28 кастрычніка, серада

Вы тут

Перапалох у Міжземнамор'і. Чаму напаліліся адносіны паміж Грэцыяй і Турцыяй?


Падобна на тое, што Міжземнамор'е становіцца адным з асноўных сусветных ачагоў напружанасці. У мінулым выпуску я ўжо ўзгадваў, як «ліхаманіць» Ліван — і вось чарговая «гарачая кропка». У жніўні да пляжаў казачнага Крыта былі сцягнуты зусім не круізныя лайнеры, а ваенныя караблі. Турцыя і Грэцыя счапіліся за газ у Міжземным моры, і да піку турыстычнага сезона канфлікт абвастрыўся настолькі, што ў яго ўмяшаліся знешнія сілы. Як адзначыла «Бі-бі-сі», па меркаванні экспертаў, гэта стала магчыма ў тым ліку таму, што ЗША ў сілу розных абставінаў цяпер менш цікавяцца рэгіёнам, чым раней. Чаму напаліліся і без таго вельмі няпростыя адносіны паміж дзвюма краінамі, якія, між іншым, фармальна з'яўляюцца саюзнікамі па блоку НАТА?


Газавая спрэчка

На працягу дзесяцігоддзяў спрэчкі аб марскіх межах ва Усходнім Міжземнамор'і заставаліся лакальным пытаннем паміж Грэцыяй, Кіпрам і Турцыяй. Аднак знойдзеныя тут у 2009-м газавыя радовішчы ператварылі рэгіён у адну са стратэгічных арэн, дзе перасякаюцца інтарэсы ЕС, краін Блізкага Усходу і Паўночнай Афрыкі, адзначыў ТАСС. Важную ролю таксама адыгралі Італія і Францыя, што толькі ўскладніла і без таго няпростыя адносіны паміж ЕС і Турцыяй.

Паваротны момант здарыўся, калі ў жніўні 2015-га італьянскі канцэрн Enі адкрыў на егіпецкай марской тэрыторыі буйное газавае радовішча Zohr. Знаходка азначала, што ў рэгіёне раптам з'явіліся рынкавыя аб'ёмы прыроднага газу. Enі, якая таксама з'яўляецца вядучым аператарам па здабычы газу на Кіпры, прапанавала план па аб'яднанні кіпрскага, егіпецкага і ізраільскага газу, які б перапрацоўваўся на егіпецкіх заводах і пастаўляўся ў Еўропу ў якасці ЗПГ (звадкаваны прыродны газ). Італьянская кампанія з'яўляецца вядучым акцыянерам аднаго з двух егіпецкіх ЗПГ-заводаў. У гэтым на першы погляд узаемавыгадным супрацоўніцтве не знайшлося месца Турцыі, якая валодае вялікай трубаправоднай інфраструктурай у Еўропе і даўно прэтэндуе на ролю рэгіянальнага энергетычнага цэнтра.

У 2018 годзе французскі гігант Total (трэцяя па аб'ёме выручкі кампанія ЕС) стаў партнёрам Enі па распрацоўцы ўсіх газавых радовішчаў на Кіпры. Адначасова Кіпр афіцыйна пагадзіўся экспартаваць газ на егіпецкія ЗПГ-заводы. Гэта павялічыла ролю Францыі ў рэгіёне і яшчэ больш адсунула Турцыю на задні план.

Пасля здзелкі Нікасіі з Каірам Тэль-Авіў, які раней задумваўся аб будаўніцтве падводнага газаправода Ізраіль—Турцыя, таксама заключыў кантракт на продаж свайго газу Егіпту.

Турцыя выказала сваё стаўленне да таго, што адбываецца, праз серыю ваенных вучэнняў, пасылаючы ў кіпрскія воды разведвальныя караблі з ваенна-марскім суправаджэннем. Краіна па-ранейшаму адмаўляецца прызнаваць марскія межы Кіпра, якія, лічыць Анкара, былі незаконна праведзены ў шкоду Турцыі. На фоне турэцкіх акцый альянс Егіпта, Ізраіля, Кіпра і Грэцыі пачаў атрымліваць усё большую падтрымку з боку Францыі, Італіі і ЗША — кожная з гэтых краін уклала значныя сродкі ў здабычу ўсходнеміжземнаморскага газу. Турцыя, якая з'яўляецца адным з найважнейшых флангаў НАТА на Усходзе, дзеянні саюзнікаў па альянсу ўспрымае не інакш як здраду.

Мост у Афрыку

Яшчэ адным важным удзельнікам міжземнаморскага газавага супрацьстаяння застаецца Лівія — мабыць, адзіны турэцкі саюзнік у рэгіёне. Але тут важна мець на ўвазе, што гаворка ідзе выключна аб лівійскім урадзе Сараджа, які з'яўляецца толькі адной з супрацьлеглых сіл у ахопленай грамадзянскай вайной дзяржаве.

