Вы тут

Айчынныя спецыялісты для атамнай энергетыкі


Будаўніцтва Беларускай атамнай электрастанцыі надае новы імпульс для развіцця новых тэхналогій у краіне. І ўжо вядзецца падрыхтоўка спецыялістаў, якія будуць на ёй працаваць.


Беларуская АЭС у Астраўцы. Фота БЕЛТА

Сёлета ў БНТУ на энергетычным факультэце адкрылі новую спецыяльнасць “Праектаванне ды эксплуатацыя атамных электрычных станцый”. Выкладанне па новай спецыяльнасці будзе весціся на кафедры “Цеплавыя электрычныя станцыі”, якая ў савецкую пару супрацоўнічала з Інстытутам ядзернай энергетыкі АН БССР (цяпер “Аб’яднаны інстытут энергетычных і ядзерных даследаванняў — Сосны”): разам рыхтавалі спецыялістаў для атамнай галіны СССР. Пасля распаду апошняга кафедра выпускала спецыялістаў для беларускіх цеплавых электрычных станцый (ЦЭС).

На новую спецыяльнасць набраны першыя 20 студэнтаў. З загадчыкам згаданай кафедры, доктарам тэхнічных навук, прафесарам Мікалаем Карніцкім мы сустракаліся ў той дзень, калі адбывалася іх залічэнне. Мікалай Барысавіч не сумняваецца, што ў перспектыве студэнтаў на спецыяльнасць будуць набіраць і больш: “Сёння на БелАЭС працуе шмат спецыялістаў з‑за мяжы, у прыватнасці, з Расіі, Украіны і Літвы. Калі пройдзе яе пуск, многія з іх вернуцца дадому, а іх месцы змогуць заняць выпускнікі кафедры. Не выключана, што некаторыя з часам стануць запатрабаваныя на атамных станцыях у Расіі ці Украіне”. Прафесар грунтоўна падрыхтаваўся да выкладання прадметаў па новай спецыяльнасці: у суаўтарстве з Наталляй Зарубінай нядаўна выдаў навучальны дапаможнік “Турбинные установки ТЭС и АЭС. Устройство, эксплуатация и ремонт”. Дарэчы, прафесіяналы гавораць, што турбіны на атамнай і цеплавых электрастанцыях у нечым падобныя паміж сабой. Таму выпускнікі кафедры ранейшых гадоў таксама змогуць абслугоўваць турбіны і на АЭС.

Мікалай Карніцкі звяртае ўвагу, што новая спецыяльнасць не ўзнікла на пустым месцы: з 2008 года на кафедры вялося выкладанне па спецыяльнасці “Паратурбінныя ўстаноўкі атамных электрычных станцый”.

Першы выпуск маладых спецыялістаў быў у 2013‑м, і кафедра паспела падрыхтаваць для атамнай галіны 187 спецыялістаў. З іх на БелАЭС пасля ўніверсітэта размеркавалася 99 чалавек. А тыя выпускнікі, якія ў першыя гады яе будаўніцтва вымушаны былі пайсці працаваць на ЦЭС, пазней змаглі ўладкавацца па профільнай спецыяльнасці на АЭС. Фактычна ж на новым аб’екце па волі лёсу апынуўся кожны другі выпускнік кафедры.

“Мы падрыхтавалі добрых прафесіяналаў, якія здольныя працаваць як у турбінным цэху электрастанцыі, так і ў рэактарным, хімічным ды іншых, — гаворыць суразмоўца. — Тое заўважае й кіраўніцтва АЭС. І каб пашырыць сферы размеркавання нашых выпускнікоў, прапанавала нам на базе спецыяльнасці “Паратурбінныя ўстаноўкі атамных электрычных станцый”, якая ўжо існавала, адкрыць новую”.

