22 верасня, аўторак

Вы тут

Як жывуць апошнія жыхары вёскі Пузі Бярозаўскага раёна


Вёска з такой крыху дзіўнай назвай схавалася паміж балот і лясоў побач са Спораўскім запаведнікам. Населены пункт, дзе пражывае каля дваццаці чалавек, раскіданы ў прасторы не на адзін кіламетр. Праязджаеш некалькі хат пасля першага ўказальніка, а потым — кіламетр лесу і поля, потым зноў вуліца. Такое рассяленне прадыктавана балоцістай мясцовасцю: дзе быў сухі лапік зямлі, там і ставілі хаты. Пазней прайшла меліярацыя, і балоты адышлі ад вёскі. Цяпер пра тых, хто жыве далей ад цэнтра, кажуць: на хутарах. На такім вось «хутары» жыве адна з сённяшніх гераінь — 93-гадовая Соф'я Мікіціч.


Партызанскі край

Соф'я Уладзіміраўна як старэйшая жыхарка прыгадала гады вайны, як хаваліся ад адпраўкі ў Германію, як лютавалі немцы, бо вакол у лясах былі партызаны.

— Страшна было, дзеткі, — успамінае Соф'я Уладзіміраўна, — кожную ноч баяліся, што могуць прыйсці, забіць, забраць усю маёмасць. Так і было аднойчы. Калі сталі маладых забіраць у тую Нямеччыну, нас з сястрой, мы былі старэйшыя, бацькі адправілі да сваякоў у Здзітава, бо там немцаў не было. Аднойчы была нейкая аблава, шукалі партызанаў. Бацькі так расказвалі, прыйшлі на досвітку, сталі выганяць усіх з хаты: яны, мусіць, баяліся выходзіць, малыя плакалі, бо ў вокны глядзелі людзі са зброяй, да таго ж стаялі крыкі, лямант, сабакі брахалі. Тады сталі страляць угару, нехта з іх, каб настрашыць больш, кінуў гранату ў акно кухні. Добра, што яна ўзарвалася ў карыце, дзе бульбу свінням таўклі, і вялікай шкоды не нарабіла. Ну бацька і рашыўся выйсці, выстраіў малых каля плота.

Партызанаў у нас, вядома, не знайшлі, чапаць не сталі, але забралі карову і свіней. Цяпер нават і не ведаю, як бацькі выкруціліся, каб усе выжылі, з голаду не паўміралі, нас жа было ў іх сямёра...

Пра тую аблаву згадаў аднавясковец Соф'і Уладзіміраўны Міхаіл Пігас. Міхаілу Яўгенавічу расказвала бабуля. Усё пачалося з інцыдэнту ў суседніх Чарневічах, партызаны там забілі немца. Вось і сталі акупанты праводзіць «зачыстку». Некалькі чалавек тады забілі і ў Пузях. А яго бабуля з малымі дзецьмі, як і многія іх суседзі, схаваліся ў балоце, былі там некалькі сутак. Без ежы, вады сядзелі ў такой мясціне, куды і жывёла хадзіць баялася, там расла асаблівая пякучая асака, скуру разразала. Сядзелі, колькі вытрывалі, потым вылезлі. Чые хаты спалілі, тыя сем'і зімавалі ў хляве, што застаўся ад пажару. Цяжка нават уявіць, чаго нацярпеліся нашы людзі ў вайну — падсумоўваем з Міхаілам Яўгенавічам.

Соф'я Мі­кі­ціч.

На сваім і калгасным

— Вайна скончылася, сталі ўладкоўваць жыццё, — расказвае Соф'я Мікіціч, карову на час даў сваяк. Было сваё поле, аралі, сеялі. Потым хто маладзейшы, сталі выязджаць на заработкі ва Украіну.

Соф'я таксама ездзіла, там зямля ўрадлівая, зарабіла для сям'і пшаніцы, троху грошай, амаль усе аднавяскоўцы пабывалі ў канцы 40-х у суседняй рэспубліцы. А ў 1950 годзе арганізавалі калгас, сталі працаваць там. Яны з мужам таксама працавалі ў калектыўнай гаспадарцы. Цяпер з Соф'яй Уладзіміраўнай жыве дачка, бо адна яна ўжо не можа, ногі амаль зусім адказалі. Але аптымізму бабуля не траціць, тэлевізар не глядзіць, вочы хворыя, слухае перадачы з задавальненнем.

