Вы тут

Культурныя скарбы Магілёўскай вобласці


Магілёў не проста так прэтэндаваў на тое, каб стаць сталіцай Беларусі. Гэта горад з багатай гісторыяй, у якой пакінула свой след мноства вялікіх дзеячаў. Без іх сёння Беларусь была б зусім іншай краінай. У горадзе дагэтуль захавалася мноства помнікаў культуры, якія прыцягваюць як мясцовых жыхароў, так і гасцей нашай краіны. Магілёўскі абласны мастацкі музей імя П. У. Масленікава, Магілёўская ратуша, Мемарыяльны комплекс «Буйніцкае поле», Касцёл Святога Станіслава, Свята-Мікольскі жаночы манастыр і Магілёўскі драматычны тэатр  — усе гэтыя месцы ўжо не першы год цікавяць наведвальнікаў з розных краін.

Магілёў — найлепшы прыклад таго, як сёння ў Беларусі развіваюць сферу культурнага турызму. Гарадскія ўлады клапоцяцца не толькі пра новыя аб’екты, але і пра культурную спадчыну. Адным з такіх аб’ектаў з’яўляецца філіял Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі — Магілёўскі мастацкі музей імя Бялыніцкага-Бірулі. Установа названа ў гонар аднаго з самых значных мастакоў Беларусі. Аднак гэта не адзінае, чым дадзенае месца можа быць цікавае тым, хто вырашыць наведаць Магілёў. Сам музей пражыў жыццё не менш займальнае, чым мастак, імя якога ён цяпер носіць.


Партрэт Вітольда Бялыніцкага-Бірулі, 1898 г. Фота з сайта artmuseum.by

Музей

Рашэнне аб адкрыцці ў Магілёве філіяла Дзяржаўнага мастацкага музея БССР, прысвечанага найбуйнейшаму пейзажысту ХХ стагоддзя, ураджэнцу вёскі Крынкі Бялыніцкага раёна Магілёўскай губерні Расійскай імперыі Вітольду Бялыніцкаму-Бірулю, было прынята ў 1977 годзе. На жаль, дом, дзе нарадзіўся мастак, не захаваўся, як і звесткі пра яго выгляд, унутранае ўбранне, таму зрабіць на месцы старога будынка новы не ўяўлялася магчымым: як выканаць прынцып дакладнасці, што з’яўляецца адным з ключавых, калі гаворка ідзе аб стварэнні дамоў-музеяў? Для размяшчэння музея быў абраны двухпавярховы асабняк, потым падчас рэканструкцыі пабудавалі трэці паверх, і музей часткова прыняў той выгляд, які мае сёння. Мемарыяльны музей Вітольда Каэтанавіча Бялыніцкага-Бірулі як філіял Дзяржаўнага мастацкага музея БССР быў адкрыты 24 снежня 1982 года. Пастаянная экспазіцыя ўнікальная тым, што творы мастака суседнічаюць з яго рэчамі, а  большая частка мэблі, прадстаўленай увазе наведвальнікаў, — сапраўдныя гістарычныя артэфакты, перададзеныя ўдавой мастака Аленай Аляксееўнай. Магчымым стварэнне такой экспазіцыі стала дзякуючы таму, што жонка пісьменніка, а таксама калекцыянеры і галерэі, ва ўласнасці якіх знаходзіліся некаторыя работы мастака, згадзіліся перавезці іх у магілёўскі музей. Але за шмат гадоў працы стала відавочна, што сам будынак, а таксама экспазіцыю трэба аднаўляць, каб адпавядаць высокім сучасным стандартам. У сувязі з гэтым у 2013 годзе музей быў закрыты на рамонт.

Уваход у музей Вітольда Бялыніцкага-Бірулі.

