Вы тут

Ігар Бузоўскі: Традыцыя свята пісьменства павінна заставацца адной з галоўных


2020 год паказаў, якім чынам і ў якой ступені могуць відазмяняцца звыклыя для кожнага рэчы. Гэта ж тычыцца і святкаванняў — народных і дзяржаўных, агульных і асабістых… XXVII Дзень беларускага пісьменства, які сёлета святкуюць Бялынічы, таксама ў нечым перайначваецца, але ж звычаі застаюцца звычаямі. З  намеснікам міністра інфармацыі Беларусі Ігарам Бузоўскім паразмаўлялі пра традыцыі і новаўвядзенні свята пісьменства, а таксама пра стаўленне да эксперыментаў у яго арганізацыі.


— Ігар Іванавіч, скажыце колькі слоў пра тое, як выбіраюць гарады для святкавання Дня беларускага пісьменства.

— Перш-наперш гэта імкненне ахапіць усе куткі Беларусі. А кожная вобласць прадстаўляе і адстойвае свой асобна ўзяты регіён: выканкам прапаноўвае той ці іншы горад. Бо для арганізатараў гэта магчымасць не проста правесці свята, прысвечанае Дню пісьменства ў Беларусі, але і, акрамя ўсяго іншага, кансалідаваць вялікую колькасць розных сіл, што спрыяюць развіццю регіёна ў цэлым і асобнага горада — раённага цэнтра ў прыватнасці. Гэта ў тым ліку і добраўпарадкаванне, бо годна прымаць свята з абноўленымі вуліцамі і плошчамі, адрамантаванымі культурнымі аб’ектамі — у першую чаргу інтарэс органаў выканаўчай улады, якія каардынуюць сумесныя намаганні. Паралельна падключаюцца рэсурсы навуковай і творчай сферы, якія дазваляюць раскрыць новыя ступені развіцця краязнаўства і  гісторыі, даюць штуршок для фарміравання турыстычнай галіны. Нарыхтоўкамі спецыялістаў потым карыстаюцца і горад, і раён. Таму цікавасць да свята мае і практычныя мэты.

— Чаму сёлета аргкамітэт абраў менавіта Бялынічы?

— Для многіх гэты горад, магчыма, стане адкрыццём, але яго гістарычныя карані дазваляюць казаць пра багацце агульнай гісторыі Беларусі. Гэта факты і падзеі, каштоўнасці і набыткі ў выглядзе гістарычных артэфактаў — такіх як, напрыклад, Бялыніцкая ікона, — з якіх складваецца своеасаблівы пазл. Ён паказвае, што з сябе ўяўляла Беларусь у  мінулым, асабліва што тычыцца і пісьменнасці, і духоўнай спадчыны. Нельга не згадаць і сучаснікаў, якія зрабілі неацэнны ўнёсак у фарміраванне айчыннай культуры. У іх ліку, вядома ж, Вітольд Бялыніцкі-Біруля. Новы мастацкі музей імя БялыніцкагаБірулі — пункт прыцягнення не толькі для жыхароў Магілёўскай вобласці, але і ўсёй Беларусі ды замежжа. Завітаўшы ў музей, можна нават паслухаць арганную музыку і пазнаёміцца з фрэскамі, вернутымі з небыцця. На жаль, мы сёння маем не так многа магчымасцей, каб дакрануцца да мінулага. Наступным месцам правядзення свята ўжо абрана Капыльшчына. Але на этапе вызначэння горада часцяком складана сказаць, якія пласты культуры і гісторыі будуць узняты.

— Ад чаго арганізатары ніколі не адмовяцца пры правядзенні свята пісьменства?

— Ніколі не гавары ніколі. Але, сапраўды, часам агучваюцца даволі радыкальныя думкі, накшталт змянення фармату свята ўвогуле. Але ці варта? Святу ўжо 26 гадоў — да гэтай лічбы я стаўлюся як да нечага большага, чым пералічэння праведзеных дзён беларускага пісьменства. Мы ўвесь час падкрэсліваем, што гэта ўжо традыцыя. Насамрэч у сучаснай незалежнай Беларусі вельмі мала свят, супараўнальных са шматвекавымі традыцыямі іншых краін. Сучасныя звычаі — жамчужыны, якія мы не можам згубіць і якія павінны па крупінках збіраць і прымнажаць. Традыцыя свята пісьменства, я ўпэўнены, павінна заставацца адной з галоўных.

