Вы тут

Эдуард Астаф’еў: Галоўнае ў творчасці — адказнасць перад сабой


Вядомы беларускі скульптар лічыць сябе шчаслівым чалавекам.  Нават нягледзячы на тое, што ў яго цяпер няма творчых планаў.


Эдуард Астаф’еў душою значна маладзей за свае 78 гадоў. У размове любіць пажартаваць, дасціпны. Хоць фізічна, вядома, ужо не такі моцны як, скажам, нават дзясятак гадоў таму. Тады на сваім любімым відзе транспарту — веласіпедзе — мог лёгка за дзень праехаць не адзін дзясятак кіламетраў. А ў лепшыя часы «накручваў» і куды большыя адлегласці, калі з сябрамі калясілі па Еўропе. За дваццаць дзён аб’язджалі пяць краін. Незабыўныя ўражанні ад такіх падарожжаў заставаліся надоўга ў памяці. Цяпер здароўе, вядома, ужо не тое, што было раней. Нават пры тым, што ўвесь час вёў актыўны лад жыцця, сябраваў са спортам. Дарэчы, веласіпед — і сёння прыярытэтны для Астаф’ева сродак перамяшчэння, якому ён па-ранейшаму аддае перавагу перад усімі іншымі відамі транспарту. І няхай у значнай меры нават таму, што хадзіць пешшу стала цяжэй. Як бы там ні было, у майстэрні заўсёды пры ім цэлыя тры ўзоры двухколавых: прадстаўніцкі з самым сучасным начыннем, спартыўны і паўсядзённы. Апошнім часам у асноўным задзейнічаны паўсядзённы. А іншыя больш як напамін пра захапленне, якое не забываецца. З якім звязаны многія гады, многія цікавыя моманты.

А яшчэ Астаф’еў удзячны лёсу за тое, што вывеў яго да любімай справы ў жыцці. Так, сёння ён — вядомы ў краіне скульптар. Уласна, аб шляхах у творчую прафесію, аб яе сутнасці, дасягненнях у ёй і была наша з Эдуардам Барысавічам размова.

— Як вы ўсё ж прыйшлі да прафесіі скульптара? Было гэта свядома ці выпадкова?

— У дзяцінстве як усе дзеці малююць, так і я маляваў. А потым хтосьці з сяброў прапанаваў часцей што-небудзь капіяваць. Я пачаў капіяваць элементы, сюжэты з карцін іншых аўтараў, карыкатуры вельмі цікавілі. Людзі мяне падштурхоўвалі. Напэўна, таму, што час быў такі: 50‑я гады, жыццё даволі складанае. Я рос без бацькі. Быў даволі нерашучым хлопчыкам, але маляваць мне падабалася. Потым даведаўся, што ёсць студыя пры тэатральна-мастацкім інстытуце ў Мінску. Там выкладалі вельмі вядомыя мастакі. Я адзін год толькі адвучыўся — у войска сышоў. Дарэчы, да арміі працаваў на заводзе два з паловай гады. Як усё паспяваў рабіць? І працаваў, і вучыўся — дзясяты клас скончыў, у студыю хадзіў, яшчэ і на танцы… Пасля войска зноў пайшоў працаваць. Паступаў у тэатральна-мастацкі інстытут на дызайнерскі факультэт. Праваліў экзамен. Цяпер думаю: добра, што так адбылося. Потым заахвоціўся скульптурай. Выставу зрабіў у Доме афіцэраў. І тады паступіў на скульптурнае аддзяленне ў інстытут. Вучыўся ў вядомых скульптараў — Аляксея Глебава, Андрэя Бембеля. Гэта майстры з вялікім аўтарытэтам. Шмат чаму ў іх навучыўся. І ў студэнтаў, сваіх калег па інстытуце. Таму што яны прыйшлі ў інстытут пасля вучылішча. А я — з вуліцы. Вопыту ў мяне было мала. Калі ўступныя экзамены здавалі, я нават толкам не ведаў, як каркас для скульптуры зрабіць правільна. Але паспяхова скончыў інстытут, атрымаў размеркаванне ў Віцебск. Мне хацелася з нуля пачаць. У далейшым пераехаў у Мінск, бо сям’я там жыла. У мастацкім камбінаце спачатку давяралі выконваць працы не вельмі адказныя. У далейшым, калі ўбачылі мае магчымасці, сталі даручаць сур’ёзныя манументальныя рэчы. Гэта доўгая праца, часам зацягваецца на гады! Ад праекта да адкрыцця — напружаны працэс. Але я браўся за ўсё, бо трэба было жыць, зарабляць, выхоўваць дачку.

