Вы тут

Пісьменніца Кацярына Хадасевiч-Лiсавая пра стан беларускай дзіцячай літаратуры


У творчым партфелi беларускай дзiцячай пiсьменнiцы Кацярыны Хадасевiч-Лiсавой больш за дзясятак кнiг. А сёлета яна стала пераможцай Нацыянальнай лiтаратурнай прэмii ў намiнацыi «Лепшы дзiцячы пiсьменнiк». З чытачамi «Звязды» аўтарка падзялiлася сваiмi думкамi пра стан дзiцячай лiтаратуры, а таксама сакрэтамi запатрабаванасцi i выбудоўвання ўзаемаадносiн з аўдыторыяй.


— Пісаць для дарослых і для дзяцей аднолькава няпроста. Тут абіраеш тое, што бліжэй тваёй пісьменніцкай душы. Для мяне гэта дзіцячая літаратура. І ў яе паўнаводнай рацэ мне хочацца быць адметнай, таму я пішу, шукаю, напрацоўваю... А рака ўпадае ў вялікі акіян інфармацыі і мноства крыніц яе атрымання. Сёння пры багатым выбары выданняў пэўную кнігу чытачы могуць проста не заўважыць на паліцы крамы ці бібліятэкі, але не ў тым выпадку, калі пісьменнік правёў прэзентацыю. Ці захочацца пачытаць, залежыць ад таго, як аўтар працуе з аўдыторыяй. Час і жыццё імкліва мяняюцца, а разам з імі іншымі становяцца інтарэсы і патрабаванні юных чытачоў. Адвечныя, важныя тэмы ў літаратуры, вядома, застаюцца, але падаць і раскрываць іх трэба па-іншаму. Сёння пісьменніку недастаткова проста напісаць і выдаць кнігу — яе неабходна прадставіць, данесці да чытача. Мне ў гэтым дапамагае вобраз Феі, хоць я бываю і Кікімарай (усміхаецца). Таксама вельмі падабаецца хлопчыкам і дзяўчынкам знаёміцца з маімі героямі асабіста, бачыць розныя атрыбуты, звязаныя з кнігамі. Спадзяюся, цікавымі і запамінальнымі для чытачоў сталі створаныя мной выданні незвычайных фарматаў: кніга-перакрутка, папяровая кніга-гаджэт і кніга-квест. У іх можна знайсці гульню-вандрульню, падабай-падарожжа, QR-коды з буктрэйлерамі і творчымі заданнямі. Ну, і можна ажыццявіць зваротную сувязь з аўтарам, каб атрымаць прыемны віртуальны падаруначак. Я заўсёды з чытачамі не толькі на старонках сваіх кніг, але і ў інтэрнэце. Мы сябруем у сацыяльных сетках, яны бачаць усе мае кніжныя навінкі, дасылаюць мне свае фота, пішуць пра падзеі ў сваім жыцці. Для мяне самая каштоўная ўзнагарода — цікавасць юных чытачоў да літаратуры і іх натхнёныя водгукі. А таксама паведамленні ад бацькоў, што іх дзеці нарэшце па сваім уласным жаданні захацелі ўзяць кнігу ў рукі, альбо што ўпершыню яны чыталі кнігу так, што не маглі адарвацца. Ну і сама атмасфера творчых сустрэч з чытачамі — узнагарода, якая надае мне проста нейкія звышздольнасці! Прызнаюся, веру ў казкі. Бачу іх у звычайным жыцці і ўвасабляю ў кнігах. Праз свае казкі імкнуся закласці ў сэрцы маленькіх беларусаў самае лепшае. Адлюстроўваю ў іх сюжэтах розныя жыццёвыя сітуацыі і складанасці, шляхі выхаду з іх. Праводжу сваіх герояў няпростымі шляхамі, дапамагаю ім пераадолець усе цяжкасці ды навалы і пры гэтым застацца шчырымі, добрымі, светлымі, смелымі. Чытайце кнігі, сябры, і вам адкрыецца шмат цікавага і каштоўнага!

Для мяне свет чытання адкрыла мая бабуля Яўгенія. Яна купляла нам, унукам, кнігі, выбірала выданні толькі на беларускай мове. Я і сёння, як вялікую каштоўнасць са свайго дзяцінства, беражліва захоўваю ў хатняй бібліятэцы купленыя ёю зборнікі «Бацькаў дар», «Людзей слухай, а свой розум май», «Беларускія народныя казкі», «Жаронцы» і нават «Кіргізскія народныя казкі» па-беларуску.

Сёння, калі дзеці аддаюць перавагу гаджэтам, кнізе няпроста, але магчыма канкурыраваць. Пісьменніку неабходна быць на адной хвалі з чытачамі, ведаць, што іх цікавіць, якія героі падабаюцца, якія прыгоды прывабліваюць. Мэтазгодна зладзіць каманду з бацькоў, настаўнікаў, бібліятэкараў. Ні ў якім разе не прымушаць чытаць, а пастарацца зацікавіць кнігай, каб юны чытач пачаў адкрываць для сябе дзівосны, неверагодны, таямнічы, прыгодніцкі свет чытання. Я ўпэўнена, абудзіць цікавасць да кнігі магчыма, толькі трэба нам, дарослым, падключыць вынаходлівасць і фантазію.

Запісала Алена ДРАПКО

Загаловак у газеце: Чаму Фея лепш за Кiкiмару...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».