Вы тут

Як Ліда развівае эканоміку і паляпшае якасць жыцця


Роўна год таму Ліда ўвайшла ў лік 11 гарадоў, дзе прынята праграма паскоранага сацыяльна-эканамічнага развіцця. Яна скіравана на вырашэнне ключавых пытанняў горада, забеспячэнне ўстойлівага росту эканомікі, павышэнне дабрабыту гараджан. «Дарожная карта» ўключае каля 20 напрамкаў. Стаўка робіцца на прамысловы патэнцыял рэгіёна.


База для «пунктаў росту»

Увага да Ліды невыпадковая. Сапраўды, тут задзейнічаны магутны вытворчы патэнцыял. Таму і комплексная праграма паскоранага развіцця ў значнай ступені скіраваная на прамысловасць. Гэта адзін з чатырох напрамкаў, які прадугледжвае павышэнне эфектыўнасці работы рэальнага сектара эканомікі.

У горадзе працуюць прадпрыемствы, якія ў свой час мелі агульнасаюзнае значэнне. Многія з іх не страцілі сваю знакамітую марку і застаюцца запатрабаванымі як на ўнутраным, так і на знешнім рынку. Усяго ў раёне 30 буйных прамысловых прадпрыемстваў, на якіх працуе 13 тысяч чалавек. Доля раёна ў агульнаабласным аб'ёме прадукцыі складае 11,4 %.

У аддзеле эканомікі Лідскага райвыканкама паведамілі, што за паўгода дынаміка агульнага аб'ёму прамысловай вытворчасці склала 100 працэнтаў. За гэты час прамысловымі прадпрыемствамі выраблена прадукцыі на суму 686 мільёнаў рублёў. Спажыўцу адгружана 98 % агульнай вытворчасці прадукцыі, з іх 9 % складае інавацыйная прадукцыя. Сярэдняя зарплата ў прамысловасці ў чэрвені — 1071 рубель.

Фарба з Ліды — на патрэбы краіны

У Лідзе паскоранае развіццё звязваюць менавіта з нарошчваннем вытворчага патэнцыялу на аснове інавацыйных тэхналогій. Значных поспехаў у гэтым дабіваюцца на валаўтваральным прадпрыемстве «Лакафарба». Дарэчы, прадпрыемства мае стратэгічнае значэнне для ўсёй Гродзенскай вобласці, бо тут вырабляецца 76 % лакафарбавай прадукцыі ўсяго рэгіёна. Завод пастаянна ўдасканальвае сваю работу. На ім паведамілі, што тут нядаўна завяршылі мадэрнізацыю вытворчасці фталіевага ангідрыду, што дазволіла павялічыць загрузку магутнасцяў і, адпаведна, аб'ём вытворчасці ў два разы. Разам з тым акцэнт робіцца на стварэнні больш даўгавечных поліўрэтанавых лакафарбавых матэрыялаў. Прадукцыя паступае ў 30 краін свету.

Нядаўна на прадпрыемстве пабывалі прадстаўнікі Міністэрства прамысловасці, каб абмеркаваць пастаўкі лакафарбавай прадукцыі на буйныя прадпрыемствы краіны, такія як «МТЗ», «Гомсельмаш», «МАЗ», «Атлант», «Белкард», «Лідсельмаш» і іншыя. Як падкрэслілі на «Лакафарбе», работа на ўнутраным рынку — у прыярытэце прадпрыемства.

У прыватнасці, намецілася тэндэнцыя да імпартазамяшчэння, калі стварэнне новых відаў вырабаў дазваляе знізіць іх кошт на гандлёвых конкурсах буйных прамысловых прадпрыемстваў.

На прадпрыемстве ўпэўнены, што калектыў і надалей будзе трымаць марку завода. Аб гэтым сведчыць і спакойная абстаноўка на заводзе: людзі працуюць
на сваіх месцах, атрымліваюць годную зарплату.

Выхад з крызісу з новым кіраўніком

Яшчэ адным важным прамысловым «кітом» можна назваць холдынг «Лідсельмаш», які некалі меў саюзны статус. Але і зараз аграрыі добра ведаюць гэтую тэхніку — камбайны, сушыльныя комплексы, іншыя віды сельгасмашын. Тут пастаянна асвойваюць новыя віды прадукцыі — у тым ліку плёнкі, кантэйнеры для смецця, тавары народнага спажывання.

Але на прадпрыемстве склалася вялікая запазычанасць па крэдытах, што стварае праблемы з абаротнымі сродкамі. Іх не хапае. У райвыканкаме выхад з крызіснага стану звязваюць з прыходам новага кіраўніка. Дырэктар Рыгор Іванькоў заняўся аптымізацыяй неэфектыўнай вытворчасці. Тут перасталі працаваць на склады, сталі іх разгружаць. Узнавілася работа з дылерамі, вызначыліся перспектыўныя напрамкі. Асноўным па-ранейшаму застаецца выпуск сельгастэхнікі, у тым ліку зернесушыльных комплексаў.

Яшчэ адным з кірункаў з'яўляецца выпуск стальных панэльных ацяпляльных радыятараў. На прадпрыемстве шукаюць новыя рынкі збыту, напрацаваны партфель заказаў, які забяспечвае загрузку магутнасцяў да канца года. Іх будзе выпускацца да 1 тысячы ў суткі. Гэта дасць магчымасць павялічыць аб'ём вытворчасці і выйсці на дакрызісны аб'ём — 250 тысяч радыятараў у год.