У кожнага мастака ёсць творы, якія асабліва блізкія і дарагія. Для Эдуарда Астаф’ева — перш за ўсё гэта помнік Францыску Скарыне ў Празе.

Многія вядомыя скульптары прысвячалі першаму беларускаму кнігадрукару і асветніку свае працы. Вядома, што на адной з фрэсак Рафаэля намаляваны чалавек, вельмі падобны на аўтапартрэт Скарыны ў выдадзенай ім пазней Бібліі. Характэрна, што Рафаэль напісаў яго побач з уласным малюнкам. Цалкам верагодна, што Скарына, як пішуць даследчыкі, сустракаўся і працаваў побач з геніяльнымі сучаснікамі — Рафаэлем, Леанарда Да Вінчы, Мікеланджала. Вуліцы многіх гарадоў Беларусі ўпрыгожваюць помнікі Скарыну, ёсць яны і за мяжой. Аднак скульптура беларускага асветніка ў Празе, дзе ён пачынаў выдавецкую справу, стаіць асабняком. Па меркаванні некаторых гісторыкаў, у Празе знаходзіцца і магіла Скарыны, а таксама пахаваны яго сын.

А ўвекавечыць памяць беларускага асветніка ў чэшскай сталіцы даверылі менавіта скульптару Эдуарду Астаф’еву. Разам з архітэктарам Юрыем Казаковым яны пабывалі ў Празе, узгаднілі з гарадскімі ўладамі месца для ўстаноўкі помніка. Там Францыск Скарына з першай Бібліяй у руках адліты ў метале ў поўны рост (помнік з п’едэсталам больш за два з паловай метры ў вышыню), сустракае гасцей чэшскай сталіцы ў скверы Старога горада, у некалькіх сотнях метраў ад Нацыянальнай бібліятэкі. Цікава, кажа Эдуард Астаф’еў, што пяць стагоддзяў таму малады Францыск менавіта на тым месцы працаваў садоўнікам. Гэтая скульптура стала знакавай не толькі для гісторыі двух народаў, але і для самога аўтара.

Дарэчы, нарадзіўся Эдуард Астаф’еў у Расіі, ад рускага бацькі і маці-беларускі. Бацька Эдуарда, Барыс Васільевіч, пайшоў на фронт у 1942 годзе, калі сыну споўнілася два тыдні. Прайшоў вайну старшыной штрафбата, шанец выжыць у якім, як вядома, быў мінімальны. Барыс Васільевіч выжыў, але дадому вярнуўся на мыліцах. Таму тэма вайны Эдуарду Барысавічу вельмі блізкая. Сярод яго работ ёсць і прысвечаная памяці бацькі — у кавалку граніту застыў медаль Барыса Васільевіча. Як вечная памяць пра заслугі простага салдата вайны і пра Вялікую Перамогу.

У памяць аб Вялікай Айчыннай вайне Эдуардам Астаф’евым зроблены дзясяткі помнікаў і мемарыялаў у Беларусі. Асаблівы помнік — вязням лагера смерці на цэментным заводзе ў горадзе Крычаве, што ў Магілёўскай вобласці. У гады вайны захопнікі паспрабавалі аднавіць на прадпрыемстве вытворчасць цэменту. Завод і прылеглую да яго тэрыторыю абнеслі калючым дротам і размясцілі там узмоцнена ахоўны канцлагер. У архівах захаваліся звесткі, што за час існавання лагера смерць забрала там 18 тысяч жыццяў.

