Вы тут

Да сустрэчы на Міншчыне!


Пасля Магілёўшчыны свята роднай культуры, мовы, адным словам, прыгожага пісьменства, прыйдзе ў старажытны Капыль, на Міншчыну. У Бялынічах адбудзецца афіцыйная перадача эстафеты правядзення Дня беларускага пісьменства…


Відавочна, што грамадскасцю, Мінскім абласным выканаўчым камітэтам выбраны правільны адрас для сустрэчы ў верасні 2021 года пісьменнікаў, літаратараў, журналістаў, кнігавыдаўцоў, усіх, хто цікавіцца культурай, асветніцтвам, менавіта ў Капылі. Горад, Капыльскі раён — радзіма дзясяткаў пісьменнікаў, публіцыстаў, літаратуразнаўцаў... Кузьма Чорны, Цішка Гартны, Леў Клейнбарт, Алесь Адамовіч, Алесь Бельскі... Пералік тых літаратараў, хто нарадзіўся на Капыльшчыне, хто жыў у гэтай старонцы, падаецца бясконцым.

Ужо сёння хацелася б зрабіць некалькі пазнак для будучага свята ці, дакладней, да характарыстыкі той працы, што можа быць здзейснена ў пярэдадзень свята. За 2020—2021 гг. Бо за адзін дзень усё, зразумела, не зробіш.

Здараецца так, што праходзіць свята ў тым ці іншым месцы, а следу вартага не застаецца. У Цімкавічах ёсць цікавы музей, прысвечаны лёсу Кузьмы Чорнага, яго жыццю і творчасці. Музей — філіял Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры. Несумненна, і мінскі «офіс», і капыльскае, цімкавіцкае гаспадарства музея робяць тое, што могуць зрабіць, каб прыцягнуць увагу да радзімы класіка беларускай літаратуры Кузьмы Чорнага. Турыстычную, асветніцкую, падарожніцкую ўвагу... Але ж вынік, плён не дужа высокі. Прычыны на тое, зразумела, аб’ектыўныя. Як іх пераадолець?!. Не хацелася  б пакідаць гэтае пытанне рытарычным. Патрэбны сродкі для разумнага рэкламавання радзімы Кузьмы Чорнага як адраса літаратурна-краязнаўчага, як адраса літаратурнага турызму. Найперш гэта трэба рэалізаваць у сацыяльных сетках. Яны сёння працуюць як новыя, уплывовыя, надзвычай папулярныя медыя. Тут варта звярнуць увагу не толькі на размяшчэнне інфармацыі, але і на яе, прабачце, «упакоўку». І сам Капыль мог бы раскладвацца на некалькі адрасоў літаратурна-краязнаўчага характару. Трэба пачынаць нястомна гаварыць пра гэта, шукаць у Мінску і ў Капылі экспертаў, здольных разварушыць тэму. У нас шмат што робіцца, але ці заўважае грамадскасць зробленае?! Выйшла выдатная кніга пра Капыльшчыну лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Алеся Марціновіча. А ці прэзентавалі яе ў школах Капыльскага раёна? Ці расказалі пра яе ў абласным, раённым друку, на акаўнтах, у сацыяльных групах, якія так ці іначай адносяцца да Капыльшчыны, яе жыхароў?! Выйшла некалькі кніг доктара філалагічных навук Алеся Бельскага, які ўсё болей і болей займаецца літаратурным, гістарычным краязнаўствам. Але наклады іх зусім малыя. Баюся, што не вельмі шмат хто ведае і з зацікаўленых у Капылі пра іх выданне... Значыць, варта нешта ці нават некалькі кніг з напісанага Алесем Бельскім пра Капыльшчыну і капылян перавыдаць. І ўлічыць пры гэтым, што такі «падарунак» маглі б зрабіць сумесна і Капыльскі райвыканкам, і якоенебудзь з дзяржаўных выдавецтваў. Што датычыць, між іншым, выдавецкіх клопатаў у пярэдадзень свята пісьменства, то, як правіла, імі займаюцца толькі выдавецтвы сістэмы Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь. А астатнія?! Да сустрэчы на Міншчыне! XXVIII Дзень беларускага пісьменства пройдзе ў Капылі

Яшчэ адзін важкі клопат. Звычайна да Дня беларускага пісьменства ў тым ці іншым рэгіёне ўсталёўваўся помнік. Як правіла, у гонар той ці іншай важнай гістарычнай асобы. Не заўсёды, праўда, знаходзіцца маштабная фігура з кагорты асветнікаў у кожнай мясцовасці. Капыльшчыне ў гэтым плане надзвычай пашанцавала. Кандыдатаў на помнік можа быць некалькі. Напрыклад, чаму б не ўсталяваць помнік Алесю Адамовічу, аўтару кніг «Хатынская аповесць», «Карнікі», «Вайна пад стрэхамі», «Сыны ідуць у бой», аднаму з аўтараў «Блакаднай кнігі», кнігі «Я з вогненнай вёскі»... Дарэчы, і «Блакадная кніга», і «Я з вогненнай вёскі» перакладзены на многія мовы свету. І на кітайскую — таксама. Але ж, зразумела, тэма помніка вартая шырокага грамадскага абмеркавання, тады і яго ўсталяванне, адкрыццё будзе ўсім у радасць.

Мікола РАЎНАПОЛЬСКІ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.