Вы тут

Сустрэча Лукашэнкі і Пуціна прайшла ў Сочы. Беларусі будзе выдзелены крэдыт у $1,5 млрд


Сустрэча прэзідэнтаў Беларусі і Расіі Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна праходзіць у Сочы на тэрыторыі рэзідэнцыі «Бачараў ручай».


Перамовы праходзяць у фармаце «сам-насам». Лідары краін абмяркоўваюць стан і перспектывы развіцця двухбаковага супрацоўніцтва ў розных сферах, тэматыку саюзных адносін, разгледзяць міжнародную праблематыку і сітуацыю ў рэгіёне, пытанні сумеснага рэагавання на выклікі.


Лукашэнка — Пуціну: Вы паступілі вельмі прыстойна, па-чалавечы

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падзякаваў расійскаму боку і асабіста Прэзідэнту Расіі Уладзіміру Пуціну за падтрымку ў поствыбарчы перыяд.

Кіраўнік беларускай дзяржавы адзначыў, што ў сваім уступным слове расійскі лідар адкрыта і досыць поўна закрануў пытанні цяперашняй сустрэчы ў Сочы. «Гэта правільна. Таму што як ніколі раней — я з-за пэўных абставінаў вельмі старанна адсочваю зараз публікацыі ў розных СМІ — столькі канспіралагічнага было напярэдадні нашай сустрэчы ... Таму ўсё, што вы сказалі, вельмі важна. І яно, увогуле, адказвае на ўсе тыя выклікі і настроі ў СМІ».

«Перш за ўсё хачу вам падзякаваць. Гэта натуральна, усе гэта выдатна разумеюць. Падзякаваць не за тое, што мы выконваем дагаворы. Гэта зразумела. Вы паступілі вельмі прыстойна, па-чалавечы. Таму я асабіста вам дзякую і ўсім тым расіянам, хто быў датычны да таго, каб падтрымаць нас у гэта поствыбарчы час», - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён паабяцаў падрабязна распавесці Уладзіміру Пуціну аб тым, што адбывалася. «Яно, вядома, не так бачыцца на самай справе, як гэта дэманструюць у СМІ. Вы чалавек вопытны, не горш за мяне ведаеце, як можна паказаць, расказаць і гэтак далей, — заўважыў беларускі лідар. — І потым, у наш час інфармацыйных супрацьстаянняў і войнаў вы ведаеце, як гэта падаецца. Таму я вас падрабязна паінфармую пра тое, што адбываецца на самай справе, нават не ў Беларусі, а ў Мінску».

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што сябар пазнаецца ў бядзе. «Я гэта шчыра кажу. Гэта нам урок — не толькі Беларусі і Расіі, але і нашым постсавецкім рэспублікам. Пра гэта мы будзем яшчэ гаварыць на сустрэчы ЕАЭС, АДКБ, ды і ў рамках СНД ёсць пра што пагаварыць. Думаю, вам цікава будзе мая заява ў гэтых структурах, — сказаў Прэзідэнт. — Як мы з вамі па тэлефоне размаўлялі яшчэ ў пачатку гэтых падзей у Беларусі, што ўрокі трэба атрымліваць з усіх падзей. І для нас таксама вельмі сур’ёзны ўрок, які мы з вамі, спадзяюся, вытрымалі».

«Мы сапраўды па дамове АДКБ ішлі роўна і, улічваючы адносіны паміж брацкімі народамі, фактычна адным народам, мы так і зрабілі. Не ваявалі, не стралялі, не кідаліся нават палкамі. Але прадэманстравалі сваю рашучасць. Што калі там, за межамі беларускіх межаў, камусьці хочацца пачасаць рукі, мы можам пачасаць у любы момант. І што мне вельмі прыемна, я вам вельмі за гэта ўдзячны, — вы прадэманстравалі, што беларускія мяжы — гэта межы Саюзнай дзяржавы. І нікому не дазволена бразгаць там зброяй», - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт таксама адзначыў, што пры стварэнні і развіцці дамовы аб саюзнай дзяржаве бакі ішлі планамерна, паступова. «Нашы дзяржавы і нашы народы заўсёды будуць дружалюбнымі», — упэўнены беларускі лідар.