У лагеры знаходзіліся патрапілыя ў 1941 годзе ў палон маскоўскія апалчэнцы — Аляксандр Акаёмаў, першы выканаўца песні «Орлёнок» на Усесаюзным радыё, і галоўны хормайстар Маскоўскай філармоніі Генадзь Лузенін. Ім удалося ўсталяваць сувязь з Крычаўскай падпольнай групай. Даведаўшыся пра тое, гітлераўцы падверглі патрыётаў жорсткім катаванням. Але яны не выдалі ворагам сваіх таварышаў. Калі іх прывялі на расстрэл, у неба ўзвілася песня  «Орлёнок» — так сустрэў сваю смяротную гадзіну Аляксандр Акаёмаў. А апошнімі словамі яго сябра Генадзя Лузеніна былі: «Бывай, жыццё! Бывай, Радзіма!». Сёння іх імёнамі названы вуліцы ў Крычаве. А на месцы гібелі гэтых мужных людзей узведзены помнік, аўтар якога — Эдуард Астаф’еў.

Скульптар прысвяціў шмат работ увекавечванню памяці беларускіх дзеячаў культуры, герояў вайны. Калі б можна было сабраць разам тыя працы, атрымалася б цэлая галерэя, прысвечаная землякам. На жаль, так і засталася неажыццёўленай запаветная мара — зрабіць па прыкладзе Бібліі з яе 12 апосталамі скульптурную групу з 12 партрэтаў знакамітых асоб Беларусі: Францыска Скарыны, Еўфрасінні Полацкай, Кірылы Тураўскага, Кастуся Каліноўскага…

Эдуард Астаф’еў з вялікім задавальненнем удзельнічаў у пленэрах, якія праходзілі ў невялікіх беларускіх гарадах. Лічыць гэта выдатнай традыцыяй, бо там заўсёды адбывалася шмат знаёмстваў, узнікалі цікавыя тэмы. А ў выніку — былі новыя працы. Прычым вельмі часта яны заставаліся мясцовым жыхарам, як, напрыклад, помнік заснавальніку Светлагорска — купцу Шаціле. Яго ўсталявалі ў дзень 45‑годдзя горада. Больш таго, дзякуючы Эдуарду Астаф’еву Светлагорск стаў першым горадам у Гомельскай вобласці, дзе з’явіўся помнік заснавальніку.

А вось у райцэнтры Астравец Гродзенскай вобласці на памяць пра сябе Астаф’еў пакінуў скульптуру «Дубочак», якую мясцовыя жыхары называюць не інакш як «Маленькі астраўчанін».

Скульптар падкрэслівае, што яго цікавіла жыццё ва ўсіх яго праявах. У тым, што гэта сапраўды так, можна было ў свой час пераканацца на яго выставе ў Музеі гісторыі беларускай літаратуры. Хоць выстава ўмяшчала малую частку работ, яна тады шмат чаго распавяла пра асобу аўтара. На ёй былі прадстаўлены ў асноўным малыя формы з бронзы, сталі, шкла, і нават з падручных рэчаў: кавалка жалеза, асколка валуна, люстэрка. Але ж літаральна кожная праца прымушала задумацца пра вялікае і гераічнае. Ці проста ўсміхнуцца тонка прыкмечаным аўтарам сцэнам і персанажам з жыцця. Справа ў тым, што трагічнае і камічнае ў працах Астаф’ева часта зусім побач.

— Для прафесіі скульптара характэрна, што яна не толькі творчая, але і працаёмкая з пункту гледжання практычнай рэалізацыі работ. Вам не станавіліся перашкодай гэтыя цяжкасці?