 У 2018-м ён зноў адчыніў дзверы для наведвальнікаў пасля доўгай рэстаўрацыі. І чаканне каштавала таго. Бо цяпер, акрамя таго, што музей застаўся адным з галоўных у Беларусі, ён стаў яшчэ сучаснай мастацкай галерэяй, у стварэнні якой былі задзейнічаны самыя сучасныя тэхналогіі. У гэта цяжка паверыць, але ў музеі, які размяшчаецца ў будынку-помніку жылой архітэктуры ў стылі позняга барока канца XVII — пачатку XVIII стагоддзя, рэканструктарам удалося пры захаванні ўнутранай і знешняй дакладнасці не толькі абсталяваць новай мэбляй (гэта тычыцца толькі той мэблі, якая можа быць выкарыстана наведвальнікамі ці супрацоўнікамі, усе гістарычныя артэфакты старанна аберагаліся рэканструктарамі і таму засталіся ў першапачатковым выглядзе), сістэмамі вентыляцыі, пылувыдалення, падтрымання патрэбнай тэмпературы і вільготнасці паветра, але і стварыць безбар’ернае асяроддзе. Па словах намесніка старшыні Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта Валерыя Анатольевіча Малашкі, пасля рэстаўрацыі ў музеі створаны такія ўмовы, каб людзі з абмежаванымі магчымасцямі, у тым ліку і невідушчыя або слабавідушчыя, таксама маглі атрымліваць асалоду ад твораў мастацтва, што там экспануюцца.

Мастак

 Але што гэта за мастацтва? Хто такі Вітольд Каэтанавіч Бялыніцкі-Біруля, дзеля захавання творчасці якога было задзейнічана столькі чалавечых і грашовых рэсурсаў?

Нарадзіўся мастак 12 лютага 1872 года ў вёсцы Крынкі Бялыніцкага раёна Магілёўскай губерні Расійскай імперыі ў сям’і дробнага арандатара. Маёнтак Крынкі знаходзіўся за тры кіламетры на поўнач ад вёскі Цяхцін і дваццаць кіламетраў ад Бялынічаў. Сям’я мастака даволі часта пераязджала з месца на месца, у выніку чаго (гэта павінна было здарыцца рана ці позна) Вітольд Каэтанавіч апынуўся ў Маскве, дзе і вызначыўся канчаткова яго лёс. Пасля Кіеўскай малявальнай школы імя Мікалая Мурашкі ён паступіў у  Маскоўскае вучылішча жывапісу, скульптуры і дойлідства. Там жа, у Маскве, працаваў у майстэрні Ісака Левітана. Менавіта пад уплывам свайго настаўніка Вітольд Каэтанавіч захапіўся жанрам пейзажа, дзякуючы чаму ў будучыні стаў вядомым шырокаму колу аматараў мастацтва.

Жыццё мастака было амаль пазбаўлена нейкіх неверагодных авантур і стромкіх паваротаў. Біяграфія Бялыніцкага-Бірулі  — прыклад упэўненага ўзыходжання да творчай вяршыні. Ён адзін з тых мастакоў, якія, аднойчы выйшаўшы на пік сваёй творчай формы (у выпадку беларускага мастака гэта палотны «Час цішыні» і «Зімні сон», напісаныя ў 1911 годзе), ужо ніколі яе не страчвалі. Творца за сваё жыццё атрымаў шмат ганаровых узнагарод, у тым ліку на міжнародных выстаўках у Іспаніі і Германіі, у 1944 годзе — званне народнага мастака БССР, а у 1947-м — РСФСР, з’яўляўся сябрам Акадэміі мастацтваў СССР, Таварыства перасоўных мастацкіх выставак і Саюза рускіх мастакоў. Памёр Вітольд Каэтанавіч у 1957 годзе ў сваёй сядзібе «Чайка», якую набыў у 1912-м і дзе з таго часу праводзіў амаль увесь свой час працуючы.

