Вы тут

На 750 мільёнаў долараў плануецца заключыць кантрактаў на Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі


Днямі ў фармаце відэаканферэнцыі адбылося сумеснае пасяджэнне беларускай і расійскай частак аргкамітэта па падрыхтоўцы і правядзенню VІІ Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі. З беларускага боку пасяджэнне вёў намеснік старшыні Савета Рэспублікі Анатоль Ісачанка.


Суразмоўцы ў Мінску і Маскве ў пэўным сэнсе зверылі гадзіннікі. Яны прайшліся яшчэ раз па праграме асноўных мерапрыемстваў, абмеркавалі асобныя дэталі, удакладнілі тэмы секцый, месцы і фармат іх правядзення, колькасны склад выступоўцаў, транспартнае забеспячэнне дэлегацый і многія іншыя арганізацыйныя пытанні, якія заўсёды спадарожнічаюць такім буйным міжнародным падзеям.

Нагадаем, тэма форуму — «Гістарычная спадчына Вялікай Перамогі як аснова развіцця сацыяльна-эканамічных і духоўных сувязяў народаў Беларусі і Расіі». Члены аргкамітэта з абодвух бакоў праявілі вялікую ўвагу да работы літаральна кожнай секцыі, якія пройдуць у Мінску і Мінскай вобласці. Старшыні пастаянных камісій Савета Рэспублікі Сяргей Сівец, Віктар Лісковіч, Міхаіл Русы, Сяргей Рачкоў і Таццяна Рунец праінфармавалі маскоўскіх калег пра стан падрыхтоўкі пасяджэнняў секцый і іншых мерапрыемстваў форуму.

Анатоль Ісачанка як сустаршыня аргкамітэта паведаміў, што сёлета фармат правядзення форуму крыху змяніўся: з-за каранавіруса пасяджэнні секцый і шэраг іншых мерапрыемстваў форуму ў першы дзень пройдуць у відэафармаце. У другі дзень работа працягнецца ў рэжыме афлайн. Цэнтральнай падзеяй форуму стане пленарнае пасяджэнне, дзе мяркуецца падсумаваць вынікі дзейнасці секцый, абмеркаваць ключавыя пытанні і прыняць выніковы дакумент. Таму арганізацыі правядзення гэтага мерапрыемства ў час відэаканферэнцыі была нададзена асаблівая ўвага.

Усяго на форуме будуць працаваць пяць секцый па наступнай тэматыцы: парламенцкае супрацоўніцтва, сумесныя эканамічныя праекты, подзвіг савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, супрацьдзеянне гераізацыі нацызму, павышэнне актыўнасці сельскай моладзі. У гэтым сэнсе цікавай абяцае быць праца ўдзельнікаў секцыі № 4 у Дзяржынскім раёне на базе слыннага аднайменнага агракамбіната «Дзяржынскі». Там запланавана абмеркаванне пытанняў замацавання моладзі на вёсцы, павышэння яе сацыяльна-экамічнай актыўнасці ў аграпрамысловым сектары.

Удзельнікі секцыі № 5 будуць весці гаворку пра пашырэнне сумесных намаганняў Беларусі і Расіі ў справе супрацьдзеяння гераізацыі нацызму на міжнародных пляцоўках. Работа секцыі адбудзецца ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

У Жодзіна на базе завода БелАЗ пройдзе пасяджэнне секцыі № 2. У цэнтры ўвагі яе ўдзельнікаў будзе ў асноўным эканоміка.

Запланавана таксама сумеснае пасяджэнне дзелавых саветаў Беларусі і Расіі, экспертная сесія высокага ўзроўню на тэму «Адукацыя як аснова гістарычнай памяці і далейшага інтэграцыйнага развіцця Саюза Беларусі і Расіі», правядзенне беларуска-расійскага маладзёжнага форуму.

На пасяджэнні Міжпарламенцкай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і Савета Федэрацыі Федэральнага Сходу Расійскай Федэрацыі па міжрэгіянальным супрацоўніцтве будзе разгледжаны шэраг актуальных для дзвюх краін пытанняў. Напрыклад, аб удасканаленні рэгіянальнага супрацоўніцтва. Удзельнікі форуму таксама прааналізуюць ход выканання дакументаў, прынятых на папярэдніх форумах, абмяркуюць розныя аспекты пашырэння развіцця навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва.

Мяркуецца правядзенне сустрэчы старшыні Савета Рэспублікі і старшыні Савета Федэрацыі з кіраўнікамі рэгіёнаў Беларусі і суб'ектаў Расійскай Федэрацыі.

Што датычыцца эканамічнага складніка форуму, у размове з журналістамі Анатоль Ісачанка падкрэсліў: запланавана заключыць камерцыйныя кантракты прыкладна на 750 мільёнаў долараў. Паводле яго слоў, гэта вышэй за ўзровень папярэдняга форуму. Усяго мяркуецца заключыць крыху больш за 70 кантрактаў і пагадненняў, у іх ліку міжурадавыя дакументы, пагадненні паміж губернатарамі, абласнымі Саветамі дэпутатаў беларускіх і расійскіх рэгіёнаў.

Самы значны кантракт чакаецца паміж ААТ «Магілёўхімвалакно» і расійскім прадпрыемствам «Авангард» — на суму звыш 30 мільёнаў долараў. Гэты кантракт будзе падпісаны на пленарным пасяджэнні.

Леанід ТУГАРЫН

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».