Вы тут

Бялынічы. Пад аховай Божай Маці


Літаратар і музыкант Юры Несцярэнка жыве і працуе на Бялыніччыне ўжо шмат гадоў, натхняецца яе краявідамі, вывучае і даследуе гісторыю, плённа займаецца краязнаўствам. Пра тое, што значыць для пісьменніка гэты куток Бацькаўшчыны, напярэдадні свята творца расказаў карэспандэнту «ЛіМа».


Камень на Перуновай (Ільінскай) гары з пазнакай, што адсюль пачыналіся Бялынічы

Пра гісторыю і сучаснасць

Адна з легенд распавядае, што сваю назву горад атрымаў ад цудатворнага абраза Бялыніцкай Божай Маці, што ў пачатку ХIII стагоддзя прынеслі манахі Кіева-Пячэрскай лаўры, якія выратаваліся ад войскаў хана Батыя. Аднойчы ўночы, падчас прыліву ракі Друць, ад абраза Багародзіцы стала сыходзіць свячэнне. На тым месцы вырашылі заснаваць манастыр, а горад стаў называцца Бялы нічы — белыя ночы. Стагоддзі таму гэтую святыню шанавалі ва ўсім Вялікім Княстве Літоўскім — не толькі праваслаўныя, але і каталікі, і ўніяты. Цяпер выява Багародзіцы ўпрыгожвае герб горада, але сам абраз — адна з самых каштоўных рэліквій Беларусі — у сярэдзіне ХХ стагоддзя бясследна знік, як і крыж Ефрасінні Полацкай. Але людзі вераць, што Божая Маці і цяпер ахоўвае іх край. Штогод тут ладзяцца паломніцтвы, вернікі арганізоўваюць хрэсны ход да святых месцаў, звязаных з абразом.

Ёсць і іншая версія паходжання назвы, больш ранняя — за ХІІ стагоддзе захаваліся звесткі, якія прыводзіць іераманах Васілій (Жудро). Яны распавядаюць, што існавалі летапісныя спісы, дзе згадваўся Бялын, які жыў на гэтай тэрыторыі. Такім чынам, бялынічы — яго нашчадкі, дзеці. Мне гэтая версія падаецца больш рэальнай.

Час змяняе аблічча месца

У Бялынічах прайшло маё дзяцінства з 5 гадоў і юнацтва: ад дзіцячага садка да заканчэння школы і навучання ў прафтэхвучылішчы. Потым войска, ВНУ і нядоўгае вяртанне ў роднае мястэчка. Сюды запрасілі на працу бацьку, ён стаў дырэктарам лясгаса, працаваў тут 27 гадоў. Толькі цяпер заўважаецца, як шмат аддзяляе ад тых шчаслівых часоў: няма ўжо ні садка, ні школы, ні вучылішча.

Праўда, застаюцца больш глабальныя рэчы — у асноўным прыродныя аб’екты, якія з цяжкасцю паддаюцца «перапланаванню»: рака Друць ці, напрыклад, пагорак пад назвай Перунова гара (альбо Ільінская — больш позняя назва) са старажытным каменным крыжом у цэнтры, з якога і пачыналіся Бялынічы. Таксама Ліпавы Гай, закладзены Агінскімі, дзе яшчэ пакуль захоўваецца сажалка з тых часоў, ды лес, які на пачатку 1970-х бялыніцкія лесаводы пасадзілі пад кіраўніцтвам майго бацькі.

Дарэчы, у народзе Перунову гару называлі Свінтар (польская назва, якая пазначае месца пахавання). Пагорак гэты вельмі адметны. Калісьці там была капліца, якая на пачатку ХХ стагоддзя згарэла. Пра гэта згадвалі некаторыя пісьменнікі, напрыклад, Янка Шарахоўскі. Яго апісанне таго месца супадала цалкам з  тым, што пабачыў я. Цяпер капліцу там аднавілі. А пагорак той вельмі добра падыходзіў для жытла альбо пад аб’ект абарончага значэння: побач — месца пад назвай Глінішча, Пяскі, з іншага боку — рака і крыніца. Прыродныя артэфакты як знарок сабраныя ў адным месцы. У свой час пісьменнік Міхась Карпечанка арганізаваў валанцёрскія работы, усё ўпарадкавалі, паставілі памятны знак аб тым, што тут пачыналіся Бялынічы.

Сёння — паміж тым, што было, і тым, што будзе

Від з Перуновай (Ільінскай) гары на Задруцкую Слабаду.

Існавалі ў Бялынічах і Польскія могілкі, якія зруйнавалі пасля вайны. Нядаўна там хацелі пабудаваць гіпермаркет. Але я добра памятаў пліту з надпісам аб пахаванні Адэлі з Падбярэзкіх, народжанай 19 кастрычніка 1815 года. Ёй не было яшчэ і 40 гадоў, калі яна памерла. У надпісе значылася, што побач ляжалі 2-гадовая дачка і 4-месячны сын. Пазней вядомы археолаг, бялынічанін Алесь Вашанаў знайшоў у архівах Акадэміі навук звесткі пра сям’ю Адэлі — яны захварэлі падчас эпідэміі. Я думаў, што камень закатаюць у падмурак новай пабудовы. Але ж ім зацікавіліся і вырашылі захаваць на тэрыторыі аднаго з касцёлаў. Яго ўжо былі гатовы транспартаваць, але калі даведаліся пра памеры і вагу, ад ідэі адмовіліся. Потым высветлілася, што пліта — не адзіная, ёсць тут і склепы пад зямлёй... Узнялася магутная хваля грамадскай цікавасці! Нават здолелі дабіцца, каб будаўніцтва на тым месцы забаранілі. Цяпер там разбіты сквер, дзе ўсталяваны камень і агромністы крыж з распяццем. Іншыя камяні, якія адшукалі, паскладалі побач — цяпер гэта памятны комплекс.