Пуцін: Трэба распачаць дадатковыя намаганні для росту тавараабароту Беларусі і Расіі

Уладзімір Пуцін адзначыў, што Расія застаецца самым буйным інвестарам для эканомікі Беларусі, і прывёў у прыклад шматмільярдны праект па будаўніцтве БелАЭС. На Расійскую Федэрацыю прыпадае таксама каля паловы знешнегандлёвага абароту Беларусі, у краіне працуе шмат прадпрыемстваў з расійскім капіталам. «У нас вельмі ўстойлівая і глыбокая кааперацыя па цэлым шэрагу кірункаў і галін. Каранавірус, на жаль, паўплываў на наш гандлёвы абарот у бок паніжэння ўзроўню. Гэта натуральна, так ва ўсім свеце адбываецца. У сувязі з гэтым, я мяркую, нам трэба распачаць дадатковыя намаганні, каб не толькі аднавіць ранейшы дакрызісны ўзровень тавараабароту і эканамічных адносін, але і стварыць перадумовы для руху наперад», — заявіў Прэзідэнт Расіі.

Ён прапанаваў у ходзе перамоваў засяродзіць на гэтым увагу. «У мяне ёсць пэўныя прапановы. Мне здаецца, трэба і на ўзроўні ўрадаў, міністэрстваў, ведамстваў, але і нават асобных прадпрыемстваў распачаць дадатковыя намаганні і крокі для таго, каб ліквідаваць наяўныя праблемы і стварыць умовы для руху наперад», — сказаў Уладзімір Пуцін.

Расійскі лідар згадаў і нядаўні візіт у Беларусь урадавай дэлегацыі на чале з прэм’ерам Міхаілам Мішусціным, адбыліся сур’ёзныя вялікія перамовы. «І яны былі паспяховымі па ўсіх напрамках нашага ўзаемадзеяння. У тым ліку і ў фінансавай сферы», — канстатаваў Уладзімір Пуцін.



Пуцін: Расія плануе прадаставіць Беларусі крэдыт у $1,5 млрд

«Мы дамовіліся аб тым, што Расія прадаставіць Беларусі ў гэты складаны момант дзяржаўны крэдыт у 1,5 млрд. І мы гэта выканаем. Зараз, наколькі вядома, нашы міністры фінансаў вядуць на гэты конт працу на прафесійным узроўні», — сказаў Прэзідэнт Расіі.

Ён адзначыў, што крэдыт плануецца падаць у бліжэйшы час. «Спадзяюся, што гэта адпаведным чынам адаб’ецца і на фінансавых рынках», — заявіў Уладзімір Пуцін.

«Частка з гэтага крэдыту будзе выкарыстаная для рэфінансавання раней прадастаўленых пазыковых сродкаў, частка — гэта новыя грашовыя сродкі», - сказаў прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна Дзмітрый Пяскоў.

Ён таксама адзначыў, што расійскі крэдыт Беларусі нельга трактаваць як умяшальніцтва Масквы ў справы Мінска: «Ніякім чынам гэта не павінна тлумачыцца як умяшальніцтва ва ўнутраныя справы, мы катэгарычна супраць гэтага».


Лукашэнка пра пратэсты ў Мінску: Пакуль чырвоныя лініі ніхто не парушаў

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння на перамовах у Сочы з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным выказаўся наконт пратэстаў, якія перыядычна праходзяць у краіне, і асабліва ў беларускай сталіцы.

