Вы тут

Навукова-практычная канферэнцыя «Бялыніцкія чытанні» адбылася ў Бялынічах


Навукова-практычная канферэнцыя «Бялыніцкія чытанні» адбылася ў Бялынічах, дзе сёння адзначаецца XXVІІ Дзень беларускага пісьменства. Гэта адно са шматлікіх мерапрыемтсваў, якія тут сёння запланаваныя. Дарэчы, Бялынічы — трэці горад Магілёўскай вобласці, які прымае ўдзельнікаў і гасцей гэтага маштабнага літаратурнага свята. Галоўныя яго героі — пісьменнікі і краязнаўцы.


Удзельнікаў навукова-практычнай канферэнцыі віталі супрацоўнікі міністэрства інфармацыі і Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. У адрас удзельнікаў чытанняў былі зачытаныя вітальныя звароты міністраў інфармацыі Ігара Луцкага і культуры Юрыя Бондара. Разам са шчырымі віншаваннямі была выказана падзяка за тую вялікую даследчую краязнаўчую работу на карысць сваёй малой радзімы і ўсёй краіны, якая тут праводзіцца. Гэта дапамагае разумець, адкуль вядзе сваю гісторыю беларускі народ і якія заслугі мае.

Удзел у чытаннях прынялі 24 даследчыкі, сярод якіх і рэдактар раённай газеты «Зара над Друццю» Міхась Карпечанка. Сёлета ў розных сталічных выдавецтвах выйшла тры яго кнігі на краязнаўчую тэматыку. У сваім дакладзе ён адзначыў, што сярод асветнікаў, якія праславілі бялыніцкую зямлю ў дарэвалюцыйны час, быў іераманах Бялыніцкага Раства-Багародзіцкага манастыра Васіль Журдо. За 8 гадоў свайго знаходжання ў Бялынічах ён выдаў 15 кніг і брашур. Васіль Журдо спрабаваў свае сілы і ў пісьменніцкай дзейнасці. Яго паэтычную спадчыну складаюць тры рускамоўныя зборнікі. Дарэчы, пра вялікую даследчую дзейнасць спадчыны роднага краю ў Бялынічах сведчыць і тое, што тут з 2002 года функцыянуе Бялыніцкае краязнаўчае таварыства, а ў 2005 годзе на шостых Бялыніцкіх краязнаўчых чытаннях была створана Асацыяцыя краязнаўцаў малых мястэчак, куды ўвайшлі даследчыкі мясцовых традыцый з Асіповічаў, Бялынічаў, Галоўчына, Эсьмонаў, Міславічаў, Краснаполля, Шклова, Чавусаў, Чэрыкава. Асноўная іх задача — вывучэнне мінулага родных паселішчаў, прапаганда гісторыі і культуры сваіх раёнаў, абмен досведам.

У рамках навукова-практычнай канферэнцыі прайшло ўзнагароджанне лепшых даследчыкаў, якія зрабілі ўнёсак у беларускую культуру і літаратуру, граматамі аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Сярод іх і стваральнік своеасаблівай энцыклапедыі пра свой аграгарадок Уладзімір Чужаўка, гісторык Вішоўскай сярэдняй школы.

Удзельнікі чытанняў змаглі таксама азнаёміцца з выставай Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. На ёй былі прадстаўлены работы пераможцаў конкурса «Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры», у якім прымалі ўдзел 43 ўдзельнікі з ліку сельскіх, раённых, пасялковых і гарадскіх бібліятэк.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.