Вы тут

Дыялог характару і каменя


Кожны горад, які прымае на сябе ганаровую ролю сталіцы Дня беларускага пісьменства, раскрываецца для многіх грамадзян па-новаму. Некаторыя жыхары горада, якія прызвычаіліся да яго відаў, раптам пачынаюць заўважаць незвычайную прыгажосць або даведваюцца нешта новае пра гісторыю. Не апошняе месца ў гэтых адкрыццях адыгрываюць мастацкія сімвалы Дня пісьменства. Па традыцыі сталіцу свята ўпрыгожваюць скульптурай, якую ўрачыста адкрываюць падчас святкавання. Кампазіцыя ў Бялынічах мае назву «З’яўленне іконы» і ўвасабляе момант, калі ікона Маці Божай Бялыніцкай назаўсёды ўвайшла ў гісторыю горада. Аўтар гэтай скульптуры — Аляксандр Мінькоў з Магілёва, вольны мастак, які ўсё жыццё прысвяціў працы з каменем.


Фота БелТА.

Скульптар распавядае, што з дзяцінства марыў стаць мастаком. І шлях выбраў адпаведны: спачатку скончыў мастацкую школу, пасля — вучылішча і мастацка-графічны факультэт Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Пасля заканчэння выкладаў у мастацкай школе кераміку і лепку, але хутка зразумеў, што гліна — не яго матэрыял. Не такі сур’ёзны. Майстра цікавіць менавіта таямніца каменю, апрацоўка такога ўпартага матэрыялу, геаметрыя, прастата і лаканічнасць скульптуры.

У кожнага мастака ёсць свая тэма, а любая творчасць  — спроба пранікнуць у таямніцы светабудовы, упэўнены Аляксандр. Яму падабаецца праразаць адтуліны ў скульптурах — гэтая адметнасць стылю праявілася і ў «З’яўленні іконы». Ідэя зрабіць выцінанку на крылах анёла, які трымае цудатворную ікону, узнікла дзякуючы папяровым сняжынкам, якія часта выразаюць і клеяць на вокны пад Новы год. Даведаўшыся пра выцінанку болей, аўтар вырашыў прыўнесці элемент гэтага старажытнага мастацтва і ў бялыніцкую кампазіцыю.

Любая скульптура пачынаецца з матэрыялу. Яго трэба знайсці і купіць. Дзе шукаць, Аляксандр ведае добра — замаўляе наўпрост з кар’ераў ва Украіне. Далей пачынаецца праца з каменем. І тут больш фізічнага, чым творчага, прызнаецца скульптар. На палёт фантазіі асабліва не адцягнеш увагу ад матэрыялу. Камень дыктуе — спяшацца нельга. Прадумваюцца канкрэтныя этапы працы. Гэты план павінен быць такім жа цвёрдым, як і камень. «Пераскокваць нельга, бо калі адваліцца — не прыклеіш, а калі прыклеіш — будзе заўважна», — смяецца творца.

Граніт — матэрыял наравісты. Шмат пылу, хутка стачваецца інструмент. Часам на замену інструмента марнуеш болей грошай, чым на сам камень, дзеліцца Аляксандр. Зразумела, такая праца не для кожнага, больш за тое, яна змяняе характар чалавека. «Матэрыял дыктуе свае правілы, выхоўвае, асабліва апрацоўка граніту — з мармурам куды прасцей. Трэба мець вялікую ўпэўненасць у сабе, цвёрдасць характару. Граніт не даруе памылак, яго трэба дзесьці перамагчы, дзесьці  — увайсці ў дыялог», — распавядае майстар. Менавіта стасункі з матэрыялам вызначаюць працу. Эскіз, ідэя да пачатку апрацоўкі каменю могуць быць нават не завершаныя, не дапрацаваныя. Тут Аляксандр згадвае словы Радэна: стварэнне з’яўляецца падчас працы.

Скульптуру для Бялынічаў аўтар лічыць вельмі ўдалай работай. Аляксандр рады, што гэта менавіта творчы праект, а не які-небудзь чарговы бюст нейкага дзеяча. Наконт эскізу, дарэчы, доўга спрачаліся — пакуль той не ўзнік сам. Бронзавую ікону таксама адлівалі па макетах скульптара. З гэтым было прасцей тэхналагічна — выкарыстоўваліся пластычныя матэрыялы, тая ж гліна. Ікону Аляксандр імкнуўся зрабіць падобнай да арыгінала, перадаць пранікнёнасць, светлы сум Багародзіцы па сыне. Анёл як сімвал, што яе трымае, выбраны за адпаведнасць загадкавай легендзе і нейтральнасць: вобраз анёла агульнахрысціянскі, не прывязаны ні да адной канфесіі. Гэта было адным з патрабаванняў да кампазіцыі.

«Выконваючы такія задачы, расцеш у сваіх вачах, уздымаецца самаацэнка, і асабліва адчуваеш гонар перад сваёй сям’ёй, перад сынамі», — расказвае скульптар. Аляксандр Мінькоў — шматдзетны бацька. У адным з інтэрв’ю БелТА ён заўважаў, што на адкрыццё скульптуры абавязкова прыйдзе разам з сям’ёй.

 Сапраўды, фотаздымкі наўрад ці могуць перадаць натуральную моц каменю і узнёсласць духоўнай кампазіцыі. Аляксандр Мінькоў у апошнія гады працуе толькі з гранітам (такіх скульптараў сапраўды вельмі мала ў Беларусі). Але галоўная прычына гэтага менавіта ў тым, што граніт адпавядае яго характару, цікавы майстру як суаўтар і суразмоўца. Колькі яшчэ гарадоў атрымаюць сімвалы і ўпрыгожванні, дзякуючы яго таленту!..

Ганна ІВАНОВА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.