22 верасня, аўторак

Вы тут

У музеі гісторыі беларускай літаратуры адкрылася экспазіцыя «Кастравіцкія»


У Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адкрылася літаратурна-дакументальная экспазіцыя «Кастравіцкія», прысвечаная 140-годдзю з дня нараджэння вядомага паэта Гіёма Апалінэра.


Нататнік з аўтографамі паўстанцаў 1863 года.

У беларускіх архівах захоўваецца вялікая колькасць дакументаў, якія датычацца славутых беларускіх родаў. Яшчэ не аднаму пакаленню даследчыкаў хопіць работы, каб сачыць за лёсам той ці іншай сям'і, за іх набыткамі, традыцыямі, расказваць пра іх унёсак у беларускую культуру. Толькі ў ХІХ стагоддзі род Кастравіцкіх даў дзве знакавыя асобы, творчасць якіх паўплывала на далейшае развіццё беларускай і еўрапейскай літаратуры і наогул культуры.

Гіём Апалінэр нарадзіўся ў Рыме, яго дзед служыў афіцэрам у расійскім войску, пасля ўдзелу ў паўстанні 1863 года мусіў падацца ў эміграцыю, а радавы маёнтак Кастравіцкіх Дарожкавічы пад Навагрудкам быў канфіскаваны. Гіём працаваў у Парыжы. Паэт, мастацтвазнавец, графік, удзельнік суполкі «Манпарнас» (разам з Пабла Пікаса, Андрэ Брэтонам, Андрэ Дэрэнам, П'ерам Рэвердзі, Жанам Както, Маркам Шагалам, Анры Русо), ён стаў адзін з самых вядомых эксперыментатараў у літаратуры ХХ стагоддзя, прыдумаў тэрмін «сюррэалізм».

У гэты ж час другі прадстаўнік роду Кастравіцкіх, Казімір-Рафал, больш вядомы нам як Карусь Каганец, выступаў за нацыянальнае Адраджэнне ў Беларусі і таксама спрабаваў сябе ў розных кірунках: паэзіі, драматургіі, мовазнаўстве, мастацтве, скульптуры...

Выстаўку рыхтавалі некалькі ўстаноў: акрамя прадметаў з фонду Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, прадстаўлены матэрыялы Нацыянальнага гістарычнага архіва, Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, Нацыянальнай бібліятэкі, а таксама з прыватных калекцый. Нашчадкі Каруся Каганца, якія сёння пражываюць у Вялікабрытаніі, перадалі фатаграфіі з асабістых архіваў. Яны актыўна займаюцца вывучэннем гісторыі сваіх знакамітых продкаў, выдаюць кнігі, што расказваюць пра гісторыю сям'і. Так, нашчадак роду па матчынай лініі Джэрэмі Мачарскі ўклаў кнігу «Паэзія ў крыві» з твораў не толькі Гіёма Апалінэра і Каруся Каганца, але і іншых прадстаўнікоў роду, якія таксама пісалі вершы.

На выстаўцы можна азнаёміцца з радаводам, даведацца, дзе знаходзіліся сядзібы Кастравіцкіх і па якіх краінах вандравалі прадстаўнікі шляхетнага роду. Вы зазірняце ў «французскую кавярню» і пабачыце карціны, прысвечаныя Гіёму Апалінэру, альбо сурвэткі, на якіх раней мастакі пакідалі аўтографы і малюнкі. Нацыянальная бібліятэка Беларусі спецыяльна для выстаўкі выдзеліла са сваіх фондаў зборнікі твораў знакамітага сюррэаліста, якія пабачылі свет яшчэ пры жыцці аўтара.

Другая частка выстаўкі перанясе нас у Беларусь, якой яна была 100 гадоў таму. Тут можна ўбачыць нумары «Нашай нівы», кнігі, фальклорныя запісы, над якімі шчыраваў Карусь Каганец, а таксама прыватныя лісты, аздобленыя малюнкамі, якія ён дасылаў з турмы сваёй жонцы і дзецям.

Прадстаўлена і вельмі каштоўная рэліквія, якая захоўвалася ў сям'і Кастравіцкіх, — запісная кніжка з аўтографамі ўдзельнікаў паўстання 1863 года.

Наогул, матэрыялаў, звязаных з родам Кастравіцкіх, магло б хапіць на асобны электронны рэсурс. І гэта выстаўка паказала, што сумеснымі намаганнямі можна ствараць шыкоўныя праекты, звязаныя з захаваннем і папулярызацыяй беларускай літаратурнай і дакументальнай спадчыны. Невыпадкова на яе адкрыцці дырэктар Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Міхаіл Рыбакоў і дырэктар Нацыянальнага гістарычнага архіва Дзмітрый Яцэвіч падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве. Да таго ж архівісты перадалі сваім калегам-музейшчыкам дакументы, якія раней ніколі не былі ўключаны ў адну архіўную справу, — гэта вынікі працы, якая датычыцца генеалогіі рода Максіма Багдановіча.

Алена Дзядзюля

Загаловак у газеце: След у гісторыі

Выбар рэдакцыі

Культура

У выдавецтве «Мастацкая лiтаратура» выйшла кнiга Аляксандра Радзькова «Мой фiзмат»

У выдавецтве «Мастацкая лiтаратура» выйшла кнiга Аляксандра Радзькова «Мой фiзмат»

Пра калег — настаўнiкаў, старэйшых таварышаў, паплечнiкаў распавядае доктар педагагiчных навук, прафесар матэматыкi, заслужаны дзеяч навукi Рэспублiкi Беларусь.

Грамадства

Тураўскі крыж упершыню будзе прадстаўлены 26 верасня

Тураўскі крыж упершыню будзе прадстаўлены 26 верасня

На свята Узнясення Крыжа Гасподняга, падчас вячэрняй службы ў Мінскім кафедральным саборы.

Грамадства

Як і чым жыве колішняя «памідорная сталіца» Беларусі?

Як і чым жыве колішняя «памідорная сталіца» Беларусі?

Каб адчуць, чым organіc food адрозніваецца ад звыклых для сучаснага гараджаніна прадуктаў, дастаткова пакаштаваць памідоры ў Савічах і параўнаць іх з таматамі з гіпермаркета.