Вы тут

Карэспандэнт «Звязды» пабывала ў аграгарадку Сосны Любанскага раёна


У Беларусі было нямала спроб падняць сельскую гаспадарку, прэстыж сельскагаспадарчых прафесій. Аднак кардынальна памяняць сітуацыю ўдалося з прыняццем Дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця вёскі на 2005—2010 гады. Толькі захаваўшы вёску, мы захаваем краіну, быў упэўнены кіраўнік дзяржавы, які паставіў задачу палепшыць умовы пражывання, якасць жыцця ў сельскай мясцовасці, наблізіць яго да гарадскога, стварыць камфортны асяродак не толькі для працы, але і для адпачынку. Гэтую задачу ўдалося часткова вырашыць з будаўніцтвам аграгарадкоў, а значыць, і жылля не толькі для спецыялістаў і работнікаў гаспадарак, але і для медыкаў, настаўнікаў, работнікаў культуры, што звязалі свой лёс з сельскай мясцовасцю.


На такіх агромністых плантацыях вырошчваюць саджанцы.

У аграгарадку Сосны Камунараўскага сельсавета Любанскага раёна пражываюць 963 чалавекі. Населены пункт знаходзіцца ўдалечыні ад бойкіх дарог, мяжуе з Гомельскай вобласцю. Да раённага цэнтра 25 кіламетраў. Але гэта не перашкода для паўнавартаснага жыцця яго насельнікаў. З Любані да Соснаў вядзе асфальтаваная дарога. Нядаўна была ўладкаваная дарога паміж Камунай і Нежынам — мясцовым жыхарам стала зручней дабірацца да сельсавета.

— У аграгарадку Сосны створаны ўсе умовы для жыцця, — упэўнены старшыня Камунараўскага сельвыканкама Мікалай Дудзік. — Тут працуюць чатыры магазіны, у тым ліку два прыватныя, школа, амбулаторыя ўрача агульнай практыкі, аптэка, сталовая, пошта, дом культуры, аддзяленне банка — раз на тыдзень прыязджае аператар з райцэнтра. Акрамя таго, два разы на тыдзень — у аўторак і пятніцу — сюды наведваюцца гандляры з іншых раёнаў з прамысловымі таварамі, харчовай прадукцыяй, вырашчанай у фермерскіх, асабістых падсобных гаспадарках. Напрыклад, са Столінскага раёна Брэсцкай вобласці прывозяць раннія агуркі, памідоры. Нашы людзі таксама іх вырошчваюць, аднак паспявае гародніна тут пазней.

— Але ж, каб набыць прадукцыю, трэба мець грошы, — звяртаюся да свайго суразмоўцы. — Як у Соснах з работай?

— Зарабіць можна, і ёсць дзе, — кажа ён.

Большая частка жыхароў працуе ў адкрытым акцыянерным таварыстве «Палессе-Агра». Гэта адна з буйных па раённых мерках гаспадарак, якая займаецца вытворчасцю мяса і малака, зерневых і зернебабовых культур. У 2019 годзе яе ўзначаліў Іван Мельнікаў. Дзякуючы яго здольнасцям кіраўніка, арганізатара вытворчасці, справы пайшлі на лад.

На тэрыторыі сельсавета ёсць Сасноўскае лясніцтва, дзе ў 1979 годзе створаны лесагадавальнік. Тут вырошчваюць сеянцы хвойных і лісцевых парод для аднаўлення лясных угоддзяў, а таксама саджанцы на продаж. На плошчы пяць гектараў разбітыя плантацыі ароніі, якая прыносіць штогод нядрэнны ўраджай ягад. У лесагадавальніку пастаянна патрэбныя ўмелыя рукі для догляду за культурамі — праполкі, паліўкі, пасадкі.

Дадатковы прыбытак у бюджэты мясцовых жыхароў прыносіць і асабістая падсобная гаспадарка. Аграгарадок Сосны, ды і наогул Камунараўскі сельскі савет, адрозніваецца ад іншых вялікай колькасцю хатняй птушкі, жывёлы. Прыватны статак налічвае 250 кароў. Людзі здаюць дзяржаве малако, а грошы ўкладваюць у далейшае развіццё гаспадаркі, вучобу дзяцей, набыццё сельгасінвентару, неабходных прадметаў хатняга ўжытку. У многіх ёсць машыны, трактары, камп'ютары.

Святлана Носікава з вёскі Нежын працавала ў ААТ «БВА» на розных пасадах: загадчыцай фермы, асемянатарам, лабарантам. Нядаўна сышла з работы па стане здароўя. Яе муж працягвае працаваць.

Сям'я трымае 14 галоў буйной рагатай жывёлы разам з цялятамі, 16 коз, індыкоў, качак, парсюкоў, каня.

— Штодзень надойваю ад кароў па 130-140 літраў малака, здаём прыёмшчыку. Сабе пакідаем толькі казінае малако, — кажа Святлана Аркадзеўна.

Яшчэ адна крыніца сезоннага заробку — збор ягад і грыбоў, якімі багатыя тутэйшыя лясы. Сёлета было шмат чарніц. У вольны ад работы час людзі ходзяць у лес цэлымі сем'ямі. Нарыхтоўшчыкі прымалі ягады па пяць рублёў за кілаграм. Прычым жыхарам не прыходзіцца ехаць у райцэнтр, каб здаць лясныя дары. У кожнай вёсцы ёсць свае прыёмшчыкі.

Як лічаць мясцовыя жыхары, іх працавітасць і руплівасць бяруць пачатак у гістарычным мінулым. На тэрыторыі сельсавета, па суседству з аграгарадком Сосны, знаходзіцца вёска Камуна. У 1929 годзе тут была створана камуна імя Беларускай ваеннай акругі. Яе арганізатар і натхняльнік — палітрук Эмануіл Модзін, які сагітаваў дэмабілізаваных чырвонаармейцаў паспрабаваць шчасця на балоцістай Любанскай зямлі. Згоду далі чатыры з іх, затым да першапраходцаў далучылася некалькі соцень паплечнікаў. За паўгода яны асушылі 40 гектараў балота. Першы ўраджай быў няўдалы. Але на другі год камунары атрымалі нябачаны ў гэтых мясцінах ураджай. Лішак здалі дзяржаве. Камунары дружна жылі, працавалі, прытрымліваліся «сухога закону». З цягам часу яны наладзілі цагляную вытворчасць, пачалі будаваць дыхтоўныя мураваныя дамы. У 1941 годзе немцы спалілі вёску. Але праз колькі часу яна адрадзілася і жыве да сённяшняга дня.

— Мы нашчадкі тых камунараў, якія сваім прыкладам даказалі, што праца прыносіць не толькі дабрабыт, але і задавальненне, — кажуць тутэйшыя людзі.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Нашчадкі камунараў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».