Вы тут

Сяргей Кавальчык: Рэжысёр — прафесія марафонца, дзе трэба разлічваць дыстанцыю


Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Максіма Горкага 19 верасня адкрывае новы сезон. Напярэдадні гэтага на сустрэчы з калектывам Сяргей Кавальчык (мастацкі кіраўнік і рэжысёр тэатра) сказаў, што для акцёра галоўная трыбуна — гэта сцэна, на якой ён можа і павінен несці людзям ідэалы міру, гуманізму і дабра. Мы сустрэліся з творцам, каб пагаварыць пра стан тэатральнага мастацтва, дыялог з публікай і ўплыў часу на творчасць і асобу.


— Новы сезон вы адкрываеце пастаноўкай «Пане Каханку», якая ў вас ідзе ўжо дзесяць гадоў. Ці змяняецца з часам успрыманне гэтага спектакля вамі і аўдыторыяй?

— У спектакля «Пане Каханку» — удалы творчы лёс. Яго паглядзелі ў многіх краінах. І гэта тая пастаноўка, на мой погляд, якая дазваляе зразумець нашу краіну. Таму «Пане Каханку» для нас з'яўляецца такім гастрольным пракатным спектаклем, з якім не сорамна выйсці на любую пляцоўку і расказаць пра нас, беларусаў. Ён карыстаецца попытам у гледачоў і выклікае рэзананс, куды б мы ні прыехалі. Памятаю, у рамках «Вялікіх гастроляў» мы паказвалі яго, здаецца, у Чэлябінску, і падчас першага акту публіка паводзіла сябе вельмі стрымана. Я ў перапынку пацікавіўся, чаму так, і аказалася, што яны не чакалі такой пастаноўкі ад беларусаў, бо там жа цэлая гісторыя. Гэты спектакль ламае стэрэатыпнае ўяўленне пра нас і нашу краіну, адкрывае ўсё з новага ракурсу.

— У планах тэатра на сёлетні сезон шмат цікавых пастановак, у тым ліку і «Граф Монтэ-Крыста». Прыадкрыйце таямніцу, як збіраецеся расстаўляць акцэнты?

— Гэта будзе рок-опера. Сюжэт жа вядомы: чалавек несправядліва асуджаны па даносе і адбывае пакаранне. І потым лёс дае яму ў рукі меч адплаты. Ён можа адпомсціць сваім ворагам. І вось тут вельмі важна адчуць і не перайсці мяжу паміж барацьбой са злом і ім самім. Бо ў такой барацьбе чалавек можа лёгка перайсці на іншы бок і ачарніць сваю душу. Глядзіце, Граф Монтэ-Крыста траціць усе свае багацці на помсту, а ў канцы задумваецца, ці правільна ён зрабіў? Таму што ў выніку загінула дзіця! І парадокс у тым, што ў канцы герой прабачае Данглару, а той застаецца такім жа, які быў. Безумоўна, у гэтым творы галоўнай з'яўляецца тэма справядлівасці. І менавіта яе мы разам з Ігарам Скрыпкай і Цімурам Каліноўскім імкнёмся правесці і ўвасобіць у музычную драматургію. Я доўга думаў, чаму «Граф Монтэ-Крыста» такі папулярны? І прыйшоў да высновы, што няма ў свеце чалавека, які б не сутыкнуўся па жыцці з несправядлівасцю і не жадаў адплаты. Таму, магчыма, людзі, якім не ўдалося адпомсціць сваім крыўдзіцелям, спадзяюцца, што ў Монтэ-Крыста атрымаецца, бо дабро павінна перамагаць зло.

— Калі глядзець на вашу творчую біяграфію, то складваецца ўражанне, што вы ў любой справе чалавек паспяховы. Прычынай таму — ваша ўдача альбо імкненне заўсёды ва ўсім разбірацца дасканала, паглыбляючыся ў дэталі?

— Калі ёсць ветразь, то ён шукае ветру. І калі знаходзіць яго, то карабель плыве. У ветразя ёсць унутранае імкненне шукаць вецер і, як правіла, ён яго знаходзіць. Таксама і рэжысёр няспынна знаходзіцца ў пошуку. Яму патрэбна тэма, якая будзе яго акрыляць і натхняць. І тут яшчэ прысутнічае важны момант — рэжысёр павінен тонка адчуваць час. У кожнага перыяду заўсёды ёсць тэмы, якія гучаць. Калі ўзяць п'есы Шэкспіра, то ў іх ён фактычна апісаў цэлы жыццёвы цыкл. Сталеў яго герой, краіна перажывала розныя часы. Аднак невыпадкова аўтар заканчвае «Бурай», творам пра ўсёдараванне... Рэжысёр павінен уважліва слухаць і прапаноўваць гледачам тое, што будзе цікава і актуальна. І тут поспех, удача — рэчы другасныя, я на іх не звяртаю ўвагі. Адзінае, пра што мне даводзіцца думаць, — гэта пра інтарэс гледача. Калі людзі не ідуць у тэатр, тэатру складана выжыць.

— На ваш погляд, чаму сёння людзі часцей ідуць на камедыю альбо не ідуць у тэатр наогул? Тэатр — гэта мастацтва для абраных?

— Тут як і з любым іншым мастацтвам. Напрыклад, кіно — для абраных ці масавае? Шмат людзей ходзіць на забаўляльныя фільмы, а два дзясяткі збіраюцца, каб паглядзець элітарнае кіно. Таму, на маю думку, сучасны тэатр павінен улічваць усе інтарэсы аўдыторыі і даваць поўны спектр пастановак, якія б задаволілі разнастайны густ публікі.

