26 кастрычніка, панядзелак

Вы тут

«На эмоцыях не пабудуеш нешта станоўчае ці трывалае»


Cучасны беларускі інтэлігент — хто ён? Якая яго роля ў сённяшніх падзеях у грамадстве? Як знайсці ключы да дыялогу і кансалідаваць грамадства?


Прадстаўнікі навуковай, царкоўнай і грамадскай супольнасцяў прынялі ўдзел у круглым стале «Беларуская інтэлігенцыя ў выпрабаваннях часу» сумеснага праекта БелТА і Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў «Экспертны асяродак».

У пачатку сустрэчы яе мадэратар, сакратар Беларускага саюза журналістаў Вадзім ГІГІН, дырэктар Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Беларусь Вячаслаў ДАНІЛОВІЧ, дырэктар — галоўны рэдактар Выдавецкага дома «Звязда» Аляксандр КАРЛЮКЕВІЧ, дырэктар Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук, акадэмік Аляксандр ЛАКОТКА, протаіерэй, першы прарэктар Інстытута тэалогіі імя Святых Мяфодзія і Кірыла Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Сергій ГАРДУН выказаліся наконт характарыстык асобы інтэлігента: безумоўна, ён у першую чаргу — патрыёт, які перажывае за лёс Айчыны, лідар са шчырай, сумленнай пазіцыяй, да якога ёсць давер. Неад'емныя рысы інтэлігента — памяркоўнасць, імкненне знаходзіць кампраміс, кансалідавацца ў вырашэнні задач. На думку акадэміка Аляксандра Лакоткі, нейкі апантаны, часовы азарт не здольны пранікнуць глыбока ў сутнасць нашай інтэлігенцыі, бо яна склалася гістарычна, мае глыбокія карані і спрадвечныя каштоўнасці.

«Ні ў якім разе Царква не можа змагацца супраць улады»

Вадзім Гігін звярнуў увагу на пэўныя «падзелы», якія заўсёды існавалі ў асяродку інтэлігенцыі: на заходнікаў і ўсходнікаў, свядомых і несвядомых. У краіне і сёння існуюць два саюзы пісьменнікаў і два саюзы журналістаў. Адзінай, да шчасця, з'яўляецца Беларуская праваслаўная царква, якая вытрывала часы савецкага атэізму. Таму думкі прадстаўнікоў духавенства асабліва цікавыя ў рэчышчы тэмы, як пераадолець «падзелы».

Сапраўдным царкоўным інтэлігентам, на думку айца Сергія Гардуна, у паслярэвалюцыйны час з'яўляўся патрыярх Ціхан. «Яго пазіцыя была такая: мы можам даць маральную ацэнку ўладзе. Але ні ў якім разе хрысціяне, Царква не могуць змагацца супраць улады. Калі лідары белага руху прасілі яго даць блаславенне на вайну супраць Чырвонай арміі, ён штораз адмаўляўся і заклікаў да кампрамісу, перамоў», — згадаў святар. У сучаснай Беларусі ўзорам інтэлігента можа быць, па яго словах, мітрапаліт Філарэт, які заўсёды вытрымліваў узважаную пазіцыю. Як мяркуе айцец Сергій, Царква заўсёды імкнецца быць адзінай і застаецца такой, пакуль у яе не ўмешваецца палітыка.

«Тое, што адбылося на Украіне (раскол праваслаўя і заснаванне аўтакефаліі. — «Зв.»), мела месца з-за ўмяшальніцтва дзяржавы ў царкоўныя справы. У нас, дзякуй Богу, за ўсе гэтыя дзесяцігоддзі ніхто не імкнуўся парушыць царкоўны лад і сістэму. «Дабравольцаў», якія хацелі б разбурыць адзінства Царквы, адзінкі. Таму можна сказаць: такой праблемы няма», — упэўнены першы прарэктар Інстытута тэалогіі.

«Дыялог на плошчы немагчымы»

Аляксандр Карлюкевіч звярнуў увагу на тое, што ў сённяшнім грамадстве спрэчка ідзе не з-за супярэчлівасці сацыяльна-эканамічных укладаў, а з прычыны барацьбы за палітычную ўладу на пэўным прамежку часу. Але нашае грамадства не падзелена. «Давайце не будзем разлучацца, мы ўсе яшчэ разам. У нас ёсць краіна, суверэнітэт, незалежнасць і, безумоўна, у нас ёсць вялікі гістарычны вопыт, які не абмяжоўваецца вопытам Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі», — заявіў дырэктар Выдавецкага дома «Звязда».

