Вы тут

Надзеі на пастаянны дыялог


Круглы стол «Мастацкая літаратура як шлях адзін да аднаго. Слова стваральнае і слова разбуральнае», што прайшоў у Бялынічах — сёлетняй сталіцы свята прыгожага пісьменства, звярнуў увагу на шэраг істотных праблем у міжнародных памкненнях беларускай нацыянальнай літаратуры, якія патрабуюць вырашэння. Пра гэта і хацелася б пагаварыць з разлікам на тое, што сказанае, магчыма, пачуюць і ў іншых краінах, асабліва нашы суседзі.


Падчас пасяджэння круглага стала

Па-першае, досыць выразна акрэсліваецца за мінулыя гады, што найбольшую актыўнасць у стасунках з беларускімі пісьменнікамі на пляцоўцы круглага стала (нагадаем, што яна існуе, развіваецца ў Беларусі з 2007 года) выяўляюць літаратары з Расійскай Федэрацыі. Як пацвярджэнне гэтага згадаем, што ў розныя гады ў пярэдадзень Дня беларускага пісьменства ў Мінск, іншыя гарады Беларусі наведаліся пісьменнікі, перакладчыкі з Масквы, Санкт-Пецярбурга, іншых расійскіх гарадоў: Максім Замшаў, Георгій Прахін, Юрый Казлоў, Вячаслаў Купрыянаў, Уладзімір Беразеў, Вячаслаў Ар-Сяргі, Рэнат Харыс, Роберт Мінулін, Зульфія Хананава, Валерый Казакоў, Аляксандр Казінцаў, Аляксандр Лівергант, Валеры Тургай, Алесь Кажадуб, Любоў Турбіна, Юрый Салаўёў, Адам Ахматукаеў… І літаральна з кожным з калег у беларусаў завязаліся кантакты, добрыя стасункі, актыўныя перакладчыцкія сувязі. Як вынік — публікацыі ў Расіі і Беларусі, ды і розныя дзеі таксама — іншыя паездкі, прэзентацыі, творчыя сустрэчы, круглыя сталы ўжо ў Маскве і Санкт-Пецярбургу… Чаму б не сістэматызаваць гэтыя творчыя кантакты? Як гэта ўсё ж такі зрабіць? Патрэбна перыядычнае выданне, якое б аб’ядноўвала ініцыятывы, фарміравала пастаянства ў зносінах. Вопыт пакладзены і ў гэтым кірунку. Выдавецкі дом «Звязда» выкладае мастацкія і публіцыстычныя тэксты ўдзельнікаў круглага стала на інтэрнэт-партале «Созвучие: литература и публицистика стран Содружества». Пры падтрымцы Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь выдаецца штогадовы альманах «Созвучие» (на рускай мове). У 2019 і 2020 гады «Мастацкая літаратура» выдала альманах «Далягляды» з перакладамі твораў пісьменнікаў розных краін на беларускую мову. Але патрэбна перыядычнае выданне — часопіс ці газета. Ёсць два варыянты развіцця падзей. Першы — перыядычны літаратурна-мастацкі часопіс, які знаёміў бы са здабыткамі рускіх пісьменнікаў, друкаваў на рускай мове творы беларускіх пісьменнікаў. Некалі ж выходзіла ў Мінску «Всемирная литература». І  другі варыянт — распачаць у Беларусі выданне «беларускага выпуску» якой-небудзь расійскай перыёдыкі. Напрыклад, «“Литературной газеты” в Беларуси»…

