Вы тут

«Калі не цяпер, то калі?» Гісторыі людзей і іх жаданняў, якія ўдалося здзейсніць насуперак пандэміі


Стоячы на кухні, Каця, гаспадыня кватэры, дзе я здымаю пакой, раптам расказала, што нарэшце пачала карыстацца сваімі духамі «Шанэль № 5». Яна захоўвала флакончык з любімым водарам, падораны бацькамі чатыры гады таму. Пасля невялікай паўзы Каця вымавіла: «Калі не цяпер, то калі?»

Гэтая фраза стала зыходнай кропкай у маёй гісторыі. Я адразу падумала, што сёння многія з нас пачынаюць па-іншаму ацэньваць сваё жыццё. Змяняецца яго рытм, змяняецца ранейшая сістэма каштоўнасцяў: тое, што было галоўным напярэдадні і падчас пандэміі, сыходзіць на другі план. І наадварот.

«Калі не цяпер, то калі?» — гэта гісторыі звычайных людзей і іх жаданняў, якія ўдалося здзейсніць насуперак пандэміі COVІD-19, а можа, дзякуючы ёй.

Яны ведаюць адно — іх жыццё не будзе ранейшым.


Таццяна Уласенка, 39 гадоў, журналіст, Мінск:

— Я заўсёды марыла быць стылістам. Хацела навучыцца краіць і шыць, каб разумець працэс знутры і самой ствараць вопратку. Сіндром «адкладзенага жыцця» расцягнуў гэтую мару на доўгія гады. Але смажаны певень у выглядзе COVІD-19 усё ж клюнуў! Больш за тое, менавіта ён дапамог маёй мары рэалізавацца. Трапіць на базавы курс шыцця з-за яго шалёнай папулярнасці было немагчыма. Месцы ў групе распісаныя на некалькі месяцаў наперад, і ў мяне проста апускаліся рукі. Але адно месца раптам аказалася вольным. Вельмі хутка я навучылася краіць і шыць трыкатажныя вырабы. Пашыла сукенку ў гарохі і гольф-туніку.

Страхаў у сувязі з эпідэміяй не адчуваю. Я — фаталіст. Дома, з мужам, больш жартуем на гэты конт. Калі нешта і здарыцца, то трэба прыняць гэта як ёсць. Больш хвалюемся за старэйшае пакаленне. Пасля пандэміі ўсё пустое, фэйкавае на нейкі час адыдзе на задні план. Але ў глабальным сэнсе ні людзі, ні іх звычкі не зменяцца. Стануць часцей мыць рукі? Гэта яшчэ пытанне! Як паказвае практыка, чалавецтва не вучыцца на ўласных памылках. З пазітыўнага — калі адкрыюцца межы, прагназую постэпідэмічны бум турызму.

Дар'я Альперн-Каткоўская, 37 гадоў, псіхолаг, Эйлат (Ізраіль):

— Я вырашыла зрабіць новую стрыжку, абнуліцца, паэксперыментаваць. Калісці даўно я працавала юрыстам у буйной юрыдычнай кампаніі. Там быў звод правілаў, якія дэталёва рэгламентуюць знешнасць супрацоўніка. Я памятаю, як мяне гэта бянтэжыла і абмяжоўвала. Потым жыццё мянялася, я мяняла стрыжкі, але ўсе валасы ніколі не састрыгала. Калі аказаліся на каранціне, муж пастрыг мяне. Высветлілася, што ў мяне прыгожая форма галавы, а яшчэ да яе вельмі прыемна дакранацца.

Калі цяпер я фантазірую пра канец пандэміі і каранціну, мне ўяўляецца нешта падобнае да заканчэння вайны: маніфест жыцця нягледзячы на эканамічны заняпад. Прыгожыя жанчыны ў сукенках, прагулкі, паездкі, сустрэчы і абдымкі з сябрамі і блізкімі, пэўныя рытуалы і дзеянні, каб зноўку выбудаваць наш рэальны афлайнавы свет.

Вольга Ніжнікава, 31 год, урач-радыёлаг, Грац (Аўстрыя):

— Калі быў уведзены каранцін, і я перайшла на працу ў хатніх умовах, першае, пра што падумала: «Як жа я выжыву без кавамашыны?» Я заўсёды любіла каву з малочнай пенкай, але ў Аўстрыі пачала піць каву нашмат часцей. Так што першым набыткам стала кавамашына. Аб тым, каб набыць яе, задумвалася даўно, з таго часу, як адзін знаёмы барыста паказаў, што значыць сапраўды смачная кава. Але ўвесь час гэтая мара адкладвалася на нейкі нявызначаны час. Аднак пры аб'яўленні хатняга рэжыму ў красавіку вырашыла, што час надышоў.

Падчас пандэміі ў Аўстрыі быў уведзены каранцінны рэжым. Забаранілі ўсе грамадскія мерапрыемствы. Адным з першых адмененых мерапрыемстваў быў Еўрапейскі кангрэс радыёлагаў, на якім я павінна была прадставіць два даклады.