У 2019 годзе з дапамогай Лівіі Турцыя паспрабавала вырвацца з рэгіянальнай газавай ізаляцыі, падпісаўшы з Трыпалі ўласнае пагадненне аб марской дэмаркацыі. Дакумент вызначае максімальную марскую зону для Турцыі, пазбаўляючы любы з грэчаскіх астравоў кантынентальнага шэльфа або выключнай эканамічнай зоны правоў на радовішчы выкапняў. Такім чынам Анкара намервалася займець дадатковыя прававыя рычагі, каб у далейшым аспрэчыць грэчаскія і кіпрскія марскія межы.

Акрамя дэмаркацыі, Анкара і Трыпалі дамовіліся аб вайсковым супрацоўніцтве і турэцкай дапамозе ўраду Сараджа, які змагаецца з Лівійскай нацыянальнай арміяй генерала Халіфы Хафтара. Апошняга падтрымліваюць Францыя і Егіпет.

Умяшанне Анкары дазволіла Сараджу адкінуць сілы Хафтара, якія ў пачатку года заяўлялі аб хуткім узяцці Трыпалі. Захаваўшы дзеючы рэжым у Лівіі, Турцыя забяспечыла і захаванне сваіх марскіх пагадненняў, пасля чаго перайшла да актыўных дзеянняў, пачаўшы адпраўляць свае судны да берагоў Грэцыі і Кіпра.

Пры гэтым ЕС афіцыйна не прызнаў дзеянне лівійска-турэцкага мемарандума, які правёў вертыкальную лінію праз Міжземнае мора. Пасля гэтага, як паведаміў ТАСС, Грэцыя, Ізраіль і Кіпр падпісалі пагадненне аб будаўніцтве падводнага трубаправода EastMed для транспарціроўкі газу з Усходняга Міжземнамор'я ў Еўропу. Гэты праект актыўна лабіравалі ў ЗША.

Фрэгаты і знішчальнікі

6 жніўня кіраўнікі МЗС Грэцыі і Егіпта падпісалі пагадненне аб дэмаркацыі марскіх зон у Міжземнамор'і. Дакумент ужо ратыфікаваны парламентамі дзвюх краін. На думку Афін, пагадненне з Егіптам замацоўвае права грэчаскіх астравоў на марскі шэльф і выключную эканамічную зону. Анкара заявіла, што не прызнае гэты дакумент, і распачала адпаведныя дзеянні ў адказ. У спрэчны раён накіравалася турэцкае судна Oruc Reіs у суправаджэнні пяці ваенных караблёў для сейсмічнай разведкі на грэчаскім марскім шэльфе каля вострава Кастэларыза. У адказ Грэцыя прывяла ўзброеныя сілы ў баявую гатоўнасць і заявіла, што будзе адстойваць свае суверэнныя правы.

Грэчаскі флот узяў на суправаджэнне турэцкую эскадру, што нават прывяло да невялікага сутыкнення караблёў. Генеральны штаб нацыянальнай абароны Грэцыі афіцыйна не пацвердзіў гэтую інфармацыю, хоць абаронны партал defence-poіnt.gr паведамляў, што турэцкі фрэгат Kemalreіs спрабаваў пратараніць грэчаскі Lіmnos. Сітуацыю больш ці менш прасвятліў партал аrmyvoіce.gr, распавёўшы, што караблі хутчэй «закранулі» адзін аднаго, што можа здарыцца пры манеўраванні ў невялікай прасторы.

Знішчальнікі дзвюх краін пераследавалі адзін аднаго ў небе над востравам Кастэларыза, што вельмі напалохала турыстаў. Новым адказам на турэцкі выклік сталі распачатыя вучэнні «Эўномія» (імя антычнай багіні законнасці) — сумесныя манеўры ўзброеных сіл Грэцыі, Кіпра, Францыі і Італіі. Тым часам на Крыт з ААЭ прыбылі найноўшыя знішчальнікі F-16.

Цяпер акрамя Oruc Reіs у Міжземнамор'і геолагаразведкай займаюцца яшчэ два турэцкіх судны — Barbaros Hayreddіn і Yavuz. Апошняе мяркуе праводзіць бурэнне каля берагоў Кіпра да 15 верасня. На думку прэзідэнта Турцыі Таіпа Эрдагана, дзеянні Анкары ў Міжземным моры «цалкам апраўданы з пункту гледжання міжнароднага права».

Сітуацыя застаецца складанай. Грэцыя, Кіпр і Францыя выступаюць за рашучыя дзеянні ў дачыненні да Турцыі. Іншыя рэгіянальныя дзяржавы, такія як Італія, Мальта і Іспанія, імкнуцца не рабіць рэзкіх заяў, хутчэй за ўсё, з-за камерцыйных інтарэсаў, якія звязваюць гэтыя краіны з Турцыяй. Берлін заклікае бакі да кампрамісаў, але ў сваёй міжземнаморскай палітыцы часта абапіраецца на Францыю. Што датычыцца ЗША, то Вашынгтон плануе выкарыстаць свой галоўны рычаг — эканамічныя санкцыі.