«Не спрашчаюся, але з усмешкай гляджу на тое: у нас у суботу марш жанчын і дзяўчат, а ў нядзелю агульны марш. У звычайныя (буднія. — Заўвага. БЕЛТА) дні краіна жыве звычайным жыццём. Ды і ў суботу, і нядзелю. Частку Мінска мы вызваляем для таго, каб людзі маглі, калі ў іх ёсць жаданне, прайсціся», - распавёў Аляксандр Лукашэнка.

«Але галоўнае, я гэта пастаянна кажу, — не пераходзіць рысу. Ёсць чырвоная лінія (вам таксама гэта знаёма і вядома больш, чым мне, вам давялося гэтыя лініі чарціць па Чачні перш за ўсё, калі вы сталі яшчэ зусім маладым Прэзідэнтам). Не дай бог, вядома, гэта ў Беларусі. Але тым не менш ёсць пэўныя чырвоныя лініі, якія ніхто не мае права пераходзіць. Пакуль гэтыя чырвоныя лініі ніхто не парушаў», - дадаў Прэзідэнт.


Лукашэнка — Пуціну: мы ні ў каго не павінны пытацца, праводзіць ці не праводзіць у нас ваенныя вучэнні

«Па абароне мы заўсёды прытрымліваліся з вамі, як людзі ваенныя, адной тактыкі. Я, можа быць, груба сказаў нядаўна расійскім журналістам: сабачыцца мы можам па любых пытаннях, спрачацца і гэтак далей, але абарона і бяспека ў нас ніколі не выклікала ніякіх спрэчак і сумневаў. Мы ні ў каго не павінны пытацца, праводзіць ці не праводзіць у нас вучэнні. Мы праводзілі і будзем праводзіць. Хто-небудзь хоча, няхай далучаецца да гэтых вучэнняў, хтосьці не хоча, хай не робіць гэтага, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Я думаю, што, Уладзімір Уладзіміравіч, вы дасце каманду міністру абароны Расіі, а наш міністр ужо атрымаў такую каманду: мы спланируем на гады наперад гэтыя вучэнні, будзем іх канкрэтызаваць. І малыя, і вялікія вучэнні мы павінны праводзіць разам».

У сувязі з гэтым кіраўнік дзяржавы акцэнтаваў увагу на адным з урокаў цяперашняй сітуацыі ў Беларусі і вакол яе: «Ну навошта лязгать гусеніцамі ля межаў Саюзнай дзяржавы і Беларусі? Складаны перыяд, ну пацярпіце».

Аляксандр Лукашэнка прывёў канкрэтны прыклад — перакідка на палігон Пабрадэ ў Літве ў 15 км ад дзяржаўнай мяжы амерыканскага танкавага батальёна. «Навошта гэта рабіць? Таму нам трэба не дапусціць памылак Вялікай Айчыннай вайны, калі ўсё ўціхамірваць, што правакацый не дапусціць, вайны не будзе і іншае... І мы апынуліся як ля разбітага карыта. Савецкая армія была, а прайшлі Беларусь, нават практычна не паспелі сабрацца і супраціўляцца. Гналі нас аж да Смаленска, і толькі там змаглі неяк супрацьстаяць гэтаму», — сказаў Прэзідэнт.

«Таму я лічу, што нам ні ў якім разе нельга азірацца на тое, што нам скажуць. Яны з намі не лічацца. Яны не глядзяць на нашы насцярожанасці, праводзяць вучэнні тады, калі хочуць. Таму мы таксама, калі вы падтрымаеце гэты тэзіс, не напружваючы абстаноўку вакол, будзем рыхтаваць свае арміі, каб калі, не дай бог, можна было гэтаму супрацьстаяць», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.


Пуцін: Мы за тое, каб беларусы самі без усялякіх падказак і ціску звонку разабраліся ў сітуацыі

Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін у сувязі з унутрыпалітычнымі падзеямі ў Беларусі лічыць, што грамадзяне краіны павінны самастойна без вонкавага ціску разабрацца ў сітуацыі. 