А зусім нядаўна запушчана вытворчасць спецыялізаваных кантэйнераў для транспарціроўкі рулоннай сталі на чыгунцы. Гэта прадукцыя новая не толькі для Ліды, але і для ўсёй краіны. Падпісаны выгадны валютны заказ на 10 мільёнаў еўра. Зараз кантэйнеры паступаюць у Польшчу, ідзе пошук і іншых партнёраў, у прыватнасці ў Расійскай Федэрацыі і краінах ЕАЭС.

Па словах памочніка генеральнага дырэктара холдынга «Лідсельмаш» Анатоля Жаўнерчыка, на прадпрыемстве ўпэўнены ў сваіх кадрах. Калектыў зладжана працуе, планавыя паказчыкі выконваюцца. Людзі трымаюцца за свае працоўныя месцы, бо разумеюць, што ад іх работы залежыць эканамічны стан прадпрыемства, а значыць, і іх уласны дабрабыт. Адпаведна, гэта станоўча паўплывае на зарплату. Сёлета тут мяркуюць выйсці на прыбытак каля 900 тысяч рублёў.

Не шпарка, але з дынамікай

Завод «Оптык» — адно з тых прадпрыемстваў, якія ствараліся для паставак абарончай прамысловасці былога Саюза. Завод у свой час паспяхова прайшоў дыверсіфікацыю і зараз забяспечвае такую важную галіну, як медыцына. Не толькі ў краіне, але і за яе межамі запатрабаваныя лінзы, прызмы, валаконна-аптычныя пласціны і іншыя тавары.

У 2022 годзе тут плануюць завяршыць інвестыцыйны праект па рэканструкцыі аптычнай вытворчасці. Гэта дазволіць захаваць існуючыя пазіцыі і павялічыць экспарт да 70 % ад аб'ёму вытворчасці. Увогуле вытворчасць вымяральнай і аптычнай тэхнікі складае 10 % ад усяго аб'ёму вытворчасці раёна.

Разам з тым на складах некаторых прадпрыемстваў захоўваюцца значныя аб'ёмы прадукцыі. Не ўсе працуюць на поўную магутнасць і цалкам выкарыстоўваюць свае вытворчыя плошчы. Да таго ж ёсць праблема кваліфікаваных кадраў. Але найбольш востра стаіць пытанне маральнага і фізічнага зносу абсталявання. Таму прадпрыемствамі вядзецца работа па зніжэнні невытворчых расходаў і пошуку стратэгічнага інвестара, у тым ліку прыватнага. Дарэчы, гэты сектар эканомікі мае ўсе магчымасці для развіцця.

Выкананне Комплекснага плана паскоранага развіцця Лідскага раёна знаходзіцца на пастаянным кантролі ў мясцовых улад, паведамілі ў райвыканкаме. За першае паўгоддзе ёсць станоўчая дынаміка па пяці мэтавых індыкатарах развіцця раёна, у ліку якіх — сярэднямесячная зарплата, рост колькасці занятых у экономіцы, выручка ад рэалізацыі прадукцыі, інвестыцыі ў асноўны капітал, даходы ў бюджэт. Прамысловым комплексам асвоена больш за палову планавага фінансавання, сродкі ідуць у асноўным на мадэрнізацыю вытворчасці.

Інвестыцыі на распрацоўку новых вырабаў накіраваў шклозавод «Нёман», прадукцыя якога вядомая і папулярная ў многіх краінах свету. Некалькі гадоў таму тут пачалі выпуск мінеральнага ўцяпляльніка на аснове шкловалакна. Летась на шклозаводзе асвоілі 210 відаў новай прадукцыі, у тым ліку з зялёнага крышталю з лазернай гравіроўкай. У той жа час тут працуюць над тым, каб даць новае жыццё «старым» формам.

Новае жыццё атрымліваюць і старыя будынкі. Вялікі корпус былога завода «Ізатрон» доўга стаяў закінуты, хоць уласнікам лічыўся літоўскі інвестар. Паколькі ніякага інтарэсу да пабудовы з яго боку доўгі час не было, яна перайшла да новага ўласніка з Салігорска. Як паведамляе прэс-служба Лідскага райвыканкама, да вясны будучага года інвестар павінен правесці экспертызы, узгадненні і пачаць праектныя работы.


Тым часам

У Беларусі падрыхтуюць прапановы па пашырэнні паўнамоцтваў урада і мясцовых органаў улады.

У Беларусі створана міжведамасная рабочая група для падрыхтоўкі прапаноў па пашырэнні паўнамоцтваў урада і мясцовых органаў улады. Гэта прадугледжана распараджэннем прэм'ер-міністра ад 4 верасня 2020 года № 176р, паведамляецца на сайце ўрада.

Рабочай групе даручана да 20 верасня правесці комплексны аналіз заканадаўства па пытаннях адміністрацыйна-тэрытарыяльнага ўладкавання, зацвярджэння генеральных планаў, архітэктурнай і горадабудаўнічай дзейнасці, найменняў адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак, устанаўлення мясцовай геральдыкі, узгаднення кадравых прызначэнняў, устанаўлення колькасці і структуры мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў. Члены групы таксама прааналізуюць заканадаўства па адабранні і выдзяленні зямельных участкаў, рабоце з дзяржаўнай маёмасцю, іншых пытаннях, якія прадугледжваюць уключэнне ў іх рашэнне кіраўніка дзяржавы.

Таксама міжведамаснай рабочай групе неабходна выпрацаваць на аснове праведзенага аналізу сістэмныя прапановы па пашырэнні паўнамоцтваў урада і мясцовых органаў улады.

Кіраўніком групы будзе першы намеснік прэм'ер-міністра Мікалай Снапкоў.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота з адкрытых крыніц

Загаловак у газеце: Мадэль з прамысловым акцэнтам

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?