Вы тут

Эксперты: Чакаецца зніжэнне цэн на нерухомасць


Дырэктар агенцтва нерухомасці «БелЦТН» і ганаровы старшыня ГА «Беларуская асацыяцыя «Нерухомасць» Мікалай Прасталупаў расказаў пра тое, што адбываецца на рынку нерухомасці.


Якія варыянты?

Паводле яго слоў, недзе з сярэдзіны жніўня адбылося значнае зніжэнне цікавасці людзей да куплі і продажу кватэр, у разы зменшыліся прагляды жылля — усё гэта прывяло да значнага падзення аб'ёмаў здзелак у агенцтвах нерухомасці. Эксперт адзначае, што нават чаканні, што ў канцы жніўня рынак ажывіцца за кошт студэнтаў, якім неабходна жыллё, не апраўдаліся. Актыўнасць, калі параўноўваць з двухтыднёвай даўнасцю, вядома, узрасла, але не ў такіх аб'ёмах, як у мінулыя гады.

Аналітык рынку нерухомасці Дзмітрый Рытвінскі кажа, што ў бліжэйшай перспектыве рынак сутыкнецца з вялікай верагоднасцю зніжэння цэн на нерухомасць, а зніжэнне актыўнасці на рынку яшчэ больш павялічыцца. Людзі адкладаюць пакупкі, пры магчымасці — прыняцце рашэнняў аб прыцягненні крэдытаў, пераглядаюць сямейныя бюджэты, скарачаюць выдаткі, здымаюць дэпазіты, шукаюць альтэрнатыўныя варыянты куплі нерухомасці.

Актыўнасць на рынку ў чэрвені—жніўні ў параўнанні з зімова-вясновым перыядам была ў асноўным звязаная з магчымасцю ўзяць адносна «танны» крэдыт у беларускіх рублях на куплю або будаўніцтва. А што цяпер?

Намеснік начальніка аддзела кансалтынгу і аналітыкі агенцтва нерухомасці «Твая сталіца» Андрэй Чарнышоў таксама пацвярджае зніжэнне попыту на рынку нерухомасці ў жніўні. Паводле дадзеных сектара іпатэчнага крэдытавання гэтага агенцтва нерухомасці, сёння купіць у крэдыт гатовую кватэру можна толькі на першасным рынку, ды і то не ва ўсіх новабудоўлях, а толькі ў тых, што ўведзены ў эксплуатацыю, па якіх банкі прадастаўляюць «спецпраграмы» крэдытавання.

Тым пакупнікам, хто разглядае кватэры на другасным рынку, неабходна разлічваць толькі на ўласныя сродкі альбо разглядаць магчымасць набыцця ў лізінг на 10 гадоў пад 22,5 %.

Кватэры ўжо таннеюць

Аналітычным цэнтрам Realt.by былі адзначаныя змены на рынку жылля Мінска. Па-першае, індэкс цэн другаснага рынку жылля за апошні тыдзень знізіўся на 0,1 % і склаў 1399 долараў за квадратны метр.

Кватэры ў новабудоўлях Мінска за апошні тыдзень патаннелі ў сярэднім на 0,3 % — да 1329 долараў за «квадрат». Разрыў паміж сярэднім узроўнем цэн першаснага і другаснага рынкаў складае 70 долараў, што стала максімумам за восем тыдняў.

Цэны на другасным рынку жылля знізіліся ўпершыню за апошнія сем тыдняў. Будучы пералом у цэнавай дынаміцы «маячыў» яшчэ з сярэдзіны месяца, калі пачала расці колькасць зніжак у аб'явах. Пасля поўнага згортвання крэдытавання другаснага рынку далейшае зніжэнне цэн выглядае найбольш верагодным сцэнарыем развіцця падзей.

Дынаміка аб'ёму прапановы застаецца станоўчай другі тыдзень запар. Колькасць выстаўленых на продаж аб'ектаў за апошнія сем дзён вырасла на 1,7 % — да амаль васьмі тысяч аб'ектаў. Найбольш адчувальным прырост быў у сегменце аднапакаёвых кватэр (+3,1 %). Сярод раёнаў сталіцы прапанова расце хутчэй за ўсё ў Ленінскім і Кастрычніцкім. Кватэры з трыма і чатырма пакоямі патаннелі на 0,5 %. Сярэдні ўзровень цэн на аднапакаёўкі і «двушкі» ўжо некалькі тыдняў застаецца нязменным.

У раёнах сталіцы цэнавая дынаміка была розная. Найбольш прыкметнае змяненне адзначана ў Кастрычніцкім, дзе кватэры патаннелі ў сярэднім на 0,9 %.

За тыдзень змяніліся і цэны ў абласных цэнтрах Беларусі. Самая дарагая нерухомасць цяпер у Брэсце — 820 долараў за квадратны метр (+0,3 %), Віцебск — $641 (-0,2 %), Гомель — $627 (+0,4 %), Гродна — $725 (-0,6 %), Магілёў — $646 (+0,2 %).

У буйных гарадах Мінскай вобласці сярэдні ўзровень цэн на кватэры адзначыўся на такіх лічбах: Барысаў — $615 за «квадрат» (-0,3 %), Салігорск — $869 (-0,1 %), Маладзечна — $749 (-0,8 %), Жодзіна — $727 (-1 %), Слуцк — $574 (+0,1 %).

Да лепшых часоў

Перспектыў выхаду з існуючага крызісу пакуль мала.

Як адзначаюць эксперты, жыхары, якія назапасілі невялікія сумы грошай, былі гатовыя ўкласціся ў паляпшэнне жыллёвых умоў, ужо цяпер думаюць пра тое, каб адкласці вырашэнне пытання да лепшых часоў і прытрымаць сродкі. Дзмітрый Рытвінскі мяркуе, што найбольш верагодна чакаць зніжэння цэн і зніжэння актыўнасці на рынку. Зніжэнне актыўнасці мы ўжо ўбачым па выніках жніўня, а восенню гэтая тэндэнцыя працягнецца. Псіхалагічны клімат у грамадстве яшчэ можа пагоршыцца чаканнем другой хвалі COVІD-19, яно будзе таксама адбівацца на паводзінах удзельнікаў рынку. Што мы можам яшчэ ўбачыць у найбліжэйшы час, дык гэта рост колькасці прапаноў аб'ектаў нерухомасці да продажу і арэнды.

Сяргей КУРКАЧ

Фота: zhzh.com.ua

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.