Вы тут

У слаўгарадскім храме Раства Прасвятой Багародзіцы знікае ўнікальны насценны роспіс


У храме знайшоўся фота альбом, якому болей 40 гадоў. Вучоныя Міністэрства культуры БССР зафіксавалі ў ім усе фрэскі, якія захаваліся на той момант. Іх тут пазначана 57. Зараз гэтых фрэсак значна паменшылася, але апошнім часам вернікі сталі заўважаць, што іх контуры сталі больш яркімі і кантраснымі. Царква, нібы жывая, стала нагадваць, што ў нас яшчэ ёсць шанц выратаваць гэтую прыгажосць.


Школа Баравікоўскага

Такім быў храм у 1989 годзе.

Хрыстос сядзіць на аблоках, а вакол яго сабраліся прарокі. Гэтая фрэска над алтаром выглядае найбольш ярка, нават здаецца, што напісана яна зусім нядаўна. Настаяцель храма айцец Уладзімір кажа, што апошнім часам фарбы на ёй сталі больш сакавітыя. Ярчэй становяцца і некаторыя іншыя фрэскі. Нават літары, якія пад слоем вапны раней было немагчыма прачытаць, сталі выразныя. Ён чытае і тлумачыць старадаўні надпіс на сцяне:

— Мы павінны болей глядзець на свой унутраны свет, на сваю душу. Мы ж часцей бачым грахі брата свайго, а ўласныя не заўважаем.

Гісторыя храма пачынаецца ў канцы XVIII стагоддзя. Пасля падзелу Рэчы Паспалітай у верасні 1772 года Прапойская воласць была далучана да Расійскай імперыі і падорана Кацярынай ІІ князю Аляксандру Галіцыну. У 1793 годзе па яго распараджэнні і была пабудаваная царква Раства Прасвятой Багародзіцы. Фрэскі, якімі яна ўпрыгожана, зусім не падобныя на малюнкі мясцовых мастакоў, тут адчуваецца вытанчаны густ, прафесійная манера. Ад іх нельга адвесці вочы, яны чымсьці нагадваюць карціны з Траццякоўкі або Эрмітажу.

Будаўніцтва храмаў Раства Прасвятой Багародзіцы ў Слаўгарадзе і Іосіфаўскага сабора ў Магілёве прыйшлося прыблізна на адзін і той жа перыяд. Вядома, што майстар распісваў сцены Іосіфаўскага сабора. Магчыма, быў ён і ў Прапойску. У канцы 60-х гадоў ХХ стагоддзя вучоныя Міністэрства культуры БССР пісалі, што больш дэталёва гісторыю будаўніцтва храма трэба вывучаць у маскоўскіх архівах князя Аляксандра Галіцына. На той момант было вядома толькі, што мастакоў прывозілі з Масквы і гэта былі майстры школы Баравікоўскага. Улічваючы, што Іосіфаўскі храм у Магілёве быў узарваны ў савецкі перыяд, храм Раства Прасвятой Багародзіцы стаў адзіным у Беларусі месцам, дзе такі роспіс яшчэ захаваўся. Рускі мастак, майстар партрэта, акадэмік Імператарскай Санкт-Пецярбургскай акадэміі мастацтваў Уладзімір Баравікоўскі нарадзіўся ў сям'і іканапісцаў і асновам гэтага мастацтва навучыўся яшчэ ў дзяцінстве. Калі яго роспісы трапілі на вочы імператрыцы Кацярыны Вялікай, яна запрасіла яго ў Пецярбург. Рэлігійны жывапіс Баравікоўскага можна ўбачыць на сценах Казанскага сабора і царквы на Смаленскіх могілках у Пецярбургу.

Пра слаўгарадскі храм згадваў у сваім «Вопыце апісання Магілёўскай губерні» Аляксандр Дэмбавецкі, які быў яе губернатарам у канцы XIX стагоддзя. Ён пісаў, што гэтая культавая пабудова з'яўляецца галоўным упрыгожваннем мястэчка. Храм стаяў на ўзвышшы, і яго было відаць за 34 кіламетры.

Таямнічы герб роду Галіцыных

Увесь альбом запоўнены чорна-белымі фотаздымкамі насценнага роспісу. Ён амаль цалкам прысвечаны апісанню фрэсак слаўгарадскай царквы, але ў канцы ёсць і некалькі фотаздымкаў роспісу храма ў аграгарадку Вейна Магілёўскага раёна.

Самая яркая — фрэска над алтарнай часткай, дзе прарокі пакланяюцца Госпаду.

На жаль, у Слаўгарадзе захавалася не вельмі шмат з таго, што сфатаграфавана і апісана. Якраз там, дзе сёння прадаюць свечкі, на сцяне вельмі выразна праступае сюжэт аб неміласэрным даўжніку. Памятаеце? Гэта прытча пра чалавека, які папрасіў цара адтэрмінаваць яго доўг, і той даў згоду. Але сам прасіцель не пажадаў дараваць сваім даўжнікам. Гэтую прытчу Хрыстос расказаў апосталу Пятру, калі той спытаўся, колькі разоў можна дараваць брату.