«Зімні сон», 1911 г

Асноўная частка спадчыны Вітольда БялыніцкагаБірулі — імпрэсіяністычныя пейзажы Беларусі і Расіі, у  тым ліку серыя месцаў, звязаных з  рознымі важнымі момантамі жыцця рускіх літаратурных класікаў. У  пэўнай ступені беларускі мастак працягваў традыцыі лірычнага пейзажа, закладзеныя Ісакам Левітанам, але разам з тым карціны Вітольда Каэтанавіча маюць унікальны, пазнавальны стыль, які вылучае творцу сярод іншых і  не дазваляе папракнуць у залішнім «вучнёўстве» ў заходніх майстроў. Як і ў іншых імпрэсіяністаў, ключавымі сродкамі ўздзеяння на гледача былі чатыры элементы: тэхніка мазка, колеравая палітра, праца са святлом і баланс паміж мастацкім адлюстраваннем рэальнасці і яе сапраўдным выглядам. Кожны з гэтых элементаў Бялыніцкі-Біруля пераасэнсаваў і перарабіў пад сябе, каб яны суадносіліся з яго ўласнымі эстэтычнымі поглядамі і творчымі памкненнямі.

Так, напрыклад, калі аналізаваць адну з самых вядомых яго карцін «Зімні сон», дзе адлюстраваны храм у зімовую ноч, то для імпрэсіяністычнай традыцыі тэхніка даволі незвычайная, бо выява практычна «плоская», у той час як многія імпрэсіяністы, наадварот, імкнуліся выкарыстаць тэхніку напластавання фарбы, каб дамагчыся эфекту, пры якім пейзаж нібы пакідае раму, выліваецца на гледача і такім чынам робіць падвоенае ўражанне. Такая манера ўвогуле была адметным прыёмам Вітольда Каэтанавіча, бо прымушала не карціну абвальвацца на гледача сумай уражанняў, а, наадварот, гледача паглыбіцца ў карціну, апынуцца на тым жа самым месцы, што і мастак, калі пісаў яе, адчуць той жа холад, які адчуваў ён, і здзівіцца цішыні, што панавала вакол у той момант. Рух гледача, такім чынам, адбываецца не ад адлюстраванай мясціны, а, наадварот, у яе, што максімальна памяншае дыстанцыю паміж гледачом і творам.

Колеравая палітра і святло на карціне таксама незвычайныя для імпрэсіянізму. Часцей за ўсё мастакі гэтага напрамку імкнуліся зрабіць святло матэрыяльным, што асабліва добра заўважна па серыі работ Клода Манэ «Вакзал Сэн-Лазар», дзе праз клубы дыму ці ранішняга туману мы нават можам пабачыць асобныя промні. З той жа мэтай выкарыстоўваліся часцяком вельмі цёплыя колеры, бо святло і колер — два бакі аднаго медаля. Вітольд Каэтанавіч жа адначасова парушае абедзве гэтыя традыцыі. Адзіная крыніца святла на карціне — закрыты аблокамі месяц, але пры гэтым мы не бачым канкрэтных прамянёў, не бачым, якімі шляхамі святло расцякаецца па карціне. Замест гэтага ўся прастора быццам запоўнена святлом, нібы кожны асобны элемент твора не толькі выпускае свой уласны свет, але і раўнамерна размяркоўвае яго па палатне. Колеравая палітра таксама незвычайна халодная, але за кошт спалучэння з незвычайнай манерай і працай са святлом практычна чорна-белая гама нібы мякчэе залацістым свячэннем. Карціна сапраўды нагадвае сон, як і многія іншыя работы мастака, бо яго асноўны, самы каштоўны талент быў у тым, што ён бачыць казку ў той прыродзе, якая яго атачае.

Цімур ВЫЧУЖАНІН

Выбар рэдакцыі

Спорт

Чым жыве баранавіцкі хакей на траве і чаго яму не хапае для поўнага шчасця

Чым жыве баранавіцкі хакей на траве і чаго яму не хапае для поўнага шчасця

Баранавічы славяцца не толькі чыгункай, авіязаводам і шматлікімі прадпрыемствамі, але і хакеем на траве.

Грамадства

Чаму ў гэтым эпідсезоне варта абавязкова прышчапіцца?

Чаму ў гэтым эпідсезоне варта абавязкова прышчапіцца?

Масавая кампанія па вакцынацыі ад грыпу распачата сёлета ў краіне з сярэдзіны верасня.