Вы тут

Ёсць такая кніга


Эліза Ажэшка. «Над Нёманам». Выдавецкі дом «Беларуская навука», 2020.

Новая кніга Элізы Ажэшкі (так пра яе запраста можна сказаць) выйшла ў вядомым праекце «Беларускі кнігазбор».

Насамрэч дзве кнігі ў адной. Склалі яе творы, якія не толькі забяспечылі пісьменніцы найбольшую славу, але і маюць аб’яднаўчы матыў — паўстання 1863 года. У рамане «Над Нёманам» ён няясны, нібы за смугой, за туманам наднёманскім, за падзёнкавым снегападам, што мітусіцца над воднай гладдзю, за пылам, што ўздымаецца над дарогай, калі па ёй едзе воз Яна Багатыровіча, нагружаны дзяўчатамі, якіх ён «па дарозе назбіраў, як пазёмак». А пры гэтым кожны ключавы герой мае такія лёс, характар і жыццёвыя акалічнасці, якіх не меў бы, калі б не тыя падзеі.

Акрамя паўстанцкіх матываў, гучыць у рамане мноства іншых — ад рамансаў і элегій пра каханне, падзеленае і непадзеленае, да эцюдаў, прысвечаных прыродзе, кантаты шляхецкіх пасядзелак і санаты засцянковага побыту. Нездарма, калі ўсё пачыналася і раман «Над Нёманам» толькі рыхтаваўся да друку, сябра аўтаркі Леапольд Меет пісаў пра яго так маляўніча дасціпна: «Бачыў днямі Каратынскага. Сядзеў «над Нёманам» (найноўшай аповесцю п. Ажэшкавай). У руцэ трымаў вялікі чырвоны карэктарскі аловак. Намерваўся тут, «над Нёманам», знішчыць мноства велічных дубоў гэтай ваколіцы. Але такое захапленне апанавала яго «над Нёманам» (найноўшай аповесцю п. Ажэшкавай), што аловак, той самы, вялікі і чырвоны, выпаў з яго рукі, зламаўся і зрабіўся няздатным ні да якіх ваяўнічых спраў «над Нёманам». Пра гэта мне прыемна паведаміць аўтарцы гэтай аповесці, якую «над Нёманам» «адшукаць не будзе складана».

Як апавядальніца навел «Gloria Victis» (яны склалі другую палову кнігі) Эліза Ажэшка сцвярджае, што не мае магчымасці апісваць бітвы, але не таму, што не была іх сведкай, а таму, што для іх апісання патрэбна, маўляў, іншая рука — не такая, як у яе, што ад яе рукі «нельга вымагаць чырвонай фарбы». Але і без гэтай фарбы, і не маючы такой рукі, яна апісала сыход бітвы так, як не здолеў бы пра яго распавесці відавочца.

Сіла публіцыста — ва ўменні карыстацца інструментамі публіцыстыкі. Імі ж з’яўляюцца не факты і падрабязнасці, а эмоцыі, выказаныя праз аўтарскае Я з дапамогай экспрэсіўнай лексікі, і разважанні, у якіх, па словах аднаго старажытнага настаўніка красамоўства, «верагоднае важней, чым сапраўднае». Эліза Ажэшка, якая ад самага пачатку творчасці практыкавала сябе не толькі як празаік, але і як публіцыст, дасягнула і ў гэтай справе майстэрства. Навелы цыкла «Gloria Victis» — прыгожы сплаў дакументальнага і мастацкага. Пераклаў усе творы кнігі на беларускую мову Анатоль Бутэвіч.


Дарэчы…
Выбар імён і прозвішчаў для герояў рамана «Над Нёманам» — асобная тэма. Да прыкладу, Эмілія ў першых накідах была Лаурай (але пусці Лауру ў такі твор — гарантавана «сялянка», чаго Ажэшка вельмі баялася), Тэафіл Ружыц у чарнавіках фігураваў як Тэафіл Росць, Карчыньскія спачатку былі Карчыцкімі, сын Бенедыкта Вітольд называўся Алесем, Ян Багатыровіч — Адамам, яго бацька Ежы — Уладзіславам.


 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».