— А вось прытча пра багацея і беднага Лазара, далей — пра пацалунак Іуды, — паказвае айцец Уладзімір на ацалелыя фрэскі, а я сама сабе думаю, як гэта сёння актуальна.

Захавалася фрэска, дзе першасвяшчэннік дапытвае Хрыста. Вакол на арыштаванага напірае натоўп, які прагне крыві. Здаецца, нават тут чуеш іх крыкі — «Разапні!» Але самая яркая — усё ж такі фрэска над алтарнай часткай, дзе прарокі пакланяюцца Госпаду.

Старшы навуковы супрацоўнік Слаўгарадскага раённага гісторыка-краязнаўчага музея Вера Стасенка, якая часта сюды прыводзіць экскурсіі, з захапленнем адзначае, як выразна праявіліся гэтыя малюнкі за апошні час. Мне падаецца, што я бачу выяву Кацярыны Вялікай, але мой гід папраўляе, што гэта — Надзея, а вунь там ёсць яшчэ Вера і Любоў. Вельмі добра захавалася фрэска, дзе Божая маці Марыя вітаецца з маці Іаана Папярэдніка — Елізаветай. На думку маёй павадыркі, на храмавых сценах захаваўся і герб роду Галіцыных.

— Я мяркую, што гэта ён і ёсць, — паказвае яна на выяву пад столлю. — Прычым не Аляксандра, якому было падаравана гэтае мястэчка, а яго стрыечнага брата Дзмітрыя, які жыў у Францыі. Вунь і літара Д праступае. Аляксандр пісаў Дзмітрыю ў Францыю, што калі б Прапойск быў не за 600 вёрстаў ад Масквы, ён бы і не знайшоў лепшага месца для адпачынку. Яму вельмі тут падабалася.

Вера Стасенка знайшла ў архіўных запісах, што менавіта Дзмітрый дапамагаў будаваць Аляксандру царкву. А памёр ён у 1793 годзе, калі яна ўжо была пабудавана. Хутчэй за ўсё, у памяць аб памерлым і намалявалі гэты герб, лічыць супрацоўніца музея.

— Я ўвесь час чакала, калі праявіцца гэтая фрэска, каб разабрацца, што да чаго, — кажа яна. — Спачатку думала, што гэта літара А, але зараз, калі надпіс стаў больш выразны, бачна, што гэта Д. Цяпер зразумела, адкуль тут на сценах надпіс пра Дзмітрыя Растоўскага.

Старшы навуковы супрацоўнік Слаўгарадскага раённага гісторыка-краязнаўчага музея Вера Стасенка паказывае герб Дзмітрыя Галіцына.

Храм, які збіраліся зрабіць музеем

У аддзеле ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Слаўгарадскага райвыканкама захоўваюцца два вялікія тамы з надпісам: эскізны праект. Міністэрства культуры БССР двойчы рабіла спробу вярнуць гэты помнік архітэктуры да жыцця. Ёсць праектны эскіз 1969 года з падрабязнымі схемамі, апісаннямі і планамі, дзе пазначана, што храм павінен быць вернуты да першапачатковага выгляду. А калі гэта адбудзецца, адкрыць у ім музей. Рэстаўрацыйныя работы планавалася пачаць ужо ў 1969 годзе і весці на працягу наступнай пяцігодкі — да 1975 года. Але нешта гэтаму перашкодзіла. Другі раз паспрабавалі ажно праз 20 гадоў — у 1989 годзе, з тымі ж мэтамі. Прычым пад адміністрацыйны будынак планавалася адвесці былую царкоўнапрыходскую школу, што стаіць побач з царквой, а храм павінен быў стаць вялікай экспазіцыйнай залай.

У дакументах гаворыцца, што слаўгарадскі храм унікальны тым, што «нясе новыя рысы культуры будаўніцтва канца XVIII — пачатку XIX стагоддзя, з вольнай трактоўкай класічных прыёмаў і формаў». У яго інтэр'еры было распісана ўсё — і сцены, і купал. Карнізы аконных слупоў сваім роспісам імітавалі лепку. Рэстаўрацыйныя работы планавалася праводзіць у майстэрнях Міністэрства культуры БССР. Вера Стасенка мяркуе, што частка фрэсак і зараз захоўваецца дзесьці там. У храме прадугледжвалася стварыць паветранае ацяпленне, каб тэмпература зімой не зніжалася больш чым да плюс 18 градусаў, а летам не падымалася вышэй за 25. У цэнтры залы павінна была з'явіцца вялікая жырандоля, у якой свечкі імітавалі б лямпы напальвання. Тут збіраліся аднавіць страчаную вінтавую лесвіцу на хоры, металічныя дэталі і крыжы. Планавалася таксама рэстаўрыраваць званіцу, якая па форме паўтарае храм, але ў паменшаных памерах, і царкоўнапрыходскую школу.

