Вы тут

Расці ў шчасці, Юлія!


Школьніца Юлія Паўлюк – наймалодшая актывістка ў беларускай суполцы “Голас Радзімы”, што ва ўкраінскім горадзе Мікалаеве. Родавыя карані ў таленавітай дзяўчынкі з Палесся: з вёскі Сырская Буда Кармянскага раёна Гомельшчыны.


Напярэдадні Дня Перамогі, да 75‑х яе ўгодкаў, беларускі з Іарданіі запусцілі ў інтэрнэце патрыятычны праект “І сцерці памяць час ніколі не павінен. Чытаем па-беларуску”. Прапанавалі супляменніцы з арабскай краіны беларусам па ўсім свеце ў знак памяці пра важную частку гісторыі Бацькаўшчыны запісаць на відэа чытанне беларускіх вершаў, прысвечаных ваеннай тэме. Пра тое й мы крыху расказвалі (“Беларускі ў Іарданіі” — ГР, 19.06.2020). Як і пра тое, што ў праекце прыгожа паўдзельнічала Юлія Паўлюк з Украіны, з Мікалаеўскага абласнога таварыства беларусаў “Голас Радзімы”. Яна прачытала верш Леаніда Дайнэкі “Прынясіце кветкі салдатам” (“Дзецям дзяцей раскажыце…” — ГР, 15.05.2020). Усяго ж, як казалі потым у відэазвароце актывісткі Аргкамітэта Аб’яднання беларусаў у Іарданіі, да праекта далучыліся чытальнікі з 9‑і краін: гэта Беларусь, Украіна, Латвія, Эстонія, Італія, Ірландыя, Турцыя, ЗША, ААЭ. І, паабяцалі яны, праект будзе прадоўжаны ў наступным годзе.

Аднак вернемся да Юліі Паўлюк. Па словах кіраўніцы суполкі “Голас Радзімы” Таццяны Дзяменнікавай, дзяўчынку прывяла ў беларускую грамаду бабуля: Ала Андрэеўна Снігур. І ўжо быў у нашай газеце здымак з Дня роднай мовы ў Мікалаеве — Юлія тады спявала беларускую песню (“З мовай роднаю — чудово! — ГР, 12.03.2020). Свае людзі да сваіх прыцягнуліся. У спадарыні Алы родам з Беларусі была матуля: Юлія Лосева, 1927 года нараджэння. Таццяна даслала ў рэдакцыю цікавы дакумент — даведку. Выдадзена яна 12 студзеня 1994 года Барсукоўскім сельсаветам народных дэпутатаў (гэта ў Кармянскім раёне Гомельшчыны) Чухлебавай (Лосевай) Юліі Іванаўне ў тым, што яна сапраўды жыла ў вёсцы Сырская Буда “на оккупированной территории с августа 1941 года по ноябрь 1943 года”. з прыпіскаю: “Справка дана для предоставления в органы соцобеспечения” й заверана пячаткай з тагачасным Дзяржаўным гербам Беларусі Пагоняй. Можна меркаваць, што тады Юлія Іванаўна, жывучы ў Ленінградзе, афармляла пенсію. У Ленінградзе ж нарадзілася й Ала, якая сябе лічыць беларускай.

А што памятае яна пра Беларусь? Па нашай просьбе Ала Снігур праз Таццяну напісала: вельмі шчымлівыя ў яе ўспаміны. Толькі паглыбіцца ў іх — плача. Яна вельмі любіла дзяўчынкаю бываць на Палессі: юная ленінградка праводзіла ў роднай бабулі на Гомельшчыне ўсе летнія канікулы: “Я з бабуляй і на сенакос хадзіла, і лён убірала. Мне там вельмі падабалася, калі жанчыны спявалі ў полі. Ніколі не забыць таксама, як усе разам садзіліся есці на прыродзе, каля стагоў сена”. Маці дзяўчынкі працавала ў Ленінградзе аператарам на фаянсавым заводзе, а бацька, Чухлебаў Андрэй Паўлавіч, — плотнікам на 2-м домабудаўнічым камбінаце. У Алы яшчэ была старэйшая сястра, Таццяна. Ала Андрэеўна закончыла ў Піцеры медвучылішча, працавала ў Ваенна-медыцынскай акадэміі медсястрой. Там і пазнаёмілася з будучым мужам: Пётр Рыгоравіч Снігур вучыўся на ваеннага доктара. Потым сужонкі служылі разам у Севастопалі, а з 1980‑га — у Мікалаеве. А 8 гадоў таму Пятра Рыгоравіча не стала.

Цяпер, напісала нам Таццяна Дзяменнікава, Ала Снігур шмат душы ўкладвае ва ўнучак Юлію ды старэйшую Таццяну (пойдзе ў 11‑ы клас), далучае іх да беларускай культуры, у якой сама выхоўвалася. Дзяўчынак выхоўвае дачка Алы, Наталля Пятроўна Паўлюк, якая некалькі гадоў таму страціла мужа: раптоўна памёр, а быў ваенным і вельмі, кажуць, харошым мужам і бацькам. Юлія хутка пойдзе ў 4 клас Мікалаеўскай санаторнай школы-інтэрната І-ІІІ ступені № 4. “Яна добра вучыцца, і вельмі старанна вучыла верш “Прынясіце кветкі салдатам”, хоць часу было вельмі мала, — з цеплынёй піша Таццяна Дзяменнікава. — Такая разумнічка! Вымаўленне ў яе амаль чыста беларускае. Светлая, адкрытая, добрая дзяўчынка вельмі ўпрыгожвае нашу суполку”.

Сама ж Ала Снігур далучылася да Беларускай суполкі “Голас Радзімы” летась у кастрычніку. І, паводле яе словаў, вельмі ўдзячная за тое актывістцы Вользе Парсяк: гэта яна прывяла беларусак у кола родных людзей.

Іван Ждановіч

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».