18 верасня, пятніца

Вы тут

Чаму вага не зніжаецца? Урач пра распаўсюджаныя памылкі пры пахудзенні


Распаўсюджанай памылкай тых, хто худзее, з'яўляецца выкарыстанне складаных і цяжкіх дыет. На самай справе карэктаваць вагу лепш з дапамогай адпаведнага рэжыму харчавання, які ў далейшым здольны перайсці ў спосаб жыцця. Пра памылкі тых, хто марыць пазбавіцца ад пары-тройкі ці нават пары дзясяткаў кілаграмаў, асаблівасці дыет і важнасць правільнага рацыёну пры пахудзенні нам расказаў урач-гігіеніст Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Юрый Гузік.


Рэзкае зніжэнне энергетычнай каштоўнасці рацыёну — першая і найбольш частая памылка тых, хто сабраўся пазбавіцца ад залішняй вагі. Вынікам хутчэй будзе не страта кілаграмаў, а іх павелічэнне.

Многія сутыкаліся і з такой праблемай: у рацыёне няма тлустага, мучнога, смажанага, газіроўкі і іншых шкодных прадуктаў, а вага стаіць на месцы! Часта на гэтым этапе сыходзіць і жаданне пахудзець, бо адсутнічае вынік.

— Такі чалавек ужывае садавіну ўвечары, а з раніцы есць шмат салодкага («бо раніцай можна»), ці наадварот, у яго няма сняданку («бо мне не хочацца»), а на абед толькі курыная катлетка і адзін памідор, вячэра адсутнічае («бо пасля 18.00 есці нельга»). Ёсць і яшчэ адна крайнасць: людзі не толькі адмаўляюць сабе ў сняданку, але і не абедаюць, і не вячэраюць. Але... На змену паўнавартаснаму харчаванню прыходзяць незлічоныя перакусы, бясшкодныя на першы погляд. На самай справе, калі падлічыць «з'едзеныя» падчас перакусаў калорыі, то яны прыраўноўваюцца да паўнавартаснага абеду ці вячэры. А адсутнасць вячэры можа прывесці да парушэння абмену рэчываў, — папярэджвае Юрый Гузік.

Пры гэтым трэба памятаць, што чалавечы арганізм адаптуецца да любых змен. У прыватнасці, калі недаядаць сістэматычна, як гэта робяць многія, хто сядзяць на дыетах, вага будзе сыходзіць. Але як толькі на змену дэфіцыту калорый прыйдзе іх звычайная колькасць або лішак, вага вернецца назад.

— Каб пахудзець, суадносіны асноўных нутрыентаў (пажыўных рэчываў) павінны быць наступныя: 50/30/20 (вугляводы / бялковыя злучэнні / тлушчы). Калі з'явіцца дэфіцыт любога з іх, арганізм пачне запасацца тлушчам. Для яго важныя ўсе пажыўныя элементы, і адмаўляцца ад іх нельга, — нагадвае ўрач.

Многія падчас пахудзення імкнуцца з дапамогай сокаў і садавіны разнастаіць свой рацыён. Існуюць нават адмысловыя фруктовыя дыеты. Але ці карысная такая колькасць соку і фруктаў і ці ўпісваецца гэта ў рамкі дыеты?

— Садавіна ўтрымлівае фруктозу. Арганізм ператварае яе ў цукар і адкладае пра запас. Некаторую небяспеку ўяўляюць фрукты, якія маюць высокі глікемічны індэкс. Напрыклад, вінаград і бананы. Не варта злоўжываць і грушамі з персікамі. Сцвярджэнне, быццам бы садавіну можна есці ў любой колькасці, не адпавядае рэальнасці! Гэта датычыцца і фруктовых сокаў, у якіх змяшчаецца цукар. Здаволіць голад або смагу сокамі цяжкавата, а вось падняць узровень цукру ў крыві і атрымаць дадатковыя калорыі — гэта проста, — тлумачыць суразмоўнік.

Усім, хто мае намер пазбавіцца ад тлушчу, неабходна ўвесці ў рацыён клятчатку. Гэта абавязковая ўмова для прадстаўнікоў абодвух палоў. Раслінныя валокны спрыяюць паскарэнню абменных працэсаў, дзякуючы ім павышаецца перыстальтыка кішэчніка. Пры гэтым яны валодаюць нізкай энергетычнай каштоўнасцю. Асноўнымі крыніцамі раслінных валокнаў з'яўляюцца гародніна (пераважна валакністыя, садавіна, а таксама вотруб'е).

Акрамя «правільнай» ежы ў «правільны» час, пры пахудзенні важная вада.

— Для таго каб пахудзець, арганізму неабходна шмат вадкасці. Многія памыляюцца, думаючы, што абмежаваўшы колькасць вады, яны хутчэй скінуць вагу. На жаль, гэта самападман: арганізм страціць ваду, але не лішні тлушч, — адзначае ўрач. — У дзень трэба выпіваць каля двух літраў вады. Яна спрыяе паляпшэнню метабалічных працэсаў арганізма. Паскараецца абмен рэчываў, тлушчы хутчэй расшчапляюцца і выводзяцца з арганізма. Рэгулярнае ўжыванне 7-8 шклянак вады ў дзень значна зніжае апетыт.

Важна і цалкам адмовіцца ад любога алкаголю. Спіртныя напоі ўтрымліваюць шмат калорый і галоўнае — паляпшаюць апетыт. Рацыён, які вы «разнастаілі» нават бакалам віна, прывядзе да дадатковага набору вагі. Не спяшайцеся падчас яды і не бярыце пад увагу іншыя справы. Няспешная трапеза спрыяе найлепшаму засваенню ежы і найхутчэйшаму насычэнню, што немалаважна пры пахудзенні.

Пазбягайце стрэсавых сітуацый. Эмацыянальнае напружанне «матывуе» многіх на лішнія перакусы.

Ну і яшчэ адна важная рэч — кожнаму з нас неабходная пасільная фізічная нагрузка. Гэта могуць быць заняткі фізкультурай або проста хада пешшу. Рух не толькі дапаможа пазбавіцца ад кілаграмаў, але і палепшыць знешні выгляд. Прагулкі і заняткі спортам таксама спрыяюць зніжэнню эмацыянальнай нагрузкі. І не забывайце, што ва ўсіх гэтых пачынаннях павінна прысутнічаць разумная ўмеранасць і здаровы сэнс.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Спорт

Чым жыве баранавіцкі хакей на траве і чаго яму не хапае для поўнага шчасця

Чым жыве баранавіцкі хакей на траве і чаго яму не хапае для поўнага шчасця

Баранавічы славяцца не толькі чыгункай, авіязаводам і шматлікімі прадпрыемствамі, але і хакеем на траве.

Грамадства

Чаму ў гэтым эпідсезоне варта абавязкова прышчапіцца?

Чаму ў гэтым эпідсезоне варта абавязкова прышчапіцца?

Масавая кампанія па вакцынацыі ад грыпу распачата сёлета ў краіне з сярэдзіны верасня.