Вы тут

Слова як паратунак для дыялогу


Бялынічы прымаюць Дзень беларускага пісьменства, XXVII па ліку. Свята, маючы свае адметнасці, характарызуецца і пэўнымі традыцыямі. Азіраючыся назад, нельга не заўважыць і традыцыю правядзення міжнароднага круглага стала «Мастацкая літаратура як шлях адзін да аднаго». Сёлета назва ў гэтай сустрэчы, да якой замежныя літаратары — за рэдкім выключэннем — далучаюцца віртуальна, наступная: «Мастацкая літаратура як шлях адзін да аднаго: слова стваральнае і разбуральнае».


Дом прэсы, 2007

2007 год. У пярэдадзень чарговага Дня беларускага пісьменства праходзіць круглы стол. Госці Мінска, Беларусі — з Казахстана, Расіі, Польшчы, Сербіі, Чарнагорыі… Слабадан Вуканавіч, Войцах Пестка, Святлана Ананьева, Мая Длгчава… Пералік можна доўжыць. Прымаліся рэзалюцыі, рабіліся гучныя заявы… А з часам і выпрацаваўся фармат, вызначылася тая неабходнасць, дзеля чаго ў Беларусі збіраліся прадстаўнікі нацыянальных літаратур, нацыянальных культур. Мы ім паказвалі і працягваем паказваць Беларусь. Яны асэнсоўваюць усю беларускую рэчаіснасць, углядаюцца ў твары тых, хто стварае сучасную беларускую літаратуру.

Неяк я запытаўся ў Святланы Ананьевай, казахстанскай літаратуразнаўцы, што ж значаць для яе паездкі ў Беларусь (яна на пасяджэнні круглага стала прыязджае ледзьве не штогод). І вось што пачуў у адказ: «Мне падаецца, што я зразумела беларускі характар…» Не ведаю, ці прытрымліваюцца такога меркавання Валеры Тургай з Чувашыі, Адам Ахматукаеў і Пецімат Пецірава з Чачэнскай Рэспублікі, Рэнат Харыс з Татарстана, Вячаслаў Ар-Сяргі з Удмурціі, Кайрат Бакбергенаў з Казахстана, Ато Хамдам з Таджыкістана, Аляксандр Казінцаў з Масквы, іншыя паэты і  празаікі з розных куточкаў свету, але справы, да якіх яны далучыліся, якія арганізавалі ў  сваіх краінах, сведчаць, што Беларусь і беларусы — у іх сэрцах.

Народны паэт Чувашыі Валеры Тургай арганізаваў таварыства дружбы «Чувашыя — Беларусь», выдаў анталогію класічнай і сучаснай беларускай паэзіі на чувашскай мове. Народны паэт Татарстана Рэнат Харыс выдаў у Казані ў сваім перакладзе на татарскую мову кнігу «Санеты» Янкі Купалы, зборнік беларускай паэзіі на татарскай. Адам Ахматукаеў і пераклаў, і выдаў зборнік твораў беларускіх паэтаў у Грозным і надалей працягвае спрыяць публікацыям вершаў, апавяданняў сучасных беларускіх пісьменнікаў на старонках літаратурна-мастацкіх перыядычных выданняў. Прыкладаў не пералічыць.

Гэта дзякуючы руплівасці ўдзельнікаў «мінскіх сустрэч», «беларускіх сустрэч» у апошнія гады выдадзены кнігі беларускіх пісьменнікаў у Азербайджане, Чарнагорыі, Літве, Украіне, Манголіі, іншых краінах — Георгія Марчука, Мікалая Чаргінца, Алеся Бадака, Міхася Пазнякова, Марыі Кобец, Валерыя Казакова, Міколы Мятліцкага… А яшчэ і класікаў — Максіма Багдановіча, Янкі Купалы. Рыхтуецца кніга Уладзіміра Караткевіча ў перакладзе на азербайджанскую мову для выдання ў Баку.

Нацыянальная бібліятэка Беларусі, 2014 г.