— Калі адчуваеш ідэю, калі нешта атрымліваецца, цяжкасці нівеліруюцца. Карацей, маральнае задавальненне ў нашай справе — не пусты гук. Вядома, калі з каменем, напрыклад, працуеш — гэта маска, акуляры, фізічна складана… Але калі бачыш вынік працы, усе цяжкасці сыходзяць на другі план і лёгка забываюцца.

— У аснове вашых работ чыесьці вобразы ці гэта ўвасабленне аўтарскіх поглядаў на сучаснасць?

— Многае залежала ад таго, заказная праца была ці чыста творчая — для выставы. Калі атрымліваў заказ, то ў ім ужо вызначана нейкая тэма. Пятнаццаць гадоў таму атрымліваў замову на выраб помніка Раману Шаціле — заснавальніку горада Светлагорска. Хоць Светлагорску ўсяго ледзь крыху больш як паўстагоддзя споўнілася, але на тым месцы некалі стаяла вёска Шацілкі. Знайшлі дакументы, што ў 1560 годзе там жыў Раман Шаціла — меў маёнтак. Тэма падалася мне цікавай. Я з задавальненнем заўсёды ўспамінаю, як працавалася над ёй. Трэба было шукаць касцюмы таго часу. Хадзіў у тэатр, размаўляў з галоўным мастаком, сам у кнігах вышукваў, у бібліятэках. Трэба было ведаць, якое адзенне было, зброя. Гэта вельмі захапляльна. У 2006 годзе помнік з’явіўся ў Светлагорску. Наогул там скульптары зрабілі шмат прац на ніве пленэраў. У горад прыемна прыязджаць, знаходзіцца там. Тым больш, што ён сярод лесу стаіць. А скульптура заўсёды ажыўляе канкрэтнае месца, яна шмат увагі на сябе бярэ. Нават калі каменьчык кінуць на траву — адразу месца акультурваецца. А калі зроблена нешта рукамі чалавека, тады прастора вельмі ажыўляецца. Са Светлагорскам у мяне вельмі шмат прыемных успамінаў. Асабіста я ўдзельнічаў там у трох пленэрах.

— У вас у майстэрні шмат скульптурных работ. Што ў іх, па-вашаму, увасоблена?

— Адзначу, што ў мяне нямала работ, звязаных з жаночымі вобразамі. Вядома, да скульптуры патрэбен асаблівы падыход. Трэба спецыяльна рыхтаваць месца, яно патрабуе асвятлення. Раней, у савецкі час, былі тэматычныя выставы, прысвечаныя спорту, рабоце, сельскай гаспадарцы. На гэтыя тэмы ў музеях Беларусі маіх больш за дваццаць работ. Столькі ж мемарыяльных дошак па Мінску і ў іншых гарадах. Гадоў дзесяць таму, напрыклад, была ўсталяваная мемарыяльная дошка генералу Васілю Маркоўкіну ў Смаргоні — першаму камандзіру Смаргоньскага пагранічнага атрада, які потым быў Камандуючым пагранічнымі войскамі Рэспублікі Беларусь.

— Што тычыцца персанажаў, вы ў працах ідзяце па шляху дакладнасці альбо пераважае імкненне паказаць характэрныя асаблівасці таго ці іншага чалавека?

— Я вучыўся ў вялікіх майстроў, вялікіх спецыялістаў рэалістычнага мастацтва. Гэта былі 60‑я гады і пачатак 70‑х. Таму, натуральна, я ўспрыняў іх школу. Фармальныя рэчы тады не асабліва віталіся. І цяпер мне падабаецца паказаць жывую асобу, чалавечую фігуру. Разам з тым, я думаю, што мне не чужыя нейкія фармалістычныя працы. Дапусцім, прыгожа завязаны вузел, выкананы ў бронзе або мармуры… Карацей, кожная праца патрабуе свайго адметнага падыходу і свайго рашэння.