Думку пра кансалідацыю працягнуў Вячаслаў Даніловіч. Па яго словах, дыялогу заўсёды знойдзецца месца ў грамадстве, але ён павінен грунтавацца на існуючых законах. «Мы не павінны выходзіць за рамкі законаў, бо інакш атрымліваецца проста хаос. Кожны будзе казаць тое, што хоча, і мы не будзем чуць адзін аднаго. Элементарная рэч у любым грамадстве — гэта законапаслухмянасць, — канстатаваў вучоны. — Зараз у нас абвешчаны змены ў Канстытуцыю. Давайце абмяркуем варыянт, які будзе распрацаваны. Мне падаецца, кожны будзе мець магчымасць выказацца, давесці сваю думку. Гэта нармальная практыка. Дыялог на плошчы немагчымы. Гэта эмацыйны ўсплёск, ён прысутнічае ў грамадстве, але на эмоцыях немагчыма пабудаваць нешта станоўчае ці трывалае». Спікер дадаў, што сапраўдны інтэлігент павінен умець уздымацца над сваімі эмоцыямі, «уключаць» розум, аналізаваць наступствы сваіх дзеянняў.

Па меркаванні протаіерэя Сергія Гардуна, у гэтыя тыдні асноўная місія інтэлігенцыі — тлумачыць неабходнасць дыялогу, бо не ўсе яе адчуваюць. «Калі людзі, нязгодныя з нейкімі парадкамі, усё-такі ўсвядомяць, што кампраміс магчыма знайсці, можна будзе выпрацаваць нейкую праграму. Гэта і стане выйсцем з сітуацыі», — дадаў ён.

«Залог выйсця з любога крызісу»

У Сярэднія вякі вакол беларусаў, якія сфарміраваліся ў тыя часы як народ, заснавалася адзінства суседніх народаў: рускіх, украінцаў, палякаў, татараў, яўрэяў. Усе гэтыя супольнасці, па словах акадэміка Аляксандра Лакоткі, кансалідаваліся вакол ядра, што мела беларускую мову, культуру, самасвядомасць.

«Гэта трывалая аснова з унікальным гістарычным вопытам. Калі паглядзець праз стагоддзі, то насуперак войнам гэтая этнічная супольнасць не распалася, яе сіла захавалася да нашага часу, прайшла выпрабаванні ХІХ—ХХ стагоддзяў», — сказаў эксперт.

У адказ на разважанні акадэміка Вадзім Гігін заўважыў: «То-бок вы лічыце, што наш культурны код з'яўляецца залогам выйсця з любога крызісу і канфлікту?»

«Я люблю паўтараць, што ўсё гістарычна. Гэта не з'явілася ў часы нейкага кіраўніцтва, нейкай эпохі, а фарміравалася стагоддзямі ў драматычных умовах», — адказаў Аляксандр Лакотка.

«Можна сказаць, што нацыянальны характар беларусаў і ёсць падмурак для выйсця з любой складанай сітуацыі», — выказаў ідэю мадэратар сустрэчы.

«Для развітага народа гэта сапраўды так, для народа, які склаўся грунтоўна», — падсумаваў дырэктар Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук.

Сергій Гардун звярнуўся да праблемы Злучаных Штатаў Амерыкі, дзе разгарнуліся супярэчнасці паміж афраамерыканцамі і насельніцтвам краіны з еўрапейскай знешнасцю. На яго думку, там прычыны канфлікту зразумелыя, а наша грамадства характарызуецца этнічнай аднароднасцю, канфесійнай талерантнасцю. І гэтыя паважлівыя адносіны — залог вырашэння любых сацыяльна-палітычных праблем краіны. Такую ідэю падтрымаў Аляксандр Лакотка. Па яго словах, асновай нашай кансалідацыі з'яўляецца славянскае адзінства, якое выключае падставы для латэнтнага крызісу.

«У сучасным свеце без саюза адной краіне выжыць немагчыма, у нас блізкія карані са славянскімі народамі. Нягледзячы на нейкія рэлігійныя перакананні, гэта глыбінная, стагоддзямі закладзеная аснова на генетычным узроўні працуе ў нашых народаў. Я думаю, што гэта аснова кансалідацыі», — выказаўся Вячаслаў Даніловіч.

Аляксандр Карлюкевіч упэўнены, што ў інтэлігенцыі, акрамя іншага, павінна заставацца і права быць творчымі адзінкамі. «Яна павінна браць удзел і ў вырашэнні клопатаў — дзяржаўных, агульнанацыянальных, клопатаў, звязаных з мірам, дабрынёй, сумленнасцю, з усімі тымі тэндэнцыямі, якія тысячагоддзямі былі ўпісаныя ў Евангелле», — рэзюмаваў рэдактар «Звязды».

Марыя ДАДАЛКА

Выбар рэдакцыі

Культура

Прывіды беларускіх муроў. Балі ў разбураным замку

Прывіды беларускіх муроў. Балі ў разбураным замку

Бона Сфорца не была ў Белым Ковелі, але танцуе там у выглядзе прывіду.

Грамадства

Жыццёвы шлях Якава Крэйзера. Першы камдзiў, якi атрымаў Зорку Героя, заслужыў яе, абараняючы Барысаў

Жыццёвы шлях Якава Крэйзера. Першы камдзiў, якi атрымаў Зорку Героя, заслужыў яе, абараняючы Барысаў

У пачатковы перыяд Вялiкай Айчыннай вайны зацятыя баi разгарнулiся пры абароне Барысава — старадаўняга беларускага горада на Бярэзiне.