Добрая завядзёнка — прэзентацыі творцаў з усіх абласцей на інтэрактыўных пляцоўках. Традыцыйны круглы стол пісьменнікаў Беларусі і замежжа дае магчымасць не толькі абмеркаваць пытанні літаратуры, але і паразважаць на злабадзённыя тэмы. Неад’емная частка свята — праваслаўная экспедыцыя, якая праводзіцца напярэдадні Дня пісьменства. Падчас вандроўкі розныя людзі разважаюць на Ігар БУЗОЎСКІ: «Традыцыя свята пісьменства павінна заставацца адной з галоўных» духоўныя тэмы, што ўплывае і на напісанне твораў, і на фарміраванне асоб, якія ў далейшым напішуць гэтыя творы. Дый нават гістарычна духоўнасць — у аснове кнігі. Галоўная ж падзея — узнагароджанне пераможцаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі. Гэта чарговае сведчанне таго, як у краіне ставяцца да кнігі.

— Да якіх новых фарматаў сёлета звяртаюцца арганізатары?

— Кожны раз мы імкнёмся прыўнесці нешта новае, але вельмі асцярожна, бо варта захаваць ужо напрацаванае. У аснове свята — паняцце тэксту, якое будзе асэнсоўвацца на экранах і на сцэне. Шрыфты, алфавіты, якія выкарыстоўваліся на нашай зямлі, таксама будуць пэўным чынам трансліравацца. Бо пісьменства на Беларусі — сімбіёз вялікай колькасці культур, якія акумулююцца тут. Рознабаковасць пісьменства ўключае такое паняцце, як творчасць. Мы імкнёмся да таго, каб кніга, што папулярызуецца на працягу года, атрымлівала яшчэ больш увагі падчас свята, што аб’ядноўвае творчых асоб. Гэта ў тым ліку і падтрымка пісьменнікаў, якія працуюць з такім паняццем, як менталітэт. Бо кніга, зразумела, — гэта думкі не толькі аднаго чалавека.

Вядома, звяртаемся і да новых форм работы. Так, пляцоўкай Міністэрства інфармацыі стаў Фестываль кнігі і прэсы. Сёлета мы мэтанакіравана акцэнтавалі ўвагу на тэмах малой радзімы, юбілею Вялікай Перамогі і 90-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча. Усе тэмы знайшлі адлюстраванне як у навукова-папулярных кнігах, так і ў  мастацкіх творах, якія будуць прадстаўлены на адмысловай пляцоўцы. Традыцыйны павільён «Друкарскі двор» кожны год нечым прырастае і  зможа здзівіць. Спадзяюся, ён будзе цікавы людзям не толькі маладога пакалення, але і сталага. На «Друкарскім двары» плануецца таксама пастановачная казачная пляцоўка: гісторык, філакартыст і калекцыянер Уладзімір Ліхадзедаў стварыў казачных персанажаў — драўляных гномаў беларускіх легенд, якія будуць працаваць на станках. Гэтую інсталяцыю выдатна дапаўняе кніга «Як маленькія сябры найвялікшы скарб шукалі» Ліны Багданавай, што пабачыла свет у выдавецтве «Беларусь». Дарэчы, кнігу можна будзе выйграць падчас квэсту, які добра сябе зарэкамендаваў летась у Слоніме. Сёлета гэта маштабны квэст з акцэнтамі на творах Уладзіміра Караткевіча пад назвай «Скарбы князя Гальшанскага», што пройдзе па ўсім горадзе і не будзе абмежаваны ні па часе, ні па ўзросце ўдзельнікаў. Шчасліўчыкі ж атрымаюць яшчэ і  кнігу Уладзіміра Караткевіча. Летась асабліва актыўна ў гульні бралі ўдзел дзіцячыя калектывы, якія з педагогамі прыехалі з розных куткоў Беларусі.

— Якіх змен чакаць у сувязі з эпідэміялагічнымі абставінамі?

