Вы тут

Няскончаная місія краязнаўцаў. Давайце здзяйсняць яе разам


Сямнаццаць гадоў «Краязнаўчая газета» расказвае пра здабыткі нашага народа, даказвае, што мы можам ганарыцца гісторыяй і культурай краіны. Нагадвае забытыя імёны, адкрывае сакрэты продкаў, ратуе аб'екты спадчыны. Дае падказкі краязнаўцам, выхоўвае дзяцей, збірае каштоўную інфармацыю. Калі пагартаць яе падшыўкі (а на сёння пабачылі свет ўжо больш за восемсот нумароў), можна ўбачыць наколькі разнастайны і непаўторны свет дастаўся беларусам у спадчыну…

Наша размова з галоўным рэдактарам «Краязнаўчай газеты» Уладзімірам Гілепам.


— Не маючы значнага тыражу, фінансавага падсілкоўвання і вялікага штату пастаянных аўтараў, «Краязнаўчая газета» штотыднёва выходзіць ужо столькі гадоў, больш за тое, даказвае, што і без грошай можна зрабіць багата добрых спраў. Якімі дасягненнямі могуць пахваліцца супрацоўнікі газеты?

— Разам з партнёрамі з Нацыянальнага гістарычнага музея нам удалося правесці краязнаўчы форум. У сваіх выступленнях яго ўдзельнікі часта згадвалі газету і адзначалі, што выданне дапамагае ім на месцы, дзякуючы яму яны дзеляцца вопытам, сочаць за дасягненнямі калег, параймаюць ідэі. Перад тым як мы запусцілі газету, быў закладзены сур'ёзны падмурак. Як мне падаецца, наша краіна была ў краязнаўстве перадавою. Мы першыя з краін былога Савецкага Саюза пачалі выдаваць збор помнікаў гісторыі і культуры (1980-я гады). Гісторыка-дакументальныя хронікі «Памяць» таксама напачатку ажыццёўлены ў Беларусі, і гэта пры тым, што ЦК КПСС нам фактычна забараніў пачынаць гэту справу. Я быў сведкам, як пасля даклада пра тое, што Беларусь гатова выдаваць «кнігі памяці», сакратар ЦК КПСС Міхаіл Зімянін адразу запытаў, ці былі такія выданні ў Расійскай Федэрацыі і Украіне, і сказаў, што не трэба быць «наперадзе ўсіх рэспублік». Але мы ўсё роўна вырашылі выдаваць кнігі, ідэю падтрымаў Машэраў, былі створаны групы па ўсіх раёнах, да справы далучыліся настаўнікі, музейныя работнікі, краязнаўцы. Наогул дзякуючы Пятру Міронавічу Машэраву ўдалося шмат змяніць. Ён узяў у ЦК партыі без усякіх партыйных адукацый чалавека з музея — усё для таго, каб стварыць у краіне больш цікавых непаўторных устаноў, якія можна паказваць усяму свету. Дзвюма пастановамі ЦК было адразу адкрыта 18 раённых музеяў! Яны тады называліся музеямі народнай славы, а пазней ператварыліся ў краязнаўчыя, этнаграфічныя. Можна нават адсачыць, як павялічваўся інтарэс да краязнаўства. Невыпадкова ў Беларускім фондзе культуры пры Іване Гаўрылавічу Чыгрынаве першымі ствараліся аддзелы: роднай мовы, з якого потым вырасла Таварыства беларускай мовы, народных майстроў, фальклору (з якіх таксама ўзніклі таварыствы). Фонд культуры выйшаў і на краязнаўства. Мы адсочвалі, як у пачатку стагоддзя пачала пашырацца цікавасць людзей да свайго нацыянальнага. Беларускі фонд культуры аб'ядноўваў людзей, які знаходзілі выдатныя ідэі, запускалі добрыя праграмы. Так пры Іване Гаўрылавічу была распачата праграма па вяртанні каштоўнасцяў, якую ўзначальваў Адам Мальдзіс. Праграма «Славутыя імёны Бацькаўшчыны» падштурхнула Беларускі фонд культуры пачаць выдавецкую справу. У кнігах і на старонках газеты мы расказвалі пра асоб, пра якіх у пачатку новага стагоддзя мала хто ведаў.

— Напэўна, трэба сказаць і пра той унёсак, які робяць краязнаўцы. Як можна працаваць з ведамі, здабытымі імі?

— Можна прыгадаць апошнія гады мінулага стагоддзя, калі на глебе краязнаўства пачаўся моцны рух у школах. Да пачатку 2000-х у навучальных установах працавала чатыры з паловай тысячы краязнаўчых музеяў! Потым пачалося скарачэнне, у тым ліку гэта было звязана і з тым, што закрываліся школы. Але калі сёлета мы рыхтаваліся да краязнаўчага форуму, даведаліся, што сёння захавалася паўтары тысячы школьных музеяў. Былі сярод іх і такія, якія можна параўнаць з дзяржаўнымі. Напрыклад, у Крэве. Там краязнавец-настаўнік разам са сваёй жонкай стварыў музей, не горшы за раённы краязнаўчы. Ён і сёння існуе. І такіх устаноў, створаных намаганнямі энтузіястаў, на Беларусі многа. Краязнаўцы сабралі асноўны матэрыял для кніг «Памяць». Да першай з іх, якая звязана з Шумілінскім раёнам, я сам прыклаў руку. І ведаю, што такая праца была зроблена ў маленечкім Шуміліне менавіта таму, што там былі моцныя краязнаўцы. Я ўжо не кажу пра Барысаў, Слуцк, Маладзечна, дзе многа школ, настаўнікаў — гісторыкаў, географаў. У той час менавіта яны займаліся падобнымі справамі. А ўжо сёння больш шырокае кола людзей цікавіцца краязнаўствам. Выдаецца маса літаратуры, часам невялікімі тыражамі ў 50—99 экзэмпляраў. Усе раённыя бібліятэкі маюць краязнаўчыя аддзелы, дзе канцэнтруецца літаратура, якая звязана менавіта з гісторыяй і культурай пэўнай мясцовасці.

