19 верасня, субота

Вы тут

Бялынічы прынялі Дзень беларускага пісьменства


Дзень беларускага пісьменства ў Бялынічах пачаўся з падарункаў гораду. Ранкам 6 верасня адбылося адкрыццё скульптурнай кампазіцыі, прысвечанай Бялыніцкай іконе Божай маці. Гранітны анёл упрыгожыў плошчу каля царквы ў гонар іконы. Памер каменнага анёла, які выкананы з пакастоўскага граніту — 3 × 2 м. Аўтарам скульптуры выступіў магілёўскі майстар Аляксандр Мінькоў.


«Скульптура прысвечана Бялыніцкай Божай маці, якая з’явілася людзям цудоўным чынам. І хацелася неяк перадаць гэты цуд. Былі ідэі зрабіць манаха, але вырашылі ўвасобіць нейтральны вобраз анёла з беларускай выцінанкай. І гэта ўсім спадабалася. Задача была цяжкай, але вынік перасягнуў усе чаканні», — адзначыў майстар.

Адкрывалі новую славутасць намеснік прэм’ер-міністра Ігар Петрышэнка, міністр культуры Юры Бондар, міністр інфармацыі Ігар Луцкі, прадстаўнікі духавенства і мясцовай улады.

Урачыста расчыніў свае дзверы і Бялыніцкі мастацкі музей імя В.К. Бялыніцкага-Бірулі. У новым музеі ўсе жадаючыя могуць пазнаёміцца з карцінамі знакамітага земляка, гісторыяй Бялыніцкага краю. Упершыню ў музеі з’явілася зала «Духоўнасць». Цэнтральным экспанатам стала фрэска «Узыходжанне на Галгофу».

«Я хачу павіншаваць усіх жыхароў нашай краіны з гэтым цудоўным святам, якое мы штогод адзначаем у першыя выходныя верасня. Я жадаю ўсім нам здароўя, дабрабыту, шчасця. А пісьменнікам — натхнення на новыя творы, якія будуць чытаць розныя пакаленні.

Новы выдатны музей Бялыніцкага-Бірулі абсталяваны ўсімі сучаснымі тэхналогіямі. Ён будзе радаваць не толькі жыхароў Бялыніцкага раёна, але і ўсю нашу краіну. Сюды будзе прыязджаць шмат экскурсій. Плануюцца адпаведныя ўрокі для дзяцей, каб яны ведалі і шанавалі гісторыю нашай краіны і ведалі, якія выдатныя людзі ў нас ёсць. Магілёўшчына — вельмі маляўнічы край і ўсё гэта відаць у пейзажах Бялыніцкага-Бірулі.

Падчас падрыхтоўкі свята праведзена вялікая арганізацыйная работа з боку Магілёўскага аблвыканкама, Бялыніцкага райвыканкама. Мы ўсе бачым, як змяніўся горад. Мы рады праводзіць такое адметнае свята ў прыгожых, цікавых Бялынічах», — адзначыў Ігар Петрышэнка.

Свята беларускага пісьменства будзе працягвацца ў Бялынічах увесь дзень. Фестывалі кнігі, беларускай кухні, літаратурныя імпрэзы, канферэнцыі, выставы і тэматычныя пляцоўкі — арганізатары падрыхтавалі насычаную праграму, дзе кожны знойдзе мерапрыемства па душы.

Якуб Колас, Янка Купала, Кузьма Чорны на Дні беларускага пісьменства ў Бялынічах

Выставы, прысвечаныя беларускім літаратарам, прадстаўлены ў Бялынічах. На час святкавання Дня беларускага пісьменства гарадскі медыяцентр «Зорка» пераўтварыўся ў алею славы беларускіх пісьменнікаў. 

У 2020 годзе адзначаецца 120 гадоў ад дня нараджэння знакамітага пісьменніка Кузьмы Чорнага. З гэтай нагоды ў Бялынічах Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры арганізаваў літаратурна-дакументальную выставу «Кузьма Чорны. Чалавек — гэты цэлы свет». На стэндах прадстаўлены асноўныя этапы жыцця і творчага шляху пісьменніка. Наведвальнікі экспазіцыі маюць магчымасць убачыць копіі рукапісных дакументаў Кузьмы Чорнага і праз ключавыя цытаты з яго твораў і дзённікаў пазнаёміцца з унутраным светам майстра. Сімвалічна, што эстафету правядзяння Дня беларускага пісьменства на наступны год прыняў Капыль, малая радзіма Кузьмы Чорнага. 

Удзельнікі Дня беларускага пісьменства змаглі з новага боку паглядзець на легенду беларускай літаратуры. Да свайго 60-годзя Дзяржаўны літарататурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа падрыхтаваў выставу «Напрадзе многа дарог і шмат далячынь». Экспазіцыя з архіўнымі дакументамі і рэдкімі фотаздымкамі раскрывае Якуба Коласа ў першую чаргу як грамадскага дзеяча. «Мы ўсе ведаем нашага песняра як пісьменніка. Але ён вёў актыўную грамадска-палітычную дзейнасць і зрабіў шмат карыснага для нашай краіны і яе народу. І наша задача — паказаць яго і з гэтага боку», — адзначаюць арганізатары. 

Арганізатары аддалі даніну павагі і Янку Купалу, падрыхтаваўшы выставу «Ты далёка, ты блізка, ты побач», прысвечаную творчым стасункам і сяброўству Янкі Купалы і іншых беларускіх творцаў. Атрымаць цікавую інфармацыю аб паэце і яшчэ раз атрымаць асалоду ад яго твораў змог кожны наведвальнік выставы. 

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры прадставіў экспазіцыю «Біблія для народа» Васіля Кораня. Біблія Кораня — унікальны помнік побытавага праваслаўя, створаная у XVII-XVIII стагоддзях таленавітым майстрам з народу.</p>

Валерыя СЦЯЦКО

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА


Выбар рэдакцыі

Спорт

Чым жыве баранавіцкі хакей на траве і чаго яму не хапае для поўнага шчасця

Чым жыве баранавіцкі хакей на траве і чаго яму не хапае для поўнага шчасця

Баранавічы славяцца не толькі чыгункай, авіязаводам і шматлікімі прадпрыемствамі, але і хакеем на траве.

Грамадства

Чаму ў гэтым эпідсезоне варта абавязкова прышчапіцца?

Чаму ў гэтым эпідсезоне варта абавязкова прышчапіцца?

Масавая кампанія па вакцынацыі ад грыпу распачата сёлета ў краіне з сярэдзіны верасня.