— Па вялікім рахунку, акрамя выканання правіл, да якіх ужо ўсе прызвычаіліся, ніякіях строгіх абмежаванняў не будзе. Адно з новаўвядзенняў — зварот да анлайн-праектаў. Так, сёлета мы не зможам прыняць замежных гасцей, таму традыцыйны круглы стол беларускіх і замежных літаратараў, а  таксама некаторыя іншыя мерапрыемствы будуць трансліравацца на нашых інфармацыйных рэсурсах. Але гэта дае магчымасць паўдзельнічаць у свяце нават большай колькасці творцаў, чым звычайна. Многія праекты Дня беларускага пісьменства будуць суправаджацца ў сацыяльных сетках. Імкнёмся рабіць гэта па-новаму, што, магчыма, будуць крытыкаваць. Напрыклад, у сэрвісе TikTok размяшчаем ролікі, але для таго, каб яны дайшлі да моладзі, выкарыстоўваем пэўныя маладзёжныя прыёмы.

— У нейкай ступені шмат эксперыментаў…

— Праца па прасоўванні мерапрыемстваў Дня беларускага пісьменства на розных платформах — гэта вельмі сур’ёзная рызыка, у тым ліку фінансавая. Таму ўспрымаецца гэта ўсё па-рознаму, але агульнапрынятая практыка менеджменту такая: амаль 30 % ад бюджэту прадукту трэба патраціць на яго рэкламу. Гэта неабходна, каб атрымаць максімальны эфект ад любога мерапрыемства, што мы арганізоўваем. Да такой практыкі дапамагае звяртацца Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш, падчас якой мы робім высновы, ці дзейсныя тыя ці іншыя формы работы. Апошняя кніжная выстаўка ў Мінску паказала, што сацыяльныя сеткі ў гэтым сэнсе працуюць. Таму галоўнае, каб новыя формы знаходзілі водгалас у аматараў літаратуры. Так, сёлета фінал конкурсу «Жывая класіка» перанеслі ў студыю СТВ, хоць на канцэртнай пляцоўцы ў Бялынічах плануецца нумар некалькіх фіналістаў. Спадзяёмся, праект прывабіць тэлевізійную аўдыторыю і паўплывае на светаўспрыманне моладзі ў сэнсе чытання. Што датычыцца канцэртнай праграмы, якая будзе трансліравацца на канале «Беларусь 3», таксама спрабуем зрабіць больш яркую тэлевізійную карцінку. Наколькі гэта спрацуе — паглядзім.

— Што яшчэ хацелася б прыўнесці ў святкаванне?

— Адзін з праектаў, які мяркуем арганізаваць на якім-небудзь кніжным свяце, — стартап для ўсіх, хто хоча пісаць. На працягу 3—5 хвілін на аўдыторыю з прадстаўнікоў, напрыклад, выдавецтваў і бізнесу творцы, прафесійныя і аматары, маглі б прэзентаваць свае праекты. Стартапы зараз прапануюць ледзь не ва ўсіх кірунках — чаму б не правесці іх для літаратараў? Бо сёння не ў кожнага ёсць магчымасці і рэсурсы для таго, каб пачаць пісаць і друкавацца. Так, можа з’явіцца шанс пачуць ацэнку пісьменніка-аўтарытэта, атрымаць майстар-клас. Ідэй тут можа быць вельмі шмат. Увогуле, для мяне заўсёды было важным паняцце інфармацыі ў глабальным маштабе. Прасоўванне інфармацыі, PR-суправаджэнне — вельмі важныя складнікі таго, каб нейкі прадукт ці падзея былі запатрабаваны і, выкарыстоўваючы мову камерцыі, «эфектыўна прадаваліся». Здаецца, нам гэтага не хапае пры правядзенні розных мерапрыемстваў. Правільнае прасоўванне можа прынесці канкрэтныя здабыткі, і мы імкнёмся да гэтага. Умець прадаваць (у добрым сэнсе гэтага слова) — сёння вялікае майстэрства. Чаму цяпер у кнігу не ўкладваюць столькі грошай, як, напрыклад, у папулярную музыку, — іншае пытанне, над якім можна шмат разважаць.

— Ці можна нейкім чынам спрагназаваць колькасць сёлетніх гасцей?

— Вельмі складана, і прагнозы самыя розныя. Адбітак тут накладваюць і эпідэміялагічныя абставіны, і стаўленне да масавых мерапрыемстваў. Але імкнёмся зрабіць усё, каб наша справа была накіравана на стварэнне і падтрымку традыцыйных каштоўнасцей, што дапамагаюць краіне развівацца.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».