Але хутка пачнецца распад Савецкай дзяржавы, і пра помнік архітэктуры зноў забудуцца.

Гісторыя пад пагрозай

У Слаўгарадскім райвыканкаме ідэю рэстаўрыраваць храм лічаць нерэальнай. Бо нават немагчыма ўявіць, колькі гэта будзе каштаваць. Але ніхто не спрачаецца, што ён — самая галоўная слаўгарадская жамчужына, якую трэба ратаваць. Вось толькі хто возьме на сябе выдаткі?

— Хто захоча дапамагчы, дапаможа, — уздыхае айцец Уладзімір. — Шмат хто прыязджае сюды, у тым ліку і расіяне. Усе ў захапленні, але далей гэтага справы не ідуць. Калі тое будзе трэба Госпаду, спонсар знойдзецца. Мы ж не ведаем, як зрабіць вонкавы рамонт: няма грошай. Званіцу неабходна рамантаваць. Вясной прыязджалі будаўнікі з Магілёва і налічылі за вонкавы рамонт храма і званіцы 52 тысячы рублёў. Для нас гэта вялікія грошы. Вясной будзем прасіць у мясцовай будаўнічай арганізацыі вышку і нешта рабіць. Восенню займацца гэтым бессэнсоўна. Кожны год белім, падмазваем, але за зіму ўсё абсыпаецца. Храм утрымліваем выключна на тыя грошы, што прыносяць прыхаджане. А іх, на жаль, не хапае.

Айцец Уладзімір працуе ў прыходзе ўжо каля 10 гадоў і робіць усё, што можа, каб захаваць месца для малітвы. Зімой храм не ацяпляецца, а таго цяпла, якое ён назапашвае за лета, хапае да Раства, кажа свяшчэннік. Калі вельмі холадна, службы ідуць у цёплым храме — будынку, што стаіць побач. У савецкі час там прымалі бутэлькі, а даўней, як расказваюць мясцовыя старажылы, у ім былі княжацкія стайкі. Вернікі пра гэта ведаюць і не вельмі ахвотна туды ідуць.

Цікава, што фрэскі надзвычай стойка пераносяць выпрабаванне надвор'ем. За ўвесь час сваёй службы ў храме айцец Уладзімір не заўважыў, каб яны сапсаваліся. Наадварот, становяцца ўсё ярчэй.

Са слаўгарадскім храмам звязана шмат легенд. Расказваюць, што пад падмуркам быў склеп і нават падземны ход. Айцец Уладзімір згадвае, што ён чуў наконт гэтага ад прыхаджан.

— З правага боку была пахавана дзяўчынка — дачка фундатараў, нават стаяў помнік, — кажа ён. — Калі грукаеш ломам, сапраўды адчуваеш, што ўнізе пустэча. Там яшчэ расла бяроза. Калі храм перадалі вернікам, бярозу зрэзалі, а калі яе выкарчавалі, адкрыўся ўваход пад алтарную частку. Там былі пахаванні. Адна жанчына, якая тут працавала, але ўжо памерла, расказвала, што лазіла туды і бачыла іх. Кажа, што адтуль ішоў моцны прыемны пах. Потым гэты ход завалілі. Я сам не бачыў, расказваю тое, што чуў. Не мая гэта справа наогул. Я тут сам на паслушэнстве ў Бога.

Зразумела, што без удзелу дзяржавы тут не абысціся. І Вера Стасенка спадзяецца, што грошы на рэканструкцыю абавязкова знойдуцца. Магчыма, калісьці Слаўгарад таксама стане сталіцай Дня беларускага пісьменства. А чаму б не? Тут нарадзіліся вядомы кампазітар Восіп Антонавіч Казлоўскі, духоўны прапаведнік Іван Іванавіч Грыгаровіч, летапісец ігумен Арэст, партрэтыст Фёдар Тулаў. Цэнтрам духоўнага жыцця з'яўляецца ўнікальны помнік прыроды рэспубліканскага значэння «Блакітная крыніца». Можна лічыць, што адсюль таксама пачыналася хрышчэнне. Крыніца тады стала чымсьці падобным на Іардан у Ізраілі — тут хрысцілі паганцаў. Ну а духоўным цэнтрам у тутэйшых мясцінах, безумоўна, з'яўляецца храм Раства Прасвятой Багародзіцы. Бо нават тыя адзінкавыя фрэскі, якія яшчэ ацалелі, красамоўна сведчаць, што, акрамя грошай і ўлады, ёсць яшчэ моцны дух і вера.

Нэлі ЗІГУЛЯ, фота аўтара

г. Слаўгарад

Загаловак у газеце: Фрэскі шукаюць спонсара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.