Вы тут

Гурт «NИТN»: Маглі б іграць нават на Месяцы


Наша сустрэча адбылася ў незвычайным дворыку адной андэграўнднай сталічнай кавярні. Месца было выбрана музыкантамі невыпадкова, яно ў нейкім сэнсе характарызуе іх — свабодных, харызматычных, маладых і амбіцыйных. Знаёмцеся — бас-гітарыст, вакаліст і лідар калектыву Ягор Траццякоў-Савіч, вакалістка Аксана Кужалева і гітарыст Марык Кор.

Нават не скажаш, што перад табой сапраўдныя рок-музыканты, настолькі сціплымі здаліся мае суразмоўнікі. Але, аказваецца, за сціпласцю рабят хаваюцца неўтаймаваная энергія, ураган і сапраўдны талент. І гэта пачынаеш адчуваць, як толькі гаворка заходзіць пра творчасць...


— Раскажыце пра свой гурт. Чаму такая назва?

Ягор: — Пра тое ёсць трэк, праўда, мы даўно яго не выконвалі. Усе звязаны паміж сабой нябачнымі ніцямі. Нехта хоча падпарадкоўвацца ім, хтосьці не. Гэта датычыцца і нас як гурта, і людзей увогуле. Нішто не выпадкова, ніхто не выпадковы.

А пачалося ўсё яшчэ ў школе. Прыйшла ідэя, а чаму б не паспрабаваць пісаць самім песні, прыдумваць, самастойна пачаць штосьці рабіць. З сябрамі пайшлі на летнія работы, падзарабілі грошай, набылі свае першыя гітары. Я — бас, мой сябар — электра (і так далей па нарастаючай), потым пазнаёміліся з Лёнем (барабаншчыкам Леанідам Вішнеўскім. — Аўт.), знайшлі вакалістку. Пачаліся змены ў складзе. Былі і доўгія перапынкі, пошукі сябе, розныя перыяды ў жыцці. Першы раз мы сабраліся дзесьці ў 2006-м. Праўда, не гэтым складам. Цяперашні — з канца кастрычніка—лістапада 2019-га.

Марык: — Я прыйшоў у гурт праз дэпрэсію. Глыбокую. (Усе смяюцца.) А калі сур'ёзна, менавіта ў гэтым праекце для мяне ўсё супала.

Да гутаркі далучылася вакалістка Аксана, якая расказала, што сама калісьці знайшла хлопцаў па аб'яве на музычных форумах. Таму калі гурту быў патрэбны гітарыст, ведала, дзе яго шукаць. Так знайшоўся Марык.

Па словах Ягора, не ўсе ў калектыве маюць музычную адукацыю. У яго, напрыклад, з «музыкалкай» у дзяцінстве не склалася, таму амаль усё спасцігаў сам, дапамагалі хлопцы, а на бас-гітары вучыў іграць лідар гурта «Куклы» Сяргей Дубовік. А Аксана закончыла музычную школу па класе фартэпіяна. Дзяўчыне заўсёды падабалася цяжкая музыка. У гурт яна прыйшла ў 2014-м і, як гаворыць, затрымалася. Акрамя музычнай дзейнасці, у маладых людзей ёсць работа, якая прыносіць пастаянны даход. Ягор выкладае гітару анлайн. Марык займаецца аранжыроўкамі і кампазітарствам. Па словах гітарыста, музыка на цяперашні момант — гэта тое адзінае, чым ён зарабляе, да таго ж гэты занятак прыносіць дывідэнды. Хлопец прымае ўдзел у здымках фільма-кліпа вядомага беларускага рэжысёра Данііла Філіповіча. На маё пытанне пра акцёрскую адукацыю Марык жартуе, што замест гэтага ў яго ёсць адкрыты паток з космасам і харызма. Работа Аксаны далёкая ад музыкі, дзяўчына — спецыяліст па сертыфікацыі, таму музыка для яе — гэта спосаб выплюхнуць эмоцыі, разгрузіцца.

— Атрымліваецца, што музыка ў вас як хобі?

Ягор: — Для мяне гэта, хутчэй, стыль жыцця, хобі гэта складана назваць. Гэта тое, без чаго яно быццам губляе сэнс, колеры і ўсё астатняе. Атрымліваецца нейкая руціна.

Поўным складам музыканты рэпеціруюць раз на тыдзень, але дома самастойна займаюцца кожны дзень. Да напісання песень калектыў стараецца падыходзіць па-рознаму, галоўнае, каб у гэтым прымалі ўдзел усе. Нехта адзін прыдумляе тэкст, а вось музыку пішуць разам. Атрымліваецца калектыўная творчасць. Асаблівага рытуалу, каб неяк настроіцца перад канцэртам, у іх няма. Звычайна збіраюцца ў грымёрцы, тое-сёе абмяркоўваюць і, як гаворыць Ягор, «ідуць у бой».

— Памятаеце сваё першае выступленне?

