Вы тут

Андрэй Худык: Мы размаўляем з партнёрамі на адной мове


Кіраўнік Мінпрыроды расказаў пра выкарыстанне міжнароднай тэхнічнай дапамогі.

У Мінску 27 жніўня ў рэжыме анлайн адбылося VІ пасяджэнне Міждзяржаўнага экалагічнага савета СНД, на якім міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі Андрэй Худык быў абраны старшынёй гэтай структуры. На пасяджэнні абмяркоўвалася шмат пытанняў, звязаных з прыродаахоўнай дзейнасцю. Кіраўнік Мінпрыроды падзяліўся з калегамі вопытам нашай краіны па прыцягненні міжнароднай тэхнічнай дапамогі для рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі ў галіне аховы навакольнага асяроддзя і рацыянальнага прыродакарыстання.


— Андрэй Паўлавіч, колькі дзеючых прыродаахоўных праектаў маюць міжнародную тэхнічную падтрымку?

— Міністэрства мае шматгадовы вопыт супрацоўніцтва з міжнароднымі донарамі для вырашэння прыродаахоўных задач. Зараз мы рэалізуем 12 праектаў міжнароднай тэхнічнай дапамогі з агульным бюджэтам больш за 30 млн долараў ЗША і 11 млн еўра, што дазваляе нарошчваць патэнцыял краіны, распрацоўваць праекты нарматыўных прававых актаў з улікам міжнароднага вопыту, закупляць неабходнае абсталяванне, праводзіць мерапрыемствы, накіраваныя на выкананне прынятых міжнародных абавязацельстваў.

Адзначу, што наша краіна, пераймаючы перадавыя практыкі прававога рэгулявання рацыянальнага выкарыстання прыродных рэсурсаў, удасканальвае сваё заканадаўства. Гэта вельмі важна ў тым ліку для міжнароднага супрацоўніцтва — мы размаўляем з партнёрамі на адной мове.

— Раскажыце пра найбольш важныя, на ваш погляд, праекты, якія атрымалі міжнародную тэхнічную дапамогу.

— Яны ўсе важныя і цікавыя. Давайце пачнём з тых, якія датычацца кожнага чалавека. Адходы на сённяшні дзень з'яўляюцца адной з найбольш важных экалагічных праблем ва ўсім свеце, паколькі іх назапашванне нясе пагрозу як для насельніцтва, так і для навакольнага асяроддзя.

У рамках выканання Стакгольмскай канвенцыі Мінпрыроды на пастаяннай аснове праводзіцца мэтанакіраваная работа па прыцягненні міжнародных сродкаў для арганізацыі экалагічна бяспечнага абыходжання са стойкімі арганічнымі забруджвальнікамі.

Так, у 2018 годзе Беларусь атрымала фінансаванне Глабальнага экалагічнага фонду для рэалізацыі двух буйнамаштабных праектаў міжнароднай тэхнічнай дапамогі на агульную суму звыш 12 млн долараў ЗША. Дзякуючы прыцягнутаму фінансаванню плануецца знішчыць звыш 2 тыс. тон небяспечных адходаў, у склад якіх уваходзяць поліхлараваныя біфенілы, і амаль 2 тыс. тон непрыдатных пестыцыдаў. За гэтыя ж сродкі плануецца стварыць аб'ект экалагічна бяспечнага знішчэння стойкіх арганічных забруджвальнікаў і іншых небяспечных адходаў у адным з рэгіёнаў краіны. Увод у эксплуатацыю такога аб'екта дасць магчымасць сістэмна вырашыць праблему абясшкоджвання стойкіх арганічных забруджвальнікаў у Беларусі, а таксама ў перспектыве знішчаць усе шкодныя рэчывы.

— А што можна сказаць аб супрацоўніцтве Мінпрыроды і міжнародных структур дзеля прасоўвання аднаўляльнай энергетыкі?

— Лічу, што мы дастаткова паспяхова ўзаемадзейнічаем у гэтым кірунку з Еўрапейскім саюзам і Глабальным экалагічным фондам. Дзякуючы сумеснай рабоце была ўсталявана ветратурбіна магутнасцю 2,5 мегавата, а таксама ўпершыню быў праведзены аўкцыён па рэалізацыі перадынвестыцыйнага актыву на будаўніцтва і эксплуатацыю сямі ветраэнергетычных установак сумарнай магутнасцю 25 мегават і гадавым аб'ёмам генерацыі 72 гігаваты. Пакупніком выступіла буйная турэцкая кампанія, якая спецыялізуецца на рэалізацыі праектаў у сферы «зялёнай» энергетыкі. Мяркуемы аб'ём інвестыцый складзе 50 млн долараў ЗША.