Соф'я Мікіціч, як ужо гаварылася, жыве на хутары, а на самым пачатку вёскі хата Ганны Вішнеўскай. Ганна Аляксандраўна перабірала бульбу.

— Прыехалі дзеці, дзве гадзіны пакапалі і ўсю бульбу выбралі, — гаворыць гаспадыня.

Яно і не дзіва, чацвёра дзяцей у Ганны Аляксандраўны, пяцёра ўнукаў, восем праўнукаў. Сям'я вялікая, матулю аберагаюць ад лішніх клопатаў па гаспадарцы, не хочуць, каб яна жыўнасць трымала. Хоць яна, мусіць, і не супраць. Але ж тры гады таму пажар здарыўся, хлеў згарэў. Адбудоўваць яго дзеці не сталі, каб не нагружаць маці. «А раней, — кажа яна, — дзве каровы з гаспадаром трымалі, двое свіней». Працавалі — яна на паляводстве, ён трактарыстам, але з 1996 года адна.

— Цяпер вось агародам займаюся. Агуркі, памідоры вырошчваю. А бульба не расце, калі не забяспечыш севазварот. Таму адзін год трэба сеяць збожжавыя, другі садзіць бульбу. А пра вёску я менш магу расказаць, бо я сюды замуж прыйшла. А вось Пелагея Дземідовіч нарадзілася і вырасла тут, ды яна старэйшая, заедзьце да яе, — параіла Ганна Аляксандраўна, — у яе сын Васіль — дэпутат парламента.

Тыповая гісторыя

Так і робім, крыху папятляўшы па вёсцы, знаходзім хату Пелагеі Дземідовіч. Пелагею Мікалаеўну застаём на падворку ў кампаніі сына, які праводзіць водпуск у родным доме. Спачатку гаспадыня катэгарычна адмаўляецца фатаграфавацца, маўляў, старая, навошта патрэбныя такія здымкі ў газеце. І толькі пад угаворамі сына згаджаецца, просіць нявестку падаць выхадную хусцінку, адстаўляе да грушы свае два кіёчкі, якія, на жаль, сталі яе пастаяннымі спадарожнікамі, і літаральна на вачах маладзее ад усмешкі:

— Ой, напішыце, што ў нас вельмі добры шафёр аўтакрамы, можа, нідзе такога няма. Тры разы на тыдзень прыязджае да нас, прыпыніцца, дзе хочаш, дык яшчэ і торбачку пад хату паднясе, — пачынае Пелагея Мікалаеўна з інфармацыі «каб не забыцца сказаць». — А пра сябе і вёску расказвае так — нарадзілася ў 1942 годзе, у самую вайну. Бацькі ўсё жыццё рабілі на зямлі. Нас у сям'і нарадзілася васьмёра, тады якая медыцынская дапамога была... выжыла чацвёра. Цяпер у мяне адна сястра засталася. Жыве ў Касцюковічах Магілёўскай вобласці. Гаворым па тэлефоне па два, тры разы на дзень, ад 20 да 30 рублёў у месяц нагаворваю, але ж на гэтым не эканомім...

Сястра мая яшчэ паспела ў пачатковую школу, якая была ў вёсцы, а калі мне час прыйшоў, ужо школы не было, давялося ісці ў сямігодку за тры кіламетры адсюль. Сярэдняя школа была яшчэ далей, таму пасля сямі класаў пайшла працаваць у калгас, была і цялятніцай, і свінаркай, потым даяркай дваццаць гадоў. Ферма за тры кіламетры, даілі тры разы, спачатку яшчэ рукамі. Уставаць на ранішнюю дойку трэба было ў чатыры гадзіны, ісці і ў непагадзь, і ў завею, ды і ў кароўніку пад нагамі хлюпала. Там свае ногі і пакінула, на той рабоце, бачыце, як хаджу, — працягвае жанчына. — Ужо потым падсыпалі дарогу, можна было пад'ехаць веласіпедам. А яшчэ ж трэба было сваю гаспадарку дагледзець, і карову трымалі, і авечкі, і птушку. Дзяцей трэба было ў школу адправіць, а зімой нават з саначкамі падыходзіла сустрэць, бо школа далёка, дарогу ніхто не чысціў. Але ж спраўляліся, маладыя былі, сіл шмат.