— Але ці навучыліся мы гэтым карыстацца?

— Мы атрымалі абсалютна новы ўзровень гісторыкаў, якія працуюць з такой тэматыкай. З'явіліся такія выданні, як «Оршазнаўства», «Паставазнаўства» і іншыя. У некаторых школах, хоць гэта і па-за праграмай, пачалі праводзіць урокі. Ствараюцца новыя экспазіцыі, выходзяць кнігі. Да нас на практыку пачалі прасіцца падлеткі, якія прыносяць у газету краязнаўчыя матэрыялы са сваіх школ.

— Ці можна сказаць, што краязнаўства — менавіта той інструмент, які дапамагае развіваць любоў да малой радзімы?

— Не трэба забывацца і пра мову. Мова і краязнаўства шчыльна звязаны. Калі мы пачалі выдаваць «Краязнаўчую газету» па-беларуску, пасыпалася шмат папрокаў: людзі спасылаліся, што не ўмеюць пісаць на роднай мове, прасілі, каб было двухмоўе. Але як краязнаўства можна па-руску перадаць людзям, дзецям, той жа школе? Напрыклад, назвы ўрочышчаў ніяк не перадаць на іншай мове. А як жа беларускі фальклор? Успамінаю, як я быў маленькі, бабуля клала мяне спаць, двума пальчыкамі вадзіла па маёй голай ручцы і спявала: «Красачка, красачка, дзе ты была? У госці хадзіла, маслейка біла...» Гэтыя словы я запомніў на ўсё жыццё. І гэта памяць — і ёсць краязнаўства. Я невыпадкова заняўся сваім радаводам, каб даведацца адкуль мае продкі, прозвішча. І з гонарам магу сказаць, на якой зямлі спакон веку жылі мае пра-пра-пра-пра — бабуля і дзядуля. У школах абавязкова павінна быць праграма па радзімазнаўстве. Можа, гэта будзе падавацца не як звычайны ўрок, а як творчая размова, каб дзеці адчувалі, што ў пэўны час яны стануць высвятляць самае галоўнае: хто яны ёсць. І тады ім не захочацца нікуды з'язджаць. Яны будуць ведаць, на якіх могілках ляжаць усе іх родзічы, разумець, што спадчына — каштоўнасць.

— Краязнаўцы дапамагаюць захаваць тое, што знікае. За апошнія дзесяцігоддзі, калі насельніцтва з вёсак перабіралася ў гарады, мы маглі б страціць усе тыя культурныя набыткі, якія ў рэгіёнах назапашваліся стагоддзямі. Чаму гэту работу нельга спыняць?

— У «Краязнаўчай газеце» маецца праект. Вёскі знікаюць, і працэс гэты будзе працягвацца. Трактары ўдоўж і ўпоперак аруць зямлю, дзе стаялі дамы. А што застаецца? Могілкі, часам можа захавацца дарога, перакрыжаванне, дзе ставілі крыж. Чаму б побач з такім крыжам не паставіць помнік ці стэлку, на якой даць хоць бы пералік прозвішчаў былых жыхароў. Так мы захаваем не толькі прозвішчы і геаграфію іх размеркавання па Беларусі. Па прозвішчах можна даведацца пра гісторыю вёскі, якія заняткі, характары, стасункі былі ў жыхароў. Мы ствараем яшчэ і адгалінаванні для экскурсійных маршрутаў, падтрымліваем сувязь сённяшніх пакаленняў з папярэднімі. Чалавек, які прачытае сваё прозвішча, захоча памаліцца каля крыжа, пайсці і на могілкі, знайсці, дзе пахаваны ягоныя прадзеды, больш даведацца пра свой род. Гэта будзе новы этап у развіцці краязнаўства. І ў гэтым працяг жыцця мясцін.

— Не трэба забывацца, што такія веды — гэта падмурак дзяржаўнасці. Сёння гісторыкі працуюць над падручнікамі і курсамі па гісторыі дзяржаўнасці. Але мала абмяжоўвацца толькі гістарычнымі фактамі, трэба расказваць моладзі і пра духоўны свет і здабыткі ва ўсіх галінах культуры. Ці працуе «Краязнаўчая газета» і ў гэтым кірунку?

— На вялікі жаль, вельмі многа знішчаецца. Людзі не разумеюць каштоўнасці таго, што ім засталося ад бацькоў ці дзядоў. Гэта і мэбля, і дакументальныя сведчанні. Так, я ездзіў глядзець дом, які купіў мой пляменнік. Дом пусты, а печка нечым забітая. Там былі фотаздымкі — чорна-белыя, гістарычныя, даваенныя і пазнейшыя. Крыкам крычаць хочацца: «Людзі, што вы робіце! Гэта ж вашы продкі!» Знішчаюцца і дзённікі, а пачытаў бы ўнук, што пісаў дзед, і ўявіў бы і час, і пачуцці. Чаму б не папрасіць дзяцей прыносіць у школу партрэты сваіх прадзедаў? Няхай параўноўваюць сябе з імі, разважаюць, як раней жылі людзі, у што былі апрануты. Мы павінны звярнуцца да школы. І радзімазнаўства будзе не толькі ўрокам, а цэлай праграмай, дзе абуджаюцца эмоцыі, патрыятычныя пачуцці.

Алена Дзядзюля

Фота Анатоля Клешчука

Загаловак у газеце: Смак спадчыны, або Няскончаная місія краязнаўцаў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».