Асобна хацелася б сказаць пра Сербію. У  Бялградзе жыве і  працуе Даяна Лазаравіч. Маладая перакладчыца, паэтэса, бібліёграф, яна надрукавала ў сербскай перыёдыцы творы ці не ста, а мо і болей, беларускіх пісьменнікаў у перакладзе на сербскую мову. Дзякуючы яе руплівасці ў Сербіі выдадзены кнігі Святланы Быкавай, Валерыя Казакова, Алеся Бадака, Сяргея Панізніка, Марыі Кобец, Максіма Багдановіча, маці класіка беларускай літаратуры — Марыі Мякота. У Даяны ёсць добры кансультант — доктар філалагічных навук, прафесар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Іван Аляксеевіч Чарота. Гэткі тандэм і  паспрыяў пабудове трывалага моста беларуска-сербскай літаратурнай, культурнай, асветніцкай дружбы. Дарэчы, разуменне «тандэму», спрыяння ўласціва і пабудове літаратурных зносін з іншымі краінамі. Сяброўства, жывыя кантакты, якія дапаўняюцца сістэмнымі віртуальнымі стасункамі, заўсёды прыносяць свой плён. Як прыклад: стасункі паміж Ато Хамдамам і Ірынай Качатковай (якая, на вялікі жаль, заўчасна пайшла з жыцця) дапамаглі шмат што зрабіць у галіне беларуска-таджыкскіх літаратурных сувязей. Сябруе паэт і празаік Алесь Бадак з туркменскім празаікам, перакладчыкам Максатам Бяшымавым. Вынік: многія публікацыі беларускіх аўтараў у часопісе «Дунья эдэбіяты» («Сусветная літаратура») у  перакладзе на туркменскую мову. А  сяброўства Міхася Пазнякова з чачэнскім паэтам і перакладчыкам Адамам Ахматукаевым!..

І, канешне ж, вялікая прастора, дзякуючы міжнароднаму кругламу сталу «Мастацкая літаратура як шлях адзін да аднаго», усталявалася ў плане развіцця беларуска-рускіх літаратурных сувязей. Вялікім праектам творчай дружбы можна смела назваць штогадовыя «беларускія выпускі» часопіса «Наш современник». На чале гэтай працы — літаратурны крытык, публіцыст Аляксандр Казінцаў. Беларусы шмат друкаваліся ў маскоўскіх выданнях «Иностранная литература», «Литературная газета», «Роман-газета», «Детская роман-газета», іншых часопісах. Актыўна спрыяюць прасоўванню беларускай мастацкай літаратуры ў Маскве Алесь Кажадуб, Любоў Турбіна (яна — яшчэ і даследчыца беларускай літаратуры, выдала па выніках сваіх навуковых росшукаў кнігу, рыхтуе новы зборнік артыкулаў пра беларускую літаратуру), Георгій Прахін, Юрый Казлоў…

Беларусы не засталіся ў даўгу. Шмат перакладных твораў друкуецца ў газеце «Літаратура і мастацтва», у часопісах «Полымя», «Маладосць»… «Нёман» на рускай мове змяшчае творы пісьменнікаў іншых краін. Дзякуючы падтрымцы Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь выходзіць штогадовы альманах «Далягляды», серыя кніг «Сябрына: паэзія народаў Расіі» (пабачылі свет зборнікі В. Ар-Сяргі, Р. Мінуліна, А. Ахматукаева, В. Тургая, М. Сеспеля, калектыўны зборнік «Карэнні сілу берагуць»), серыя «Светлыя знакі: паэты Кітая» (выдадзены зборнікі Ван Вэя, Ду Фу, Лі Бо, Мэн Хаажаня, Ван Гачжэня, Ай Ціна і іншых класікаў, сучасных паэтаў Кітая; да рэалізацыі праекта актыўна далучылася перакладчыцкая літаратурная моладзь, якая добра валодае кітайскай мовай,  — Дар’я Нечыпарук, Вераніка Жукавец, Алена Раманоўская)…

Жыровіцкі Свята-Успенскі манастыр, 2019 г.

Выходзіць, што плён круглага стала, які некалі быў заснаваны Міністэрствам інфармацыі Рэспублікі Беларусь, Саюзам пісьменнікаў Беларусі, надзвычайны. І, несумненна, гэтую ініцыятыву не павінны спыніць, перарваць розныя складанасці — і эпідэміялагічнага характару, і сацыяльна-палітычнага зместу. Поруч з  міністэрствам і пісьменніцкай арганізацыяй актыўны ўдзел у арганізацыі бялыніцкай сустрэчы прымаюць Выдавецкі дом «Звязда», выдавецтва «Мастацкая літаратура», а таксама Дом прэсы. Спадзяёмся, што дыялог, дыскусіі ў пярэдадзень XXVII Дня беларускага пісьменства ў Бялынічах (круглы стол пачне сваю працу ў Бялынічах 5 верасня а 11-й гадзіне) прынясуць плён па адкрыцці Беларусі, беларускай культуры, беларускай літаратуры ўсяму свету. А галоўнае, паэты, празаікі, публіцысты, літаратуразнаўцы чарговы раз пацвердзяць, што мастацкае слова заўжды павінна насіць стваральны, дзейсны характар. Разбуральныя працэсы, шлях у нікуды — гэта не для гуманістычнага свету, не для гуманістычнай літаратуры, на якой бы мове ні нараджаліся творы.

Да сустрэчы ў Бялынічах!..

Мікола БЕРЛЕЖ

Фота Кастуся ДРОБАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».