Вы тут

Моладзь пра падпрацоўку за мяжой


Падпрацоўка... Напэўна, гэтае слова вядома многім студэнтам. Пасля пар нехта з іх бяжыць у кавярню на месца барыста або афіцыянта, хтосьці працуе кансультантам у краме... Але ёсць і тыя, хто, як той казаў, простых шляхоў (вакансія па месцы вучобы, у родным горадзе) не шукаюць. Як, напрыклад, мае суразмоўніцы, якія вырашылі знайсці часовую работу за мяжой. Дзяўчаты падзяліліся з «Чырвонкай. Чырвонай зменай» тым, што імі рухала, чаго яны дамагліся і якія высновы ў выніку зрабілі для сябе па выніках паездкі.


Пад­час ра­бо­ты Яў­ге­нія (край­няя зле­ва) пад­цяг­ну­ла італь­ян­скую мо­ву.

Студэнтка трэцяга курса факультэта міжкультурных камунікацый МДЛУ Яўгенія Грак нават не разглядала варыянт падпрацоўкі ў Мінску:

— Я вывучаю тры замежныя мовы, адна з якіх — італьянская. Хацелася палепшыць свой узровень валодання ёй, а найбольш эфектыўны спосаб гэта зрабіць — акунуцца ў асяроддзе носьбітаў. Мяне ўвогуле вельмі цікавіць Італія, таму было імкненне пабываць там не як турыст, а паглядзець на яе жыццё знутры. Да таго ж, гэта паездка, акрамя работы, давала магчымасць правесці два месяцы на моры, палепшыць здароўе.

Уладкоўвалася я з дапамогай расійскага агенцтва, бо ў нашых супрацоўніцтва з Італіяй не вельмі развітае. Дарэчы, я была першай беларускай, якую адпраўлялі туды на работу. Агенцтва працуе такім чынам: ты плаціш за афармленне дакументаў, дарогу туды і назад, а яно гарантуе візу, харчаванне і пражыванне. На гэтую авантуру рашылася адна, бо лічу, што менавіта ў такія падарожжы лепш ехаць без кампаніі. Тады ты разлічваеш толькі на сябе, маеш шанц сябе выпрабаваць.

Я трапіла ў невялічкі гатэль. Ён размяшчаўся каля горада Атранта, што на поўдні Італіі. Працавала афіцыянтам і барменам, але з-за таго, што штат работнікаў быў не вельмі вялікі, у мае абавязкі ўваходзіла яшчэ і абслугоўванне гасцей, прыём і дастаўка заказаў. Прымала іх і ў бары, рабіла каву. Часам мыла посуд, прыбірала ў рэстаране. Звычайна працавала ранкам і ўвечары, таму ўвесь дзень быў вольны і была магчымасць з'ездзіць у горад, паляжаць на пляжы, адпачыць.

Кіраўніцтва было такое, што лепшага нельга сабе ўявіць! Гатэль належаў дружнай і прыязнай сям'і. Я ведала кожнага з іх, падтрымлівала цёплыя стасункі, і нават зараз мы з імі на сувязі. Звальняцца было цяжка. Мой бос, яго жонка і дзеці вельмі сумавалі і плакалі разам са мною.

Наконт заробку... Атрымала прыкладна столькі ж, колькі ўклала ў паездку. Але я вярнулася дадому з бясцэнным вопытам і з вялікім багажом прыемных эмоцый... Вельмі добра падцягнула італьянскую мову. Акрамя таго, выйшла з зоны камфорту, бо да гэтай вандроўкі была сапраўдным дзіцем, якое прызвычаілася, што ўсё за яго робяць бацькі. А там я была сама за сябе. Ці паехала б яшчэ раз? Так, так і яшчэ мільён разоў так!

Як відаць, нашым гераіням пашчасціла з падпрацоўкай у замежжы, яны засталіся задаволеныя паездкамі. Тым жа, хто толькі збіраецца паўтарыць іх шлях, будзе карыснай наступная інфармацыя. Пры падрыхтоўцы да вандроўкі трэба абавязкова захоўваць асноўныя правілы (абапіраючыся на інфармацыю, размешчаную на сайце):

