Вы тут

Хронікі былога памежжа, або Ці памятаем мы, аб чым «плачуць кулікі»?


Пра сваю прабабулю, якая памерла падчас калатнечы Першай сусветнай, я ведаю толькі, што звалі яе Юзэфа. Дзе яе магіла, не ведае сёння ніхто з нашай радні па бацькавай лініі, хоць пражыла яна сваё кароткае жыццё ў той жа вёсцы, дзе нарадзіліся і выраслі ўсе мы. Нават яе дачка, мая бабка, якой Бог даў доўгі век — аж дзевяноста адзін год, не магла сказаць, дзе пахавана маці. Расказвала толькі, што на Валмянскіх могілках, да якіх ад нас самае большае кіламетры два. Памятаю, яна з горыччу паказвала на векавыя чорныя елкі ў старой закінутай частцы кладоў — «дзесьці там». І я ніколі не задавала ёй пытання, чаму яна не ведае дакладна, чаму не дагледзела матчыну магілу. Таму што ад нараджэння ведала на яго адказ. Ён быў у адным слове — «мяжа». Мяжа, якой не павінна было быць. Якую правялі, умацавалі, ахоўвалі без нашай на тое волі. Якая стала часткай біяграфіі кожнага з нас — асабліва тых, хто нарадзіўся зусім побач ад яе, прычым не аднаго пакалення.


Дык вось пра прабабку. Пасля заключэння Рыжскага міру мая родная вёска апынулася на «савецкім» баку, а бліжэйшыя могілкі — на «польскім». З-за гумнаў яны вельмі добра відаць, але трапіць на матчыну магілу бабуля не магла доўгія васямнаццаць гадоў. Калі ж у 1939-м пайсці туды стала магчымым, яна ўжо нічога не знайшла. За амаль два дзесяцігоддзі драўляны крыж згніў і паваліўся, магіла зраўнялася з зямлёй, вакол параслі дрэвы. Муж Юзэфы Адам, бабулін бацька, у 1936-м лёг у зямлю не каля жонкі, а на савецкім баку — на Яшэўшчыне...

Такая вось гісторыя не краіны, не грамадства — адной асобна ўзятай сям'і. Мяжа, якой няма ўжо восемдзесят адзін год, і сёння прысутнічае ў нашым жыцці. У грыбы ці проста прагуляцца з малымі мы ходзім у Заставу, а ў маліны — на Кантрольную. Назвы родныя, знаёмыя з дзяцінства, а прыезджым дзіва, і даводзіцца тлумачыць ім, што ў лесе была пагранзастава, а Кантрольная — гэта, уласна і ёсць колішняя кантрольная паласа. Раней гэта было часцей, але яшчэ і сёння часам даводзіцца назіраць, як зусім старыя ўжо людзі і іх не менш сівыя дзеці ходзяць сярод чыстага поля, пільна ўзіраючыся ў зямлю, бы нечага шукаючы. Мы, мясцовыя, добра ведаем, што яны шукаюць — хоць які знак на месцы, дзе гадоў дзевяноста таму назад стаяў іх хутар ці невялікая, у некалькі хат, вёска. Невялікія паселішчы з памежжа яшчэ да раскулачвання і рэпрэсій проста павывозілі далей на ўсход. Кагосьці зусім далёка — у Сібір, а маім землякам пашанцавала больш — яны трапілі пад Петрыкаў. У нашай памежнай вёсцы амаль няма і не было ветэранаў, ваенных удоў і сірот. Затое амаль усе — удовы і сіроты (а мы іх унукі і дзеці) 1937—1938 гадоў. У нас рэпрэсіўнай машыне вельмі проста было выконваць расстрэльны план — побач мяжа, значыць, усе польскія шпіёны...

На памежжы нікому ні на адным, ні на другім баку добра не было. Гадоў пятнаццаць таму я рабіла на гэту тэму рэпартаж, тады яшчэ былі жывыя бабулі і ў нашай вёсцы, і ў суседняй Волме, што была «пад Польшчай», якія яшчэ памяталі тыя часы. Расказвалі са слязьмі на вачах пра раз'яднаныя амаль на дваццаць гадоў сем'і, пра няспраўджанае каханне, пра забытыя магілы — у кожнага свая асабістая гісторыя. З «савецкага» боку згадвалі пра тое, што маглі зацягаць на допыты ў НКУС з-за каровы, якая забрыла «ў Польшчу», пра пагранічнікаў-бязбожнікаў, якія стралялі па буслах і па абразе, спрадвечнай мясцовай святыні. З «польскага» — пра выбрыкі пана, на якога працавалі ўсе ў наваколлі, і пра тое, як цяжка было быць беларусам. Адна бабуля з горкай усмешкай дэкламавала: «Kto ty jestes? //— Polka mala. // — Jakі znak twуj? // — Lіlja bіala» і расказвала, як гэты «Катэхізіс польскага дзіцяці» настаўнік убіваў ім бізуном, бо вымаўленне было не тое, бо між урокаў гаварылі па-беларуску. А дома за тое ж яшчэ дабаўляў бацька, бо, казаў, калі не будзеш гаварыць і пісаць па-польску, не станеш чалавекам, будзеш усё жыццё парабкаваць...

Ужо тады, на пачатку 2000-х, гэтыя эпізоды нашай, па сутнасці, найноўшай гісторыі здаваліся нечым далёкім і, падазраю, камусьці нават незразумелым. А што казаць пра дзень сённяшні? Я вось думаю: ці сучасныя школьнікі ўвогуле ведаюць, пра які час і якія падзеі піша ў апавяданні «Сірочы хлеб» Янка Брыль? А чытаючы ў вершы Максіма Танка «Песня кулікоў» (спадзяюся, яго пакінулі ў школьнай праграме) «Бачыш: у нас голад, // людзі жывуць бедна, // хлеб на стол кладзецца толькі для гасцей... // Можа, хопіць бульбы з дзён асенніх, медных // да вясны, да першых з выраю гусей...» і «Хочацца вучыцца ў мове сваёй роднай», нашы дзеці ведаюць, пра што пісаў паэт, якому на той час было дваццаць чатыры гады? А яны ведаюць, хто такі Сяргей Прытыцкі? І чаму вуліцы ў многіх невялікіх гарадах названыя ў гонар 17 верасня? Ім пра гэта расказваюць? Ім кажуць пра тое, што ў верасні 1939 года ў нашай гісторыі адбылася падзея, якая па значнасці сваёй саступае хіба толькі трэцяму ліпеня 1944-га?

Падчас круглага стала, які днямі праводзіўся ў «Звяздзе», прагучала: апошні раз дзень уз'яднання Беларусі святкаваўся ў 1949 годзе. Пасля, каб не наступаць на балючы мазоль суседняй дзяржаве, пра дату не тое што забыліся, але стараліся яе не выстаўляць напаказ. Але, улічваючы сённяшнія рэаліі, можа, якраз менавіта гэта і варта зрабіць? Дзень яднання народа — можа, гэта тое, што нам менавіта сёння вельмі патрэбна?..

Ад той мяжы на нашай зямлі і сёння засталіся сляды. Ці засталіся яны ў нашай памяці? Ад адказу на гэта пытанне многае залежыць.

Напрыклад, застанецца купалава «нашу Айчыну без нашае волі, як тую аўчыну, ў шматкі папаролі» адлюстраваннем падзей стагадовай даўнасці, ці нашы ўнукі будуць думаць, што гэта пра нас, сённяшніх, было напісана.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Прэв’ю: facebook.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».