На месца, дзе стаяў былы знакаміты касцёл кармелітаў (на вялізных сценах ды ў сутарэннях якога мы гулялі ў  дзяцінстве), запрашаю іншагародніх сяброў і  знаёмых, каб паказаць: вось тут, пад асфальтам, засталіся пакоі, аркі, пераходы, нават не зруйнаваныя, а проста засыпаныя зямлёй. У народзе казалі, што падземныя хады вялі ў бок Ліпавага Гаю і да рэчкі. Заўжды ставіўся да гэтага як да легенды. Але з часам з’яўляліся ўскосныя звесткі, што гэта сапраўды так і было. Неяк будаўнікі капалі каналізацыю і па лініі цэнтральнай вуліцы прабілі цагляны звод, пад якім праглядалася памяшканне. Але ў савецкі час гэта было непатрэбным. Усё зацэментавалі...

Старэйшыя згадвалі, як лазілі ў тых сутарэннях і склепах у дзяцінстве. Была і пагалоска, што ў 1950-я гады там хавалася цэлая банда. А выраслі тыя чуткі з выпадку, які меў месца ў рэальнасці: там насамрэч хаваўся беглы зэк.

А справа была вось у чым. Руіны манастыра заўжды прыцягвалі хлопцаў, яны ўвесь час знаходзілі там штосьці цікавае. Якраз у развалінах двух дзяцей і вылавіў зэк... Загадаў, каб яны нікому пра яго не казалі, а толькі прыносілі ежу. Хлопцы вымушаны былі падпарадкавацца, бо, мусіць, злачынца запалохаў іх пагрозамі, што зробіць кепска іх блізкім. Праўда, праз некалькі дзён знікненне ежы заўважылі бацькі і прасачылі за дзецьмі. Беглага арыштавала міліцыя.

Дай Бог, каб калі-небудзь знайшліся зацікаўленыя і дасведчаныя людзі, якія б аднавілі старажытную гісторыю Бялынічаў. Не сумняваюся, месцы, якія б удалося аднавіць, зноў сталі б любімымі ў бялынічан.

Падчас вандровак у іншыя краіны ў мяне неаднойчы ўзнікала дэжавю, звязанае з малой радзімай. У Люблінскім ваяводстве калісьці шмат часу правёў на беразе ракі Вепж, прытоку Віслы. Вепж вельмі падобная на Друць. Таксама як і рака Лаўзітцэр Найсэ (яна ж Ніса Лужыцкая) на стыку межаў Германіі, Польшчы і Чэхіі. Сасновыя лясы ў Швецыі вельмі падобныя на нашы, хоць і растуць на іншай глебе. Але вось касцёлы ва ўсіх тых краінах іншыя — толькі ў Літве былі падобныя на былы Бялыніцкі касцёл кармелітаў.

Пацалаваныя Богам

Каменны старажытны крыж з выявамі людзей у цэнтры Перуновай (Ільінскай) гары

Бялыніцкая зямля ўзгадавала шмат талентаў, якія сталі вядомымі ў блізкім і далёкім замежжы. Напрыклад, ураджэнец Бялынічаў Юрый Арахоўскі, контр-адмірал. Апанас Лянькоў, які нарадзіўся ў вёсцы Малы Трылесін, стаў адным з заснавальнікаў ракетабудавання ў СССР. Даўно сачу за творчасцю земляка, паэта Вячаслава Казакевіча. Яшчэ ў другой палове 1980-х чытаў-перачытваў яго публікацыі ў часопісе «Юность», які, дарэчы, рэдагаваў у той час яшчэ адзін наш знакаміты зямляк Ігар Шклярэўскі. Тады ж, у  1980-я, адбылася наша першая сустрэча: Вячаслаў трапіў да мяне дадому са сваім малодшым братам ды іншымі сябрамі-бялынічанамі, якія дэманстравалі маскоўскаму госцю «юнае дараванне».

 Але зацікаўлена мы сталі кантактаваць, калі Вячаслаў Сцяпанавіч перабраўся на сталае жыхарства ў  Японію  — працаваў ва ўніверсітэтах Осака і Таяма. Дзесьці напрыканцы 1990-х ці ў самым пачатку 2000-х я  напісаў ліст да прафесара Казакевіча. Там, сярод іншага, былі пытанні пра юнацкія гады самога Казакевіча, пра Шклярэўскага — і атрымаў падрабязны адказ па ўсіх пунктах. Далей былі сустрэчы і цікавыя размовы пры кожным прыездзе Вячаслава ў Беларусь.

Запісала Яна БУДОВІЧ

Фота Юрыя НЕСЦЯРЭНКІ

Выбар рэдакцыі

Спорт

Чым жыве баранавіцкі хакей на траве і чаго яму не хапае для поўнага шчасця

Чым жыве баранавіцкі хакей на траве і чаго яму не хапае для поўнага шчасця

Баранавічы славяцца не толькі чыгункай, авіязаводам і шматлікімі прадпрыемствамі, але і хакеем на траве.

Грамадства

Чаму ў гэтым эпідсезоне варта абавязкова прышчапіцца?

Чаму ў гэтым эпідсезоне варта абавязкова прышчапіцца?

Масавая кампанія па вакцынацыі ад грыпу распачата сёлета ў краіне з сярэдзіны верасня.