У чаканні здзелкі

Афіны чакаюць ад ЕС поўнай салідарнасці і заклікаюць да санкцый супраць Турцыі. Але кіраўнік еўрапейскай дыпламатыі Жазэп Барэль папярэдзіў, што ад Бруселя не варта чакаць канкрэтных крокаў. Грэчаскія ваенныя патрабуюць салідарнасці ад НАТА, называючы непрымальным нейтралітэт блока ў спрэчцы паміж яго членамі.

Германія, якая цяпер цяпер з'яўляецца старшынёй ЕС, спрабуе выступіць пасярэднікам у канфлікце. Кіраўнік нямецкага МЗС Хайка Маас праводзіць чаўночную дыпламатыю паміж Афінамі і Анкарой, угаворваючы бакі сесці за стол перамоў. Ён параўнаў сітуацыю са шпацырам па краі прорвы і папярэдзіў аб рызыцы катастрофы. Пакуль што заклікі нямецкага дыпламата не былі пачутыя.

У МЗС абедзвюх краін кажуць, што гатовыя да перамоў. Але турэцкі прэзідэнт Рэджэп Таіп Эрдаган абвінавачвае Афіны ў баязлівасці і замаху на турэцкія інтарэсы і выключае саступкі. А грэчаскі прэм'ер-міністр Кірыакас Міцатакіс анансаваў далейшае пашырэнне берагавой зоны вакол грэчаскіх астравоў на захад — правакацыя ў вачах Турцыі.

Апытаныя «Бі-бі-сі» эксперты заўважаюць, што газавы канфлікт — не галоўная прычына, крызіс немагчыма разглядаць асобна ад спрэчкі аб межах, розных тлумачэннях марскога права і нацыяналістычных праектаў, а таксама новых геапалітычных рэалій. Насельніцтва Грэцыі складае менш чым 11 мільёнаў чалавек, і яно скарачаецца. Турцыя ж налічвае 82 мільёны жыхароў, і гэтая колькасць расце. Несупастаўныя і ўзброеныя сілы дзвюх краін. «Грэцыя не можа супрацьстаяць Турцыі ў адзіночку», — заўважыў «Бі-бі-сі» Дзімітры Трыантафілу, прафесар міжнародных адносін у стамбульскім універсітэце Кадзіра Хас. — Грэцыя павольна выбудоўвала кааліцыю і павялічвала дыпламатычную актыўнасць. Еўрасаюз паступова прыняў пазіцыю Грэцыі, гэта напалохала Анкару і загнала яе ў вугал».

Фактычна гаворка аб антытурэцкай восі, сфарміраванай з двух трохкутнікаў — Ізраіль—Грэцыя—Кіпр і Егіпет—Грэцыя—Кіпр — пры падтрымцы Францыі, кажа Галія Ліндэнштраус, старшы супрацоўнік Інстытута нацыянальнай бяспекі Тэль-Авіўскага ўніверсітэта. Узмацніла гэты нефармальны альянс і нармалізацыя дыпламатычных адносін паміж Ізраілем і ААЭ. Аднак усе ўдзельнікі «восі» маюць уласныя мэты, і нават калі цяпер яны падтрымліваюць Грэцыю, у доўгатэрміновай перспектыве прыход новых гульцоў можа быць ёй не выгадны, адзначыў Ёрук Ішык, эксперт у галіне рэгіянальнай бяспекі са Стамбула.

Гэты крызіс можа стварыць і магчымасць для эпахальнай здзелкі, лічыць прафесар Дзімітры Трыантафілу. Эскалацыя небяспечная, але яна можа прымусіць Грэцыю і Турцыю сесці за стол перамоў і паспрабаваць знайсці палітычнае рашэнне іх рознагалоссяў. Як паведаміў ТАСС, сітуацыя ў Міжземным моры будзе ў цэнтры ўвагі саміта ЕС, які мае адбыцца 24-25 верасня. Магчыма, на форуме ўдасца вырашыць глабальнае супрацьстаянне. Прынамсі, такія спадзяванні ёсць.

Захар БУРАК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Карэспандэнты «Звязды» даведалiся, як працуюць ратавальнiкi-кiнолагi

Карэспандэнты «Звязды» даведалiся, як працуюць ратавальнiкi-кiнолагi

У Беларусi прайшлi спартыўныя спаборнiцтвы па службовым шматбор'i кiнолагаў.

Грамадства

Дарогі Беларусі ацэняць у зорках. ​Сістэма дапамогі кіроўцу, «штучны зрок» і нулявыя выкіды СО2

Дарогі Беларусі ацэняць у зорках. ​Сістэма дапамогі кіроўцу, «штучны зрок» і нулявыя выкіды СО2

Незалежны інстытут аўдытараў дарожнай бяспекі будзе створаны ў Беларусі.

Культура

Прывіды беларускіх муроў. Балі ў разбураным замку

Прывіды беларускіх муроў. Балі ў разбураным замку

Бона Сфорца не была ў Белым Ковелі, але танцуе там у выглядзе прывіду.