Рэдка бываюць спектаклі, у якіх усё сыходзіцца ідэальна, бо тады гэта шэдэўр. Але ж у тым і прывабнасць тэатра, што ён увесь час рухаецца і ўдасканальваецца. Бо ты ж запытваеш сябе: чаму не атрымалася, чаму няма рэзанансу? А прычына можа быць проста ў тым, што не супалі спектакль, месца і час, дзе яго паказваюць.

— Вы ўжо не першы год выязджаеце з гастролямі ў Расію. Што даюць вашай трупе гэтыя паездкі і як вас прымае новая публіка?

— Вялікія гастролі акрыляюць трупу, бо яны пашыраюць нашы творчыя гарызонты. Тэатр мае тры складнікі — вытворчасць, паказ спектакляў, фестывальная ды гастрольная дзейнасць. Калі хоць адзін з гэтых складнікаў адсутнічае, то работа тэатра непаўнавартасная. Спачатку мы жывём стварэннем новага спектакля. Потым нам хочацца паказаць яго на фестывалях прафесійнаму журы, каб атрымаць якасную ацэнку сваёй працы. І, безумоўна, мы жадаем падарыць яго новай публіцы, каб яна таксама ацаніла нашу работу. Вядома, у горадзе, дзе нас ведаюць, любяць і падтрымліваюць, нам добра. Але не менш важна заваяваць новага гледача. Гастролі — заўсёды экзамен для акцёра. Так мы можам бачыць, наколькі мы цікавыя іншым людзям і краінам.

— Калі казаць пра вашы спектаклі для дзяцей, у якім кірунку плануеце рухацца тут?

— Мы хацелі зрабіць пастаноўку казкі Пушкіна «Пра цара Салтана» і выпусціць яе да новага года, але зараз усё перанеслася. Думаю, вернемся да сваёй ідэі ў наступным годзе. Будзем працягваць працу з дзіцячай аўдыторыяй, бо толькі так можна выхаваць публіку, якая вернецца ў дарослым узросце. Вельмі важнае першае судакрананне дзіцяці з тэатрам, каб не атрымалася расчаравання. Таму мы імкнёмся спектаклі для дзяцей рабіць на гэтым жа годным узроўні, бо малыя прыходзяць у тэатр па цуд, па ўражанні.

— А як бацькам дзейнічаць, каб прывіць дзіцяці любоў да тэатральнага мастацтва?

— Ведаеце, я неяк прачытаў, што ў імператарскай сям'і паход у тэатр быў абавязковым чатыры разы на тыдзень. Глядзелі оперу, балет, драму, камедыю. Гэта рабілася для духоўнага ўзбагачэння. Бо тэатр — гэта мастацтва, сустрэча з прыгожым робіць душу высакароднай. І калі бацькі клапоцяцца пра тое, каб малое развівалася духоўна, то для яго такія дзеянні павінны стаць жыццёвай праграмай. На жаль, сёння матэрыяльнае на першым плане — як зарабіць, як дасягнуць поспеху. Але рынак без мастацтва прывядзе да вымірання чалавечай душы. Можна не згаджацца з тэатрам, спрачацца з тым, што ён паказвае, але калі пасля спектакля вы прыйшлі і пачалі перачытваць твор, па якім ён пастаўлены, то вы ўжо ўзбагаціліся...

Людзі ходзяць у кавярні, на стадыёны, а чаму б таксама не прыходзіць у тэатр? Няхай некалькі разоў на год. Можна прыйсці на спектакль з дзецьмі, а потым пайсці па марозіва, пагаварыць пра ўбачанае, пра жыццё наогул.

— Якраз на фоне спажывецкага стаўлення да жыцця, можа, і губляецца тое, што прапаноўвае тэатр...

— Гэта мяняе ўсю псіхалогію гледача. Бо чалавек прызвычаіўся, што куды б ён ні прыйшоў — яму прапаноўваюць адразу вялікі выбар чаго заўгодна. Яму не патрэбна прыкладаць намаганні, каб знайсці нешта прывабнае. Рынак робіць гледача ўнутраным гультаём. А задача тэатра — якраз выбіць публіку з гэтага стану раўнавагі. Каб у людзей узнікла прага шукаць ісціну разам з намі.

— Вы з бацькам — людзі адной прафесіі. Ці звяртаецеся да яго па параду, альбо слухаеце толькі сябе?

— Я лічу, што рэжысёр павінен слухаць усіх, але канчатковае рашэнне прымаць асабіста. Але, безумоўна, да бацькі я звяртаюся па парады. У маладосці, было, раіўся па нейкіх пытаннях нават у працэсе падрыхтоўкі спектакля, бо вопыт прыходзіць толькі з часам. Я запомніў, як тата мне неяк сказаў: «Сяргей, рэжысёр — гэта прафесія марафонца, таму разлічвай дыстанцыю».

Алена ДРАПКО

Фота з архіва тэатра

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Жыццёвы шлях Якава Крэйзера. Першы камдзiў, якi атрымаў Зорку Героя, заслужыў яе, абараняючы Барысаў

Жыццёвы шлях Якава Крэйзера. Першы камдзiў, якi атрымаў Зорку Героя, заслужыў яе, абараняючы Барысаў

У пачатковы перыяд Вялiкай Айчыннай вайны зацятыя баi разгарнулiся пры абароне Барысава — старадаўняга беларускага горада на Бярэзiне. 

Грамадства

Схадзіць на «Куфар» і застацца без грошай. На папулярным сайце можна сустрэць махляра, замаскіраванага пад пакупніка

Схадзіць на «Куфар» і застацца без грошай. На папулярным сайце можна сустрэць махляра, замаскіраванага пад пакупніка

«Лічбавыя жулікі», якія здымаюць грошы з чужых банкаўскіх карт, звычайна маскіруюцца пад інтэрнэт-рэсурсы, вартыя даверу.