Вы тут

Таямніцы і адкрыцці


Адчуць сябе Калумбам

Пацверджана адкрыццё школьнікамі вострава ў Арктыцы.

Экспедыцыйны атрад Паўночнага флоту, які дзейнічае каля берагоў архіпелага Новая Зямля сумесна з прадстаўнікамі Рускага геаграфічнага таварыства, пацвердзіў адкрыццё школьнікамі новага вострава ў праліве Вількіцкага. Пра гэта паведаміла ТАСС са спасылкай на прэс-службу Паўночнага флоту.

«Экспедыцыйны атрад, які дзейнічае ў заходняга ўзбярэжжа Паўночнага вострава архіпелага Новая Зямля на марскім буксіры Паўночнага флота МБ-12, пацвердзіў адкрыццё расійскімі школьнікамі новага вострава ў заліве Вількіцкага», — гаворыцца ў паведамленні.

Адкрыццё зрабілі восем школьнікаў праектнай групы «РискСат» з Траецкага, Тулы, Венева, Дзедаўска, Гатчыны, Санкт-Пецярбурга і Якуцка пад кіраўніцтвам кандыдата тэхнічных навук, дацэнта Расійскага ўніверсітэта дружбы народаў Аляксея Кучэйкі.

Паводле дадзеных спадарожнікавага маніторынгу, востраў утварыўся 9 ліпеня гэтага года ў выніку абвальвання ледзяной перамычкі, якая злучала Паўночны востраў архіпелага Новая Зямля з адступаючым ледніком Вількіцкі Паўднёвы.

Памеры новага вострава складаюць 410 на 200 метраў, плошча — 5,6 гектара, вышыня разам з ледзяным покрывам, якое засталося, — 27 метраў. Каардынаты цэнтра — 75° 33'50.89» паўночнай шыраты і 58° 18'14.76» усходняй даўгаты.

Аднак з-за складанай лядовай абстаноўкі высадка на востраў для правядзення больш дакладных вымярэнняў немагчымая, удзельнікі экспедыцыі зрабілі фатаграфіі. Акрамя таго, у заліве Вількіцкага атрад назіраў яшчэ тры сухія астравы, адкрытыя ў мінулыя гады.

У прэс-службе ўдакладнілі, што экспедыцыйны атрад, які ўзначальвае прадстаўнік 12-га Галоўнага ўпраўлення Мінабароны Расіі капітан 2-га рангу Сяргей Зінчанка, да заходу ў заліў Вількіцкага ўжо даследаваў нарвежскую і рускую буданы на ўзбярэжжы заліва Нордэншэльда. У выніку ў гэтым раёне выявілі гурый — штучнае збудаванне ў выглядзе груды камянёў, якое пакінула экспедыцыя рускага даследчыка Арктыкі Уладзіміра Русанава.

Пра тое, што расійскія школьнікі адкрылі новы востраў, «Известия» паведамлялі яшчэ 20 ліпеня. На іх рахунку ўжо чатыры знойдзеныя астравы. Усе гэтыя ўчасткі нанясуць на марскія карты.


Новае аблічча для «арлянят»

У Расіі распрацуюць альтэрнатыўны скафандр для касманаўтаў.

Спецыялісты Нацыянальнага даследчага тэхналагічнага ўніверсітэта МІСіС прымуць удзел у распрацоўцы дызайну альтэрнатыўнага скафандра для экіпажа новага расійскага пілатуемага касмічнага карабля «Арол». Пра гэта распавёў дырэктар Інжынірынгавага цэнтра прататыпіравання высокай складанасці «Кінетыка», прамысловы дызайнер Уладзімір Піражкоў.

Ён не стаў удакладняць, якая менавіта кампанія зоймецца распрацоўкай альтэрнатыўнага аблічча скафандра, аднак адзначыў, што гэта будзе расійскае прадпрыемства. Акрамя таго, дызайнер выказаў упэўненасць, што такія вырабы не варта набываць у заснавальніка кампаніі SpaceX Ілона Маска або кітайскіх вытворцаў з-за іх сумнеўнай надзейнасці.

Адзначаецца, што над лётным скафандрам для «Арла» працуе Навукова-вытворчае прадпрыемства (НВП) «Зорка». А ў мінулым годзе яно ўжо прадставіла прататып вырабу.

«З НВП «Зорка» мы плённа працавалі. <...> І ў альтэрнатыўнай версіі мы пастараемся прыняць актыўны ўдзел», — цытуе Піражкова «РІА Навіны». Некалькі раней галоўны канструктар «Арла» Ігар Хаміц распавёў, што касмічны карабель зможа знаходзіцца ў складзе калямесяцавай станцыі да паўгода, а ў выпадку аварыі пры запуску — прызямляцца ў акіяне.

«Арол» (раней «Федэрацыя») — шматразовы пілатуемы касмічны карабель, які павінен прыйсці на змену пілатуемым караблям серыі «Саюз». Найноўшы апарат зможа браць на борт да шасці членаў экіпажа, а таксама да 500 кілаграмаў грузу. У грузавым варыянце карабель зможа выводзіць на нізкую калязямную арбіту да двух тон грузаў.


Самавыяўленне продкаў у камені

Знойдзены найстаражытнейшыя творы мастацтва.

Археолагі Вялікабрытаніі выявілі дзесяць каменных фрагментаў узростам ад 14 тысяч да 23 тысяч гадоў з малюнкамі і прыйшлі да высновы, што гэта найстаражытнейшыя творы мастацтва на брытанскіх астравах. Яны апублікавалі вынікі сваёй работы ў навуковым часопісе Plos One.

Камяні, пра якія ідзе гаворка, былі выяўленыя яшчэ ў 2015—2018 гадах на паўднёвым усходзе вострава Джэрсі. Навукоўцы мяркуюць, што гэтыя творы мастацтва маглі быць часткай дэкаратыўных таблічак або дагістарычных плакетак. Іх аўтары, па версіі археолагаў, мадлены — паляўнічыя-збіральнікі, якія насялялі Еўропу ў канцы апошняга Ледніковага перыяду.

«Гэтыя гравіраваныя каменныя фрагменты ўяўляюць сабой захапляльнае і рэдкае сведчанне мастацкага самавыяўлення мадленскай культуры», — адзначыла доктар Шанталь Конелер з Ньюкаслскага ўніверсітэта.

Навукоўцы паведамілі, што ўзоры і арнаменты зроблены адмысловымі каменнымі прыладамі. Яны не выключылі, што ўсе малюнкі — праца аднаго майстра. У большасці выпадкаў гэта абстрактныя выявы, але ёсць і фрагменты з жывёламі, людзьмі і краявідамі.

Па словах доктара Сільвіі Бэло з Музея прыродазнаўства ў Лондане, якая ўваходзіць у групу даследчыкаў, гэтыя камяні з малюнкамі сведчаць аб тым, што яны мэтанакіравана ствараліся для мастацкага афармлення.

Сяргей СТАРЫНАЎ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».