Вы тут

Мадэль Крысціна Бараксанава: Я не фатаграфавалася прафесійна прыкладна да 22 гадоў


Бывае так, што чалавек усё жыццё працуе ў адным кірунку, ідзе да сваёй мэты прама і ўпэўнена. Але аднойчы здараецца нечаканы выпадак, які пралівае святло на схаваныя ўнутры асобы здольнасці да іншай сферы дзейнасці. Менавіта ў гэты момант перад вачыма з'яўляецца вялікае мора магчымасцяў. Але ці кожны асмеліцца на рызыку? Танцорка, трэнер і бізнесвумен Крысціна БАРАКСАНАВА ніколі не баялася спрабаваць нешта новае і менавіта дзякуючы гэтаму стала мадэллю. Зусім выпадкова, але знайшла справу для душы.


Бальнымі танцамі дзяўчына пачала займацца ва ўзросце чатырох гадоў. Яны сталі галоўным захапленнем сярод вялікай колькасці іншых. Разам са студыяй Крысціна аб'ездзіла з канцэртамі Еўропу. Так прайшлі доўгія і насычаныя дзесяць гадоў.

Аднак, калі надышоў пераходны ўзрост, а школа ў родным горадзе змянілася сталічным каледжам, густы дзяўчыны нечакана перавярнуліся, як той казаў, з ног на галаву. Пад уплывам модных фільмаў накшталт «Крок наперад», «Дабіся поспеху» і іншых Крысціна прыйшла да бацькоў з навіной, што кідае бальныя танцы і пачынае займацца хіп-хопам. Маме было складана пагадзіцца з такім рашэннем. Але ўсе цяжкасці хутка зніклі, калі жанчына ўбачыла, якой матываванай і натхнёнай вяртаецца дадому з трэніровак яе дачка. Танцорцы вельмі пашанцавала з трэнерам, Дашай Рысенковай — сапраўднай хіп-хоп-дзяўчынай з вольнай натурай і цікавымі думкамі. Пад яе кіраўніцтвам атрымліваліся ўсе рухі, і на выступленнях Крысціна заўсёды стаяла ў першых радах і была ў сапраўдным захапленні ад стылю танца, які абрала.

На апошнім курсе каледжа юнай танцорцы захацелася знайсці работу, каб часткова самастойна забяспечваць свае патрэбы. Так Крысціна трапіла на пасаду харэографа ў школу, дзе на працягу трох наступных гадоў вучыла дзетак танцаваць хіп-хоп.

Але ў пачатку чацвёртага настаўніца зразумела, што ёй не хапае часу на сваё асабістае развіццё. Стала адчуваць, што знаходзіцца ў нейкім творчым застоі, заўважыла эмацыянальнае выгаранне. Звярнулася да кіраўніцтва з просьбай даць ёй паўзу. І дзяўчыне пайшлі насустрач.

З гэтага моманту і стартавала мадэльная гісторыя Крысціны, хоць сама прыгажуня да апошняга моманту не ўсведамляла, што пачынае займацца сапраўдным мадэлінгам. Аб тым, як быў зроблены «крок наперад» у мадэльны свет, успамінае сама дзяўчына:

— Я не фатаграфавалася прафесійна прыкладна да 22 гадоў. Увесь папярэдні час была настолькі з галавой паглыблена ў танцавальны свет, што не бачыла нічога навокал і не ўяўляла сябе нікім іншым, акрамя трэнера. Да таго ж вельмі камплексавала з-за няроўных зубоў. І вось, калі паставіла брэкеты, у мяне адбылася першая прафесійная фотасесія. Гэта было амаль выпадкова, бо мы з фатографам знайшліся ў групе «УКантакце», пасля чаго дамовіліся аб сустрэчы. Памятаю, як яна тады мяне расхваліла! Запэўнівала, што маю вельмі цікавую і незвычайную знешнасць, што абавязкова трэба пачаць здымацца...

Увогуле, фатограф тады сапраўды заматывавала. Аднак я не пачала хадзіць па мадэльных школах і агенцтвах, не шукала самастойна брэнды для супрацоўніцтва. Напэўна, па волі лёсу ўсё само ішло ў мае рукі: пасля першай здымкі пачалі пісаць у Іnstagram і запрашаць на работу зноў і зноў.

Крысціна прызнаецца, што актуальныя ідэі для пазіравання яна падглядае там жа, у Іnstagram. І гэта можа быць як фота вядомай ва ўсім свеце мадэлі, так і здымак выпадковай дзяўчыны. Таксама адзначае, што немалаважную ролю ў фарміраванні навыку як «паставіць ножку» сыгралі менавіта танцы:

— У нас ёсць пластыка, незаціснутасць. Мы можам выкарыстоўваць шматлікія нетыповыя позы, запазычаныя з харэаграфіі. Акрамя таго, сёння кожнаму брэнду патрэбны відэакантэнт. Таму гэта вялікі плюс, калі мадэлі на здымках дынамічна рухаюцца, усміхаюцца, паводзяць сябе расслаблена.

Сёлета Крысціна запусціла сваю вытворчасць купальнікаў, для фарміравання каталога таксама наймала мадэляў. Таму ведае гэтую «кухню» з абодвух бакоў: выканаўцы і наймальніка. Сама дзяўчына супрацоўнічае з такімі вядомымі беларускімі брэндамі, як «Kazakі», «MurMur», «Sorochіnskaya» і іншымі. Часцей за ўсё яны дамаўляюцца на ўмовах бартару.

— Звычайна мы робім здымкі за якую-небудзь рэч, напрыклад за джынсы або сукенку. Для мяне гэта вельмі зручна, бо люблю стыльна апранацца. Калі адкрывала свой брэнд купальнікаў, таксама дарыла іх мадэлям за ўдзел у фотасесіі.

На пытанне аб тым, як дзяўчына падтрымлівае сябе ў форме, адказвае шчыра:

— Мне дасталіся вельмі добрыя гены ад бацькоў — тыя на працягу ўсяго жыцця стройныя і прыгожыя. Хоць я і не абмяжоўваю сябе ў ежы, але ніколі не таўсцею. (Усміхаецца.)

Пакуль што Крысціна супрацоўнічае толькі з беларускімі брэндамі. Агенцтва шмат разоў запрашала мадэль на работу ў Кітай, аднак з-за пандэміі гэтыя планы давялося адкласці.

— Увогуле, мадэльная сфера для мяне — гэта класнае хобі. Зрабіць яго сваёй прафесіяй я не магу, бо рост у 169 сантыметраў падыходзіць толькі для работы ў Паднябеснай. Асабіста мяне тое не засмучае, бо я кайфую, калі здымаюся!

Дзяўчына падзялілася, што мае яшчэ шмат ідэй наконт уласнага развіцця ў розных сферах дзейнасці. І пакуль не паспрабуе ўвасобіць у рэальнасць кожную, спыняцца не будзе. Таму Крысціна зараз і не будуе планаў, бо не ведае, якое вялікае мора магчымасцяў чакае яе за паваротам, на новым этапе жыцця!

Паліна ПРАКАПЕНЯ, студэнтка ІІІ курса факультэта журналістыкі БДУ

Фота дадзена суразмоўніцай

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».