  • 1. Пераканайцеся, што кампанія насамрэч існуе: звярніце ўвагу на юрыдычны адрас і рэгістрацыйны нумар. Па гэтых звестках любую фірму можна знайсці на сайце Міністэрства юстыцыі нашай краіны. Праверце, ці актуальныя тэлефоны для сувязі, якія размешчаны на сайце кампаніі.
  • 2. Звярніце ўвагу на ліцэнзію. У СНД усе агенцтвы па працаўладкаванні грамадзян за мяжой абавязаны яе атрымаць. У Беларусі такі дазвол дае Міністэрства ўнутраных спраў. Ліцэнзія выдаецца на садзейнічанне ў працаўладкаванні па канкрэтных спецыяльнасцях у пэўных краінах. Пералік такіх фірмаў ёсць на сайце Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.
  • 3. Выбірайце агенцтва, якое аказвае паслугі па дагаворы. Вы складаеце яго з фірмай на аказанне пасрэдніцкіх паслуг па пошуку работы за мяжой. У ім пералічаныя правы і абавязкі бакоў і прыблізныя палажэнні будучага працоўнага пагаднення. Пасрэдніцкі кантракт адрозніваецца ад працоўнага тым, што першы заключаецца з агенцтвам, а другі — з наймальнікам. Да таго, як паедзеце на работу за мяжу, фірма ў Беларусі адсылае ваш працоўны дагавор з працадаўцам у дэпартамент па грамадзянстве і міграцыі Міністэрства ўнутраных спраў.

Са­май ці­ка­вай за­ба­вай для Воль­гі  бы­ло ска­кан­не са скал у мо­ра.

Студэнтка чацвёртага курса факультэта міжнародных эканамічных адносін БДЭУ Вольга Лазарчык папросту натрапіла на аб'яву кампаніі, якая прапаноўвала работу за мяжой. Персанал быў патрэбны па розных кірунках: шукалі барменаў, афіцыянтаў, пакаёвак, аніматараў, адміністратараў...

Вольга расказвае:

— Пачала наводзіць даведкі, фірма аказалася надзейнай. Паразмаўляўшы з бацькамі, рашылася. Разам з сяброўкай спыніліся на Балгарыі, бо хацелася быць бліжэй да мора.

Калі мы прыехалі на месца ў курортны комплекс, нас засялілі ў бунгала, якое было ў страшэнна дрэнным стане. Настолькі, што хацелася дадому вяртацца, але мы спрачаліся, настойвалі, і праз пару дзён нас перасялілі ў адмысловы будынак для персаналу.

Звычайна працавалі з ранку да чатырох гадзін вечара: рыхтавалі залу для адпачывальнікаў, сервіравалі сталы, потым суправаджалі пастаяльцаў, арыентавалі іх у памяшканнях. Нязвыклым да працы было вельмі цяжка, яны амаль плакалі ад стомы. Мне было прасцей, бо я імкнуся зарабляць для сябе нейкія грошы з 14 гадоў. Для тых, хто хацеў атрымаць больш, такая магчымасць давалася. Пасля выканання сваіх непасрэдных абавязкаў, увечары, можна было яшчэ шчыраваць, напрыклад, афіцыянтам. Я аднойчы паспрабавала дадаткова папрацаваць на кухні. Спадабалася не вельмі, таму вырашыла пакінуць больш часу на адпачынак.

Але не ўсё было гладка, часам у калектыве ўзнікалі канфлікты. Звычайна не ладзілі з пастаяннымі работнікамі рэстарана, мясцовымі жыхарамі. Але кіраўнік спраў заўсёды быў за нас і падтрымліваў у спрэчныя моманты. Усе недахопы кампенсаваліся тым, што мы раззнаёміліся з хлопцамі і дзяўчатамі, якія працавалі ў іншых сэрвісах. Разам шукалі цікавыя мясціны навокал. Напрыклад, знайшлі вельмі прыгожыя скалы і скакалі з іх у мора. Гэта было самай цікавай забавай.

Наконт таго, ці хацела б я паехаць туды зноў... Не так даўно злавіла сябе на думцы аб тым, што, напэўна, так. Можа, нават на той самы курорт. Бо, зноў жа — шмат знаёмых, з якімі хацелася б сустрэцца і зноў акунуцца ў тую асаблівую атмасферу.

Ад рэдакцыі

Канешне, гэты матэрыял быў напісаны раней. Нашмат раней, чым мы ўсвядомілі ўсю небяспеку каранавіруса... Мы планавалі надрукаваць артыкул бліжэй да лета, каб даць моладзі карысную інфармацыю. Хто ж думаў, што граніцы будуць закрыты і адпачынак праз пандэмію стане «невыязны»?.. Мы правялі яго дома, марачы пра мора і пясчаны пляж, новых сяброў і ўражанні... Так, навала яшчэ цалкам не пераможана, але сітуацыя рана ці позна стабілізуецца, граніцы адкрыюцца і зноў з'явіцца магчымасць вандраваць па свеце. Таму — наўздагон лету — эмоцыі тых, хто ў свой час ужо паспеў ажыццявіць такую мару, і карысныя звесткі для тых, у каго ўсё яшчэ наперадзе.

Паліна Пракапеня, студэнтка ІІІ курса факультэта журналістыкі БДУ

Фота з архіваў суразмоўніц

Загаловак у газеце: У замежжа, да мора, на заробкі..

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.