Ягор: — Так, каленкі трэсліся. Гэта было яшчэ ў школе на нейкім мерапрыемстве. На самай справе цікава адчуваць кожны раз невялікае хваляванне. Калі ты перастаеш хвалявацца перад выхадам на сцэну, гэта дрэнны званочак.

Марык: — Хвалявацца абавязкова трэба.

Аксана: — Калі я толькі трапіла ў гурт, мне сказалі, што занадта доўга ўцягвацца не варта, і ў наступным месяцы мы «бахнулі» першы тады для мяне канцэрт. Было так хвалююча, баялася, што падвяду хлопцаў. І да гэтай пары хвалююся.

— А бывае, што рэакцыя публікі здзіўляе? І хто ваша аўдыторыя?

Марык: — Рэдка, але бывае. Заўсёды ёсць хоць адзін чалавек, які слухае цябе. І калі мы іграем толькі для яго, гэта ўжо дае шмат энергіі. Значыць, не ў пустэчу ўсё робім. Наша аўдыторыя — 22—35-гадовыя хлопцы і дзяўчаты, якім падабаюцца «Сплин», «Ария», «Слот», Neonate, карацей, рускамоўны альтэрнатыўны рух.

Мінулы год для гурта быў яркім на падзеі: яны ўвайшлі ў топ-10 сярод гуртоў краін СНД па галасаванні слухачоў першай прэміі незалежнай музыкі Jager Musіc Awards. Таксама «NИТN» спявалі на фестывалі ІІ Еўрапейскіх гульняў, сёлета ж у сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй пра выступленні прыйшлося забыцца. Аднак, па словах удзельнікаў калектыву, усё пакрысе пачынае прачынацца, і нядаўна рокеры далі канцэрт у клубе «Бруге». А для ўсіх ахвотных пачуць іх песні — «Нет предела», «Мой мир», «Реквием», «Сожги», «Свеча», «Фобия» і іншыя — магчыма на мінскіх пляцоўках, а таксама ў сацсетках: «УКантакце», Іnstagram, праграме Spotіfy, Яндекс.Музыка, на канале калектыву ў YouTube.

— Які жанр і стыль вашай музыкі?

Ягор: — Гэта пытанне мяне заўсёды ставіць у тупік (задумваецца). Мінулым разам нас апісалі як эксперыментлкор. А што датычыцца стылю, гэта філасофія асабістых перажыванняў разам з цяжкімі рыфамі, музыкай.

Марык: — А я дакладна разумею, што гэта альтэрнатыўны рок.

— Вы самі прыдумляеце свае вобразы?

Ягор: — Разам ствараем. Нядаўна прыйшлі да кігурумі. У кожнага была свая піжама — у кагосьці — Супермена, у кагосьці — Бэтмена.

Аксана: — На апошнім канцэрце я спявала ў гарсэце і ў ваўняных шкарпэтках! Выступаць няўтульна, цяжка дыхаць. Мне Марык гаворыць, ты вельмі мала размаўляла паміж песнямі, а я адказала, што проста дыхала! У такім вобразе хоць і прыгожа, аднак не вельмі камфортна.

Марык: — Дзяўчынка павінна вылучацца, калі яна ёсць у калектыве — гэта заўсёды прыгажосць, гэта кветка. Мы Аксану літаральна носім на руках. (Смяюцца разам.)

— Калі б у вас была магчымасць пажыць у іншай краіне, што гэта было б за месца?

Ягор: — На Месяцы, каб іграць Сусвету і зоркам. Чаму вы вырашылі, што на Месяцы няма жыцця? Лунацікам гралі б там (смяецца).

Па-за межамі музыкальнай сферы мае суразмоўнікі цудоўна сябруюць. Аднак адпачываць любяць па-рознаму. Як гаворыць гітарыст, цішыня для яго — найлепшы адпачынак, а яшчэ ён вельмі любіць танцы і не так даўно захапіўся ММА — змешанымі баявымі мастацтвамі. Па словах Аксаны, ёй даспадобы бавіць час як у гучных кампаніях, так і ў спакойнай атмасферы са сваім чатырохгадовым сыночкам, не супраць яна і паляжаць у ваннай з кніжкай. Ягору зусім цяжка вылучыць нешта адно. «Кніжкі люблю, анлайн-курсы, я зараз у іх. Праз вірус многія з апошніх сталі дасягальныя, праходжу іх на англійскай».

Каманда лічыць, што для таго, каб стаць вядомымі, неабходна перш за ўсё быць шчырымі і сумленнымі, быць сабой. Для стварэння планаў рокеры абіраюць начны час, самы прадукцыйны, на іх думку. Зараз у іх ёсць свой, як яны лічаць, паўканструктыўны план, па якім рухаецца калектыў.

Аксана: — Працяглы час мы знаходзіліся не ў поўным складзе і нават у нейкім зацішшы. Не выступалі, нас ніхто не бачыў і не чуў. Таму пакуль не хочам раскрываць усе свае планы.

Надзея ЗУЕВА

Фота аўтара і з архіва музыкантаў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».