Пе­ла­гея Дзе­мі­до­віч  з сы­нам.

Муж таксама на ферме працаваў. Ужо тры гады яго няма. А дзевяць апошніх гадоў цяжка хварэў, але ж прызвычаіўся, нават падворак касіў, мне дапамагаў. Як добра было ўдваіх, а адной вельмі цяжка, — уздыхае. — Праўда, дзеці дапамагаюць, прыязджаюць кожныя выхадныя, адзін сын жыве ў Бярозе, другі — у Кобрыне, працуе зараз толькі ў Мінску. Ужо восем праўнукаў. Жыць цяпер стала добра, але ж зноў, цяжка, бо чалавека майго няма і здароўя няма.

Вось такая тыповая гісторыя карэннай жыхаркі вёскі Пузі: працавалі ў калгасе з мужам, выгадавалі дзяцей, дзеці вывучыліся і знайшлі сваё месца ў гарадах. Сын Пелагеі Мікалаеўны Васіль Мікалаевіч другое скліканне працуе ў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. Цікава, што літаральна насупраць іх хаты — сядзіба калегі Васіля Дземідовіча па ПП мінулага склікання Леаніда Качыны. Такім чынам, у папярэднім складзе парламента працавалі два выхадцы з маленькай вёскі Пузі.

— Мая вёска для мяне месца сілы, — гаворыць Васіль Дземідовіч, — тут я адпачываю душой, тут, як нідзе, магу за кароткі час узнавіцца. Для мяне рыбалка на сваёй рэчцы, работа ў агародзе і на падворку становяцца самым лепшым адпачынкам. Часта сустракаемся з землякамі, якія прыязджаюць летам, падтрымліваюць бацькоўскія сядзібы, шкадуем, што наша вёсачка згасае. Але ж з гэтым нічога не зробіш, горад паглынае жыхароў вёсак. І калі нашаму пакаленню цікавыя нашы вёскі, бо мы тут выраслі, то нашым дзецям, заўважаю, вёска цікавая эпізодамі як свайго роду экзотыка, месца кароткага адпачынку. Гэта рэаліі нашага цяперашняга жыцця, можа, з часам што зменіцца... А вось паходжанне назвы мы так нідзе не знайшлі, як ні стараліся. Што значыць Пузі, не ведаем, значыць, трэба працягваць пошукі.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Месца сілы двух дэпутатаў

Выбар рэдакцыі

Культура

У выдавецтве «Мастацкая лiтаратура» выйшла кнiга Аляксандра Радзькова «Мой фiзмат»

У выдавецтве «Мастацкая лiтаратура» выйшла кнiга Аляксандра Радзькова «Мой фiзмат»

Пра калег — настаўнiкаў, старэйшых таварышаў, паплечнiкаў распавядае доктар педагагiчных навук, прафесар матэматыкi, заслужаны дзеяч навукi Рэспублiкi Беларусь.

Грамадства

Тураўскі крыж упершыню будзе прадстаўлены 26 верасня

Тураўскі крыж упершыню будзе прадстаўлены 26 верасня

На свята Узнясення Крыжа Гасподняга, падчас вячэрняй службы ў Мінскім кафедральным саборы.

Грамадства

Як і чым жыве колішняя «памідорная сталіца» Беларусі?

Як і чым жыве колішняя «памідорная сталіца» Беларусі?

Каб адчуць, чым organіc food адрозніваецца ад звыклых для сучаснага гараджаніна прадуктаў, дастаткова пакаштаваць памідоры ў Савічах і параўнаць іх з таматамі з гіпермаркета.