«Вельмі рады вас бачыць. Я ўжо віншаваў вас з перамогай на прэзідэнцкіх выбарах. Але гэта было ў пісьмовым выглядзе і па тэлефоне. Зараз рады магчымасці зрабіць гэта пры асабістай сустрэчы. Хачу пажадаць вам усяго самага добрага, поспехаў. Мы бачым, вядома, усё ведаем, што ў Беларусі адбываюцца ўнутрыпалітычныя падзеі, звязаныя як раз з гэтымі выбарамі. Вы нашу пазіцыю добра ведаеце. Мы за тое, каб беларусы самі без усялякіх падказак і ціску звонку ў спакойным рэжыме і дыялогу адзін з адным разабраліся ў гэтай сітуацыі і прыйшлі да агульнага рашэння, як выстройваць сваю працу далей», - сказаў расійскі лідар.

Уладзімір Пуцін таксама адзначыў, што ў Расіі ведаюць аб прапанове Прэзідэнта Беларусі пачаць работу па абнаўленні Канстытуцыі. «Лічу, што гэта лагічна, своечасова, мэтазгодна. Нам вядомая і пазіцыя, якую вашыя прадстаўнікі выказалі ў АБСЕ ў гэтай сувязі. Ужо створана, па-мойму, адпаведная структура», — заявіў ён.

Прэзідэнт Расіі выказаў упэўненасць, што, улічваючы палітычны досвед Аляксандра Лукашэнкі, праца ў гэтым кірунку будзе арганізавана на самым высокім узроўні, і гэта дасць магчымасць выйсці на новыя рубяжы ў развіцці палітычнай сістэме краіны, створыць умовы для яе далейшага развіцця.


Пяскоў: Расія здымае рэзерв з сілавікоў, які быў створаны на мяжы з Беларуссю

«Важным вынікам перамоваў двух прэзідэнтаў у Сочы стала дамоўленасць аб тым, што Расія здымае рэзерв праваахоўных органаў і нацыянальнай гвардыі, які быў засяроджаны паблізу расійска-беларускай мяжы, і выводзіць людзей у месцы пастаяннай дыслакацыі», — адзначыў прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна Дзмітрый Пяскоў.


Пуцін даў указанні па падрыхтоўцы пастаўкі ў Беларусь расійскай вакцыны ад каранавіруса

«Асобна (прэзідэнты. — Заўвага БЕЛТА) спыніліся на ўдзеле Беларусі ў трэцім этапе тэставання расійскай вакцыны «Спадарожнік V», Пуціным былі дадзены адпаведныя ўказанні аб падрыхтоўцы першай партыі паставак, якія будуць прызначацца для Беларусі», — сказаў Дзмітрый Пяскоў.

Паводле БЕЛТА

Фота: БЕЛТА і прэс-службы Прэзідэнта Расіі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

У Гродне жыхары кватэр адмовіліся падчас капітальнага рамонту здымаць аздабленне з балконаў. На іх падалі ў суд

У Гродне жыхары кватэр адмовіліся падчас капітальнага рамонту здымаць аздабленне з балконаў. На іх падалі ў суд

Такога кшталту справа ў судзе Кастрычнiцкага раёна Гродна разглядаецца ўпершыню.

Грамадства

Iмплантацыя зубоў: цi ёсць падставы для страху i сумненняў?

Iмплантацыя зубоў: цi ёсць падставы для страху i сумненняў?

Урачы папярэджваюць: нават калi з нейкiх прычын прыйшлося выдалiць адзiн зуб, яму патрэбная замена. 

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Праўду кажуць: няма лесу без ваўка, а сяла без злодзея.

Грамадства

«Лепшы цюнінг для машын — правільны пратэктар шын»

«Лепшы цюнінг для машын — правільны пратэктар шын»

Менавіта пад такім слоганам будзе праводзіцца Рэспубліканская прафілактычная акцыя, якая ініцыяваная на нашых дарогах Дзяржаўтаінспекцыяй краіны.