— Ці можна гаварыць пра беларускую школу скульптуры? Мы можам ганарыцца дасягненнямі ў гэтай галіне мастацтва?

— Я ўпэўнены, што можам. Таму што ў нас, асабліва ў пасляваенны час, былі вялікія майстры, якія задалі тон скульптуры. Аляксандр Грубэ, Заір Азгур, Аляксей Глебаў. Мне даводзілася бываць у розных рэспубліках СССР — Грузіі, Арменіі, Малдавіі, Украіне, за мяжой тагачаснага Саюза — у Італіі, Польшчы, Чэхіі. Там былі свае школы. Вось Прыбалтыка — там свой падыход да скульптуры. Што тычыцца творчасці беларускіх скульптараў, то для іх стылю характэрна яркая экспрэсія. Менавіта яна разам з цікавым архітэктурным рашэннем робіць працы нашых скульптараў запамінальнымі. Вялікая колькасць помнікаў рабіліся пасля Другой сусветнай вайны, падчас якой было шмат трагедый. Простымі формамі гэтую тэму не адлюструеш.

— Што вам даваў удзел у выставах?

— Выстава — гэта магчымасць прадставіць свой творчы твар. Выказаць тое, аб чым думаеш, тое, што трывожыць, тое, што хвалюе душу. Бо што такое мастацтва? Гэта спосаб самавыяўлення метадам мастацкіх вобразаў. Я — асоба, індывідуальнасць. Як успрымаю гэты свет, як яго адлюстроўваю? Лічу сябе сапраўды шчаслівым чалавекам: у мяне была такая праца, дзе я мог выказаць свае думкі, якія перакладаюцца праз метал ці іншыя матэрыялы. Я даношу іншым сваю сутнасць, тое, чым я жыву.

— Вы ўлічваеце гледача ў сваім творчым працэсе?

— Не думаю, што хачу спадабацца. Я проста жыву і выказваю свае думкі. У мяне ніколі не было жадання камусьці дагадзіць. Ёсць у нас мастацкія саветы, дзе прафесіяналы выказваюць меркаванні аб тваёй працы. Гэта — меркаванні спецыялістаў, я да іх прыслухоўваўся.

— Што вы маглі б пажадаць скульптарам-пачаткоўцам? Наколькі яны павінны верыць у творчую будучыню?

— У Кітаі кажуць: каб ты жыў у эпоху пераменаў. Напэўна, мудрыя кітайцы маюць рацыю, таму што пераломныя моманты шмат мяняюць і ў чалавечых узаемаадносінах, і ў мастацтве таксама. Мы ў савецкі час былі забяспечаны замовамі. Цяпер маладым прыходзіцца больш круціцца. Я жадаю ім упэўненасці ў сваіх сілах і больш аптымізму.

— Ваша творчае крэда? Чым у творчасці кіраваліся больш за ўсё?

— Прафесіяналізмам і сумленнасцю. Прафесіяналізмам у тым плане, што не трэба баяцца перарабляць тое, што не задавальняе. А сумленнасцю перад самім сабой: каб не давялося чырванець за тое, што зроблена. Праца ў нас такая, што і праз сто гадоў «адкапаюць» і, калі трэба, скажуць: ну што ж гэта ён такое стварыў? Вось чаму важна, каб не было сорамна за будучыню, каб сумленне было чыстае.

Каюся, не ўтрымаўся напрыканцы размовы ў майстэрні знакамітага скульптара і задаў збітае журналісцкае пытанне:

— Якія цяпер у вас творчыя планы?

— А ніякіх планаў няма.

— Як?

— Жыву мінулым і сучаснасцю. Час сёння такі. Але я па-ранейшаму шчаслівы чалавек: кожны дзень у майстэрні, сустракаюся са сваімі любімымі персанажамі. Многае праходзіць перад вачыма. Тым і жыву…

Веніямін Міхееў.

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».