Думаю, што пандэмія зменіць у нас успрыманне асабістых межаў і разуменне асабістай гігіены. Прынамсі, спадзяюся на гэта.

Святлана Хмяльніцкая, 33 гады, рэдактар сайта, Мінск:

— Я не ўмею маляваць. Але мне падабаюцца карціны як каляровыя плямы на сценах. І я жудасна зайздрошчу дзяўчынкам, якія вучацца ў каледжы мастацтваў. Яшчэ ў студзені на драйве зайздрасці я купіла палотны на падрамніку і фарбы. Вельмі доўга, амаль тры месяцы, выбірала, якія карцінкі з інтэрнэту я намалюю. Падчас добраахвотнага паўкаранціну я, нарэшце, намалявала копію копіі адной карціны. Выглядае трохі дзікавата, нязграбна і па-дзіцячы, але я задаволеная. Не ведаю, чаму не рабіла гэтага раней, а цяпер зрабіла. Напэўна, таму што стала больш сядзець дома, і выгляд белых палотнаў пачаў мяне раздражняць. Потым зразумела, што мяне раздражняюць не белыя палотны, а мая нерашучасць. Я саромелася нават самога намеру. А калі ў Інстаграме ўбачыла подпіс «Мне ўсё можна», падумала: «Блін, я таксама хачу, каб мне ўсё было можна». Села і ўсё размалявала, як мне хацелася. А калі б не гэты добраахвотны паўкаранцін, то, думаю, палотны так і стаялі б яшчэ год.

Спадзяюся, калі скончыцца пандэмія, ва ўсіх прадуктовых крамах застануцца каляровыя палоскі на падлогах каля касы, каб людзі паменш дыхалі адно аднаму ў спіны і не піхалі адно аднаго сваімі напоўненымі кошыкамі.

Альгерд Бахарэвіч, 45 гадоў, пісьменнік, Мінск:

— Гэты год абяцаў быць выдатным: кніжныя кірмашы ў Лейпцыгу і Эдынбургу, прэм'ера спэктакля ў Лондане, прэзентацыя англійскага перакладу майго рамана «Дзеці Аліндаркі»... Замест гэтага я сяджу дома і пяку хлеб. 13 сакавіка мая жонка, паэтка і перакладчыца Юля Цімафеева, вырашыла, што каранцін непазбежны, і я з ёй пагадзіўся. Я пішу кнігі, мая прафесія звязана з тэкстамі, таму ўжо шмат гадоў працую дома, у гэтым сэнсе наша жыццё змянілася не так моцна, як у іншых. Але, думаю, калі б не гэтая добраахвотная самаізаляцыя, да хлеба ў мяне б рукі так і не дайшлі. Хоць я даўно ўжо марыў навучыцца яго пячы, але мяне заўсёды палохала складанасць і сакральнасць гэтага працэсу, таемнае жыццё цеста і ўсялякія стэрэатыпы. Так што дзякуй каранціну за гэты час — на восьмы дзень я нарэшце адважыўся: спёк свой першы хлеб, з часнаком і зелянінаю. Атрымалася вельмі смачна, хоць і па-дылетанцку. А цяпер я ўжо пяку прыгожы хлеб у маім любімым міжземнаморскім стылі, дзялюся яго фотаздымкамі ў «Фэйсбуку» і ніяк не магу спыніцца.

Не ведаю, што будзе з гэтым светам і намі, але хлеб я збіраюся пячы і далей. Гэтая пандэмія па людзях маёй прафэсіі б'е даволі моцна (яна па ўсіх б'е), людзі цяпер больш перачытваюць любімыя кнігі, чым чытаюць новае. Калі так пойдзе і далей, буду вучыцца на пекара. А потым адкрыю сваю пякарню.

Анастасія Хапанен, 38 гадоў, гештальт-тэрапеўт, Мінск:

— Каб знізіць сваю трывожнасць у сувязі з «ковідам», прыняла рашэнне зменшыць колькасць кантактаў, практычна самаізалявалася дома, стала працаваць з кліентамі анлайн, часцей мыць рукі, выходзіць на вуліцу толькі ў краму ці пагуляць з сабакам. Мне не хапала актыўнасці, руху. І я прыдумала, як сябе падтрымаць — паставіла для сябе маленькую мэту, дасягнуць якую было ў маіх сілах. Я вырашыла... сесці на шпагат. У дзяцінстве захаплялася акрабатыкай, але з часам гнуткасць у целе знікла. Раніцай я пачала займацца ёгай, а пасля рабіла расцяжку. Паступова ў целе стала адчувацца больш лёгкасці. Прыйшоў спакой і задавальненне.

Быў страх страціць родных і блізкіх, асабліва маму, якой 69 гадоў. Тэлефанавала ёй кожны дзень і прасіла не выходзіць з дому без патрэбы, надзяваць маску.

Думаю, што многія людзі перагледзелі свае каштоўнасці і зразумелі, што для іх сапраўды важна. Асабіста яшчэ раз усвядоміла, як мне патрэбна свабода, блізкія людзі, і як выдатна, што я жыву на гэтым свеце.

Таццяна ТКАЧОВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».