Вы тут

Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава сустрэлася з актывам Маладзёжнага парламента


Моладзь як адзін з рухавікоў працэсаў, што адбываюцца зараз у грамадстве — як ніколі патрабуе ўвагі. Увагі да яе штодзённых праблем, слушных прапаноў і карысных ініцыятыў. Пляцоўкай для абмеркавання ўсяго таго, што турбуе сёння беларускую моладзь, можа стаць Маладзёжны парламент (савет), які быў створаны пры Нацыянальным сходзе два месяцы таму. За гэты час ужо паспела рэалізавацца адна з ідэй, агучаных на той пляцоўцы, — з'явілася маладзёжная платформа «Рух наперад!», дзе маладыя людзі акумулююць свае прапановы. Якія? Аб гэтым ішла гаворка на сустрэчы актыву Маладзёжнай палаты са спікерам верхняй палаты беларускага парламента Наталляй Качанавай. У размове таксама прыняў удзел старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Віктар Лісковіч.


Адно з пытанняў, якое аказалася ў цэнтры ўвагі, — разгляд прапаноў па рэфармаванні дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі.

— Мы запрасілі вас для абмеркавання актуальных пытанняў, якія хвалююць сёння вас — Маладзёжны парламент. Хочацца пачуць, якія ў вас планы на будучае, якія перспектывы, — распачала сустрэчу спікер верхняй палаты парламента. — У сваю чаргу, мы падзелімся інфармацыяй, каб наладзіць сумесную работу Савета Рэспублікі і Маладзёжнага парламента.

Яна запрасіла прысутных агучваць прапановы, пажаданні, меркаванні аб тым, якім чынам варта пабудаваць далейшае супрацоўніцтва.

У сустрэчы ўдзельнічалі прадстаўнікі ўсіх рэгіёнаў Беларусі: навучэнцкая, студэнцкая і працоўная моладзь, тыя, хто мае неабыякавую грамадзянскую пазіцыю.

Як падзяліўся Ягор МАКАРЭВІЧ, старшыня Маладзёжнага парламента (савета) пры Нацыянальным сходзе, створаная структура можа і павінна стаць той дыскусійнай пляцоўкай, якая дазволіць весці дыялог у тым ліку з моладдзю, якая сёння ўдзельнічае ў несанкцыянаваных вулічных мерапрыемствах:

— Мы гатовыя чуць беларускую моладзь, нашых аднагодкаў, якія хочуць перамен, але самае галоўнае — усе перамены, якія могуць абдывацца ў любой дзяржаве, павінны быць арганізаваныя выключна ў межах закона, — падкрэсліў ён у размове з журналістамі. — Мы гатовыя да дыялогу з усімі.

Ягор Макарэвіч звярнуў увагу, што Маладзёжны парламент адкрыты для прапаноў, якія ў далейшым могуць быць пакладзены ў аснову рэалізацыі рэспубліканскіх праектаў.

Трэба сказаць, што за той невялікі час, які дзейнічае Маладзёжны парламент, быў запушчаны рэспубліканскі праект «Маладзёжная платформа «Рух наперад!». Па словах суразмоўніка, праект накіраваны на збор прапаноў па розных тэмах, якія датычацца развіцця беларускага грамадства.

— То-бок, калі ў маладога чалавека сёння ёсць ідэя, прапанова, ён бачыць Беларусь у доўгатэрміновай перспектыве, ён можа скарыстацца нашай пляцоўкай, для таго каб выказаць гэтае меркаванне, — патлумачыў сутнасць ініцыятывы старшыня Маладзёжнага парламента.

Ён адзначыў, што на сённяшні дзень моладзь ужо агучыла каля 200 прапаноў, яны закранаюць розныя сферы жыцця.

— Мы іх апрацуем і ў бліжэйшы час сустрэнемся з моладдзю ва ўсіх абласцях і сталіцы (не толькі з актывам, але і з моладдзю, якая мае альтэрнатыўны пункт гледжання на працэсы, якія адбываюцца ў грамадстве). Такія дыскусійныя сустрэчы адбудуцца ва ўсіх абласцях і Мінску, — патлумачыў Ягор Макарэвіч.

Ініцыятарам сустрэч выступіць Маладзёжны парламент. Па словах яго кіраўніка, сярод прапаноў агучваюцца пытанні канстытуцыйнай рэформы, карэкціроўкі заканадаўства, стварэння дадатковых умоў для моладзі — тыя тэмы, якія рэальна яе хвалююць. Як падкрэсліў парламентарый, ён і яго калегі хочуць паказаць, што беларуская моладзь разумее і асэнсоўвае, якія перамены патрэбныя Беларусі. У першую чаргу — адкрыты дыялог з абмеркаваннем праблем і прапаноў па іх вырашэнні.

На думку Уладзіслава ВОЛЧАКА, старшыні Пастаяннай камісіі Маладзёжнага парламента па ахове здароўя, спорце і турызме, для моладзі актуальнымі з'яўляюцца тэмы размеркавання студэнтаў на першае працоўнае месца, заработнай платы, разгляду скаргаў пацыентаў на дзейнасць урача і іншыя, якія датычацца вострых пытанняў сістэмы аховы здароўя ў частцы моладзевай палітыкі.

Гаворачы аб сітуацыі ў краіне, старшыня профільнай камісіі падкрэсліў, што адкрыты дыялог і зносіны без бар'ераў дапамогуць зняць з парадку дня ўсе вострыя праблемы.

Калі ініцыятыва вітаецца

Неабходна кансалідаваць усе сілы, каб згуртаваць вакол сябе маладое пакаленне

Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Віктар ЛІСКОВІЧ сустрэўся са старшынямі гродзенскіх першасных арганізацый грамадскага аб'яднання БРСМ, паведамілі «МС» у профільнай камісіі.

Абмяркоўваючы сітуацыю, якая зараз склалася ў маладзёжным асяроддзі, парламентарый адзначыў: «На жаль, часта мы бяздзейнічаем. Трэба не баяцца праяўляць грамадзянскую пазіцыю, адстойваць свой пункт гледжання. Трэба даведацца аб спадзяваннях маладых людзей, знайсці тое, што аб'яднала б іх спачатку ў працоўных калектывах, потым — у горадзе, рэгіёне і ў канчатковым выніку — у краіне. У БРСМ для гэтага ёсць усе рычагі. Калі паказаць, у чым сіла арганізацыі, шмат моладзі павернуцца да нас. Вазьміце ініцыятыву ў свае рукі і павядзіце за сабой моладзь Гродна».

Віктар Лісковіч упэўнены, што цяперашнім пераемнікам камсамола неабходна кансалідаваць усе сілы, каб згуртаваць вакол сябе маладое пакаленне

Вольга АНУФРЫЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.