Вы тут

Расійскаму пісьменніку Альберту Ліханаву спаўняецца 85 гадоў


Вядомаму расійскаму пісьменніку, актыўнаму грамадскаму дзеячу Альберту Ліханаву 13 верасня спаўняецца 85 гадоў.


Юбілей слыннага Чалавека адзначаюць удзячныя чытачы, педагогі, бацькі і ў Беларусі. Чаму? Таму, што кнігі Альберта Ліханава ёсць ці не ва ўсіх нашых бібліятэках, уключаючы і сямейныя зборы найбольш запатрабаванай літаратуры.

Звыш сотні кніг А. Ліханава выйшлі на розных замежных мовах. Я асабіста пераклаў на беларускую мову яго шчымлівыя аповесці «Дзяўчынка Усёадно» і «Мамчын сынок». А мінская школьніца Оля Кулюкіна стала пераможцай міжнароднага конкурсу «Чытаем Альберта Ліханава». У Маскве з рук пісьменніка Оля атрымала збор яго твораў. Журналістам патлумачыла: «Аднойчы мама прынесла з кнігарні раман Альберта Анатолевіча «Зламаная лялька». Я чытала яго ўсю ноч, не магла адарвацца. Пасля прачытала раман «Ніхто», аповесць «Ляжачых не б'юць», «Рускія хлопчыкі»...»

Да ацэнкі кніг Альберта Ліханава маглі б далучыцца тысячы беларускіх школьнікаў. А яшчэ многія беларускія дзеці, якія ведаюць, што такое хваробы, інваліднасць, сіроцтва, маглі б расказаць, які Альберт Анатолевіч нястомны дабрачыннік, верны сябар дзяцей, у нечым пакрыўджаных лёсам. Пра свайго расійскага сябра за ўсіх іх скажу я.

З Альбертам Анатолевічам мы разам працуем на ніве дзіцячых фондаў ужо больш за трыццаць гадоў. Савецкі дзіцячы фонд стварыў некалі ён. Пазней мы, дзетфондаўцы былых савецкіх рэспублік, аб'ядналіся ў Міжнародную асацыяцыю дзіцячых фондаў. Разам праводзім валанцёрскія з'езды, пленумы, сходы, на якіх абменьваемся вопытам дабрачыннай справы, падтрымліваем адзін аднаго, мабілізуем агульныя намаганні па дапамозе нашым падапечным.

Прывяду адзін прыклад. Калі здарылася чарнобыльская бяда, Альберт Анатолевіч Ліханаў адзін з першых прыехаў у Беларусь. Ён здолеў знайсці спонсара, каб закупіць для дзіцячага цэнтра рэабілітацыі патрэбныя медпрыборы. Арганізаваў ваенныя транспартныя самалёты для вывазкі на адпачынак і лячэнне дзяцей Беларусі ў пятнаццаць краін свету. За сваё бескарыслівае служэнне дзецям, асабісты ўклад у духоўнае, маральнае выхаванне нашых спадчыннікаў Альберт Ліханаў узнагароджаны Ордэнам Францыска Скарыны.

Пра ўзнагароды пісьменніка, акадэміка Расійскай акадэміі адукацыі, ганаровага прафесара ўніверсітэтаў Кірава, Белгарада, Свярдлоўска, Цюмені, Санкт-Пецярбурга, Сока (Японія) можна было б распавядаць вельмі доўга. Скажу толькі, што імя Альберта Ліханава ўнесена ў спіс выдатных еўрапейцаў XXІ стагоддзя.

Альберт Ліханаў стаяў ля вытокаў распрацоўкі і прыняцця Канвенцыі аб правах дзіцяці ў ААН. Горача падтрымліваў прыняцце ў Беларусі закона «Аб правах дзіцяці». Таксама Альберт Анатолевіч не адзін раз бываў на пленумах Беларускага дзіцячага фонду, у паездках па нашых школах-інтэрнатах, сямейных дзіцячых дамах. Быць побач з ім, слухаць яго вобразныя, глыбокія прамовы — і духоўны ўрок, і асалода ад глыбокіх думак, вобразнай мовы.

У дзень юбілею хочацца пажадаць Альберту Анатолевічу Ліханаву моцнага здароўя, невычарпальнага натхнення для добрых спраў, новых літаратурных твораў для ўдзячных чытачоў. Жыццё, як вучыў Леў Талстой, вымяраецца не гадамі, а чалавечнасцю. Дык хай жа паходня чалавечнасці, запаленая і для яго самога, і для мільёнаў дзіцячых душ, будзе нязгаснай.

Уладзімір Ліпскі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, старшыня праўлення Беларускага дзіцячага фонду, член Прэзідыума Міжнароднай асацыяцыі дзіцячых фондаў

Загаловак у газеце: Дзеці — яго зямны лёс

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».