкага Саюза, а таксама паштоўка з партрэтам патрыёта і брашура «Паэма аб Юрыі Смірнове «Рускі салдат». Да 75-годдзя Вялікай Перамогі ў Дубровенскім раёне Віцебскай вобласці рэканструяваны мемарыяльны комплекс «Рыленкі», дзе на брацкіх могілках ушанавана памяць воінаў 11-й гвардзейскай і 31-й армій, якія загінулі ў баях за вызваленне Беларусі. Адна з памятных стэл тут прысвечана Юрыю Васілевічу.


У канцы чэрвеня 1944-га войскі 3-га Беларускага фронту, у склад якога ўваходзіла 26-я гвардзейская стралковая дывізія, падчас стратэгічнай наступальнай аперацыі «Баграціён» пачалі наступленне па ўсім Аршанскім напрамку. Орша была важным вузлом у нямецкай абароне. Умацаваны раён уяўляў сабой дзясяткі ліній траншэй, мінныя палі, балоты. Гэты непрыступны рубеж, за якім стаяла 78-я нацысцкая дывізія генерал-лейтэнанта Ганса Траўта, прыкрываў шлях на Мінск. Пасля цяжкіх баёў савецкае камандаванне прыняло рашэнне кінуць танкавы дэсант у напрамку на Оршу з задачай уклініцца ў нямецкую абарону, парушыць сувязь і кіраванне часцямі дывізіі, а пасля падыходу асноўных сіл фронту перарэзаць шашу Масква — Мінск. Дэсант фарміраваўся з добраахвотнікаў. Байцы 1-й стралковай роты 77-га гвардзейскага стралковага палка, якіх узначальваў старшы лейтэнант Вячаслаў Зелянюк, аднымі з першых вырашылі ўдзельнічаць у дэсанце. Сярод іх быў і хлопец, якому яшчэ не споўнілася 19 гадоў, Юрый Смірноў.

У ноч з 24 на 25 чэрвеня 1944 года каля вёскі Шалашына Аршанскага (цяпер Дубровенскага) раёна танкавы дэсант прарваўся ў тыл нямецкай абароны. Імклівым кідком байцы прайшлі па бліндажах, пазбавілі ворага сувязі. А 4-й гадзіне раніцы 1-й стралковы батальён уварваўся на ўскраіну вёскі Шалашына. Атака завяршылася паспяхова — абарона ворага была прарвана, артылерыйскія пазіцыі знішчаны, танкі пайшлі далёка наперад, акружалі праціўніка. Але на світанні дэсантнікі заўважылі, што Смірнова сярод іх няма. Падчас танкавага дэсанта хлопец быў цяжка паранены і ўпаў з брані. Ворагі яго захапілі ў палон і даставілі ў адзін з камандных бліндажоў 78-й дывізіі СС. Далей звернемся да мемуараў «Справа ўсяго майго жыцця» Маршала Савецкага Саюза, прадстаўніка Стаўкі Вярхоўнага Галоўнакамандавання ў час Беларускай стратэгічнай наступальнай аперацыі «Баграціён» Аляксандра Васілеўскага. Военачальнік пісаў: «У сваіх успамінах я не маю магчымасці прыводзіць многа прыкладаў гераізму савецкіх воінаў. Але аб адным выпадку дзіўнай мужнасці, які тады ўзрушыў нас, я ўсё ж хачу расказаць. У баях за Оршу ўдзельнік танкавага дэсанта Ю. В. Смірноў быў цяжка паранены і патрапіў у палон. Пра далейшае мы даведаліся, калі нашы ўвайшлі ў горад. У адным з бліндажоў знайшлі прыбітае да крыжа цела юнака. У бліндажы валяліся кінутыя фашыстамі штабныя дакументы і пратакол допыту. Тут жа былі салдацкая кніжка і камсамольскі білет гвардзейца Юрыя Васілевіча Смірнова. Ён не адказаў ні на адно пытанне ворага і загінуў як герой. Грамадзянін Савецкага Саюза камсамолец Смірноў не выдаў ваеннай тайны і застаўся верны Айчыне да апошняга ўздыху».

Захоплены ў хуткім часе ў палон камандзір 78-й штурмавой дывізіі вермахта генерал-лейтэнант фон Траўт на допыце паказаў: «Рускі салдат нічога не сказаў. Мы ўскладалі на допыт вялікія надзеі. Калі б даведаліся, куды ідуць танкі і колькі іх, мы б арганізавалі адпор. Мы выратавалі б важную стратэгічную магістраль Орша — Мінск, і хто ведае, як бы павярнулася Аршанская аперацыя».

На другі дзень пасля лютага пакарання Юрыя байцы яго часці далі клятву адпомсціць за аднапалчаніна. Праз дзень увесь фронт даведаўся пра стойкасць і мужнасць героя. Пра яго расказвалі ў франтавой, армейскай і дывізіённых газетах. Адна з іх пісала: «Паранены салдат да канца заставаўся салдатам. Бяззбройны... Для яго яшчэ засталася зброя — маўчанне, і ён да канца змагаўся гэта зброяй з ворагам. Ніводнае слова не сарвалася з яго акрываўленых вуснаў». Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 6 кастрычніка 1944 года чырвонаармейцу прысвоена званне Героя Савецкага Саюза пасмяротна.

Помнікі і абеліскі Юрыю Смірнову ўстаноўлены ў Оршы, пасёлку Арэхаўскі і вёсцы Шалашына. Яго імя носяць вуліцы ў шэрагу населеных пунктаў Беларусі і Расіі. Яму прысвечана нямала вершаў і песень. Гвардыі малодшы сяржант Смірноў навечна залічаны ў спісы 1-й роты гвардзейскага стралковага палка, у якім ён служыў.

Мікалай ШАЎЧЭНКА

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.