Вы тут

Студэнты Гродзенскага аграрнага ўніверсітэта адзначылі 18-ю гадавіну БРСМ велапрабегам па горадзе


Упершыню падобная акцыя адбылася тры гады таму. Праз год ідэю падтрымалі. І вось 6 верасня, у дзень стварэння грамадскага маладзёжнага аб'яднання, прайшоў чарговы, чацвёрты па ліку велапрабег будучых спецыялістаў-аграрыяў.


А каб мерапрыемства стала яшчэ і пазнавальным, старшакурснікі ВНУ прапанавалі зрабіць экскурс па гістарычных мясцінах горада. Яны выступілі ў якасці гідаў для першакурснікаў, многія з якіх прыехалі на вучобу з розных раёнаў вобласці.

Старт велапрабегу быў дадзены ад маладзёжнага цэнтра «Гродна». Далей маршрут пралягаў праз парк імя Жылібера, каля старажытнай лютэранскай кірхі, заапарка, Свята-Пакроўскага кафедральнага сабора, дома пісьменніцы Элізы Ажэшкі, драмтэатра, Старога і Новага замкаў, Вялікай харальнай сінагогі. Фінішавалі студэнты ў Каложскім парку, непадалёк ад знакамітай Каложскай царквы ХІІ стагоддзя. Такім чынам удзельнікі велапрабегу не толькі даведаліся шмат пазнавальнага, але і з карысцю для здароўя правялі свой час. Па словах сакратара пярвічкі ГА «БРСМ» аграрнага ўніверсітэта Вікторыі Бобніс, такія сумесныя акцыі садзейнічаюць яшчэ большай згуртаванасці студэнтаў, даюць імпульс для новых спраў і ўздымаюць настрой.

Дарэчы, гэтым разам прадстаўнікі аграрнага ўніверсітэта ўдзельнічалі ў велапрабегу не ўпершыню. У жніўні актывісты прафсаюза студэнтаў прынялі ўдзел у першым Гродзенскім абласным прафсаюзным велапрабегу «За Беларусь». Тады маршрут праходзіў па маляўнічых мясцінах Гродзенскага раёна.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота: grodnonews.by

Загаловак у газеце: Дзень нараджэння — на ровары

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.