Другі аспект для разваг. Круглы стол у Мінску — і пляцоўка для сустрэч пісьменнікаў з краін Цэнтральнай Азіі, Еўропы. За трынаццаць апошніх гадоў на Дзень беларускага беларускага пісьменства прыязджалі літаратары Сербіі, Чарнагорыі, Польшчы, Балгарыі, Літвы, Латвіі, Казахстана, Таджыкістана, Кыргызстана, Узбекістана, Азербайджана, Арменіі, Грузіі, Малдовы... Слабадан Ракіціч, Прэдраг Кіюк, Слабадан Вуканавіч, Мая Длгчава, Сіражыддзін Саідаў, Яронімас Лаўцюс, Вітаўтас Жэймантас, Рысалат Хайдарава, Ато Хамдам… Пералік можа быць дастаткова доўгі. І літаральна кожная сустрэча мастакоў слова спрыяла сяброўству, нараджэнню ініцыятыў па перакладзе беларускай літаратуры — твораў сучасных беларускіх пісьменнікаў і класікаў беларускай літаратуры на іншыя мовы, выданне перакладаў у іншых краінах. І ўсё ж гэтая праца пакуль носіць бессістэмны характар. Як першачарговыя крокі, на якія арганізатарам круглага стала «Мастацкая літаратура як шлях адзін да аднаго» ўсё ж трэба было б настойліва звярнуць увагу, бачацца наступныя захады. Чаму б не заснаваць у Мінску пры падтрымцы Саюза пісьменнікаў Беларусі і трох міністэрстваў — інфармацыі, культуры і адукацыі — пастаянна дзеючы семінар перакладчыкаў беларускай літаратуры? Такая двухтыднёвая школа, такі двухтыднёвы збор перакладчыкаў, якія ўжо праявілі цікавасць да беларускай літаратуры, маглі б стаць новай праявай кансалідацыі прыязных да Беларусі мастакоў слова. Ужо ёсць і кандыдаты, якімі нешта зроблена, а кімсьці з іх — і шмат што зроблена па прапагандзе беларускай літаратуры ў сваіх краінах. Вітаўтас Жэймантас з Літвы, Даяна Лазаравіч з Сербіі, Рысалат Хайдарава з Узбекістана, Аляксандр Элердашвілі з Грузіі, Нурдаулет Акыш, Анур Алімжанаў, Авут Масімаў з Казахстана, Камран Назірлі, Флора Надзі, Салатын Мірзоева з Азербайджана...

Патрэбна і стварэнне Літаратурна-мастацкага фонду для арганізацыі, рэалізацыі перакладчыцкіх праектаў. Грамадскага ці нават дзяржаўнага. Не ва ўсіх краінах ахвотна выдаюць пераклады, не маючы на гэта сродкаў з краіны, адкуль аўтар тых ці іншых твораў. Такія фонды, якія выдзяляюць гранты, фінансаванне на пераклад і публікацыю кніг нацыянальных аўтараў, ёсць у шэрагу краін. І ў постасавецкіх краінах — таксама. У прыватнасці, у Азербайджане, Узбекістане.

Галоўны рэдактар часопіса «Вясёлка» Уладзімір Ліпскі і начальнік упраўлення  выдавецкай і паліграфічнай дзейнасці Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь Уладзімір Андрыевіч абмяркоўваюць новыя выданні.

...Бялыніцкі круглы стол у асноўным працаваў у віртуальным фармаце. Да размовы з дапамогай сацыяльных медыя з іншых краін далучыліся галоўны рэдактар «Литературной газеты», паэт, празаік, перакладчык Максім Замшаў (ён нядаўна пераклаў на рускую мову «Санеты» Янкі Купалы), галоўны рэдактар выдавецтва «Художественная литература» Георгій Прахін, дырэктар Марыйскага кніжнага выдавецтва, празаік, перакладчык Юрый Салаўёў, літаратуразнаўца, паэт, перакладчык з Калмыкіі Рыма Ханінава, суразмоўцы з Балгарыі, Казахстана… З беларускага боку непасрэдна ў Бялынічах у размове ўдзельнічалі дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура», паэт, празаік, перакладчык Алесь Бадак, празаік, палітолаг Сяргей Трахімёнак, першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі празаік Алена Стэльмах, намеснік міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Ігар Бузоўскі, прафесар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, доктар філалагічных навук, літаратуразнаўца Іван Чарота… Свае прывітанні кругламу сталу папярэдне даслалі: з Грознага  — Адам Ахматукаеў, Пецімат Пецірава, з Масквы — Аляксандр Казінцаў, Мікалай Чаркашын, з Баку — Салатын Мірзоева, Камран Назірлі, Ірада Мусаева, з Чабаксараў — Валеры Тургай… Міністэрствам інфармацыі Рэспублікі Беларусь прынята рашэнне па выніках працы круглага стала ў Бялынічах выдаць зборнік дакладаў, выступленняў, прывітальных слоў. Праца прадаўжаецца!.. Наступны круглы стол «Мастацкая літаратура як шлях адзін да аднаго» пройдзе ў Капылі, на Міншчыне, у пярэдадзень XXVIII Дня беларускага пісьменства.

Мікола БЕРЛЕЖ

Фота БелТА

Друкуецца ў газеце «Літаратура і мастацтва».

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.