Мы змаглі на практыцы прадэманстраваць эфектыўнасць сучаснага ветраэнергетычнага абсталявання, прыцягнуць увагу і ўзмацніць давер да ветраэнергетычных праектаў, у тым ліку прыватных інвестараў, а таксама павысіць інфармаванне грамадскасці ў галіне аднаўляльных крыніц энергіі.

— Ці мяркуецца ўдзел грамадскіх арганізацый у праектах з міжнароднай тэхнічнай дапамогай?

— Вядома. Мы зацікаўлены ва ўзаемадзеянні з экаактывістамі. У прыватнасці, пры рэалізацыі праекта, накіраванага на паляпшэнне якасці маніторынгу выкідаў у атмасфернае паветра, мы прыцягнулі грамадскасць да ўдзелу ў экалагічным маніторынгу. На гэты праект у 2016 годзе былі атрыманы ад Еўрасаюза 14,5 млн еўра. Сродкі выкарыстоўваліся для мадэрнізацыі інфраструктуры маніторынгу якасці атмасфернага паветра, набыццё абсталявання для падпарадкаваных арганізацый Мінпрыроды, а таксама для «зялёных» школ. Усё гэта ў комплексе дазваляе забяспечыць насельніцтва аб'ектыўнай і актуальнай інфармацыяй пра стан якасці паветра.

— Сярод прыродных багаццяў Беларусі — рэкі, азёры і балоты. Ці выдзяляецца на іх міжнародная тэхнічная дапамога?

— Наша краіна па праве з'яўляецца адным з сусветных лідараў па аднаўленні балот. Пачынаючы з 2007 года Мінпрыроды сумесна з міжнароднымі донарамі рэалізуе пяць буйнамаштабных праектаў на агульную суму больш за 12,5 млн долараў ЗША ў галіне ўстойлівага кіравання водна-балотнымі ўгоддзямі, што дазволіла аднавіць амаль палову са 190 тыс. гектараў дэградаваных і неэфектыўна асушаных лясных тарфянікаў. Дзякуючы гэтым мерапрыемствам Беларусь зможа прадухіліць выкіды ў атмасферу амаль 5,5 тоны вуглякіслага газу за 20-гадовы перыяд, што ў перспектыве дасць магчымасць выйсці на стварэнне вугляроднага рынку ў краіне.

Нагадаю, што ў Водны кодэкс Беларусі былі ўключаны басейнавы прынцып і прынцып комплекснага кіравання воднымі рэсурсамі, у тым ліку для пяці асноўных трансгранічных рачных басейнаў: Заходняя Дзвіна, Нёман, Заходні Буг, Прыпяць і Дняпро. Распрацаваць і ўкараніць названыя прынцыпы стала магчыма дзякуючы праекту міжнароднай тэхнічнай дапамогі «Водная Ініцыятыва ЕС плюс для краін Усходняга Партнёрства (ВІЕС +)». Пры яго рэалізацыі ў перыяд з 2017 да 2020 года арганізаваны работы Прыпяцкага і Дняпроўскага басейнавага савета, распрацаваны і зацверджаны план кіравання рачным басейнам Дняпра, а таксама распрацаваны план для рачнога басейна Прыпяці.

— А якімі бачацца перспектывы? Ці распрацоўваюцца зараз праекты, накіраваныя на атрыманне міжнароднай тэхнічнай дапамогі?

— У падрыхтоўчай стадыі шэраг праектаў. Сярод іх — кіраванне прэснаводнымі экасістэмамі міжнароднага значэння і паверхневымі і падземнымі водамі ў трансгранічных рачных басейнах рэк Буг і Нёман; развіццё электратранспарту; кіраванне вывадам з абарачэння азонаразбуральных рэчываў і іншыя. На іх рэалізацыю спатрэбіцца 11 млн долараў ЗША.

Сумесна з ПРААН вядуцца перагаворы з Траставым фондам ПРААН—Расія па фінансаванні праекта «Аднаўленне парушаных тарфянікаў у Беларусі» з бюджэтам 5 млн долараў ЗША. У нас аднолькавыя падыходы з нашымі партнёрамі, мы добра разумеем, што прыродаахоўная дзейнасць — наш агульны клопат.

Аксана ЯНОЎСКАЯ

Фота прэс-службы Мінпрыроды

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.