Беларускія студэнты на практыцы на Смаленскай АЭС

Пад спецыяльнасць “Праектаванне ды эксплуатацыя атамных электрычных станцый” давялося распрацаваць новы вучэбны план і адукацыйны стандарт, унесці змены ў статут універсітэта, атрымаць ліцэнзію на права выкладання. Некаторыя прадметы прадоўжаць выкладаць надалей, некаторыя — перапрафілявалі пад новую спецыяльнасць. Напрыклад, на лекцыях па інфарматыцы ды інтэграванні прыкладных сістэм цяпер будзе больш надавацца ўвагі сістэме аўтаматызаванага праектавання тых або іншых прылад. Сярод новых прадметаў: “Праектаванне і эксплуатацыя парагенератаў АЭС”, “Праектаванне і эксплуатацыя турбіннай АЭС”, “Эксплуатацыя ядзерных і энергетычных рэактараў” ды іншыя.

Базы, на якіх студэнты праходзяць практыкі, застануцца ранейшымі. Паколькі ў Беларусі дагэтуль не было дзейнай АЭС, многія студэнты БНТУ праходзілі іх на аб’ектах Дзяржкарпарацыі па атамнай энергіі “Росатом”. З 2010 года яны практыкаваліся на Новаваронежскай, Растоўскай, Смаленскай, Калінінскай АЭС у Расіі. Ездзілі атрымоўваць навыкі ў Славакію — на АЭС “Моховце”, у Балгарыю — на АЭС “Козлодуй”. Некалькі разоў практыкаваліся ў Аўстрыі ў Міжнародным агенцтве па атамнай энергетыцы (МАГАТЭ). Для многіх было вельмі карысна пабачыць на свае вочы закансерваваны рэактар паблізу Вены. Многія тонкасці праектавання беларускія студэнты пераймалі ў Ніжагародскім дзяржаўным тэхуніверсітэце імя Р. Я. Аляксеева, дзе, дарэчы, ёсць філіял “Росатома”.

І замежныя навукоўцы прыязджалі на кафедру “Цеплавыя электрычныя станцыі”, што працуе на энергетычным факультэце БНТУ. Перад беларускімі студэнтамі выступаў намеснік гендырэктара, кіраўнік Дэпартамента ядзернай энергіі МАГАТЭ Міхаіл Чудакоў. Чытаў ім лекцыі й лаўрэат Нобелеўскай прэміі па фізіцы, наш знакаміты зямляк Жарэс Алфёраў. Відэалекцыі вядомых атамшчыкаў з усяго свету вяліся на энергетычным факультэце на працягу двух гадоў.

Выпускнікі атрымалі дыпломы. Мікалай Карніцкі — у цэнтры

Нагадаем, што падрыхтоўка кадраў для атамнай энергетыкі вядзецца ў Беларусі з 2008 года. Пры тым задзейнічаны 4 установы вышэйшай адукацыі: Міжнародны дзяржаўны экалагічны інстытут імя А. Дз. Сахарава, Беларускі дзяржуніверсітэт інфарматыкі ды радыёэлектронікі (БДУІР), Беларускі дзяржуніверсітэт (БДУ) і Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт (БНТУ).

Сёлета мы станем сведкамі таго, як БелАЭС дасць першы ток. Завершана будаўніцтва першага яе энергаблоку. 7 жніўня ў рэактар загружаны касеты са свежым ядзерным палівам. Наперадзе — пуск рэактара, уключэнне АЭС у энергасістэму краіны й выхад энергаблока на поўную магутнасць.

У Беларусі палічылі, што пуск Беларускай АЭС у Астраўцы дазволіць забяспечыць трэцюю частку ўнутраных патрэб у электраэнергіі. Значная частка яе выпрацоўваецца з прыроднага газу, радовішчаў якога ў Беларусі няма: штогод краіна імпартуе яго каля 20 млрд кубаметраў. Таму стаўка робіцца цяпер на альтэрнатыўную энергетыку й самыя перадавыя тэхналогіі. Запуск АЭС дасць магчымасць замяшчаць каля 4,5 млрд кубаметраў прыроднага газу ў год.

Ганна Лагун

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.